14.02.2025
14.02.2025

Шкодныя звычкі не пазычаюцца, або калі вучоба не ў радасць. Частка 2 + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Калі і сяброў вінавацяць

Скрыпка маўчаў, разважаў на каго перакінуць сваю віну. Можа, адразу на сяброў, а што? Няхай і яны раздзяляюць тую радасць! Хаця не, можна такіх кухталёў атрымаць. Усё ж самы бяспройгрышны варыянт усё перакласці на аўтаручку.

— Гэта ты ўсяму была віною, — накідваўся Андрэй на сваю Самапіску. –  Хто мінулым разам падбіваў мяне выпраўляць адзнакі. А можа я сам першым рашыўся? Раз і гатова! Забылася?

І замахваўся на Самапіску. А калі яна адскоквала на дрэва, шпурляў у яе партфелем.

— Што ж ты робіш? – здзіўлена прамаўляла Самапіска. – Такой смеласці я ад цябе не чакала. Да таго ж у публічным месцы! Цябе зараз жа заберуць у міліцыю!

— Чаму толькі мяне? І цябе таксама! Падвяла мяне пад манастыр. Я ўсё пра цябе распавяду! – пагрозліва адказваў Андрэйка.

— Эх ты! Маніпулятар! Забыўся на мае здольнасці! – пасміхалася рознакаляровая шарыкавая ручка. – Хоць і каляровы мой асадак, Я ж - Самапіска- невідзімка! А вось на цябе  падумаюць, што захварэў, калі размаўляеш сам-насам, і сярод белага дня шпурляеш на дрэва свой партфель. І выклікаюць 103. Раптам ў дзіцяці штосьці з галавою. І адразу ж на “хуткай” заберуць.

— А вось і не заберуць!

— Чаму гэта?

— Таму, што ў маёй кішэні – маленькі Дыназаўрык, — хваліўся.

— Насамрэч, Дыназаўр? – не верыла Самапіска.

— А як ты думала! — Гэта мая новая Грамата Недатыкальнасці.

І Андрэй даставаў з кішэні бутэлечку з вадою, у якой плаваў … маленькі галавасцік.

— Вось ён – мой Дыназаўр!

— Гэта Дыназаўр?

— Самы што ні ёсць сапраўдны! – узнёсла, як перакананы батанік, распавёў Андрэй. - Каб ведала ты, што Дыназаўры яшчэ за Царом Гарохам з’явіліся. Затым, як змяніўся клімат, яны, і  ўсё жывое, вымерлі. Паўсюль настала несусветная халадэча. Так было нядоўга, можа гадоў дзвесце ці болей. Пасля пацяплела і на свет з’явіліся іншыя жывёлы.

— Я таксама з’явілася на свет? – зарадавалася Самапіска.

— Ты ж не жывёла! І ад прыроды не залежыш. Ты з’явілася на свет, бо чалавек развіваўся і для пісьма  для пісьма яму спатрэбілася такая штучная прылада. Тады і з’явілася ты, як вынік прагрэсу чалавецтва, - па-свойму, тлумачыў Андрэйка. – Пройдзе нейк час і чалавеку спатрэбіцца штосьці новае – зноў прыдумае ці вынайдзе. І тым новым усе мы будзем карыстацца.

— Прыдумае? Як мяне Кузнечык прыдумаў?

Дзе жывуць Дыназаўры?

— Так! Абавязкова прыдумае і вынайдзе! Толькі мой Дыназаўр з’явіўся ў пачатку часу, - стараўся давесці сваёй прыяцельцы.

— Як гэта: “у пачатку часу”?

— Гэта азначае, што яшчэ нікога побач яго не было.

— Нікога-нікога ўвогуле не было?

— Так, нікога!

— І чалавека?

— А чалавека і па тым таго яшчэ не было! Так што ты зусім маладая і дужа прывабная!

