Яркая прыгажуня і таленавітая спявачка Святлана Агарвал здзіўляе сваёй харызмай і тонкім пачуццём стылю. Дзіва беларускай эстрады, адзіная ў Беларусі выканальніца індыйскіх песень распавяла парталу «Слушна» пра свой творчы шлях, любоў да музыкі і прыярытэты ў жыцці.
«Музыка – гэта мая душа»
Любоў да музыкі спявачка адчула з ранняга дзяцінства, дзякуючы творчай сям'і. Дзядуля быў вельмі таленавітым чалавекам, іграў на гармоніку, пісаў карціны і займаўся фатаграфіяй. Маленькая Света назірала за дзядулем і натхнялася.
—Дома заўсёды гучала музыка, а па святах усёй сям'ёй збіраліся і зацягвалі песні пад дзядуляў акампанемент», – распавядае артыстка. — Мне заўсёды падабаліся песні на розных мовах.
Школьніцай спявачка захапілася індыйскімі кінастужкамі, дзе асобнае месца ў сэрцы дзяўчынкі занялі песні на хіндзі. І
— У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, — тлумачыць вакалістка. — Спачатку скончыла БНТУ, дзе атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынер-педагог, выкладчык тэхнічных дысцыплін. Пазней ажыццявіла сваю мару і атрымала другую — музычную адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. І стала, у выніку, артыстам эстрады і педагогам па вакале.
Святлана Агарвал іграе на фартэпіяна, умее іграць на гітары, спрабавала ў якасці інстуремнта для сябе бас-гітару і барабаны.
А вось індыйская мелодыя, можна сказаць, выбрала спявачку сама.
Святана успамінае:
— Калі вярталася са школы, садзілася за фартэпіяна, падыгрывала сабе і спявала індыйскія песні. Тады яшчэ не разумела хіндзі, як чула словы, так і паўтарала іх.
«Любоў да хіндзі ўзмацнілася пасля сустрэчы з мужам»
Артыстка пачала спяваць яшчэ ва ўніверсітэце. Таксама была салісткай ВІА «Імпульс» у Палацы культуры. Пасля знаёмства з будучым мужам, які родам з Індыі, любоў да індыйскіх песень узмацнілася, артыстка стала вывучаць хіндзі, каб выконваць песні асэнсавана і брала ўрокі вакалу ў прафесійных педагогаў. Ужо тады часта ездзіла ў Індыю. Там пазнаёмілася з яе экзатычнай культурай.
Калі Святлана ўпершыню пачула сваю песню па радыё, была шчаслівая, таму што яе песні пачулі родныя беларусы:
— Хвалюючым было тое, што песня на індыйскай мове, і я не ведала, як успрымуць землякі экзотыку ў маім выкананні, — падкрэслівае Святлана. — Аднак музычныя рэдактары адзначылі цікавасць майго вакалу і бралі песні ў эфір. Я была вельмі шчаслівая, што мая работа знайшла водгук у сэрцы майго народа.
Вакалістка ўпэўнена, што кожны артыст мае права на сваю публіку і можа працаваць менавіта на яе:
— На мой погляд, у кожнага артыста і ў кожнай песні ёсць свая аўдыторыя, – тлумачыць вакалістка. – Песні з лягчэйшымі, немудрагелістымі тэкстамі папулярныя, магчыма, таму, што яны простыя і адлюстроўваюць настрой ці рытм часу. Але я пераканана, што даўгавечнасць і глыбіня песні складаецца ў яе сэнсе. Музыка павінна закранаць душу, выклікаць эмоцыі, прымушаць задумацца. Вядома, месца ёсць усяму, але мне бліжэй песні з гісторыяй, якія будуць актуальныя гадамі, а не проста стануць мімалётным трэндам.
Артыстка лічыць, што ў кожнага спевака ўсе яго песні любімыя. А візітнай карткай Святланы Агарвал з'яўляецца песня «Джымі ааджа», якую напісаў легенда індыйскага дыска Бапі Лахіры, з якім артыстцы пашчасціла пазнаёміцца і пасупрацоўнічаць у Індыі.
У вакалісткі склаліся цёплыя адносіны са многімі артыстамі беларускай эстрады — з заслужанай артысткай Беларусі Надзеяй Мікуліч, экс-вакалісткай ВІА «Верасы», з якой праводзілі сумесныя сольныя канцэрты па Беларусі, заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Саладухам і з іншымі выдатнымі артыстамі беларускай эстрады.
— У нашай сферы важна падтрымліваць адно аднаго і дзяліцца вопытам, — кажа Святлана. – Мы часта сустракаемся з калегамі на розных мерапрыемствах, абменьваемся думкамі і натхненнем.
