Народны каляндар
7 кастрычніка – Фёкла Запрадальніца. Людзі даўней верылі, што ўсё, што завяжацца на Фёклу, у далейшым не развяжацца.
Звычайна аматары цікавых супадзенняў, прыгожых лічбаў стараюцца ўсе знакавыя падзеі ў сваім жыцці прымеркаваць да адмысловых датаў. Напрыклад, згуляць вяселле 08.08., накіравацца ў вандроўку 10.10. А калі пасля штосьці ідзе не так, толькі ў здзіўленні разводзяць рукамі. Чаму?! Усё ж было зроблена па правілах …
А вось нашыя продкі прыкмячалі, якія дні былі спрыяльнымі для пэўных дзеянняў. І веданне пра гэта перадавалі з пакаленне ў пакаленне. Прычым дні адбіралі не па супадзеннях, а па тых жа прыкметах, звязаных з ушанаваннем кагосьці са святых. Альбо, калі зазірнем яшчэ далей, у паганства (язычніцтва), – старажытных багоў.
І ў іх спрацоўвала! Дык чаму б і нам не паспрабаваць распланаваць штосьці такім чынам?! Толькі зараней трэба даведвацца аб прыкметах таго ці іншага дня. Бо, бывае, так хутка штосьці не арганізуеш…
Напрыклад, сёння, 7-га кастрычніка, у народным календары – Фёкла Запрадальніца.
Людзі даўней верылі, што ўсё, што завяжацца на Фёклу, у далейшым не развяжацца. Таму і прымяркоўвалі да гэтага дня… вяселлі. Маўляў, ніхто не разлучыць жонку з мужам.
Ну, і прасці ў гэты дзень таксама лічылася добрай справай. Нездарма ж Фёклу назвалі Запрадальніцай. Калі хаця б трохі пазаймацца прадзеннем, дык у далейшым гэтая справа ў ахвоту будзе, а не пад прымусам.
Наступная традыцыя – гэта збіраць на Фёклу буракі, варыць боршч і карміць ім усю сям’ю. Так што самы час прыгадаць пра карысць і шкоду (так-так!) гэтага, так бы мовіць, чырвонага супу.
Калі гэта борш класічны, што складаецца з мяса, буракоў, капусты, цыбулі, морквы, памідораў (таматнай пасты), пятрушкі, дык у ім ёсць вітаміны А, В, С, Е, H, магній і кальцый, амінакіслоты і клятчатка, хром, фосфар і яшчэ шмат-шмат усяго.
Таму ён наядны, павышае ўзровень гемаглабіну, паляпшае стан страўніка і папярэджвае запоры. Добра ператраўліваецца, выводзіць з арганізма таксіны, шлакі, цяжкія металы. Ачышчае кішэчнік, паляпшае мікрафлору, папярэджвае распаўсюджванне вольных радыкалаў.
Здаецца, еш борш з ранку да вечара ды здаравей! Але-але… Ён прыносіць больш шкоды, чым карысці пры язве, панкрэатыце і гастрыце, захворваннях печані і жоўцевага пузыра, супрацьпаказаны пры гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробе… Плюс калі ў вас алергія на пэўную гародніну, што ўваходзіць у склад баршчу… Так што, як заўсёды, прыслухоўваемся найперш да рэакцыі ўласнага арганізма.
А мы вяртаемся да Фёклы Запрадальніцы. Цікава, што ў нашых продкаў гэта быў чамусьці апошні дзень у годзе, калі ў лесе збіралі белыя грыбы – баравікі. А ў наш час гэта можа быць яшчэ і лістапад. І дзесьці нават пасля марозу.
Зрэшты, сёлета, на здзіўленне, не было традыцыйнага замаразку перад Днём настаўніка. Таму познія кветкі засталіся цэлымі і пайшлі ў букеты ды кампазіцыі. І грыбы ў лесе павінны быць яшчэ.
І калі даўней на Фёклу баравікі ўсё ж адшукваліся, дык іх у гэты ж дзень гатавалі і з’ядалі. Такое на сёння ідэальнае меню: боршч і бульба з баравікамі! 🙂 У каго-небудзь ёсць?! Тады мы ідзем да вас! 🙂
А што ж яшчэ трэба зрабіць сёння? Па-першае, паназіраць за світанкам і надвор’ем. Калі світанак ранні, а сонца яркае, значыць, хутка надвор’е зменіцца.
Па-другое, трэба пайсці ў лес і… злавіць вавёрку! Каб паглядзець, як жа яна сёлета ліняе… 🙂 Калі з хваста, значыць, зіма будзе вельмі халоднай. Затое калі на Фёклу грымоты, дык зіма будзе кароткай і цёплай. Калі ўвогуле яна будзе, тая зіма… У сваім звычайным выглядзе…
А пакуль будзеце шукаць вавёрку, прыгледзьцеся да дубоў. Калі жалудоў шмат, значыць, зіма будзе цёплай, а лета парадуе ўраджаем збожжавых. Што тычыцца іншых дрэваў, дык калі лісце пажаўцела, але актыўна з дрэў не падае, дык маразоў у бліжэйшы час чакаць не варта.
Так што моцна штосьці завязваем на Фёклу – рэальна альбо віртуальна. І не забываемся планаваць важныя справы, звяраючыся з традыцыйнымі народнымі прыкметамі. А раптам і спрацуюць?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by