04.09.2024
04.09.2024

Спявачка Ірына Вярковіч «Ніколі не ўзнікала думкі — застацца жыць за мяжой»

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дваццаць гадоў яна аддала ансамблю ГУУС, а тры гады таму вырашыла ўнесці ў сваё творчае жыццё пэўныя змены. І ў яе атрымалася. Сёння спявачка Ірына Вярковіч – частая госця на тэлеперадачах, яе запрашаюць на мерапрыемствы ў якасці вядучай, а на галоўных сцэнах краіны не абыходзіцца без яе запальных хітоў.

Спецыяльна для партала Слушна мы пагаварылі з артысткай беларускай эстрады, салісткай заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь «Музычная харавая капэла “Санорус”», вядучай урачыстых прыёмаў і канцэртных праграм Ірынай Вярковіч пра малую радзіму, адносіны да асаблівых людзей, хобі, а яшчэ пра тое, як яна адна выхоўвае сына і адкуль чэрпае энергію.

Ірына Вярковіч

«Жывіце проста»

– Я не толькі спявачка, а яшчэ і вядучая мерапрыемстваў. Пасля такіх урачыстасцяў да мяне падыходзяць людзі і кажуць: «Мы не думалі, што вы такі просты чалавек. З вамі легка, проста і вы вельмі зямная». А як інакш! Сваім пафасам, надменнасцю, што мы данясем да гледача? Безумоўна, я прафесіянал і важна, каб быў добры гук. Як мінімум – вада, кава, чай. Але, Божа барані, патрабаваць нейкіх іншых рэчаў.

Мне патрэбна мінімум месца, каб я магла прывесці сябе ў парадак, і  крыху ўвагі, каб разумела, куды ісці – дзе сцэна, кулісы. Каб своечасова мікрафон быў у руках. Усё астатняе – давяраю менавіта сабе. Гледача не падманеш. Жывіце проста, радуйце і самі радуйцеся. І слава Богу за гэта!

Мы ўсе аднолькавыя

«Мы ўсе аднолькавыя»

– Нядаўна выйшла мая новая кампазіцыя «Крыўдна мне», хутка чакаецца прэм’ера «Сонца свеціць». Гэта песня менавіта сацыяльная – аб міры на Зямлі, дзецях, матуліных зморшчынках, здароўі, любові, ясным небе, шчасці, дабрыні. Хачу сказаць: шаноўныя, не грашыце на Бога. Паглядзіце, як свеціць сонца! Задумайцеся пра тое, што вас атачае. Не бядуйце, як мала грошай. Сёння вы бачыце зялёны лісток, а заўтра – дожджык. Ці не гэта сапраўднае шчасце? Шмат дзе я была з дабрачыннай місіяй. У ТЦСАН стараюся браць з сабой сына, якога выхоўваю адна. Адвозім патрэбныя рэчы, пачастункі. Памятаю, з канцэртам ездзілі ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат у Свір. Там знаходзяцца цяжкахворыя. Гэта асаблівыя пастаяльцы. Кажуць, людзі з фізічнымі і разумовымі адхіленнямі пасланыя нам невыпадкова. Праз іх мы адпрацоўваем свае жыццёвыя моманты. Непрадузятыя, шчырыя, няўрымслівыя. Яны Праяўляюць сябе нечакана ў добрым сэнсе слова.

Пастаяльцы падобных устаноў могуць падняцца на сцэну – абняць, патанчыць з табой, могуць праводзіць цябе да аўтамабіля. Яны не робяць нічога дрэннага. Не задумваючыся праяўляюць эмоцыі. Што не скажаш пра нас, звычайных людзей. Мы думаем, як успрымуць учынкі, пачынаем залішне шмат аналізаваць. А гэтыя людзі проста робяць. Людзі з абмежаваннямі слухаюць музыку, якую выконваю. Кампазіцыі абсалютна аднолькавыя для ўсіх. Гэта мае хіты – «Для меня ты стаў», «Дзякуй табе», «Кахаць, не заплюшчваючы вачэй», «Белая Русь». Спецыяльна нічога не рыхтую. Гэта музыка – і кожны выбірае сваё. Яны такія ж людзі, як і мы, проста са сваімі асаблівасцямі. Вось і ўсё.

«Выхоўваю сына ўласным прыкладам»

– У мяне, як у маці, дзейнічае вельмі дакладнае правіла: пугі і перніка. Божа ўратуй, якіх-небудзь пакаранняў. Сына не пужае дсутнасць салодкага, мульцікаў – гэта не каштоўнасць. Самае галоўнае – стасункі з маці. Выхоўваю сына толькі ўласным прыкладам. Вось цяпер ён у маіх свёкраў. У іх вялікі дом. Я званю, кажу, прыедзь, можа, пабудзь са мной дома. Адказвае: «Мама, не магу, у мяне вельмі шмат спраў. Павінен дапамагчы дзядулю адрамантаваць парог. А яшчэ трэба качаць мёд, займацца сотамі». Яго не цікавяць гаджэты. Не забараняю іх. У ноўтбуку сочыць за маёй творчасцю, глядзіць расклад транспарту, каб даехаць да тэатральнага гуртка. Калонцы «Алісе» задае пытанні: якое надвор’е ў Фінляндыі? Вось што яго цікавіць. Лепіць, малюе, гуляе ў «Лега». Умее займаць сябе. Чула, што тыя, хто можа быць у адзіноце шчаслівымі, – мудрыя. Мяне таксама не трэба забаўляць. Жыццёвы прынцып — рабі дабро і далучай да гэтага свайго дзіцяці.