— Ну, дзякуй! Нарэшце, дачакалася! Бач ты, як на цябе падзейнічала цудадзейная прышчэпка вітамінам ад шкодных звычак! – запрысядала ўзрадаваная Самапіска.

— Падзейнічаў, не падзейнічаў – ты лепш за сабой сачы.

— Дзякуй! Я вельмі ўхваляю твой учынак, але калі ты пакажаш дзе жывуць Дыназаўры – дарую табе зневагу.

— Ну добра, пайшлі!

Непрыкметна на небе пачуўся незнаёмы грукат. Яны прыгледзеліся: да небакраю мчалася рознакаляровая Карэта. І кіравала ёю зыркае Сонейка ў вабным ўзоры заранкі.

У пасвяжэлым вечаровым паветры востра пахла свежаскошанай травой, што скрозь пакосамі ляжала ў Косых балотах. Менавіта сюды і скіраваўся Скрыпка са сваёй цікаўнай памочніцай, якая штораз не мінала, каб не пацікавіцца краявідамі:

— Чаму балоты Косыя?

— Таму, што насамрэч не прамыя, а рознымі фігурамі бачацца – трохвугольнікам, кругам. Вясковыя касцы так гэтыя мясціны назвалі. Аднаму дзялянка роўная дастаецца, іншаму – некалькі трохвугольнікаў. Злаваліся людзі на той сенакос,  таму і балота такую  назву атрымала.

— Цікава! -А цяпер зірні, зірні на неба! Які маляўнічы ўзор!

— Прыгажосць! А той узор выткаўся ад сонца і неба. Як яно палае на захадзе рознымі колерамі!

— Як гэта заваблівае! Давай яшчэ крыху затрымаемся, - прасіла Самапіска.

— Няма калі. Можа, ты расхацела ўбачыць Дыназаўра?

— Не! Ты што!

— Тады ідзем далей.

Вечаровае балота ў прыбярэзнікавых карунках выглядала маляўнічым і загадкавым. Дробныя  купінкі бабоўніку і асакі, што месцамі вытыркаліся з вады, уяўляліся воку не толькі Андрэя, але і зыркім вачам Самапіскі нейкімі казачнымі істотамі, якія бесклапотна купаліся ў барвянай вадзе.

— Я зараз! - Хлопчык залез у вялікі густы куст вярбоўніку з бярозавай акаймоўкаю, які быў бліжэй да вады, расхінаў яго галінкі: чакаў казачных істотаў. І раптам – трэсь -трэсь! – пачулася дзесьці воддаль.

Андрэй з Самапіскай насцярожыліся, нават перасталі дыхаць, баючыся, каб хаця б Дыназаўзр на іх не накінуўся.

— Асцярожна! Чуеш, вунь штосьці вялікае і чорнае, з крывымі рагамі валтузіцца ў траве? - раіць Самапіска хлопчыку. - Вунь Яно паважна ускараскалася на высокую былінку. Пагудзела-пагудзела і тут жа цяжка звалілася долу, - са здзіўленнем стала назіраць Самапіска. Яна ніколі ў сваім жыцці не сутыкалася з такімі істотамі, таму і цікавілася ўсім, што сустракала. – Што гэта за звер такі? – спыталася.

— Не звер, а цуд прыроды. Гэта наадварот супакойлівае. Назірай і лаві кожнае  імгненне! Тая істота павалтузіцца і зляціць, - адказваў Андрэй, а сам з не меншай цікавасцю сачыў за незнаёмцам.

І насамрэч, вадзяны незнаёмец незадаволена жужаў, хістаў травінкі, валтузіўся, нібы наўмысна хацеў спадабацца сваім спрытам Самапісцы, але яму гэта пакуль не ўдавалася. Потым наноў павольна стаў узнімацца ўгору.

— Зноў няўдача! – ледзь не закрычала Самапіска.

І так гэта паўтаралася некалькі разоў. Нарэшце ён усё ж узняўся на самую макаўку высокай травінкі, распасцёр крылы і, набіраючы вышыню, паволі паляцеў праз балотца. На фоне яркага вечаровага неба ён здаўся вялікім Дыназаўрам.

