23.02.2021
23.02.2021

Што павышае рызыку інсульту? Адказвае неўролаг

logo
Адказваюць спецыялісты
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Якія прадукты могуць стаць прычынай інсульту галаўнога мозгу і як змяніць свой рацыён? Калі перад вачыма з'яўляюцца «мушкі» і часта баліць галава, ці трэба насцярожыцца і прайсці абследаванне? Ці можа каранавірус прывесці да інсульту? Каму варта рабіць УГД брахіяцэфальных артэрый?

На пытанні чытачоў парталаў Слушна адказаў Сяргей Марчанка, неўролаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й ГКБ г.Мінска – профільнага цэнтра па лячэнні інсульту галаўнога мозгу.

Кансультацыя неўролага

Сяргей Марчанка, неўролаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й ГКБ г.Мінска

Ці павышае рызыку інсульту безвугляводная дыета?

Мне 63 гады. Вага нармальная. Прадукты, якія змяшчаюць жывёльныя тлушчы, амаль не ем, толькі нятлусты тварог і малако. Халестэрын – 2,1. Пры УГД брахіяцэфальных сасудаў выявілі бляшку ў левай соннай артэрыі (35-40%). Атрымліваецца, нават пры правільным харчаванні ёсць рызыка ўзнікнення інсульту? Як тады яго пазбегнуць?

І другое пытанне. Паўтара года таму на працягу тыдня было дзіўнае адчуванне: знянацку ад патыліцы па целе распаўсюджваўся холад, на некалькі секунд з'яўляўся зменены стан свядомасці і пачуццё млоснасці, але не такое, як перад непрытомнасцю. «Вінаватая» бляшка? Ці варта прайсці МРТ галаўнога мозгу?

Нават пры правільным харчаванні існуе рызыка развіцця інсульту. Каб яго пазбегнуць, неабходна рэгулярна праходзіць медагляд для выключэння фактараў рызыкі інсульту: артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровага дыябету, атэрасклерозу магістральных артэрый галавы і шыі ды інш. Пры выяўленні фактараў рызыкі – праводзіць іх карэкцыю. Па другім пытанні: у раптоўным холадзе і кароткачасовай змене свядомасці, пачуцці млоснаці «бляшка» наўрад ці вінаватая. Магчыма, прычына вашых скаргаў – парушэнні ў працы сэрца (напрыклад, эпізадычная арытмія). Абсалютных паказанняў для выканання МРТ галаўнога мозгу няма, неабходны агляд неўролага.

Ці павышае рызыку інсульту альбо пагаршэння стану сасудаў безвугляводная дыета з вялікай колькасцю тлушчаў і ўмеранай колькасцю бялкоў?

Харчаванне павінна быць збалансаваным. Дыеты, якія цалкам ці амаль цалкам выключаюць пэўны від харчовых прадуктаў, цягнуць за сабой розныя ўскладненні, у тым ліку павышаюць рызыку інсульту.

Інсульт. Збалансванае харчаванне для папярэджвання інсульту.

Якія прадукты могуць стаць прычынай інсульту?

Соль, цукар, алкаголь, чырвонае мяса, недахоп гародніны і садавіны – усё гэта правакуе развіццё захворванняў альбо станаў, якія могуць прывесці да інсульту. Празмернае ўжыванне солі, цукру, чырвонага мяса спрыяе адкладанню халестэрыну, утварэнню халестэрынавых бляшак. Менавіта таму для прафілактыкі інсультаў рэкамендуюць абмежаваць спажыванне гэтых прадуктаў.

«Мушкі» перад вачыма, здранцвенне канечнасцяў – гэта небяспечна?

Якая верагоднасць інсульту ў чалавека з паніжаным ціскам?

Верагоднасць значна ніжэйшая, чым у чалавека з павышаным ціскам: сярод пацыентаў з інсультам гіпертонікі складаюць ад 85% і вышэй.

Як можна нармалізаваць ціск, калі павышаецца пераважна ніжні, а верхні блізкі да нормы? Гэта рызыка развіцця інсульту? Якая прычына такога павышэння? Якія абследаванні трэба прайсці?

