Працягваючы шэраг вясёлых альбо ўрачыста-ўзнёслых народных і царкоўных навагодніх святаў, да нас спяшаюцца Каляды! А разам з імі – Раство. І настолькі ў іх усё пераплялося-паядналася, што часам ужо і не пазнаеш, дзе і што.
Але хіба гэта важна?! А важна – нашы ўласныя адчуванні, стан душы, пераемнасць традыцый. І вось гэта ў кожнага – сваё і разам з тым аб’ядноўваецца ў агульнае. І ярка гараць у храмах свечкі, узносяцца малітвы да неба, а вясёлыя групы калядоўшчыкаў надзвычай ажыўляюць вясковыя, а дзесьці нават і гарадскія вуліцы…
І адной з галоўных традыцый з’яўляецца першая (посная) куцця – рытуальная сямейная вячэра 6-га студзеня. Менавіта сямейная, бо па вераваннях нашых продкаў, калі ўсе сямейнікі ў гэты вечар збіраліся за сталом, дык яны будуць разам на працягу ўсяго года. Цудоўная прыдумка, праўда?!
Ну, і як накрываць у гэты вечар на стол таксама памятаем? Пад белы, пажадана саматканы абрус абавязкова змяшчаюць сена. Галоўнай стравай на стале павінна быць тая самая куцця – ячменная каша, аздобленая мёдам. Зрэшты, у нашыя дні сустракаюцца і іншыя яе варыянты…
А тады – што ў каго прынята было ў сям’і: грыбы і розныя стравы з іх, бліны і блінцы, рыба, арэхі, мочаныя яблыкі… Стравы простыя, сялянскія…
Ноч з 6-га на 7-га студзеня таксама таемная і загадкавая. Лічыцца, што напярэдадні Нараджэння Хрыстова нябёсы адкрываюцца, і таму жаданне альбо просьба, выказаныя ў гэты час са шчырай верай, надзеяй і любоўю, павінны спраўдзіцца.
А ўдзень 7-га студзеня ў нашых продкаў існавала шмат традыцый, назіранняў і рытуальных дзеянняў. Напрыклад, з самай раніцы ў хату трэба было прынесці чыстую ваду са студні і выкарыстоўваць яе найперш. Бы пераклікаючыся з традыцыямі Вадохрышча, вада гэтая лічылася сімвалам здароўя і ачышчэння.
Зразумела, што ў гэты і наступныя дні забаранялася шыць, вязаць, прасці, ткаць. Затое можна было калядаваць напоўніцу! Праўда, калі раней гэта сапраўды ішло ад душы і сэрца – шчырыя пажаданні гаспадарам (у якія так верылася!), традыцыйныя спевы калядак, цэлыя абрадавыя дзеянні з Казой, Мядзведзем, зоркай, дык зараз у некаторых мясцовасцях ператварылася, прабачце, у пэўнае вымагальніцтва. Спіртнога, закусі, грошай… Што не мае нічога агульнага са спрадвечнымі рытуальнымі каляднымі дзеяннямі. Так што, як прынята казаць (праўда, у дачыненні да іншага), – сцеражыцеся падробак!
Што мне падабаецца з народных прыкметаў на гэтыя дні, дык гэта тое, што з пачатку Калядаў сонца паварочвае ўжо на лета! І гэта не можа не радаваць! Асабліва прыгадваючы, якім выдаўся сёлета дзень 2-га студзеня… Бр-р-р-р-р! Цалкам дэпрэсіўным – надвор’е пастаралася…
Так што зусім хутка дзень у нас пачне пакрысе прыбаўляцца. А вось што тычыцца традыцыйных калядных ці вадохрышчанскіх маразоў… Штосьці не верыцца, што мы іх сёлета дачакаемся. Ды і не дужа-то хацелася моцных. Так, каб градусаў 5-10 – і дастаткова.
А вось снегу дайце нам пабольш! Вось што трэба загадваць сярод іншага ў ноч перад Раством! Глядзіш – і пачуюць нябёсы ўсеагульную просьбу. А то, па шчырасці, сумна ўзімку з чорнай зямлёй ды амаль пастаянным брудам пад нагамі…
Вось што б рабілі нашыя продкі, у якіх ужо даўно накатаным быў санны шлях, у такой сітуацыі?! Перастаўлялі б назад калёсы? Не ездзілі нікуды да спрыяльнага надвор’я (адразу прыгадваюцца тыя «Людзі на балоце» і іх грэбля)? Дык а ў наш час яго можна і не дачакацца…
Але не будзем пра сумнае напярэдадні такіх вясёлых святаў! Ды яшчэ ж тры выхадныя ў большасці з нас – запар. Ужо ідуць-ідуць! Галоўнае – каб не праляцелі хутка…
Шчыра віншуем вас, шаноўныя сябры, з Калядамі і Раством Хрыстовым! Няхай моцным будзе здароўе, а ў сэрцах і душах трывала паселіцца радасць. І застанецца на ўвесь 2020-ы год!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by