— Мы ўпусцілі яго! Ты абманіў мяне! – залямантавала Самапіска. – Гэта быў малы Дыназаўр!

— Самы маленькі!  Але ён хутка стане вялікім і мы з табою пачнем паляванне на яго.

Нечакана на пагорку, ля самага балота, Самапіска заўважыла вялізнага Дыназаўра.

— Нарэшце выйшаў са свёй схованкі!

Ён паказаўся з прыбярэжнага кустоўя, паскуб сакавітай травы і, падышоўшы да балотца, спыніўся. Цёмны, мажны ён наводзіў страх не толькі  на маладых батанікаў, але і на навакольны раслінны свет. Дрэвы адразу загойдаліся, затрэсліся, як перад змрочнай навальніцаю.

— Людзі добрыя! Гэта такое страшыдла вырасла з твайго галавасціка?

— Так.

— Жудасць!

Дыназаўр аглядаўся, пільна прыслухоўваўся, уцягваючы паветра. Яго цела было большым за трохэтажную школу. А пашча нагадвала кузаў БелАЗа на 400 тон.

— А калі наш пах уловіць? Не хацела б я ў яго пашчу патрапіць! – шаптала аўтаматычная шарыкавая ручка. - Куды бяспечней з табой, Андрэйка, пасварыцца.

— Нарэшце ацаніла! Ну, дзякуй і за гэта, - адказваў ён. – Лепш зірні на яго мудрагелісты “ветразь” на спіне!

— І праўда, чуб яго на ветразь падобны!

Дыназаўр наблізіўся да берага і, не вагаючыся, рашуча ўвайшоў у цёплую ваду. Тыцнуўся ў яе пысай і прагна стаў піць.

—  Якраз як Бабуліна Зорка! – дадаў Андрэйка.

— Дык і ў тваёй Бабулі ёсцека свой Дыназаўр? Яшчэ і Зоркай завуць?

— Ды не! Гэта наша Карова! Ты што, ніколі яе не бачыла?

— Што яшчэ за Карова?

— У гарадах яны не жывуць! Толькі ў вёсцы можна бачыць. Гэта такая невялікая, ў параўнанні з Дыназаўрам, жывёла з рагамі, якая дае малако.

— Не прыдумляй! Малако твая Мама купляе ў магазіне, - не сунімалася Самапіска. – Я штодня бачу.

— Гэта калі да бабулі не ездзім на госці, - вінавата прашаптаў Андрэйка. - У тым сховішчы-хмызняку Андрэю было вельмі добра. Калі раней ён думаў пра забыты бінокль, то цяпер толькі пра сваю дужа гаваркую, нібы радыёпрыёмнік, прыяцельку, каб не рассакрэціла нас.

Непадалёку ад Дыназаўра ўспляснула буйная рыбіна, пусціла па вадзе кругі. Звер імгненна ўзняў сваю магутную нагу і тупнуў ёю ў той круг. І бруха рыбіны паказалася на паверхні вады.

— Во гэта волат! – здзівіўся хлопчык.

Звер узняў галаву. З пашчы жывёліны дробным шротам пасыпаліся з вадою луска здабычы. На  сонцы гэта нагадвала ззянне бліскучых алмазных стразікаў. Дыназаўр чуйна пакратаў вушамі, у адзін бок паглядзеў, у другі, ціха фыркнуў.

— Андрэйка, у мяне зараз сэрца выскачыць!

— Трымайся, даражэнькая! Трымайся!

Раптам раздаўся непадалёку сухі трэск ці то дрэва, ці то нібыта незвычайны стрэл. Дыназаўр спалохана скалануўся, нервова ўскінуў угору велічэзную галаву.

— Глядзі, стаіўся, як статуя! – прашаптала, не адводзячы вачэй на гэты цуд, Самапіска.

