У кожнай сям’і свае парадкі, свае звычкі. Калі ты, дружа, захацеў цукерку або марозіва, не думай, што на тваім шляху да акрэсленай мэты будзе зялёнае святло. Вось, да прыкладу, палез я ўчора ў шкапчык за цукеркаю, а жонка тут як тут: каму было сказана, што абед хутка. Сапсуеш апетыт, а потым будзеш гундосіць, што кішкі марш граюць.
Іншая справа з унукамі. Вось захацела ўнучка Яная каб на сняданак Бабуля напякла ёй бліноў-пухнацікаў. Услухайцеся толькі: унучка “проста захацела”, а не ўзахапы ўпрошвала ці пераконвала, што бліны са смятанаю або згушчонкаю намнога карысней поснай манкі. Бабуля адразу пагадзілася. Нават не спытала, а чаму не з творагам, ці яшчэ з якой начынкаю, ці што прыгатаваць яе браціку Мацейку. Ведала, што той больш любць тонкія блінцы, наліснікі як іх яшчэ завуць. Ад слова выканае бабуля просьбу кожнага, нават умаўляць не трэба. Таму ў гэтай сям’і ніхто не журыцца.
У тую раніцу Яна прачнулася раней звычайнага.
З радаснай усмешкай Яна з’явілася на кухні, чым здзівіла Бабулю.
— Добрай раніцы! – прывіталася.
— Добрай, добрай! А гэта што, Яна? І чаго гэта сёння так рана ўскруцілася? – здзівілася Бабуля. – Яшчэ б паспала. Учора дапазна “сядзела ў тэлефоне", дык ці выспалася?
Бабуля глядзела з прыязнай усмешкай на ўнучку, адначасова здымала з патэльні чарговыя пухнаценькія Сонейкі.
— Выспалася я, не турбуйся, Бабуля! Усё цудоўна! – Гэта не сама я рана паднялася, а чарадзейны пах з кухні ды вось гэтыя гарэзы разбудзілі і паклікалі: “Паспяшайся, дзяўчынка, а то ўжо блінчыкі твае любімыя мы скрадзем!” І паказала пальчыкам на акно, дзе скакалі Сонечныя Праменьчыкі.
— Ну й добра! Тады рыхтуйся снедаць. Толькі спачатку – мыць твар, - нагадала Бабуля.
— Добра. Я хуценька! Бабуля, толькі фортку адразу зачыні, каб Праменьчыкі не скралі мае блінчыкі.
— А Мышка калі падкрадзецца і ўскараскаецца на стол?
— А ты адгані ад маіх пухнацікаў! – прамовіла дзяўчынка і пакрочыла да рукамыйніка.
— Не хвалюйся, дзіцятка, яшчэ з вечара я іх улагодзіла, - старалася супакоіць малую.
— Смачна есці! Сёння ж Масленіца, нагадала Бабуля. — Гэта свята праводзін Зімы і сустрэча Вясны.
— Дзякуй, Бабулька! Якая ты сонечная!
Бабуля толькі ўсміхнулася: “На здаровейка, мая харошая!”.
У вялікай місцы вабілі сваім чарадзейным пахам блінчыкі-пухнацікі. Яна паклала сабе на талерку як мага больш тоўсценькіх, але невялічкіх, са сваю далоньку светленькіх жоўта-карычневых блінцоў.
— А цяпер возьмем згушчонку і намажам кожны пухнацік, - разважала ўслых малая. – І зап’ём цёпленькім малачком.
— Ну як, блінчыкі? – пыталася Бабуля і хітравата паглядала на ўнучку, якая спрытна ўпраўлялася з блінцамі.
— Смаката! Прыгожыя і цёпленькія, як Сонейкі! Адно аб’ядзенне! Якая ты, Бабулька, залатая!
— Ты, Яначка, відаць, высакавата мяне ўзняла? Я проста ад душы пякла іх, - адказвала Бабуля і радавалася апетыту ўнучкі.
— Во як цікава: Бабуля ля пліты стаіць, а яны шчэ ў ложках валяюцца! – прамовіў зайшоўшы ў хату Дзядуля.
— І што тут дзіўнага? – запярэчыў Сонечны Зайка, які ўжо сядзеў на ражку форткі.
— А ты што тут робішь, - звярнуўся да яго Дзядуля.
— Ну, адна ж прачнулася, - усміхнуўся Сонечны Зайка стосу жоўценькіх сонейкаў. - А я дапамагаю ёй падтрымліваць настрой.