Спявачка

«Заўсёды жыць хацела толькі ў Беларусі»

— Мая малая радзіма – горад Фаніпаль. Па лініі маці мы ўсе з Дзяржынскага раёна. Там жыве мая бабуля, якой 84 гады. Наведваю як мага часцей. Пры любой магчымасці стараюся падысці і пацалаваць. А бацька – з Белавежскай пушчы. Вёска Радзецк знаходзіцца менавіта на тэрыторыі пушчы. Пры ўездзе – указальнік «Нацыянальны парк — Белавежская Пушча. Знаходзіцца пад кантролем Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Не была там гадоў дзесяць. Летась паехала. Няма ўжо бабулі і дзядулі. Цікавыя мясціны – усе родныя. Бачу, як змянілася прырода вакол. На жаль, не да лепшага. Была вялізная доўгая вёска. Ехалі гэтым разам з сястрой, глядзелі на дзікую прыроду і ўспаміналі, як гулялі тут па начах, весяліліся, а цяпер разумею: тут небяспечна. Бо вакол – дзікая пушча. І не ведаеш, чаго ад яе чакаць. Аднак яна ўсё роўна неверагодная прыгожая!

Я шмат падарожнічала па свеце. Аднак ніколі не было думкі застацца за мяжой. Жыць у іншай краіне не хацела, толькі ў Беларусі. Дома адчуваеш сябе па-іншаму. Можна вандраваць, але жыць трэба там, дзе нарадзіўся. Я вельмі люблю Італію. Валодаю італьянскаю моваю. Кажуць, што падобная на італьянку. Сябры – у Сіцыліі, Сардзініі, Рыме, Мілане. Штодзень размаўляю з імі. Гэта прыносіць задавальненне.

Ірына Вярковіч

«Верыць у лепшае»

 – Я вельмі просты чалавек. Ведаю кошт свайго шчасця, творчасці, шляху і прызнання. Якой цаной мне гэта ўсё дасталося. Усе пералічанае было: і роспач, і падзенне, і разгубленасць, і шкадаванне. І сёння я параіла б верыць у лепшае. Запомніце: у Бога ўсё своечасова. Усё што сёння табе здаецца непрыемным, заўтра будзе самым вялікім шчасцем. Кажу гэта з пазіцыі моцнага чалавека. У мяне ёсць прыяцелька, якая гаворыць: «Не разумею, Іра, як у цябе гэта атрымліваецца? Ты вечарам можаш паплакаць, раніцай паднялася і пайшла ўпрыгожваць свет». Так і ёсць. Я моцны чалавек. Моцны духам, верай сваёй, эмоцыямі. Зараз у мяне такая пазіцыя: жыву дзеля свайго сына, родных і блізкіх, сваёй творчасці. Гэта ўсё дорага майму сэрцу. І трэба верыць у лепшае, быць аптымістам. Знайсці крыніцу натхнення.

«Маё хобі і жыццё — музыка»

Хобі

– У кожнага свае захапленні. Калі пытаюцца пра хобі, кажу, што няма. Маё хобі, маё жыццё, мой увесь Сусвет – гэта музыка, сцэна, новыя песні. Гэта займае мой час. Так, мне падабаецца зімой павязаць, але вяжу толькі адзін від адзення –  снуд (смяецца). Таму што больш нічога не ўмею. Мне прыносіць задавальненне выбар нітак. Напрыклад, думаю, якога колеру гэтым разам хочацца звязаць снуд. Бірузовы. І вяжу сабе бірузовы снуд. Калі вы разгублены, растаптаны, у роспачы, у хандры, вас акружылі непрыемнасці ў жыцці — знайдзіце той занятак, які дастаўляе вам задавальненне і радуе больш за ўсё. Літаратура — чытайце. Танцы — ідзіце танцуйце. Калі радуюць фільмы, значыць, пастаўце мэту хадзіць у кінатэатр і глядзець новую стужку. Калі радуе прырода, значыць, сядайце на ровар, уставайце на лыжы, ідзіце плаваць у басейн, на фітнэс. Трэба знайсці занятак, які прыносіць задавальненне.

Мы жывём цяпер у такі цудоўны час. У нас такія магчымасці! Запісвалася на конкурс «Х-фактар» і там жанчына кажа: «Як цудоўна, што ёсць анлайн-рэгістрацыя». І сапраўды, мы жывём у такі цудоўны час. Можам седзячы дома заказаць сабе вандроўку. Можам размаўляць з сябрамі па відэазванку. У мяне на Сардзініі ёсць сябры, у Рыме, Мілане. І таму калі сёння знаходзішся ў роспачы – дарагая мая, дарагі мой, людзі добрыя, знайдзіце занятак, які будзе прыносіць задавальненне. Не дапускайце ў сваё жыццё дрэнных думак! У мяне таксама быў складаны перыяд. Але заўсёды сабе кажу: ніколі не стану на калені да той пары, пакуль побач са мной мой сын. Я проста не маю на гэта права. Як і артыстка таксама не маю. Таму што сёння ад мяне чакаюць новых кампазіцый, новай музыкі, свежых вобразаў, яркіх эмоцый.

Вераніка Цубікава: «Зіму чакаю з самага дзяцінства»

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама