Калі мы знаходзім месца, якое супакойвае наша сэрца, разумеем што нам пашанцавала. Мы вяртаемя сюды зноў і зноў, знаходзячы тыя неабходныя гукі, эмоцыі, цішыню, якія дапамагаюць арганізму ўзнавіцца, вярнуцца ў рэсурс.
Вёска Дудзінка для мастака Георгія Міхейчыка — менавіта такое месца, дзе ён адчувае не толькі спакой і пяшчоту, але ж і натхненне, якое колерамі і адценнямі выліваецца ў яго пейзажах. На мінулым тыдні ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылі персанальную выстаўку творцы «Дудзінка», у экспазіцыю якой ўвайшлі больш за 100 работ аўтара ў жанры пейзажа з выкарыстаннем акрылавых і алейных фарбаў.
Працуючы ў жанры пейзажа доўгагі час, мастак знайшоў мноства ўласных аўтарскіх прыёмаў, якія дазваляюць зрабіць выяву больш выразнай і яркай. Карціны адкрываюць усю прывабнасць беларускай прыроды: лістоты дрэў, якія пераліваюцца, бляск вады і сцяжынкі, што аддаляюцца ў далеч, – ажываюць пад пэндзлем майстра.
Праўдзівыя і жывыя выявы прыроды Дудзінкі аўтар увасобіў у сваіх эцюдных работах, у якіх адчуваецца дакладнасць пабудовы кампазіцыі і прапрацаванасць дэталей. У сваіх палотнах мастак выказвае шчырую любоў да прыгажосці прыроды роднага краю. Таксама, у экспазіцыю ўвайшлі творы з керамікі, якія раскрываюць шырокі спектр тэм і ідэй мастака.
Увогуле Дудзінка — месца ўнікальнае. З канца красавіка па ліпень, але асабліва ў маі, усё наваколлі тут напоўнены галасамі салаўёў. У навакольных лясах вакол вёскі жыве некалькі пар шэрых няясыцей. Гэта адзін з шырока распаўсюджаных відаў соў. Убачыць іх не так і проста. Але калі вы апынецеся ў сакавіку ці ў жніўні-верасні з начлегам у гэтым месцы, не залянуйцеся, прагуляйцеся па лясных дарогах.
Тут сустракаюцца цікавыя віды стракоз — каромысел чаротавы і каромысел сіні, лютка зялёная. Вельмі часта ў наваколлях Дудзінкі можна убачыць высакародных аленяў. Яны былі завезены на мясцовую сядзібу, але збеглі і распладзіліся. Падпускаюць да сябе на адносна блізкую адлегласць, дзякуючы чаму можна зрабіць добрыя фатаграфіі. Мясцовыя жыхары ў зімовы перыяд падкормліваюць аленяў сенам, пакідаюць соль.
Таксама на старыцах Бярэзіны можна ўбачыць вядомую расліну — гарлачык белы. Вялікая частка расліны пагружана ў ваду, а на паверхні знаходзяцца толькі крышачку лісця і кветка чыста-белага колеру з жоўтай сэрцавінай. Зрываць гэтыя кветкі не варта, яны вельмі хутка вянуць.
У славянскіх міфах белы гарлачык уваходзіў у спіс чароўных траў. Паводле шэрагу крыніц, менавіта яго звалі адолень-травой, і лічылі, што яна здольная ахоўваць падарожнікаў, надзяляць іх сілай і аберагаць.
Дзякуючы сваёй прыроднай разнастайнасці Дудзінка стала для Георгія Міхейчыка месцам прыцягальным. Тут ён не толькі піша свае работы, але і адпачывае душой. І гэта заўважна. Пейзажы мастака літаральна прасякнуты цёплым і чыстым паветрам. Яны пра роднае і знаемае кожнаму з нас. Цікава назіраць і за балансам колераў аўтара. У почырку мастака няма нястрыманнасці ці выбуху адценняў, яго карціны пяшчотныя і, здаецца, крыху меланхалічныя.
Георгій Міхайлавіч Міхейчык нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Апутак Смалявіцкага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1974 годзе і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1979-ым. З 1975 года ўдзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх мастацкіх выстаўках. Сябра Беларускага саюза мастакоў, Саюза дызайнераў Беларусі, а таксама ўваходзіць ў грамадскае аб'яднанне «Еўразійская мастацкая садружнасць».
Георгій Міхайлавіч займаецца керамікай і жывапісам і жыве ў Жодзіне. Майстар піша свае краявіды акрылавымі фарбамі на палатне, а таксама робіць керамічныя вазы і стварае скульптуры і керамічныя пласты. Работы Георгія Міхейчыка знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, у Дзяржаўным музеі, гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі, у прыватных калекцыях.
https://bel.24health.by/asablivy-pochyrk-chym-urazhvae-vystauka-lyamcavaga-mastactva-karyny-volkavaj-ganny-stalyarovaj/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by