— Добра, калі так, - прамовіў Дзядуля і сеў побач. – Я са сваімі клопатамі ўправіўся, можа, Зорачка і мяне пачастуе Сонечнымі блінамі?
— Ды сядай ужо, калі прыйшоў, — сказала Бабуля.
Услед за самым смелым праз адчыненую фортку завіталі такія ж мілыя Сонечныя Праменьчыкі. І ў кожнага вабныя ўсмешкі да вушэй:
— Наша Мама ўжо даўно свеціць, - казалі Праменьчыкі. – І мы радуемся новаму дню і кожнаму добраму Чалавеку, - паведаміў першы, відаць, самы ўвішны Праменьчык.
— Зірні ў акенца, Яначка! – азваўся другі, не менш рупны зіхотны Зайка. – Птушачкі ўжо даўно пяюць-заліваюцца, дзетак сваіх спяшаюцца накарміць. Як і твая Бабулька.
— Бач, як зіхацяць і вабяць блінчыкі, - казаў трэці.
— Частуйцеся, калі ласка! – запрашала Яна.
— Дзякуй! Зараз і мы паспрабуем бабуліных сонейкаў, - адказалі ледзь не хорам Сонечныя Праменьчыкі, і пачалі лашчыць і смакаваць аладкі.
— Смачна есці! -пажадала ім Яна. Праменьчыкі смакавалі аладкі, зажмурвалі ад задавальнення і светлай радасці вочкі і, здавалася, што вось-вось замуркочуць. І з замілаваннем паглядалі на Бабулю Яны.
— Якая вы руплівіца! Дзякуй вам за такі смачны сняданак! – казалі яны і працягвалі ласавацца.
— На здаровейка, мае вы святлячкі! Я вас так клічу, яшчэ з дзяцінства, - адказвала Бабуля. – Мне заўсёды шчасціла менавіта днём, калі вашыя зіхоткія Праменьчыкі скакалі па твары, і тады з’яўляліся канапушкі. Так, так! За іх мяне вось гэты чалавек Зорачкай пачаў клікаць, а пасля і сам закахаўся, - адказвала Бабуля з пяшчотай гледзячы на Дзеда.
Праменьчыкі засмяяліся і таксама скіравалі сваю ўвагу на Дзядулю. Той сядзеў побач і моўчкі ўсміхаўся.
Зманлівы пах блінчыкаў паклікаў і малога дварнягу Байкала. Той самастойна адчыніў дзверцы і зайшоў у хату.
— Ну што, Байкал? – І ты на бліны завітаў? – запыталася Бабуля.
— Гаў! -Гаў! - Сонейкаў хачу!
— Сядай, сядай! Зараз і табе падам Сонейкаў.
— Толькі каб не вельмі гарачых. Гаў!
— Так. Крыху пацярпі, мой ахоўнік.
Сабачук то ўстане, то прысядзе на хвілінку, зноў ускочыць і завіляе хвастом.
— Іду-у, Байкал! Іду-у! – адгукалася жанчына і ставіла сподак.
— Частуйся, малыш! Яна вунь са сваімі сябрамі Сонечнымі Праменьчыкамі як не па дзесяць ці болей ўплялі.
— Дзякуй, Бабулька! Зараз я іх даганю! Які пах! І сапраўды смаката! Ам-ам! – чмякаў сабачук.
— А дзе гэта сёння Маркіз? Няхай бы і ён блінцоў паспрабаваў. Ад учарашняга не бачыла, - спытала Бабуля і зірнула на Дзеда.
— Я таксама не бачыў, - вінавата адказаў стары, быццам у тым яго вінавацяць. – Можа на паляванне сышоў?
— Ага, на паляванне! Як ты ў маладыя гады быў прыахвоціўся, што я ні свет, ні зара бліны пякла, - заўсміхалася Бабуля. – Абое ведалі, што іх Маркіз хаця і не малады кот, але такі лянівы, што хаця і галодны будзе, але за мышшу не пабяжыць. Хутчэй наадварот. Па ім будуць шэрыя поўзаць, а ён толькі вачамі вадзіць за іх рухамі і цешыцца іх забавамі.
Байкал вырашыў адшукаць сябрука і пайшоў у выведку. Папярэдзіў старых, каб загадзя не перажывалі за свайго гадаванца. І што ён апавядзе аб сваіх выніках.