Любы павышаны артэрыяльны ціск, нават ізаляваны сісталічны альбо дыясталічны, з'яўляецца фактарам рызыкі інсульту. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна звярнуцца да кардыёлага.

Мне 36 гадоў. У апошні час пры выхадзе на вуліцу, часцей за ўсё ў халоднае надвор'е, адчуваю здранцвенне ў канечнасцях. У асноўным, дранцвеюць пальцы на руках, яны робяцца белага колеру. Расціранне не дапамагае, праходзіць само, часам за 10 хвілін, часам за паўгадзіны. Часам дранцвеюць пальцы і на нагах. Назіраюся з хранічным тырэаідытам, аменарэяй, перыядычна прымаю прэпараты жалеза, ВСД па гіпатанічным тыпе. Прымаю статыны ў мінімальнай дозе на фоне павышанага халестэрыну, сэрца без паталогій, УГД брахіяцэфальных артэрый таксама без паталагічных зменаў, нязначна выражаны астэахандроз шыйнага аддзела. Ці варта мне турбавацца пра магчымасць узнікнення інсульту? Ці трэба прайсці дадатковыя абследаванні альбо звярнуць на штосьці ўвагу?

Апісаныя скаргі могуць быць абумоўленыя сіндромам/хваробай Рэйна. Гэта ўстойлівае звужэнне дробных крывяносных сасудаў кончыкаў пальцаў на ўздзеянне холаду альбо псіхаэмацыянальнае ўзрушэнне. Неабходная кансультацыя тэрапеўта і дадатковае абследаванне. Ужо цяпер неабходна пазбягаць пераахаладжэння, выключыць курэнне, напоі, якія ўтрымліваюць кафеін, і прыём пераральных кантрацэптываў.

Сяргей Марчанка, неўролаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й ГКБ г.Мінска

Мне 61 год. Пачала заўважаць, што ў апошні час у мяне паменшылася адчувальнасць кончыкаў пальцаў рук. Не магу, як раней, адразу ўзяць штосьці дробнае. Ці не з'яўляецца гэта пачаткам чагосьці страшнага, прыкметай патэнцыяльнага інсульту?

Прыкметай патэнцыяльнага інсульту гэта не з'яўляецца, але можа быць сігналам захворванняў (напрыклад, ускладненняў цукровага дыябету, праявай атэрасклерозу перыферычных і магістральных артэрый канечнасцяў), якія пасля прывядуць да яго. Рэкамендую звярнуцца да тэрапеўта, неўролага і эндакрынолага.

Мне 42 гады. Перыядычна перад вачыма з'яўляюцца «мушкі», часта баліць галава. Ці трэба прайсці абследаванне і якое, каб прадухіліць інсульт?

Неабходныя УГД брахіяцэфальных артэрый, аналіз профілю артэрыяльнага ціску, кансультацыя неўролага і тэрапеўта.

Ці бывае «нямы» інсульт?

Інсульт. Адчуванні пры «нямым інсульце».

У мяне стэноз ВСА (соннай артэрыі) – 50% (атэрасклератычная бляшка нестабільная). Ці трэба прымаць дадатковыя лекавыя сродкі акрамя статынаў? Як часта трэба здаваць аналіз крыві для вызначэння ЛПНШ (ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці) і ЛПВШ (ліпапратэінаў высокай шчыльнасці) пры прыёме статынаў? Ці можа ўпасці ўзровень халестэрыну да крытычных значэнняў пры прыёме статынаў?

Магчыма, акрамя статынаў, вам трэба прымаць антытромбацытарныя сродкі (аспірын і г.д.). Неабходна пракансультавацца з урачом. Аналіз крыві трэба здаваць праз 8 (± 4) тыдняў пасля пачатку прыёму лекаў; праз 8 (± 4) тыдняў пасля змены рэжыму тэрапіі да дасягнення мэтавых значэнняў кантрольных паказчыкаў. Пры дасягненні мэтавых значэнняў – 1 раз на год. Выпадкі падзення ўзроўню халестэрыну да крытычных значэнняў пры прыёме статынаў не зарэгістраваныя.