Дыназаўр зірнуў на неба, нібы зацікавіўся Ружоваю карэтаю, затым яшчэ раз хлебтануў вады і выйшаў на бераг. Энергічна страсянуўся і спакваля пайшоў сваёй дарогай далей.

— Цяпер упэўнілася, дзе Дыназаўры жывуць?

— Упэўнілася! Але ж ты і соня.

З-пад коўдры чулася лёгкае пасопванне.

— З кім гэта ён там бармоча? – дзівілася Самапіска, падымаючы ражок коўдры. - Андрэй, Андрэй хутчэй уставай! Ці чуеш?  Я колькі буду з табой забаўляцца? Будзільнік выключыў, а сам валяешся ў ложку.  Калі захварэў, дык так і скажы: я перадам Настаўніцы?

Андрэйка адкрыў адно вока. Потым – другое. Нарэшце ўбачыў грымасы сваёй прыяцелькі, зразумеў што за лямант.

— Эх, такі сон перапыніла!

Выкрыццё падбухторшчыкаў і неслухаў

Пра Уладзіка Мудрова не скажаш, што ён мае вольны час. Нават суботы, калі і вяртаецца з якога факультатыва, крыху адпачыўшы, крочыць за пакупкамі. Мама заўжды, калі затрымліваецца на працы,  складвае спіс неабходных прадуктаў і замацоўвае магніцікам на маразільні. Яму гэта зусім не цяжка, наадварот, зрабіць палёгку Маме толькі ў радасць.

Але што за дзівосы! Толькі схіліўся, каб абуць чаравікі, а яны скачыць па вітальні і вышчараюцца.

— Куды цябе гоніць? Тэлевізар уключы! Адпачні, нарэшце! – азваліся Чаравікі.

— З якой такой радасці тэлек сярод дня глядзець? – Злаўчыўся Уладзік і ўхапіў, напачатку адзін, а затым і другі трымаў ужо ў руках. А цяпер, даражэнькія, прызнавайцеся: хто вас наўчыў гэтаму?

— Не заўважылі!

— Ах так! Змоўнікі! Тады адгадайце тры рэчы. Адгадаеце – шнуркі злёгку завяжу, калі не адгадаеце – зацісну на марскі вузел, на векі вечныя будзеце стрыножаны. Выбірайце, што лепш?

— Лепш ска-а-жам, - Чаравікі ўмольна пераглядваліся. – Нейкі бэйбус з іншага класа, калі быў перапынак і ты размаўляў з аднакласнікамі.

— І што? Размаўляў.

— Размаўляў і не ўбачыў, як той бэйбус пырснуў на нас нейкай вадкасцю, - прызнаваліся Чаравікі. – Бачыш яркія плямы на перадах?

— Падумаеш, пырснуў на Чаравікі! Не сапсаваў жа! Хаця…

— А што на нас і пляваць можна? Няўжо ты не адчуў? А каб на твае ногі? – занерваваліся Чаравікі. - Яшчэ б лепей! А ці ведаеш ты, што тая вадкасць была не звычайнай, а чарадзейнай! Пасля тых некалькіх пшыкаў нам не толькі не хацелася з месца кратацца, наогул як штосьці нябачнае трымала.

Уладзік задуменна пакратаў сябе за вуха, відаць, штосьці ўспомніў:

— Праўду кажаце! Вось цяпер і я пагаджуся! Вы ўвесь шлях упарціліся так, што і зараз ногі нібыта не свае. Думаў, што і вы супраць мяне. Пакуль прыйшоў са школы, стаміўся больш як на ўроку фізкультуры, - казаў Уладзік, і пільней углядаўся ў перады новых сваіх чаравікаў. Але што гэта да падэшвы прычапілася?

Адкляіў паперыну, а на адвароце – запіска: “Калі ты не будзеш вучыць Скрыпку, Кузнечык прыдумае такую прыладу, што ён будзе разумнейшым за цябе.” І намалявана  вялікае сэрца, працятае стралою.