Раптам пачуўся шум і лязгат. Дзед пайшоў у сенцы паглядзець, што дзеецца. І толькі ён сунуўся, як на яго, акурат на самыя плечы, зваліўся Маркіз і гакнуўся на падлогу.
— Добра, што Бог табе крылляў не даў, злыдзень! Што на гэты раз? Я Бабулі не казаў, што і сёння бачыў цябе спячым, а мышы табе масаж рабілі. Ты павінен дапамагаць гаспадарам, а не наадварот.
— Не кажы, Дзед! Калі ласка! Я аддзячу, бо як даведаецца гаспадыня - не нюхаць мне яе смачных блінцоў, - замуркатаў, падымаючыся, як ні ў чым не бывала, чорны, як смоль Кот.
Не мінула і хвіліны, як лянівы і тоўсты, што бабёр Кот Маркіз смакаваў блінцы са смятанаю. І быў задаволены сваім жыццём.
Князёўны таксама блінамі ласаваліся
— Здаецца, пакуль усё, перапынак, - прамовіла Бабуля. — Пакуль Мацейка спіць, я вам распавяду пра гісторыю бліноў.
— Ой, Бабулечка, раскажы, калі ласка! – зацікаўлена прамовіла Яна.
— І нам вельмі цікава! – прадтрымалі Праменьчыкі.
— Тады слухайце, - пачала Бабуля. – Бліны ў беларускай кухні былі не проста ежай, але і важным сімвалам. Бачыце, - яна бярэ тоненькі блінчык і падносіць да свету, - круглы блін нагадвае Сонца, якое адраджаецца пасля зімы.
— Таму яны і сталі сімвалам Масленіцы, - працягнула думку Бабулі ўнучка. – Нам у школе расказвалі.
— Так, мая мілая, але калісьці даўно-даўно бліны былі не такія як сёння, зусім прымітыўныя. Яны былі ў тыя часы адной з першых формаў хлеба. Нездарма бліны ў нас здавён выпякаюць, а не жараць як сала ці бульбу.
— Цікава! А чаму мой не падобны на Сонейка? – хітрыя вочкі Яны так і загарэліся. Бачна, што ведала прычыну, бо сама ж загадвала менавіта пухнацікі з далоньку. Але ёй цікава было, як адкажа Бабулька.
— Ах ты, - ласуха! Таму, што Сонейка мінула нашу хату, як убачыла, што я акрамя яечак ад Куркі Чубаткі на кефіры пяку блінкі. А як пачала вяпякаць да таго ж на свежым малацэ – адразу завітала, і сынкоў сваіх Праменьчыкаў выправіла. Бач, які гэты тоненькі, і ўзоры на ім, як каруначкі. Зірніце, як спраўна зварочвае яго ў трубачку гэты хлопчык, што ціхенька падсеў да стала.
Бабуля падыйшла да Мацейкі і паклала яму цёпленькі блінок.
— Спраўна, а чаму ж не! – ці то з зайздрасці, ці проста хацела, каб на яе звярнулі ўвагу сказала Яна. – Хітранькі! Варэнне не любіць, а каб толькі маю згушчонку есці!
— Дзеці, супакойцеся! Хопіць усім. – Слухайце далей, - спыніла Бабуля. – Расказвалі, што князёўна Барбара Радзівіл з Нясвіжскага замка, якая жыла больш за чатыры стагоддзі таму, таксама любіла такія блінчыкі. Але толькі не з гушчонкаю і не з варэннем, а з ікрою.
— А я не люблю ікру, - зморшчылася Яна.
— А табе ніхто і не прапаноўвае, - пасміхаўся Мацейка, зварочваючы ў трубачку намазаны згушчонкай чарговы блінчык.
— Цяпер усяго хапае, - азваўся Дзед. – У наш час пшанічнай мукі не было. Толькі гарохавая, аўсяная ды ячневая, аржаная і то не заўсёды. Што казаць пра розныя смакоцці, што падавалі да стала розных там каралёў ды цароў. А мне грачанікі часта прыгадваюцца. Няхай праснакі-праснакамі, але ж з кіслым малаком добра “заходзілі”.
— Не журыся, Яначка! – пачаў суцяшаць малую Сонечны Праменьчык. – Радавацца трэба, што жыццё заможным стала! І вы можаце выбіраць, што з’есці, а што не.
— Ды я і не журуся, Праменьчык, - адказвала дзяўчынка і яе шчочкі заірдзеліся. – Я проста хацела нагадаць, што той блінок я спякла, калі Бабуля карміла Байкала. Але ніхто не нагадаў, што бабулін вопыт я даўна пераняла.
