Дзіўна, але ў свеце штогод больш за 645 тысяч людзей памірае ад... звычайных падзенняў. Усяго ж, па дадзеных СААЗ, у год адбываецца больш за 37 млн траўматычных падзенняў, пры якіх людзям патрабуецца меддапамога. Да рызыкі схільныя пэўныя катэгорыі пацыентаў. Хто гэта і як прафілактаваць «сіндром падзенняў», журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавёў Андрэй Ільніцкі, доктар медыцынскіх навук, старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб'яднання, прафесар, загадчык кафедры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай медыцыны Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Федэральнага навукова-клінічнага цэнтра ФМБА Расіі.
– Гэтай праблемай у свеце сур'ёзна пачалі займацца каля 10 гадоў таму. Прыходзіць разуменне, што раптоўныя падзенні – гэта не толькі больш звыклае для нас следства вострага стану, а «шапка», пад якой хаваецца вялікая колькасць самых розных захворванняў і ўзроставых зменаў, – кажа Андрэй Ільніцкі. – Вывучаючы гэты феномен, можна эфектыўна ўплываць на папярэджанне. У ЗША, да прыкладу, для ліцэнзавання медустановы персанал абавязаны прайсці занятак па прафілактыцы падзенняў пацыентаў.
Хто ў групе рызыкі
Самая высокая распаўсюджанасць падзенняў і смяротнасць ад іх сустракаецца ў асобаў, старэйшых за 65 гадоў. Сярод траўмаў – пералом шыйкі сцягна, кісці запясця, пашкоджанні галавы.
– Але самае частае ўскладненне – псіхалагічная траўма. У 100% выпадкаў у пацыента развіваецца боязь паўторных падзенняў. Часам гэта выліваецца ў трывожна-дэпрэсіўны сіндром, калі чалавек баіцца выходзіць з дому, што моцна зніжае якасць жыцця.
Прычынаў узроставага зніжэння раўнавагі шмат. Андрэй Ільніцкі прыводзіць асноўныя:
– У першую чаргу, гэта саркапенія – зніжэнне сілы і масы мышцаў з узростам. Сур'ёзныя фактары рызыкі – кагнітыўныя расстройствы (дэменцыя), парушэнне рытму сэрца, галавакружэнні, артапедычныя захворванні ног, парушэнні зроку і слыху, наяўнасць некалькіх хранічных захворванняў. У групе рызыкі людзі, якія прымаюць больш за 4 прэпараты адначасова або псіхатропныя лекавыя сродкі. Шмат у чым раптоўныя падзенні залежаць ад стану ног. Ёсць паняцце «сіндром узроставай ступні»: доўгія недагледжаныя пазногці, натоптышы, амазалеласці, якія могуць чапляцца за паверхні, зніжаць адчувальнасць ступні. Таму адна з важных рэкамендацый – рабіць медыцынскі педыкюр: выдаляць натоптышы, трымаць у парадку пазногці. Сюды ж можна аднесці дыябетычную полінейрапатыю, калі ў выніку павышанага ўзроўню цукру ў крыві пашкоджваюцца дробныя нервовыя валокны, што таксама зніжае адчувальнасць ступняў.
Да падзенняў могуць прывесці дрэнна падабраныя акуляры, у якіх не бачная рэальная адлегласць да прадметаў, да прыкладу. Калі чалавек перасоўваецца, трымаючыся за мэблю, гэта ўжо кажа пра высокую рызыку падзення.
Як умацоўваць мышцы: прагулкі, зялёны чай, бялок
Адна з базавых рэкамендацый герыятраў пацыентам з групаў рызыкі – умацоўваць мышцы. Гэта можна рабіць з дапамогай фізічных практыкаванняў і харчавання.
– Неабходна не меней за 150 хвілін у тыдзень гуляць на вуліцы, а дома рабіць практыкаванні на супраціўленне, напрыклад, займацца з гантэлямі. Няма гантэляў – можна падымаць літровую бутэльку з вадой.
