03.06.2020
03.06.2020

«Сей лён на Алену – будзе кашуля па калена…»

logo
Беларускі код
0 129
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння, трэцяга чэрвеня, у нас – Алена Лёнасейка. А значыць, час сеяць лён і каноплі. «Сей лён на Алену – будзе кашуля па калена», – заўважалі нашыя продкі. І, выпраўляючыся ў гэты дзень у поле, самі апраналіся ва ўсё чыстае, каб вырас чыстым лён. «Каля святой Алены гароды ўжо добра зялены…» І праўда, даўней да гэтага часу ў гародах ужо шмат чаго зелянела з пасеянага і пасаджанага. Не тое што сёлета ў нас на дачах… Яно і зразумела. З такім-то надвор’ем…

А за надвор’ем на Алену таксама традыцыйна назіралі. Калі ў гэты дзень непагадзь, прыкмячалі нашыя продкі, дык і восень будзе непагодлівай. Ну, з такой вясной і такім пачаткам лета восень нас ужо дакладна нічым не здзівіць… Бо пакуль абяцаюць пацяпленне толькі да выхадных. І суцэльныя дажджы ў прагнозах. Вось і ратуй будучы ўраджай, як хочаш. Хіба ў дажджавіках ці пад парасонамі?!

І на зіму даўней прагнозы па Алене рабілі. Калі ў гэты дзень дождж з градам (хаця Градабоем называлі сераду наступную – 10 чэрвеня), дык трэцяга снежня – снег «крупкамі». О, а вось наконт снегу ў снежні мы і зусім не супраць, праўда?!

Прачытала дзве карысныя парады пра лён – і завісла, як той камп’ютар. Першая сведчыць: «Лён пасля дажджу не сеюць». Другая – «Лён у сухую зямлю пасееш – застанешся без пасеваў». Хм… І так дрэнна, і так… Ды дзе ж яго ўзяць, ідэальнае надвор’е?! Ды яшчэ ва ўмовах масавага засеву палёў сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Вядома ж, сеяць стараюцца ў аптымальныя тэрміны… А там прырода і нябесная канцылярыя альбо дапамогуць, альбо не.

Лён. Карысныя ўласцівасці насення.

Памятаю, як колькі гадоў таму пры падрыхтоўцы рэкламнага матэрыялу пабыла з рэкламадаўцам на некалькіх палетках Мінскай вобласці, дзе прымяняўся яго прэпарат. І ведаеце, сапраўды, лён там адрозніваўся – апрацаваны ад неапрацаванага. І даволі значна. Нават няўзброеным вокам было бачна. А яшчэ спецыялісты распавялі пра розніцу…

І якое ж гэта хараство, калі лён цвіце! Як казалі нашыя продкі – «Лён два тыдні квітнее, чатыры тыдні спее, на сёмы – насенне ляціць». Так што за два тыдні можна ім налюбавацца напоўніцу!

А яшчэ ж ёсць лён дэкаратыўны. Спецыяльна для кветнікаў. Памятаю, адзін год вырошчвала з насення, а на другі ён сам узышоў.

«І што ж нам да таго лёну, што калісьці сеялі продкі?» – запытаецеся вы. Але ж яго і зараз сеюць – у прамысловых маштабах. Дык давайце ўзгадаем (альбо даведаемся) пра тую карысць, якую кожны з нас можа мець з лёну. І пачнем з ільняной вопраткі ды пасцельнай бялізны.

Лён. Пасцельная бялізна з ільну.

Ужо ніхто не спрачаецца з тым, што льняная тканіна мае бактэрыялагічныя ўласцівасці. На ёй не выжываюць ні бактэрыі, ні грыбкі. Вось чаму льняную бялізну і вопратку найперш раяць тым, хто церпіць ад захворванняў скуры.

Аматары льняной пасцельнай бялізны цэняць яе за добрую гіграскапічнасць. Такія ж уласцівасці мае і вопратка з лёну. Таму гэта проста знаходка для гарачых дзён лета, калі пот выдзяляецца з вялікай інтэнсіўнасцю.

Не любіце, калі вопратка «іскрыцца» і нават злёгку «б’ецца токам» пры здыманні?! Тады вам дакладна даспадобы будзе льняная: электрызуецца яна мінімальна. А спецыялісты кажуць, што нават 10% лёну ў тканіне будзе дастаткова, каб прыбраць «іскры». І, вядома ж, у льняной вопратцы не так горача. Яна прыемная для цела, бо натуральная і экалагічная. Своеасаблівы тэрмарэгулятар.

Спецыялісты нават сцвярджаюць, што вырабы з ільну змяншаюць стамляльнасць арганізма. А сон на льняной прасціне… умацоўвае імунітэт! Так што ў каго яшчэ няма рэчаў з ільну – наперад! 🙂

А таму, хто сочыць за здароўем, хоча схуднець, зменшыць узровень шкоднага халестэрыну, – шлях у аптэку (там надзейней купляць!), па насенне лёну.

Лён. Карысныя ўласцівасці насення.

Яно дапаможа пры запорах (толькі не ўжываць пры кішэчнай непраходнасці!), нармалізуе дзейнасць страўнікава-кішэчнага тракту, ачысціць яго ад шкодных рэчываў. У сеціве можна знайсці разнастайныя рэцэпты: пры болю ў страўніку, гастрыце, язве…

Таксама, па сведчанні спецыялістаў, лён дапамагае змагацца з ракавымі клеткамі. Таму яго насенне варта ўжываць для прафілактыкі раку малочных залозаў, тоўстай кішкі, прастаты.

А вось цяжарным жанчынам і тым, хто корміць дзіця, насенне лёну катэгарычна не рэкамендуецца! Астатнім трэба таксама ўважліва сачыць за рэакцыяй уласнага арганізма, каб не было алергіі.

Апрача прыгатавання адвараў, настояў ды іншага раяць ужываць і проста сухое насенне, але лепей здробненае. Яго можна дадаваць у розныя стравы.

Запыніўся позірк і на цікавым рэцэпце для пахудзення і нармалізацыі абмену рэчываў. Трэба замачыць 1 сталовую лыжку здробненага (!) насення лёну ў палове шклянкі кефіру на 30 хвілін. Усё, можна піць! 2 разы ў суткі: раніцай (лепей нашча) і ўвечары перад сном. Праз тры тыдні зрабіць тыднёвы перапынак.

Ёсць свае аматары ды прыхільнікі і ў ільнянога алею. Толькі  ўжываць яго варта ў натуральным выглядзе: асобна альбо запраўляць салаты ды іншыя стравы. А смажыць на ім – нельга! Як і падаграваць іншым чынам. Не толькі ўсе карысныя ўласцівасці згубяцца, але і шкодныя рэчывы ўтворацца. Можна нават атруціцца…

Няма настрою? Апатыя, лянота?! Тады льняны алей – ваш прадукт! І пры стрэсе дапаможа. І жанчынам падчас менапаўзы. Кажуць, нават работа мозгу актывізуецца.

Вось такі гэта сінявокі цуд, які сёння сеяць трэба. А карыстацца вырабамі з яго можна ў любы час. І няхай усё ідзе выключна НА ЗДАРОЎЕ!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 129

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".