16.10.2020
16.10.2020

«Споведзь рэаніматолага». І праз 20 гадоў – без зменаў…

logo
Думкі ўслых
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння – Сусветны дзень анестэзіі. І – прафесійнае свята анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Урачоў, якія «дораць сон на стале аперацыйным». Вядома ж, хочацца напісаць менавіта пра нашых, беларускіх. Тым больш, што з некаторымі знаёма асабіста. Магчыма, гэта будуць асобныя матэрыялы. А сёння…

Сёння пра тое, што выпадкова трапілася ў Фэйсбуку і літаральна зачапіла. Гэта «Споведзь рэаніматолага».

Сусветны дзень анестэзіі. Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага.

Ведаеце, як гэта бывае ў сацсетках? У стужцы шмат-шмат-шмат усяго. І ты нават можаш не паспець прагартаць за дзень усё. Таму, бывае, проста – нават не гартаеш. Ці выбіраеш, за што вока зачэпіцца. Да сяброў, вядома ж, час ад часу проста заходзіш на старонкі. А тут (пераклад на беларускую мову мой)…

Я рэаніматолаг. А калі быць больш дакладным, дык pэaніматолаг-анестэзіёлаг. Вы спытаецеся, што пераважае? Я вам адкажу: хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Адно дзяжурства ты рэаніматолаг, другое – анестэзіёлаг, але сутнасць адна: барацьба са смерцю. Яе, праклятую, мы навучыліся адчуваць усім сваім нутром. А калі казаць навуковай мовай, дык біяполем. Не верце, што яна сівая і з касой у руках. Яна бывае маладая і прыгожая, хітрая, ліслівая і подлая. Расслабіць, абнадзеіць і падмане. Я два дзясяткі гадоў аддаў рэанімацыі, і я стаміўся...»

«Ого, як цікава піша, ажно бярэ за жывое старонняга назіральніка», – паважліва думаю, зірнуўшы на профіль аўтара. І чытаю… Я так уважліва і ўдумліва чытаю, як даўно не чытала допісаў у сацыяльных сетках!!! Бо звычайна гэта робіцца па дыяганалі.

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. Што можна знайсці ў сацсетках.

Напрыканцы заўважаю: «Аўтар: Уладзімір Лаішэўцаў». Ага, значыць, гэта, так бы мовіць, перапост, а не сябар сябра напісаў.

Яшчэ колькі хвілін сяджу задумаўшыся. Затым раблю рассылку некалькім сябрам рэальным: што яны скажуць? Гэта толькі мяне ўразіла ці насамрэч так моцна напісана? І вось ужо колькі дзён у думках раз-пораз вяртаюся да гэтага матэрыялу… А ўчора…

Учора перад напісаннем гэтых думак услых вырашыла даведацца пабольш пра аўтара такіх кранальна-пранізлівых праўдзівых радкоў, якія б’юць, як аголены электрычны дрот. І першае, што даведалася… Яго ўжо няма на гэтым свеце. У 2009-м памёр ад анкалогіі.

Яго няма, а споведзь – жыве. І ў гэтым вялікая заслуга журналіста (што, на жаль, часцей за ўсё таксама застаецца за кадрам), бо не простае занатаванне, а мастацкая апрацоўка, афармленне слоўнае, уласны боль душы, суперажыванне, пранікненне ў думкі іншага чалавека – тут ёсць усё.

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. І пры чым тут праца журналіста.

А падрыхтоўка да гутаркі, пытанні па ходзе размовы, зняцце з дыктафона тэксту, творчая перапрацоўка і складанне самога матэрыялу… Гэта ўсё проста неацэнна! І журналіста зможа зразумець і ацаніць гэтак толькі іншы журналіст, які ведае ўсю «кухню». Таму ў перапостах гэтай «Споведзі», вядома ж, павінна абавязкова стаяць 2 подпісы, і першы – журналіста.

З публікацыі на прасторах сеціва за 2018 год даведваюся імя аўтара. Іна Акімава. Галоўны рэдактар «СГ-26» (расшыфроўка на мове арыгіналу: «СеГодняшняя Газета Красноярск-26»). І на сайце – аповед пра тое, што «Споведзь рэаніматолага» фактычна атрымала трэцяе нараджэнне. Трэцяе нараджэнне за 20 гадоў!

Не буду пераказваць падрабязнасці. Усё ахвотныя прачытаюць пра іх, перайшоўшы па спасылцы на сайт «СГ». Таксама раю! Фантастычная гісторыя атрымалася. Вось і скажы, што супадзенняў не бывае… Сапраўды, напісанае застаецца. І сённяшнія анестэзіёлагі-рэаніматолагі падпісваюцца фактычна пад кожным словам «Споведзі».

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. За 20 гадоў «Споведзі» нічога не змянілася...

А колькі нашы беларускія ўрачы могуць да гэтага дадаць свайго! Адна сёлетняя барацьба з каранавірусам чаго вартая… Думаю, журналістам ёсць сэнс сустракацца з анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі часцей, а не толькі ў агульнае ды вузкаспецыяльнае прафесійныя святы… Чым лепей мы пачнем разумець урачоў, тым хутчэй паразумеемся з імі, ці не так?!

Але вернемся да «Споведзі рэаніматолага». Яшчэ хацелася б працытаваць прадмову Іны Акмавай, зробленую ёй да публікацыі ў 2016 годзе:

Гэты мой матэрыял-споведзь выйшаў 15 чэрвеня 2000 года і быў прысвечаны Дню медыцынскага работніка. У тыя гады мы шмат пісалі пра ўнікальную сям'ю жалезнагорскіх урачоў – Асю і Уладзіміра Лаішэўцавых. Яна – урач СЭС, ён – рэаніматолаг-анестэзіёлаг. Уладзімір Аляксандравіч пайшоў з жыцця сем гадоў таму ў красавіку 2009-га, яму быў 61 год. Ася Хадыеўна – паўтара года таму. Нядаўна патэлефанавала малодшая дачка Лаішэўцавых Юля і паведаміла, што, разбіраючы паперы бацькоў, знайшла вось гэтую публікацыю. Яна папрасіла ў памяць пра бацьку яшчэ раз яе надрукаваць. Бо напісана споведзь была (цяпер чаго ўжо хаваць) са слоў Уладзіміра Аляксандравіча. І патэлефанавала Юля, сама таго не ведаючы, акурат у Міжнародны дзень анестэзіёлага – 16 кастрычніка. Мы вырашылі выканаць просьбу. Тым больш, што за 16 гадоў, якія прайшлі пасля выхаду артыкула, нічога ў гэтым свеце не змянілася».

Дзень анестэзіёлага-рэаніматолага. Ушануем працу ўрачоў.

Што да гэтага застаецца дадаць?! Давайце цаніць анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, шанаваць іх працу і тое, што яны робяць звыш сваіх абавязкаў, калі перажываюць за кожнага хворага. Са святам, шаноўныя нашы! Няхай вашае здароўе будзе моцным, а праца прыносіць як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне.

А каманда Слушна традыцыйна віншуе з прафесійным святам нашага кіраўніка аддзела інтэрнэт-праектаў, анестэзіёлага-рэаніматолага, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі шаноўную Вольгу Іванаўну Святліцкую! Зычым здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання, шанцавання і ўсіх даброт!

https://bel.24health.by/sa-svyatam-tyx-xto-doryc-son-na-stale-aperacyjnym/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".