Завітаўшы на радзіму выбітнага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, мы пераязджаем у саму Смаргонь. Усяго 12 км, 10-15 хвілін – і мы ў цэнтры горада… Хаця горадам Смаргонь зрабілася толькі ў 1903-м. А з пачатку 16-га стагоддзя была проста мястэчкам, якім валодалі Зяновічы, Радзівілы, Пшэздэцкія.
Для тых, хто хаця б крыху цікавіцца гісторыяй Беларусі, найпершыя асацыяцыі з назвай «Смаргонь» – «мядзведжая акадэмія». Гэта нібыта пароль і водгук. І вось мы нашай невялікай кампаніяй мэтанакіравана ідзём у мясцовы парк, каб сфатаграфавацца з помнікам той акадэміі. Адна з адметнасцяў Смаргоні!
А спадарожна мая малодшая пляменніца Юля распавядае тое, што ведае пра Смаргонь. У нас ёсць уласны экскурсавод! 🙂 Зрэшты, да помніка даходзім няхутка, бо заліпаем каля цікавых мясцінаў.
Эх, як жа шанцуе мясцовым жыхарам! Такую прыгажосць можна бачыць штодня! Гуляй – не хачу!
Колькі качак плавае! Якія яны ўсе прыгожыя, адліваюць рознымі колерамі пад сонцам! Пакуль там стаялі, захапляліся ды фатаграфавалі, паспелі насмяяцца! Бо адзін качар (па голасу далібог ён, а не яна!) некалькі разоў выразна прамаўляў: «Ха-ха-ха!» 🙂 Як мне падалося – не толькі гучна, а так грунтоўна, па-гаспадарску, нават неяк… здзекліва (?!). Во гэта праява!
А як здзівіў вось гэты летні амфітэатр! Ці то на вадзе, ці то праз ваду… А можа – з вадою?! Карацей, як ні назаві, а збудаванне адмысловае. Ужо нават захацелася прысесці і што-небудзь там паглядзець… Што-небудзь са старажытнасці…
За паркам бачны стадыён. І там нават бегаюць гульцы ў форме. Мой брат, заўзяты балельшчык і журналіст, які асвятляе спартыўныя мерапрыемствы ў нашым Чэрвеньскім раёне (у тым ліку і футбол), хацеў бы паглядзець… Але абыходзіць вакол далёка. А па газонах жа – не хадзіць…
– Кіс-кіс-кіс! – убачыўшы ката, кліча яго Юля, прысеўшы.
– Так, стоп! – камандую я. – Дай спачатку заздыму.
Кадр жа які цікавы… Асабліва задні план.
Кот тым часам пачынае яўкаць у адказ на «кіс-кіс-кіс».
– Можаш браць! – дазваляю я. 🙂
У сэнсе – пагладзіць. Кашатнікі ж усе. А Юля і супраць сабачак нічога не мае. Таксама ўвязаўся за намі ў Смаргоні адзін. Думалі ўжо, што давядзецца адкупацца сасіскай, што засталася ў машыне. Не, сам дзесьці згубіўся. Мо, застаўся ля вады. У марнай надзеі пацягаць таго здзеклівага качара за хвост!
А вось і помнік мядзведжай акадэміі! Праўда, сонца акурат за ім. Таму фатаграфавацца даводзіцца па дыяганалі. Што, у прынцыпе, не замінае злавіць свой кайф!
Ну, а на зваротным шляху ўжо звяртаем больш увагі на культавыя пабудовы. Хаця калі і ў парк ішлі, паспелі паспрачацца. Напрыклад, царква гэта ці што?! Бо аздабленне купалоў здзівіла. Паўмесяцы якіясьці там праглядаюцца. Але наш экскурсавод, мая пляменніца Юля, запэўніла: царква! Спаса-Праабражэнская.
Пабудаваная наноў, так бы мовіць. А ў аповедзе, што перадаецца з пакалення ў пакаленне ў Смаргоні, ёсць узгадкі і пра храм драўляны, і пра пабудаваны з каменю… Гэтую царкву таксама называюць саборам.
Туды не зайшлі, затое з цікавасці зазірнулі ў касцёл Святога Міхаіла Архангела – былы кальвінскі збор, які шмат зведаў на сабе пераменаў. Вернуты вернікам у 1990-м годзе.
Люблю бываць у касцёлах! І гэты разглядала з цікавасцю. Унутры сядзелі толькі дзве жанчыны. Адна з іх – у інваліднай калясцы. Каб не замінаць, мы крочылі ціха-ціха.
Не ведаю, чаму, але ў мяне склалася ўражанне, што ў гэтым касцёле… пуставата неяк. Хаця, думаю, там ёсць усё, што быць павінна. На выхадзе сфатаграфавала памятную таблічку.
А вось будынак непадалёк ізноў выклікаў шмат пытанняў. Касцёл?! Яшчэ адзін?! Ажно пакуль таксама ні прачыталі, што тут збіраюцца прадстаўнікі Салезіянскага таварыства.
Для даведкі (цытую з сеціва): «Салезіянская сям'я – каталіцкі рух манахаў і свецкіх людзей, якія суадносяць сябе з харызмай Дона Боска. Сёння існуе каля 50 груп, якія ўваходзяць у Салезіянскую сям'ю (сярод іх – манаскія, мірскія інстытуты, царкоўныя і грамадзянскія асацыяцыі); усе яны прызнаныя або чакаюць прызнання».
Гулялі мы толькі па цэнтры Смаргоні. Таму ўражанні зведалі самыя найлепшыя! Атмасферны гарадок.
Для поўнага шчасця наша Юля яшчэ хацела б набыць фірмовы смаргонскі пламбір з выявай мішкі. Але штосьці ў бліжэйшых крамах такога не сустрэлася. Хаця ўсё ж мы яго з’елі! Толькі гэта – ужо зусім іншая гісторыя…
Фота аўтара.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by