У чым асаблівасць і адрозненне ішэмічнага інсульту? Як працякае працэс лячэння і калі прызначаецца рэабілітацыя? Якія могуць быць наступствы ішэмічнага інсульту?

Ішэмічны інсульт – найбольш распаўсюджаны від, на яго прыпадае 85% усіх выпадкаў, 15% складаюць гемарагічныя і змешаныя інсульты.

Ішэмічны інсульт узнікае як рэакцыя на блакіраванне артэрый галаўнога мозгу альбо іх звужэнне. Парушаецца кроваток, мозг перастае атрымліваць кісларод і іншыя пажыўныя рэчывы. Калі не прымаць меры, клеткі пачынаюць адміраць. Ішэмічны інсульт суправаджаецца ўтварэннем тромбаў (згусткаў крыві) у артэрыях мозгу і па-за ім. А пры гемарагічным інсульце адбываецца кровазліццё з сасудаў мозгу ў навакольныя тканкі альбо ў прастору паміж паверхняй мозгу і чэрапам і ўтвараецца гематома.

Наступствы могуць быць такімі: страта рухаў у руках і нагах (часцей пакутуе адзін бок цела); мышачная слабасць і, як следства, моцная стамляльнасць пры хадзе, спробах трымаць прадметы ў руках і г.д .; страта, пагаршэнне памяці з-за аслаблення кровазабеспячэння мозгу; дэфекты маўлення(складана падбіраць словы для выказвання думак, будаваць сказы, пераказваць тэкст).

Сяргей Марчанка, неўролаг, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й ГКБ г.Мінска

Лячэнне інсультаў праводзіцца ў стацыянары. Найбольш спрыяльны прагноз – калі яно распачатае не меней чым праз тры гадзіны пасля першых сімптомаў. Таму так важна ведаць першыя прыкметы* інсульту і своечасова выклікаць хуткую.

Выкарыстоўваюцца медыкаментозныя і хірургічныя методыкі.

Пры лячэнні ішэмічнага інсульту вельмі важная трамбалітычная тэрапія. Гэта дазваляе аднавіць натуральны кровазварот. Пры ішэмічным інсульце нейрахірургічныя аперацыі праводзяцца радзей, чым пры гемарагічным. Сучасныя хірургічныя методыкі (у тым ліку эндаваскулярныя) могуць ліквідаваць тромб альбо склератычныя бляшкі, аднавіць кровазабеспячэнне.

Змест рэабілітацыі, яе працягласць і зыход залежаць ад ступені цяжару захворвання.

Падрабязна аб прафілактыцы, лячэнні і рэабілітацыі інсульту можна прачытаць на сайце нашай бальніцы. 

Маме 68 гадоў. Нядаўна на вуліцы ў яе з'явілася галавакружэнне, слабасць у нагах, яна не магла растлумачыць, што з ёй. Але гэты стан прайшоў праз некалькі хвілін. Пазней яна сказала, што яшчэ было памутненне ў вачах. Прачытаў, што гэта можа быць «ціхі» інсульт. Гэта так? І што ў такім выпадку рабіць: звяртацца да ўрача, праходзіць абследаванне?

Такі стан можа быць абумоўлены цэлым шэрагам захворванняў. Таму рэкамендую пачаць з кансультацый неўролага і тэрапеўта і выканання прызначаных імі абследаванняў. Магчыма, спатрэбіцца зварот у Гарадскі цэнтр параксізмальных станаў на базе Мінскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтра, дзе спецыялісты вызначаць прыроду эпізодаў парушэння свядомасці. Параксізмальны стан – гэта кароткачасовы эпізод парушэння дзейнасці пэўнага органа, які прывёў да скаргаў, але хутка купіраваўся. У пераважнай большасці гэта абумоўленае кардыялагічнымі праблемамі.

Інсульт. «Ціхі» інсульт.

Што тычыцца «нямога» («ціхага») інсульту, дык такое магчыма. Чалавек можа перажыць кароткачасовыя і мікраскапічныя сімптомы інсульту на нагах: дзесьці кальнула, штосьці забалела, закружылася галава, але ўсё хутка прайшло. Гэта інсульт, які хутка завяршыўся акрыяннем. Але гэта вельмі рэдкая з'ява. У большасці выпадкаў інсульты прыкметныя.