— Вось і цудоўна! Разумніца ты мая! – адказала Бабуля і пацалавала ўнучку ў кучаравую галоўку. – Мы з табой нават дранікі са скваркамі для Дзеда пяклі. І нават кручанікі з грыбамі і цыбуляй.
— Дзе, дзе дранікі са скваркамі? Дзе дранікі са скваркамі? – з моцным брэхам крычэў Байкал.
— Бач ты яго! Дранікаў са скваркамі захацеў! – устаў Дзед на голас Байкала.
— Цябе ж толькі што пакармілі! Не сорамна? Вяшчальнік знайшоўся. Лепей бы паглядзеў курэй, каб у шкоду не ўлезлі.
— Байкал паглядзі, Байкал папільнуй! – гаў, гаў, не сунімаўся сабачук. —А каб запрасіць да стала, дык толькі Маркіз у вас у пашане, па якім мышы катаюцца, быццм на санках з горкі.
— Ніякіх іншых бліноў сёння няма, - тлумачыў Дзед. – Так што ідзі па сваіх справах.
Сонца, быццам запрошанае на сняданне, усё больш смялей дазваляла сваім мітуслівым дзецям - Праменьчыкам – садзіцца да сямейнікаў. Яна з Мацейкам таксама вылазілі з-за стала, і зноў садзіліся. Дзед казаў, што трэба сем разоў сесці за стол, бо «наперадзе нас чакае напаўгалодны час». Гэта ён пра сямітыднёвы пост. Але дзеці гэтага не зразумелі і рабілі тое, што ім па душы. Яна таксама ласавалася тоненькімі з каруначкамі блінчыкамі і адначасова забаўлялася з Праменьчыкамі. А тыя цалавалі яе ў шчокі, вочы. Малая моршчылася, але смяялася і ўсё пазірала то на Бабулю, то на Дзядулю.
— Ба, глядзіце, Сонечны Праменьчык нібы Зайка скача і цалуе ўсіх! Нават Дзядулю ў сівую бараду пацалаваў! – радавалася Яна.
А Сонечны Праменьчык садзіўся на люстэрка, ад якога адбівалася мноства Зайчыкаў. Яны сваволілі не толькі на кухні, а і ў вітальні, і ў залі.
— Дзед таксама заслужыў сонечны пацалунак. Ён у гэтыя дні асаблівы: жыве ўспамінамі пра пяты дзень Масленіцы, - казала Бабуля і падкладвала яму цёпленькі блінок.
— Дзякуй, мая Зорачка! – казаў Дзед Бабулі, і прыязая ўсмешка на яго вуснах была шчырай і непасрэднай. Сонечны Зайка гэта запрыкмеціў, але сеў на шчаку Мацейкі, заўсміхаўся:
— Усе, хто завітаў да нас на бліны ў першы дзень Масленіцы, той увесь год будзе здаровы і шчаслівы! – з гонарам аб'явіў Мацейка.
— Мы заўжды радыя гасцям, - казала Бабуля і загадкава зірнула на свайго абранніка.
— І падзяка маёй Зорачцы! - заўсміхаўся Дзядуля.
— І Князёўне таксама! – дадаў Мацейка.
Масленіца ці Цешчыны вячоркі
Часта дзеці любілі туліцца да Дзеда, каб паслухаць яго аповеды пра маладосць і вясёлыя успаміны пра мінулае.
— Ну, што, мае вы гарэзы, зноў да мяне прыйшлі, засумавалі ў сваіх гаджэтах? – з усмешкай казаў Дзед абдымаючы сваіх ўнукаў.
— Хочаце яшчэ адну смешную гісторыю вам расскажу?
— Так, дзядуля, раскажы! – у адзін голас выкрыкнулі дзеці.
— Добра, раскажу, - з замілаванай усмешкай на твары і з выглядам апавядальніка з вопытам пачаў Дзед.
— Было гэта больш за паўвека таму, - распачаў свой аповед Дзед. — У той, значыцца пяты дзень Масленіцы мая цешча, а ваша ўнукі Прабабуля, завітала да нас з адказным візітам. На бліны. А калі па праўдзе, то свайго маладога зяця больш пільна разгледзець.
