27.01.2020
27.01.2020

Сумная спадчына пластмасавага стагоддзя

logo
Здаровы лад жыцця
0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Які след на зямлі пакіне пасля сябе чалавек? У сучасным свеце гэтае філасофскае пытанне прымае ўсё больш вострае практычнае гучанне. Толькі за апошняе стагоддзе, з моманту вынаходніцтва пластыку і пачатку яго шырокага прымянення, чалавецтва «наслядзіла» так, што калі не зменшыць тэмп, зямлі пагражае фатальная экалагічная катастрофа.

Пластык. Мікрапластык. Пагроза для Зямлі.

Тэрмін жыцця пластмасы вылічваецца тысячагоддзямі. Таму ў нашых нашчадкаў з XXII стагоддзя (а то і пазней) ёсць усе шанцы стаць уладальнікамі багатай пластыкавай спадчыны сваіх прашчураў. Зрэшты, наўрад ці яны будуць нам за гэта ўдзячныя.

Пластык-забойца

Калі не скараціць аб'ёмы вытворчасці і спажывання палімераў, папярэджваюць вучоныя, не прыняць рашучых мераў па перапрацоўцы і другаснаму выкарыстанню пластмасы, пластыкавага смецця ў сусветным акіяне ўжо да 2050 года будзе больш за рыбу. Весткі пра знявечаныя целы або гібель марскіх насельнікаў, якія трапілі ў пластыкавы капкан, ледзь не штодня трапляюць у топы стужак навінаў.

Асаблівую трывогу выклікае забруджванне прэснай вады мікрачасцінкамі пластыку, чый памер не перавышае 5 міліметраў. Так, вынікі даследаванняў прэснай вады ў розных краінах свету паказалі, што больш чым у 80% пробаў утрымліваліся мікрачасцінкі пластыку. Самы высокі ўзровень забруджвання ў ЗША – 93%, затым ідуць Ліван і Індыя. З краінаў, якія ўзялі ўдзел у даследаваннях, у Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі ўзровень забруджанасці водаправоднай вады найбольш нізкі. Зрэшты, насамрэч нізкім яго назваць нельга – больш за 70%.

Пластык. Мікрапластык. Мікрачасцінкі ў бутыляванай вадзе.

Памеры палімерных часцінак бываюць настолькі малыя, што нават сучасныя сістэмы водазабеспячэння не заўсёды могуць эфектыўна адфільтроўваць усе забруджванні. Таму, напрыклад, бутыляваная вада не з'яўляецца безумоўна бяспечнай альтэрнатывай водаправоднай. Ва ўзорах з бутэлек вучоныя таксама знаходзілі шкодныя кампаненты.

Разам з тым, мікрачасцінкі пластыку здольныя паглынаць таксічныя хімічныя рэчывы, якія затым вызваляюцца ў кішэчніку жывёлаў, наносячы істотную, часам смяротную шкоду здароўю. Гэта таксама пацвярджаецца шматлікімі навуковымі даследаваннямі.

Акрамя сусветнага акіяна, разбуральнае дзеянне вечнага пластыку адчуваюць на сабе ўсе кампаненты навакольнага асяроддзя, флоры і фаўны. Праблема пластыкавага смецця ў поўнай меры датычыцца і нашай краіны.

Чысты след

Пластык. Мікрапластык. Альтэрнатыва – папяровая ўпакоўка.

16 студзеня 2020 года ўступіла ў сілу падпісанае трыма днямі раней «Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №7». Дакументам, у прыватнасці, зацверджаны план мерапрыемстваў паэтапнага зніжэння выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную на аснове паперы, кардону, шкла, біяраскладальных матэрыялаў. Гэты план быў падрыхтаваны і распрацаваны Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Ведамства таксама будзе сачыць за рэалізацыяй прадугледжаных планам мерапрыемстваў.

Пра значнасць для нашай краіны прынятага дакумента распавёў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Дзямко.