Рэкамендую практыкаванні на раўнавагу Тай чы ці гімнастыку Цыгун*. Гэта плаўныя, бяспечныя практыкаванні, якія трэніруюць арыентацыю ў прасторы, а таксама кагнітыўныя функцыі, дапамагаюць умацаваць сябе не толькі фізічна, але і псіхалагічна.
У рацыёне важнае ўжыванне належнай колькасці бялку. Калі ў сярэднім узросце норма бялку складае каля 0,8 г на кг масы цела, дык у сталым узросце гэты паказчык павінен быць не ніжэйшым за 1,2 г на кг. Бялкі павінны паступаць з некалькіх крыніц: раслінныя (кашы), жывёльныя (пераважна белае мяса, напрыклад, курынае, а не чырвонае), малочныя (сыр, малако) – крыніца кальцыю для ўмацавання касцей.
Даказана, што вітамін Д аказвае ўплыў на ўзроставую мышачную слабасць. Таму можна ўжываць розныя дадаткі з гэтым вітамінам: 400-1000 МЕ ў дзень, не больш, каб пазбегнуць ускладненняў.
Рэкамендавана піць зялёны чай ці травяную гарбату, бо там утрымліваецца урзолавая кіслата, якая спрыяе прафілактыцы саркапеніі.
Як стварыць бяспечнае асяроддзе дома
Пазбегнуць падзенняў ва ўласнай кватэры можна, выконваючы простыя рэкамендацыі.
- На падлозе не павінна быць дываноў, правадоў, прадметаў, за якія лёгка зачапіцца.
- Паміж пакоямі не павінна быць парогаў. Калі гэта немагчыма, парожкі трэба выдзеліць – пафарбаваць у яркі колер, каб яны былі бачныя.
- Павінна быць добрае асвятленне.
- У ваннай павінен быць гумовы дыванок, які шчыльна прылягае да падлогі, бо больш за ўсё падзенняў адбываецца якраз у гэтым пакоі з-за слізкіх паверхняў.
- Можна ўсталяваць дадатковыя поручні там, дзе яны дапамогуць падняцца ці ўтрымацца пры падзенні.
- У сталоў павінны быць акруглыя паверхні, каб пры падзенні не атрымаць траўму аб востры вугал.
- Трэба замяніць пантофлі на абутак, які шчыльна прылягае да ступні.
Якія прыстасаванні дапамогуць
Для прафілактыкі падзенняў на рынку сёння прапануюцца розныя прыстасаванні: сцегнавыя пратэктары для абароны ад пералому шыйкі сцягна, фіксатары, артэзы, бандажы, экзашкілет. Але іх павінен прызначаць урач-герыятр або іншы добра навучаны спецыяліст.
– Сёння спецыялістаў, якія прайшлі такога роду навучанне, у Беларусі пакуль яшчэ недастаткова, таму ўвесь патэнцыял і спектр дапаможных сродкаў не выкарыстоўваецца ў належнай меры. Каб іх рэкамендаваць, трэба зразумець прычыну, чаму чалавек падае. Можа, няправільна падабраная цукразніжальная тэрапія, таму здараюцца эпізоды гіпаглікеміі, і ён падае. Ці ў яго «сіндром пазваночнай артэрыі» – парушэнне функцыі мозгу пры астэахандрозе шыйнага аддзела пазваночніка, пры якім магчымыя раптоўныя непрытомнасці. Таму складана даць агульныя рэкамендацыі. Універсальнай парадай пакуль можа быць толькі выкарыстанне палкі-кія. Элементарна для таго, каб пры парушэнні раўнавагі можна было мець пункт апоры. Прычым яе не трэба саромецца, а варта ўспрымаць як элемент іміджу.
Практыкаванні *
Практыкаванні на развіццё вестыбулярнага апарата, раўнавагі з элементамі гімнастыкі Цыгун можна паглядзець на youtube-канале Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Комплекс распрацаваны кафедрай медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры.
Практыкаванні для пачатковага ўзроўню тут і тут.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by