Уладзік пакруціў запіску ў руках, усміхнуўся:

— Адразу відаць, што хтосьці за яго крадком пісаў: почырк зусім іншы, нахілены ўлева. Да таго ж без памылак. Але і здрадліва прыдумалі да падэшвы прыкляіць! Цікавы ўльтыматум. Відаць, разлічвалі, што я падумаю на дзяўчынак. І трэба ж на такое рашыцца! Вядома, чыя гэта задума! Эх, Андрэй, Андрэй! Ну і нЕслух жа ты! Няўжо так і будзеш працягваць дурэць? Дапамагчы – калі ласка! А вось вучыць за цябе выбачай, – казаў пра сябе Улад. – Лепш пра маці падумаў бы! Адна з трыма вэждаецца.

Усяго якую гадзіну і пратрымаліся змоўшчыкі, калі памочніца самога завадатара першай не стрымалася:

— Улад, ты асабліва не хвалюйся: гэта я пісала, прабач. Заўваж, пад прымусам! І рукою Яські Флейты. Андрэй з Жэнікам пазіралі на дзяўчынак і нахабна пасміхаліся.

— Гэта добра, што ты прызналася!

— О, успомнілі! Успомнілі падбухторшчыка! – залямантавалі Чаравікі. – Гэта быў Дубінка! Гэта ён пырскаў на нас.

На тыя досціпы забудзьцеся, або Рыхтуйцеся да мікрагравітацыі

— З сёння мы будзем з табой сябраваць, - ласкава паведамляў Класнай Дошцы Кузнечык Яўген.

— Заўсёды? – здзівілася Дошка.

Нішто сабе! Ён толькі пажартаваў, а Дошка загаварыла. Дзіва-дзіўнае! Няўжо толькі з ім, бо не было чуваць, каб хто выхваляўся ці здзіўляўся такому дыялогу! – шчыра адказаў:

— Пакуль толькі тыдзень! Я зараз дзяжурны.

— Паглядзем, як ты будзеш выконваць свае абавязкі, - з іскрынкай сумніву прамовіла Класная Дошка. – Калі так, як адзін з тваіх сяброў - рыхтуйся да прыгод!

Раніцою, яшчэ толькі-толькі школьны вартаўнік Дзядуля Міхась адамкнуў дзверы школы, як Кузнечык першым пераспупіў парог.

— Ці не новага дырэктара школа займела? – пытаўся вартаўнік, пасміхаючыся ў свае рыжыя вусы.

— О, дзядуля! Гэта было б дзівосна! – расплыўшыся светлай радасцю адказваў хлопчык, і лёгка ўзнімаўся на свой трэці паверх.

У маўклівым здзіўленні перакуленыя  крэслы натапырылі свае вялікія вушы. Зазыбала падлога, нібы гуляка-ветрык раскратаў лёгкія хвалі на гаманлівых нарачанскіх плёсах. Класная Дошка зрабіла такую здзіўлена-загадкавую грымасу, быццам сярод лета выпаў снег.

— Ну прывітанне! – казаў Кузнечык.

І твар Дошкі распагодзіўся. Вочы заіскрыліся затоеным смехам.

— Не спазніўся, ухваляю! – казала Класная Дошка.

Да заняткаў было яшчэ далёка і Яўген перш-наперш старанна вымыў губкаю Дошку. Зарадавалася яна, што адразу палёгку адчула. Але дзяжурны толькі ківаў галавою, маўляў, “кал ласка” і набіраў з-пад крана вады для кветак.

— І да вас чарга дайшла! – звяртаўся да Кветак, што віселі на сцяне, стаялі на шкапчыку ды на падваконні. -Зараз напаю вас на колькі дзён, і будзеце даваць свой кісларод ды радаваць нас сваімі рознакаляровымі кветкамі!

— Дзякуй табе, Жэнік! А мы ўжо і не спадзяваліся, што вернецца да нас ранейшая павага.

— Чаму так?