Цешча мая жанчынай ганарыстай была. Вось і ў той дзень на Сырны тыдзень прыйшла са сваімі сяброўкамі. Такімі ж гаваркімі і цікаўнымі. Напачатку ўсё да мяне прыглядаліся. Тое-сёе пра цешчын характар я ведаў, таму загадзя падрыхтаваўся. Купіў парачку птушачак, Саловак, каб спявалі-радавалі любую цешчу. Прыбраўся ў будынку.
Я частаваў гасцей блінамі з кілбаскаю пальцам пханай, з чорнай і чырвонай ікрою, што зарабіў за тыдзень у адной фірме. Напояў розных панаставіў. Кручуся вакол іх, маіх гасцей, падліваю ў кілішкі і падкладваю кожнай у сподачак. Каму вяндлінкі, каму медавухі.
А Салоўкі бачаць такія справы і самі спяваюць-заліваюцца. Міргаюць мне цудоўныя птушачкі: маўляў, не хвалюйся, хлапчына, усё будзе як трэба. І наноў так заспявалі, ажно за сэрца брала. Што і я пагатоў з маладой жонкаю ў пляс кінуцца. Але разумею, што гаспадарам нельга. Адна з сябровак вашай прабабулі так разышлася, што напачатку кінулася да мяне танцаваць, а потым сказала: «Не, спачатку пагляджу які ты гаспадар!»
Унукі рассмяяліся. Забыліся і пра Сонечныя блінчыкі і пра Праменьчык, які таксама не мог стрымацца.
І пайшла тая жанчына па будынку цікавіцца. Зазірнула ў істопку, затым – у павець. А там, на вушаку, акурат за самымі дзвярыма вісеў хамут на Буланку, маладую кабылку, якую толькі набыў жарабяткам у аднаго нарачанскага чалавека. Ведаеце: вясковы чалавек павінен у гаспадарцы мець усё сваё. Іначай ты не гаспадар, а прасцяк і лайдак.
Дык вось, значыцца, хамут у павеці вісеў. Як толькі цікаўная жанчына адчыніла тыя дзверы і зірнула ўнутро павеці яе галава адразу аказалася ў хамуце. Яго новыя, яшчэ не разношаныя клешчы надзейна трымалі паланянку. Жанчына ад неспадзяванкі як заверашчыць на ўсё наваколле, як тое парася ў заборы. Ажно Салоўкі мае перапужаліся і схаваліся ў той неспадзяванцы ў … маразільню. Ад страху карова, бычок, авечкі, свінні, козы ды куры вырваліся са сваіх стойлаў і панесліся няма ведама куды. Толькі маладой кабылцы Буланцы не ўдалося выскачыць. Як убачыла жанчыну ў сваім хамуце, - расказвала пасля Буланка, - дык зацікавілася той карцінай: нарэшце добрая падмена аб'явілася. Вось гэта здолее пацягнуць не толькі плуг!
Калі нарэшце з хаты выскачылі госці, то не адразу змаглі ўзяць у галаву: аднекуль, здаецца, побач крычыць-раздзіраецца жаночы голас. А што здарылася, ніхто і ўцяміць не можа. І толькі мая адважная цешча першай абегла ўсе мае пабудовы і натрапіла на паланянку.
А ля хаты ўжо сабралася ўся вёска. Людзі дзівяцца і рагочыць, пабраўшыся за жываты.
Бабуля ў гэты час пазірала на ўнукаў, а тыя не хавалі сваіх усмешак і таксама трымаліся за жываты ад смеху, як і Бабуля.
—А цешча тым часам, — працягваў Дзед, — распачала арыю пра кепскага гаспадара, у якога ўсё параскідана, хлявы пустыя, а скрозь пастак паразвешваў, быццам багацей які. Было б што абараняць.
— На хаду кумекаю, што цяпер ужо забярэ дачку сваю ад мяне, - працягваў Дзядуля. – Ажно чэшуць сюды яшчэ дзве сяброўкі. А тая, што ў хамуце раве немым голасам: «Людцы добрыя, ратуйце! Ай, задыхаюся! І навошта ты мяне сюды паклікала? Ай не ўбачу я больш белага свету! І ўсё з-за твайго зяця-ірада! Ай, людцы, ратуйце!
— Ну і чаго ты дзярэшся? Хто цябе загнаў у гэты хамут? – дапытвалася цешча. - Мой зяць быў за сталом, са мной побач. Ніхто над табой не здзекуецца. Паглядзіце на гэты цуд!