 
Вадзім Дзямко
Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі Мінпрыроды
Зараз у буйных аб'ектах гандлю ўжо прадугледжаныя альтэрнатыўныя варыянты замяшчэння аднаразовай упакоўкі на ўпакоўку, якая прадугледжвае неаднаразовае яе ўжыванне альбо другасную перапрацоўку. Як правіла, пераважная большасць палімернай упакоўкі ў Беларусі прыдатная для паўторнай перапрацоўкі. Але існуюць і віды складанакампанентнай упакоўкі, якая па шэрагу прычынаў не можа быць ўцягнутая ў грамадзянскі абарот у якасці другаснай сыравіны. Рэалізацыя плана мерапрыемстваў дасць магчымасць адысці ад складанакампанентнай упакоўкі і паступова замяніць яе на экалагічна бяспечную.

Пластык. Мікрапластык. Альтэрнатыва.

Усе мерапрыемствы плана ўмоўна можна падзяліць на 5 блокаў:

  • Вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай.
  • Навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных, эканамічна і экалагічна мэтазгодных тэхналогій атрымання бяспечнай упакоўкі, якая дазваляе захаваць якасныя характарыстыкі і тэрміны прыдатнасці прадукцыі.
  • Тэхнічнае рэгуляванне скарачэння імпарту і вытворчасці палімернай упакоўкі.
  • Удасканаленне сістэмы абыходжання з адыходамі, у тым ліку арганізацыя паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.
  • Інфармацыйна-асветніцкая праца. Прапаганда экалагічных мадэляў спажывання.
 
Вадзім Дзямко
Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі Мінпрыроды
З улікам таго, што розныя галіны эканомікі маюць розныя тэхнічныя магчымасці і вытворчыя магутнасці па пераходзе на выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, планам прадугледжаная распрацоўка галіновых комплексаў мерапрыемстваў па зніжэнні выкарыстання палімернай упакоўкі. Таксама плануецца разгледзець пытанне па ўвядзенні абмежаванняў на выкарыстанне палімернай тары аб'ёмам больш за 1 лiтр для разліву піва і слабаалкагольнай прадукцыі. Дарэчы, у Расіі з 2017 года ўжо дзейнічае абмежаванне на продаж піва і іншага алкаголю ў тары аб'ёмам больш за паўтара літра.

У гэтым кантэксце выкарыстанне шкляной тары бачыцца не толькі на парадак больш экалагічным, але і эканамічна мэтазгодным варыянтам у параўнанні з вытворчасцю і выкарыстаннем нятаннай нафтавай сыравіны (палімеры – вытворныя нафтапрадуктаў). Па словах Вадзіма Дзямко, у Беларусі дастаткова сыравіннай базы па вытворчасці як першаснага шкла, так і яго перапрацоўкі.

Акрамя таго, у краіне прынятая канцэпцыя па стварэнні аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адыходаў і палігонаў па іх захаванні.

 
Вадзім Дзямко
Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі Мінпрыроды
Плануецца стварэнне сістэмы міжрэгіянальных палігонаў – усяго 30 аб'ектаў. Яны будуць уключаць як палігоны для пахавання цвёрдых камунальных адыходаў, так і смеццеперапрацоўчыя заводы, пляцоўкі для кампаставання, г.зн. энергетычнага выкарыстання адыходаў.

Пластык. Мікрапластык. Палігон для ТБА.

Што тычыцца канкрэтных тэрмінаў, дык ужо з 1 студзеня 2021 года пачне дзейнічаць забарона на выкарыстанне пэўных відаў палімерных матэрыялаў у якасці ўпакоўкі. Якія канкрэтна палімеры трапяць у «чорны спіс», пакуль незразумела. Па словах эксперта, неабходна старанна прапрацаваць пытанне, каб улічыць усе нюансы не толькі экалагічнага характару. Але таксама ўлічыць эканамічны аспект, які мае істотнае значэнне для Беларусі. Тым не менш, у бліжэйшы час канкрэтны пералік забароненых да выкарыстання палімерных матэрыялаў будзе агучаны і знойдзе сваё адлюстраванне ў заканадаўчых актах.

 
Вадзім Дзямко
Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адыходамі Мінпрыроды
Па-за ўсялякім сумневам, тая праца, якая зараз актыўна праводзіцца, мае вельмі важнае значэнне і для Беларусі, і для ўсёй сусветнай супольнасці. Наша агульная мэта і задача – пакінуць зямлю чыстай для нашых дзяцей, захаваць разнастайнасць флоры і фаўны.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 26

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здаровы лад жыцця"