— Як хлопчыкі пачалі дзяжурыць, дык мала хто ўспамінаў пра нас, - скрушліва загаманіла сінявокая Фіялка. – Ты працуеш як апантаны!

— Каб так! Далёка мне да такога звання, – самакрытычна адказваў Кузнечык. - І працягваў паліваць вазоны.

І так ён гэтым захапіўся, што і званка не пачуў. Апамятаўся аж толькі тады, калі вучні пачалі валіць у клас.

Адразу падскочылі да яго Андрэй Скрыпка з Яськам Флейтам і на два галасы загаманілі:

— Рацыяналізатар? Дзяўчына-краса, а дзе твая каса?

— Краса – у партфелі, каса – у полі! – нечакана для сябе адказаў Жэнік.

Скрыпка ўжо ўхапіў з Дошкі губку і шпурнуў у Белую Геаргіню. Дзяўчынка  адвярнулася, і губка паляцела на другую парту пасярод класа. На шчасце, ні ў каго не трапіла. Кузнечык кінуўся за ёю, падняў. Настаўніца ўжо спяшалася ў клас.

— Сёння самастойная па матэматыцы, - прашаптала Самапіска Скрыпкі.

Але гэтага ніхто, акрамя Андрэя не пачуў. Хаця, не дужа тое яго хвалявала. Ён знаходзіўся пад уражаннямі ад дзівоснага сну.

— Сядайце! – сказала Настаўніца. – Зірнула на Дошку, і пахваліла дзяжурнага. – Прыемна глядзець! Андрэя Скрыпку папросім раздаць сшыткі.

Штосьці зашумела-загуло. Сшыткі, што патрапілі ў рукі Скрыпкі загаманілі. Гэта было так нечакана! Не ўсе яны былі задаволенымі, што аказаліся ў яго. Калі ж леглі на парты сваіх гаспадароў, заўсміхаліся:

— Ух! Нават не спадзяваліся на вяртанне! Раздаў-такі!

На Дошцы ўжо чакаў першы прыклад.

Кузнечык разгарнуў сшытак, і якраз тады на яго парту ўпала запіска. Ён азірнуўся – вучні спісвалі прыклады. Нават Скрыпка і той схіліўся над сшыткам. Ніхто не выклікаў падазрэння.

— Што гэта? – ён зірнуў на Дошку: трэба ж і яму перапісваць прыклад, бо Настаўніца пісала ўжо другі. – Але яму вельмі хацелася ведаць, што там, у той запісцы. Не ўпала ж яна на яго парту проста так. Запіска была складзена самалёцікам, і мела загадкавы выгляд. Жэнік разгарнуў, прачытаў: “Ведаеш, чаму Чорны Конь лезе ў агонь?”

Вось гэта дык пытанне! Ён азірнуўся на клас, усе пісалі. Чаму чорны конь лезе ў агонь? Лезе, таму што так захацеў, хіба не так? Стоп, ужо ведаю! Конь замерз на вялікім марозе. А як сагрэцца? Бегаць без дай прычыны? Вось ён убачыў касцёр, што вылучаў цяпельца, і ўскочыў пагрэцца. Галава ў Кузнечыка варыць!

Дошка ўжо была ўся спісана, а ў яго сшытку ўсяго толькі “У краму прывезлі 50 кілаграмаў бульбы…” Ён хуценька пачаў спісваць першы прыклад. “Гэты я рашу адным махам, а пасля яшчэ магу падумаць і пра чорнага каня.

Ручка яго так разышлася, што новы самалёцік адляцеў і ўпаў на падлогу. На другім баку было напісана: Качарга, што ля печы тваёй Бабулі.

— Вось гэта загадка! – заварушыліся Старонкі Сшытка. - Усё ж проста, паспяшаўся. Але ты лепш глядзі на Дошку! Тут пішуць пісьмовую па матэматыцы, а не вуголле ў печы варочаюць.