Паланянка толькі сіпела ад весняга, пакуль яшчэ вельмі падманлівага і дрыготкага ветрыка, бо была апранута ў лёгенькі швэдарчык. Амаль раскірэчаная ад залішняга хвалявання, яна ўсё яшчэ спрабавала выблытацца не столькі з хамута колькі са сваёй збруі.
— Глядзіце! – казала цешча. – Тут і дурню зразумела: як толькі ты прыадчыніла дзверы і ўсунула сваю цікаўную галаву з сеткаю-парыком, так і зачапілася за хамут. Цешча падыйшла бліжэй і адкірзала сетку парыка сяброўкі ад хамута. Цікаўнай Амілі нос прышчамілі, - рассмяялася цешча.
Я не адразу зразумеў: ці не разыгрывае мяне цешча, якая раптам перакінулася на маю абарону.
— Вось, - працягвала следчы эксперымент цешча, звяртаючыся да паланянкі, - зірні, ты адразу пачала ёрзаць, што ўжо і модны шалік, які вісеў у цябе на шыі зачапіўся за супонь, якая і сцягнула клешчы хамута. Твая залішняя цікаўнасць цябе ж і зняважыла. Зрабіла пасмешышчам на ўсё наваколле. Зірні-зірні, колькі людцаў дзівуецца з цябе!
І без таго багровы твар паланянкі наліваўся ўсё большай ярасцю, бо яна не сціхала, толькі яшчэ гучней разносіўся яе асіпшы голас.
— Як можна аддаць сваё дзіця за такога сухара! Калі ты зараз жа не забераш адсюль сваю дачку, а маю хрэсніцу, я больш табе не сяброўка! – крычала госця.
— Бачу я, - уступае ў размову Бабуля, - што над нашым неакрэплым шчасцем навісла навальніца. Бягу ў хату і замацоўваю на жываце невялікую падушачку. Маўляў, паглядзіце: позна нас разлучаць, калі пад маім сэрцам новае жыццё б'ецца. І выходжу на двор. Звяртаюся да госці:
— Прабачце, цётачка, што такое здарылася. Ён не наўмысля, так ужо атрымалася.
Адчуваю, як жанчына ўтаропілася на мой жывот і з новай сілай заверашчала:
— Дык ты яшчэ і дзіця ад яго чакаеш!
— Я, - кажа Бабуля, - у той момант ужо ледзь сябе стрымлівала. Але, відаць, нездаровая істэрыка жанчыны надаела ўсім. Адкуль толькі ўзяўся наш кот Маркіз, які з вышак скача на бочку з мукой. За ім – вялікі пацук. Вечка, што накрывала бочку адскоквае пад столь, і кот падае ў муку. А за ім услед ляціць вялізны шэры Пацук. Толькі клуб агню пакаціўся па зямлі.
— Чортава сіла! – крычыць паланянка.
Ад неспадзяванага цяпер ўжо паланянка інстынктыўна кідаецца ў бакі, зрывае з цвіка хамут і, напужаная, з тым хамутом на шыі джгае за веснічкі.
Вяскоўцы поўзаюць ад смеха на ўколеньках. Цешча таксама пасміхаецца. Толькі ўжо больш лагодна пазірае то на мяне, свайго зяця, то на дачку.
— Ну й вясёлая Масленніца атрымалася! А дзіцятка – гэта цудоўна. Трэба ж ведаць: жывот выручыў! І зяць мой – зух! І каток ваш дужа кемлівы.
Сонечныя Праменьчыкі, як і ўнукі не сунімаліся ад смеху, але сабраліся з духам і паклікалі маці-Сонца, каб забрала з падваконня свой дар – першы блін.
Я, ваш казачнік, падзякаваў за прысутнасць у той Сырны дзень – і Сонейку са сваімі дзеткамі-Праменьчыкамі, і Салоўкам, якія цешылі прысутных сваімі цудоўнымі спевамі і якія, на маю радасць, нават пасля схованкі ў маразільні захавалі свае галасы, бо скемілі схавацца ў торце, і Катку Маркізу, і сваім дарагім ўнукам, і гасцям.
З тае пары мы з Зорачкай дружна жывём, хлеб-соль жуём, кампот п'ём ды ўнукаў гадуем. А калі захочацца мне цукерачак ці Сонейка на патэльні, абавязкова спытаю дазволу ў сваей Зорачкі. Бо дзякуючы яе кемлівасці мы да гэтае пары ў адну дудку спяваем. Вось і я вам кажу: «Хто жонку добрую мае, той гора не знае».
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by