02.04.2021
02.04.2021

Што выбірае малое, альбо Мяняем смартфоны на… кнігі! :)

logo
Думкі ўслых
0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Увогуле, такі своеасаблівы заклік, вельмі актуальны зараз, падыходзіць і для дзецей, і для дарослых. Але сёння тут – пераважна пра дзяцей. Па-першае, школьныя вакацыі. А па-другое, сёння – Міжнародны дзень дзіцячай кнігі!

Да таго ж, я не прапаную ў літаральным сэнсе аддаваць свой гаджэт. Проста адкласці яго ўбок. І пачытаць кнігу. Альбо ўзяць яе з уласнай бібліятэкі, альбо наведаць бібліятэку вясковую, гарадскую, раённую, абласную… І няхай сёння кніга – руліць!

Кнігі. Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Ужо не аднойчы распавядала пра сваю любоў да чытання і да кніг, якую мае бацькі прывілі мне яшчэ ў далёкім маленстве. Бо сама я «зачытала» ў пяць гадоў. І добра памятаю той момант. Але як гэта ў іх атрымалася мяне зацікавіць? Як я сама так зацікавілася? Загадка…

І таму, калі ў мяне просяць парады: «Як прыахвоціць дзіця да чытання?!», адказваю абсалютна шчыра: не ведаю. Сказаць магу адно: самае лепшае – шмат кніг дома і ўласны прыклад бацькоў. У мяне гэта ўсё сапраўды было. І ёсць.

Калі яшчэ мая мілая мамачка была са мной, часцяком частку вечара кожны з нас, траіх, праводзіў у сваім пакоі, і менавіта за чытаннем кніг. І я звычайна жартавала, пабачыўшы тое: «Хата-чытальня!» Памятаеце пра іх з гісторыі?! Пасля ўсталявання савецкай улады яны былі больш асветніцкімі цэнтрамі для сялян і не толькі, і ў тым ліку спрыялі ліквідацыі непісьменнасці.

Кнігі. Хаты-чытальні пачатку 20 стагоддзя.

Там не толькі выдавалі кнігі, але і чыталі ўслых часопісы ды газеты, займаліся мастацкай самадзейнасцю, праводзілі антырэлігійную прапаганду, абмяркоўвалі палітычную сітуацыю, арганізоўвалі розныя гурткі… Словам, гэта былі бібліятэка і клуб разам. Зрэшты, зараз у раёнах дзе-нідзе таксама ёсць такія ж аб’яднанні. Як  кажуць, з чаго пачыналі, да таго і вярнуліся… Але ж – пра кнігі.

У маім савецкім дзяцінстве яны былі даволі простымі ў афармленні. Затое іх было так шмат! Выпускаліся серыямі, мелі невялікі аб’ём, каб малое дзіця не стамілася, не страціла ўвагі і цікавасці да чытання.

А зараз… Чым толькі дзетак ні прывабліваюць, каб толькі яны ўзялі тыя кнігі ў рукі! Часцяком малюнкаў у іх значна болей, чым тэксту. Кнігі складаюцца і раскладаюцца, у іх з’яўляюцца розныя фігуркі. Ёсць кнігі для чытання з 3Д акулярамі! А ў нашым дзяцінстве… Кнігі былі проста кнігамі. І нішто не адцягвала ўвагу ад тэксту. Уласна кажучы, кнігі нам для чаго патрэбныя? Для чытання, правільна? А для гульні ёсць цацкі. 🙂

Кнігі. Дзіцячыя кнігі.

Захаваць любоў да кніг на ўсё жыццё – гэта атрымліваецца не ў кожнага. Часцяком бацькі прыгадваюць, з якім задавальненнем іх сын ці дачка чыталі ў маленстве. А ў юнацтве і дарослым жыцці ўзялі кнігу ў рукі лічаныя разы. А бывае і наадварот. Не любіў чалавек чытаць кнігі ў дзяцінстве. А ўжо ў сталым узросце, калі выйшаў на пенсію ці займеў, напрыклад, працу вартаўніка і шмат вольнага часу, чытанне палюбіў.

Настолькі, што прыезду бібліятэкі на колах чакае больш, чым прыезду аўтакрамы! 🙂 І тое я пабачыла на ўласныя вочы, павандраваўшы ў свой час з бібліятэкамі на колах па Чэрвеньскім і Уздзенскім раёнах. Якія горы кніг неслі вяскоўцы! І як стараліся ўзяць пабольш, каб хапіла да наступнага прыезду бібліятэкараў… Многія бралі кнігі для ўсёй сям’і – сабе, бацькам, дзецям…

У часы майго дзяцінства і юнацтва добрыя кнігі былі ў дэфіцыце. І трэба было стаць сябрам таварыства кнігалюбаў, каб мець магчымасць іх набываць. Да гэтага часу памятаю, як радавалася мая мамачка, калі атрымлівалася «дастаць» цікавыя кнігі, асабліва для нас з братам! Я і зараз памятаю тую радасць – яе і сваю…

Кнігі. Міжнародны дзень дзіцячай кнігі – 2 красавіка.

А цяпер, як кажуць, чытай – не хачу! А не чытаюць… Хтосьці пераключыўся на кнігі ў электронным варыянце. Безумоўна, у дарозе гэта нашмат зручней. Але ўсё часцей у метро бачу людзей менавіта з папяровымі кнігамі ў руках. Тэндэнцыя, аднак.

А давайце сёння наладзім дзень без гаджэтаў?! Ну хаця б – вечар… Усёй сям’ёй, з дзеткамі і кнігамі. Можна пачытаць адну ўслых. Можна кожнаму ўзяць сваю. І ў працэсе чытання абменьвацца думкамі, зачытваць цікавыя альбо смешныя моманты… Вы ж памятаеце, што чытанне папяровых кніг, апроч іншага, змяншае… стрэс?!

Жадаю ўсім сёння адчуць цеплыню стасункаў і радасць ад сустрэчы з Яе Вялікасцю Кнігай! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 23

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".