— Як нялёгка быць добрым для ўсіх! – Кузнечык глядзіць то на Дошку, якая так і стараецца ўлучыць момант і паківаць яму. Маўляў, не дурэй, а хутчэй думай. Кідае позіркам на Скрыпку, які наўздзіў маўчыць і, што неверагодна, піша.

Жэнік прыгадвае ўчынкі сяброў-жартаўнікоў, для якіх ён заўжды штосьці карыснае прыдумляў, стараўся зрабіць як найлепш. Зараз яны хочуць адцягнуць яго ўвагу.

Раптам сярод цішыні раздаецца лёгкі шоргат паветра і на яго парту прызямляецца чарговы самалёт-знішчальнік.

— Да свайго ўзроўню апусціць захацелі! – Не атрымаецца!

Але навошта іх слухацца! Ухвальна ківаць галавою, калі можна лёгка выканаць заданне. Тым больш, што па матэматыцы ён лічыцца сярод лепшых. Толькі яму падалося, што Флейта торгае галавою, а стаіўшыся Скрыпка ўздрыгвае.

— Можаце сабе круціць-муціць, але Жэніка не саб’еце з панталыку, - зашапацелі Старонкі Сшытка. – А ты не забыўся на тое, што казаў пра сваю красу? Каб яна ўміг не паслізнулася на роўнай сцежцы!

Ён зразумеў, што нельга пазычаць кепскае. І пачаў рашаць запісаныя на Дошцы прыклады.

Але калі там зусім іншы жарт? Не, гэта ўжо нейкае насланнё! Ён не можа выконваць заданне, калі да яго лятуць і лятуць самалёты. Ды і ніякае гэта не насланнё, гэта змова супраць яго, Яўгена Кузнечыка!

І гэтых змоўшчыкаў ён выкрые, як толькі наступны ліст прачытае. І раскрыў крыллі самалёціка. Разгарнуў і прачытаў: “Нітак многа, а клубок не зматаеш”.

Фізічная з’ява ці што з побыту? Гэта было чарговае сіло.

Жэнік пачаў разважаць, але Класная Дошка так зірнула, што яму стала млосна. Ён амаль разгубіўся, але таго позірку хапіла, каб рашыць усе прыклады гуляючы.

Старокі Сшытка сцішыліся, з палёгкай усміхнуўшыся.

Раптам ускочыў Андрэй Скрыпка і пачаў бегаць туды-сюды, збіраць сшыткі. Няўжо ён выканаў заданне?

Тады яго музычнае імя будзе занесена ў Кнігу славы школы! А пакуль…

Пакуль яму не сядзіцца на месцы. Не, гэта ж немагчыма! Толькі не тут! Эх, дзівак ты, Андрэй!

Хтосьці не хацеў здаваць, бо званок яшчэ не азваўся. Тады Скрыпка найперш вырваў сшытак у Кузнечыка. Вераломна вырваў.

— Вось і цудоўна! Вы, сябры, можаце забыцца пра тыя досціпы, - усміхнуўся пра сябе Кузнечык. — Наперадзе вас чакае захапляльнае падарожжа! Вы яшчэ не аднойчы адчуецедзівосныя ўмовы мікрагравітацыі! Я ж які-ніякі, а рацыяналізатар!

Настаўніца пайшла, а Жэнік падышоў да Дошкі, неўпрыкмет падзякаваў за сяброўскі штуршок.

Дошка ў адказ прыязна ўсміхнулася, параіла Жэніку заўжды заставацца сабой.
Ён  старанна выцер прыклады. А пасля ўзяў крэйду і напісаў мо сто разоў:

Шкодныя звычкі не пазычаю! Сябры, лепш рыхтуйцеся разматваць свой клубок ва ўмовах мікрагравітацыі!

Флейта са Скрыпкам расчырванеліся і, не адрываючыся, з сур’ёзнымі тварамі глядзелі на Дошку.

Шкодныя звычкі не пазычаюцца або Калі вучоба не ў радасць (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».