Што рабіць гіпертонікам падчас пандэміі?

Я гіпертонік. Калі захварэю на каранавірусную інфекцыю, ці можа гэта прывесці да інсульту? Аднавіцца пасля інсульту, выкліканага гэтым вірусам, складаней?

COVID-19 можа прывесці да інсульту. Каранавірусная інфекцыя досыць часта ўскладняецца трамбозамі артэрый, у прыватнасці, мазгавых, у тым ліку ў аддаленым перыядзе – праз месяцы пасля хваробы. Аднавіцца пасля інсульту, выкліканага гэтым вірусам, на жаль, больш складана. Пацыентам, якія перанеслі інсульт і COVID-19, на дадзены момант у абавязковым парадку на працягу трох месяцаў ад пачатку захворвання прызначаюць антытрамбатычныя прэпараты, якія разрэджваюць кроў (антыкаагулянты і/альбо антыагрэганты). Гэтая рэкамендацыя распаўсюджваецца і на гіпертонікаў, якія захварэлі на каранавірусную інфекцыю. Ім таксама прызначаецца антытромбацытарнае лячэнне ў залежнасці ад цяжару цячэння хваробы.

Ці можа моцны стрэс і пастаянны неспакой прывесці да інсульту?

Безумоўна, можа, паколькі ў выніку стрэсу магчымае рэзкае павышэнне артэрыяльнага ціску.

Каму дакладна варта рабіць УГД брахіяцэфальных артэрый і дзе можна прайсці такое даследаванне?

Скрынінгавае выкананне УГД БЦА паказанае ўсім людзям, старэйшым за 45 гадоў. Дакладна выканаць УГД БЦА неабходна пасля сасудзістых эпізодаў: транзіторнай ішэмічнай атакі, вострага парушэння мазгавога кровазвароту. Для выканання такога даследавання ў Беларусі маецца дастатковая колькасць апаратаў у дзяржаўных і прыватных установах аховы здароўя.

Сяргей Марчанка, неўролаг 5-й ГКБ г.Мінска

ПАМЯТКА *

Першыя прыкметы інсульту

  1. Раптоўныя слабасць і страта адчувальнасці ў руцэ, назе, на твары. Гэтыя прыкметы часцей за ўсё сустракаюцца на адным баку цела (правым ці левым).
  2. Парушэнне маўлення, якое выяўляецца цяжкасцю пры размове.
  3. Вострае расстройства зроку (зніжэнне альбо страта).
  4. Інтэнсіўны галаўны боль, які развіваецца на фоне добрага самаадчування.
  5. Парушэнне свядомасці: дэзарыентацыя ў месцы і часе, зніжэнне памяці.
  6. Млоснасць і ваніты, няўстойлівасць пры хадзе, расстройствы глытання.

Існуе даволі просты, але надзейны тэст для дыягнаставання інсульту ў хатніх умовах (дазваляе дыягнаставаць інсульт у 80% выпадкаў) – FAST (Face Arm Speech Test). Сутнасць яго  ў наступным:

  1. Просяць пацыента ўсміхнуцца альбо паказаць зубы. Пры інсульце адбываецца прыкметная асіметрыя твару – куток рота з аднаго боку «вісіць».
  2. Просяць падняць і ўтрымліваць на працягу 5 секунд абедзве рукі на 90° у становішчы седзячы і на 45° у становішчы лежачы. Пры інсульце адна з рук апускаецца.
  3. Просяць сказаць простую фразу. Пры інсульце ў пацыента не атрымліваецца выразна і правільна вымавіць яе, маўленне яго неразборлівае.

Інсульт. Тэст.

Пры наяўнасці хаця б аднаго сімптому неабходна тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу. Трэба памятаць, што хуткі рэгрэс вышэйапісаных сімптомаў яшчэ не гарантуе адсутнасць інсульту ці транзіторнай ішэмічнай атакі. Таму, калі ў стане пацыента штосьці турбуе, лепей неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Фота – Таццяна Сталярова і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адказваюць спецыялісты"