Персанальную выстаўку графікі Сяргея Баленка «Гэтак жа, як і заўтра» прадставілі ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва.
Буйства фантазіі ці магія сноў? Сімволіка вобразаў ці «філасофія ў карцінках»? Яркі, самабытны, «нетыповы» мастак Сяргей Балянок запрашае гледача ў свой свет, пры гэтым пакідаючы за кожным права на індывідуальную трактоўку візуальна-вобразных асацыяцый.
Свет, вытканы з далікатных ліній, выявы, вытканыя з далікатных нітак. Далікатныя карцінкі памяці. Менавіта так хочацца апісаць графіку Сяргея Балянка. Яго афорты — зусім не выява канкрэтных прадметаў. Гэта, хутчэй, уражанні, успаміны, адчуванні, якія прынялі розныя формы і гэтыя формы адлюстраваны ў работах творцы.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 50 графічных работ розных часовых адрэзкаў з 1980 па 2025 год. Яны дастаткова нестандартныя і абстрактныя, бо адлюстроўваюць асабісты погляд мастака на свет, але не абазначаюць нейкія канкрэтныя прадметы і ідэі. У мастака атрымалася стварыць асаблівы свет, які будзе цікавы кожнаму гледачу. Да таго ж графіка — вельмі цікавы напрамак у мастацтве, таму што яна працуе з больш аднатоннымі матэрыяламі, чым жывапіс.
Сяргей Балянок — беларускі графік, мастак і ілюстратар. Яго работы ўпрыгожвалі кнігі Жуля Верна, Рэя Брэдберы, Айзека Азімава, Міхаіла Булгакава, Іосіфа Бродскага, Аляксандра Бяляева і іншых вядомых пісьменнікаў. Да зборнікаў фантастыкі «Прадаецца планета» і «Крылы ночы» ілюстрацыі падбіраліся з раней створаных твораў. Гэтак жа адбылося і з раманам «Калыска для коткі» Курта Воннегута. У экспазіцыі можна ўбачыць работу «Мост», якая ўпрыгожыла вокладку гэтай кнігі.
— Перад намі вельмі смелы мастак. Я гляджу на ягоныя работы, і разумею, што ў гэтых работах важна ўсё, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Я радуюся і захапляюся гэтым мастаком як чалавекам, які шмат гадоў аддаў кнізе і літаратуры. Яшчэ захапляе, што ягоныя працы не ствараліся па кнігах, яны самі па сабе былі вельмі прыдатныя для гэтай літаратуры. Балянок — той мастак, які можа думаць: чыста, няспынна, вельмі ярка і глыбока.
Творчасць і эстэтыка Сяргея Балянка вызначаюцца некаторай змрочнасцю. І гледачу спадабаецца гэтая выстаўка, калі ён хоча паглядзець, як мастак можа ўбачыць свет не праз навакольную рэальнасць, а праз свае ўражанні, успаміны і адчуванні ад свету, якія прымаюць незвычайныя формы.
Кожны ліст яго афорта нараджаецца лёгка і хутка, а выява выяўлялася нечакана нават для самога мастака. Папярэднія нарыхтоўкі, накіды і малюнкі Сяргей абвяргае адразу і канчаткова. Незвычайны след на шкле, некалькі выпадковых ліній у запісной кніжцы, цень на пяску — і ў ім прачынаецца Мастак. Любая пляма, якая для нас толькі непрыемнасць, яго можа натхніць. Далей працэс робіцца тэхнічным.
На просьбу вызначыць тэматычны змест сваіх работ Сяргей Балянок выдае вельмі нечаканую фармуліроўку: гэта філасофія ў карцінках. Спачатку яму здавалася, што гэта выключна ягоная ўласная філасофія. Але з цягам часу ён прыйшоў да высновы, што не ўсё так проста. Мастаку давялося сустрэцца з вялікай колькасцю людзей, якія ўспрымаюць свет гэтак жа, як ён. Сяргей Балянок не хоча абазначаць словамі ключавыя пазіцыі сваёй філасофіі. Не хоча гэтага рабіць з прынцыповых меркаванняў, бо навязваць публіцы сваё меркаванне — благі тон.
Глыбока суб'ектыўныя і назвы работ аўтара, якія як раз пацвярджаюць абсалютную невідавочнасць сэнсаў: «Яны заўсёды ведалі дарогу да цёмнага святла», «Пастаянна дзеючы гіпсавы атракцыён», «Пакуль усё гэтак жа, як учора і як заўтра».
Узнікае адчуванне, што гледача дапусцілі ў вельмі асабістую прастору і зусім не прапануюць разважаць і шукаць якія-небудзь падтэксты. Тут усё ўжо прыдумана, усе карцінкі памяці захаваны, падпісаны і не патрабуюць дадатковых характарыстык. Аднак, тым мацней спакуса паразважаць, пафантазіраваць і, такім чынам павысіць градус загадкавасці, або адмяніць яго зусім.
Сяргей Балянок ганарыцца, што ніводны яго графічны ліст не быў зроблены на замову. Усе яны — адлюстраванне асобы, частка яго сапраўднага ўнутранага свету. Гэтаму адразу верыш, зірнуўшы ў яго твар, у неверагодна маладыя і крыху наіўныя вочы. Яны-то напэўна бачаць наша жыццё без бытавога налёту, таму гарады ў яго работах такія пустынныя, дрэвы — вялікія, а людзі такія маленькія і безаблічныя.
Упершыню работы Сяргея Баленка экспанаваліся ў Беларусі ў 1974 годзе, а першая персанальная выстаўка адбылася ў 1987-м. З таго часу яго персанальныя экспазіцыі праходзяць прыкладна раз у паўтара года, і геаграфія іх вельмі шырокая: Беларусь, Літва, Польшча, Галандыя, Данія, Швецыя. Яго работы набыты музеямі Італіі, ЗША, Венгрыі. Колькі афортаў захоўваецца ў прыватных калекцыях, Балянок не ведае, не лічыў. Званняў, прызоў і ўзнагарод не мае і не імкнецца да гэтага, а таму ў конкурсах не ўдзельнічае таксама з прынцыповых меркаванняў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by