«Галоўнае – падтрымка блізкіх»
Святлана знаходзіць час і на і сям’ю, і на кар’еру.
— Гэта, безумоўна, выклік, але для мяне галоўнае – баланс і падтрымка блізкіх, — тлумачыць артыстка. — Сям’я – мая крыніца натхнення і сілы, яна падтрымка і апора, а музыка – мой запал.
Спявачка упэўнена — сакрэт поспеху ў правільна расстаўленых прыярытэтах:
— Калі я з сям’ёй, я цалкам з імі, калі працую над запісам песні ці здымкамі кліпа, то таксама максімальна аддаю сябе працэсу, – распавядае Святлана.
Артыстку часта пазнаюць на вуліцы. Многія нават па голасе.
— Аднойчы зайшла ў аптэку, – успамінае вакалістка, – на мне была маска з-за пандэміі каронавірусу і зімовая шапка. Твару не было відаць зусім. Фармацэўт усміхнулася і кажа: «А я вас нядаўна бачыла па тэлевізары». Я тады вельмі здзівілася. А ў адным кафэ, куды зайшла выпіць кубак кавы, бармэн паставіў мае песні. І тут я зразумела, што «рассакрэчана».
Галоўны пасыл творчасці спявачкі – дзяляцца шчырымі пачуццямі і аб’ядноўваць людзей розных краін дзякуючы музыцы.
— Хачу, каб праз мае песні людзі маглі адчуць свае эмоцыі, задумацца пра важныя моманты ў жыцці, знайсці суцяшэнне ці матывацыю, – кажа Святлана.
«Усе мае песні пра каханне»
Спявачка заўсёды імкнецца да таго, каб яе кампазіцыі закраналі сэрцы кожнага, хто іх пачуе. Усе яе песні пра каханне. Кампазіцыі выдатныя, і гэта заслуга, як лічыць артыстка, не толькі яе. Святлана супрацоўнічае са шматлікімі таленавітымі кампазітарамі, кожны з якіх па-свойму ўнікальны і прыўносіць штосьці асаблівае ў творчасць эстраднай спявачкі.
— Мне пашанцавала працаваць з тымі, хто адчувае музыку гэтак жа глыбока, як і я, — прызнаецца артыстка, — і дапамагае ўвасобіць ідэі ў жыццё. Сярод іх як кампазітары з вялікім вопытам, так і маладыя таленавітыя аўтары, якія прыносяць свежыя модныя ідэі.
Адзін з апошніх сінглаў Святланы Агарвал — песня «Парфумер». Аўтар песні і рэжысёр кліпа Алеся Баярскіх. Галоўную мужчынскую ролю ў кліпе да песні адыграў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха. А не так даўно каманда спявачкі прэзентавала публіцы песню і кліп на індыйскай мове «Zubi Zubi». Тут ужо ў галоўнай мужчынскай ролі зняўся сапраўдны індыец Навін Колі.
«Мы можам ствараць сапраўдныя цуды!»
Пра сваю дабрачыннасць Святлана не вельмі любіць гаварыць. Лічыць, добрыя справы не патрабуюць агалоскі. Яна бярэ ўдзел у шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах: ездзіць з канцэртнай праграмай у дамы-інтэрнаты для інвалідаў і састарэлых. Штогод удзельнічае ў канцэртах да дня абароны дзяцей, і канцэрты для збору сродкаў на лячэнне цяжкахворых. Нядаўна артыстка наведала Мсціслаўскую спецшколу-інтэрнат у межах рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».
— Мы ўсе разумеем, як важна быць побач, калі патрэбна дапамога, — тлумачыць ваклістка. — І калі кожны зробіць крок насустрач, разам мы зможам ствараць сапраўдныя цуды. Для мяне важна, каб такія падзеі былі не проста «птушачкай», а сапраўдным святам, дзе гледачы адчуваюць сябе часткай чагосьці вялікага.
Такія выступленні для выканаўцы – заўсёды сумесь радасці і суму.
— Радасна, таму што бачыш, як музыка аб’ядноўвае ўсіх нас, як ва ўсіх загараюцца вочы. І сумна ад усведамлення, што ў многіх з іх, акрамя нас, нікога і няма, ні родных, ні блізкіх, – тлумачыць Святлана. – І такія мерапрыемствы – магчымасць пабыць у нашай агульнай сям’і і адчуць сябе не адзінокім.
Настасся Малашкевіч «Навагоднюю ноч адзначаю на працы, а Раство — дома»
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by