07.07.2021
07.07.2021

Зноўку – Купала… Іван. Збіраем зёлкі!

logo
Беларускі код
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вось і адышла ў мінулае яшчэ адна купальская ночка…  А ці атрымалася ў каго, шаноўныя сябры, пасвяткаваць? Альбо вы робіце гэта ў 20-х чыслах чэрвеня? Ці зусім не святкуеце? А сёння дзень не менш цікавы – Іван (Ян) Купала. Бы ў працяг таго містычнага Купалля. Хаця і з іншымі традыцыямі. Асабліва для праваслаўных, якія сёння ўзгадваюць Прадвесніка і Хрысціцеля Гасподняга Іаана Прадцечу.

Іван Купала і Іаан Хрысціцель.

Ні ў якім разе не прэтэндуючы на ролю дбайнага даследчыка народных традыцый, я і сёння проста пішу пра ўласнае ўспрыманне гэтых святочных ліпеньскіх дзён.

І не хаваю, што мне вельмі хацелася б пабываць альбо на свяце рэканструяваным, як калісьці атрымалася на Масленку ў Строчыцах… Хораша! Альбо на сапраўдным вясковым.

Толькі не на тым, дзе з асноўных традыцый – моцна выпіць і натхніцца «на подзвігі». Не! Таксама там, дзе хораша, па-добраму. З песнямі народнымі, пляценнем вянкоў і пусканнем іх па вадзе, са скокамі праз вогнішча… Эх… Так ні разачку і не атрымалася яшчэ. Але хочацца спадзявацца, што гэта ў мяне – наперадзе.

Іван Купала – дзень пасля Купалля.

Магчыма, калі б свята выпала не на сярэдзіну працоўнага тыдня, а на выхадныя, я кудысьці б і выбралася. Зрэшты, каранавірус па-ранейшаму не здае свае пазіцыі… І гэта стрымлівае таксама.

Чытаю напісанае 2 гады таму – і нават не верыцца, як было тады спакойна і хораша. Бестурботна практычна… Эх – другі раз.

Але што маем, тое маем! А для мяне галоўнае ў гэтыя дні – назбіраць зёлак розных. І лугавых ды лясных, і тых, што заквітнеліся ўжо на дачным участку. Бо кажуць жа, што зараз зёлкі набываюць самую моц. А хтосьці ж іх яшчэ і ў храме асвечвае…

У сацыяльных сетках я паказвала ўжо наша багацце, якое тата нарыхтаваў. Мой любімы святаяннік. Лясны і дачная самасейка. Удала тата прыладкаваў яго сушыцца ў хатнім дамку. Цяпер так і падаецца, што трапляеш у хату вясковую. А які цудоўны водар!

Іван Купала і зёлкі.

Спадзяюся, многія чулі пра традыцыі гэтай раніцы? Ой, і на ўсход сонца я хацела б паглядзець дзе-небудзь у вёсцы. Кажуць, што яно грае… А тады альбо выкупацца (праўда, плаваць не ўмею) у рэчцы, альбо пакачацца ў расе! І яшчэ папіць вады са студні… Усё цудадзейным лічыцца! 🙂 А ў каго-небудзь атрымалася хоць штосьці?

А я і пасля ўсходу прачнулася. І мылася з-пад крана. І ваду піла з бутэлькі. Усё – міма, на жаль. Не прыстасаваны горад, нават такі невялікі, як наш, да святкавання народных традыцый.

А што ў нас па народных прыкметах? «На Івана ноч зорная – шмат будзе грыбоў». Хто-небудзь згледзеў сёння? Зорная была ці не? Зрэшты, свой першы грыбны пачастунак нам мой брат зрабіў ужо – літр лісічак. Атрымаўся смачны суп.

Іван Купала. Суп з лісічак.

«Калі дождж заплача, то праз пяць дзён сонейка будзе смяяцца». Дык у нас і так… Смяецца. З нас. Бо зноў за 30°С абяцаюць… А дажджы апошнім часам такія… Заліўныя… Калі церпяць людзі, машыны, жытло, офісы, вуліцы, падворкі… Што лепей не трэба.

А вось нашыя продкі казалі: «Іванаўскія дажджы – лепш залатой гары». Альбо: «Да Івана прасіце, дзеткі, дажджу, а пасля Івана я і сам упрашу».

Яшчэ адно народнае назіранне – «Пасля Івана не трэба жупана». Ды ў нас сёлета, здаецца, і да Івана яго не трэба… 🙂 Ужо смаліць сонца дык смаліць…

А яшчэ кажуць, што ад Івана Купалы з’яўляюцца светлякі. А я іх таксама жыўцом ні разу не бачыла. А вельмі хацелася б.

Іван Купала. З'яўляюцца светлякі.

Прыгадваючы ж учарашняе Купалле, прыгадваем дарэвалюцыйны верш Янкі Купалы (Івана Дамінікавіча Луцэвіча), які ў гонар гэтага свята ўзяў свой літаратурны псеўданім:

На Купалле на святое
Рві, матуля, зелле тое,
Што ў нас папараць завецца!
I шчаслівым быць здаецца!

Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі, –
Палажы за абразамі,
Пасвянці сваймі слязамі…

Двойчы, тройчы – а крапліста –
Злі слязою брыльянцістай
I чакай з яго прыплоду
Ад усходу да заходу…

Як узыйдуць з зелля кветкі –
Будуць шчасце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацце!..

Вядома ж, папараць-кветка – гэта толькі прыгожая легенда. Але раптам хоць калі-небудзь хоць у каго-небудзь яна спраўдзіцца?! Здараюцца ж на свеце цуды…

Іван Купала. Папараць-кветка на Купалле.

Прамінула Купалле – прамінае і Іван Купала. А наперадзе нас чакае яшчэ адно значнае свята ў гонар святых Пятра і Паўла. Памятаеце?! «Чакай Пятра – сыру з’ясі…» Чакайма?! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".