17.09.2018
17.09.2018

Светлы бок цёмнага шакаладу. Карысць улюбёнага ласунку

logo
Карысныя прадукты
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Хто першым вырашыў пакаштаваць плады какава-дрэва і калі гэта адбылося, назаўжды застанецца загадкай.

Але, несумненна, гэта стала адным з найвялікшых адкрыццяў у гастранамічнай гісторыі, якое дазволіла чалавецтву пазнаць дзівосны смак шакаладу і атрымаць ад яго не толькі задавальненне, але і карысць.

Ад племя майя да нашых дзён

Першыя згадкі пра шакалад зафіксаваны прыкладна з 300 г. н. э. і звязаны з цывілізацыяй майя, якая засяляла тэрыторыю Мезаамерыкі. Ацтэкі пасля заваявання імперыі майя «прысвоілі» і традыцыю спажывання какава-бабоў. Абедзве культуры лічылі шакалад святым і ўключалі яго ў цырымоніі прынашэння сваім багам.

Змешваючы растоўчаныя какава-бабы з халоднай вадой, ацтэкі дадавалі ў напой такія спецыі, як чылі і ваніль, і называлі яго «чакалатль» (што магчыма абазначала «горкая пенная вада»). Яны верылі, што напой напаўняе іх сілай і здароўем.

Але какава-бабы служылі не толькі ежай. Яны шырока выкарыстоўваліся ў якасці валюты. Ацтэкскі дакумент, датаваны 1500 г., абвяшчае, што індычка каштавала 100 какава-бабоў, а тамале (мезаамерыканская страва з кукурузнай мукі) можна было «набыць» усяго за 1 боб.

какава-бабы

У Еўропу шлях шакаладу адкрыў іспанскі канкістадор Эрнанда Картэс. У 1527 годзе ён прывёз у Іспанію і какава-бабы, і арыгінальны ацтэкскі рэцэпт прыгатавання «чакалатлю». Еўрапейцы хутка скемілі: калі дадаваць цукар, а ваду папярэдне награваць, напой атрымаецца найбольш смачны.

Праз нейкія там пару сотняў гадоў прамысловая рэвалюцыя назаўжды змяніла паданні пра шакалад. У 1828 г. галандскі прадпрымальнік Конрад Ёханэс ван Гутэн сканструяваў прэс, пры дапамозе якога з цёртых какава-бабоў навучыліся адціскаць какава-алей.

Яшчэ праз 20 гадоў англічанін Джозэф Фры на ўласнай кандытарскай фабрыцы выпусціў першую плітку горкага шакаладу, якім мы ведаем яго зараз. А да пачатку 1900-х гг. такія знакавыя ў «салодкай» прамысловасці людзі, як Рудольф Ліндт, Анры Нестле, Мілтан Хершы і іншыя, выраблялі ўжо тоны шакаладных цукерак і плітак.

Задавальненне есці шакалад

Цікавая не толькі гісторыя шакаладу. Чаму ж так мала людзей застаюцца абыякавымі да ласунка, у той час як большасці цяжка абмежавацца маленькім кавалачкам? Чалавек па сваёй прыродзе схільны да прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу і цукру, таму што яны забяспечваюць максімум энергіі.

Ідэальная тэмпература крышталізацыі какава-алею крыху ніжэй за тэмпературу цела, так што адчуванне растання шакаладу ў роце не падобна ні на што іншае. Зрэшты, некаторыя людзі параўноўваюць яго з задавальненнем ад добрага сэксу. Але акрамя гастранамічных пераваг мы можам проста любіць шакалад за тое, што ён падымае настрой і прымушае нас адчуваць сябе добра.

Гэта зусім не суб'ектыўныя ўражанні. Шматлікія даследаванні пацвярджаюць: шакалад сапраўды павышае настрой і здольны аказваць дабратворны ўплыў на здароўе.

Большасць даследаванняў засяроджваюцца на групе хімічных злучэнняў, вядомых як флаваноіды. Гэтыя злучэнні сустракаюцца ў многіх раслінах і прадуктах на расліннай аснове (напрыклад, гарбаце або натуральным вінаградным віне). Самая вядомая ўласцівасць флаваноідаў – іх антыаксідантнае дзеянне. Какава-бабы ўтрымліваюць шматлікія флаваноіды, але асноўная ўвага надаецца катэхінам, эпікатэхінам і флаванолам.

Даказана, што гэтыя хімічныя рэчывы зніжаюць рызыку развіцця дыябету, хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, інсульту, раку, а таксама паляпшаюць функцыю галаўнога мозгу і запавольваюць працэсы старэння.

Трэба заўважыць, што агрэсіўная апрацоўка какава-бабоў значна зніжае ўтрыманне карысных флаваноідаў у прадукце, а вялікі працэнт малака інгібіруе іх антыаксідантныя ўласцівасці. Каб атрымаць ад шакаладу максімальную карысць для здароўя, аддаваць перавагу варта ласунку з найбольш высокім утрыманнем какава-прадуктаў (ад 55% і вышэй), без дадаткаў і напаўняльнікаў. Але акрамя флаваноідаў правільны шакалад мае і іншыя добрыя якасці.

Карысць шакаладу

Шакалад – сапраўдны харчовы энергетык. Пажыўная каштоўнасць 100-грамовай пліткі перавышае 500 ккал. А гэта – на хвілінку! – чацвёртая частка сумарнай сутачнай патрэбы сярэднестатыстычнага чалавека. Каларыйнасць шакаладу можа вар'іравацца ў залежнасці ад колькасці какава-алею, цукру (або яго замяняльнікаў) і напаўняльнікаў, якія ўваходзяць у склад прадукту. Як правіла, 100 г шакаладу ўтрымліваюць прыкладна 35 г тлушчу, 50 г вугляводаў і крыху больш за 6 г бялку.

З-за высокай пажыўнай каштоўнасці, вялікай колькасці тлушчу і простых вугляводаў празмернае захапленне шакаладам небяспечнае наборам вагі.

Не варта падманвацца наконт шакаладу людзям з дыябетам, маўляў, там няма цукру, значыць і фігуры ён не пашкодзіць. Пры вытворчасці такой прысмакі замест цукру выкарыстоўваюць замяняльнік, але на каларыйнасць прадукту гэта практычна не ўплывае.

А вось ва ўмеранай колькасці (максімум да 40 г у дзень) правільны шакалад пойдзе толькі на карысць.

Напрыклад, у склад цёмнага і горкага шакаладу (чытай, какава-прадуктаў; чым вышэйшая іх доля ў плітцы, тым яна больш каштоўная) уваходзіць мноства мінералаў.

У прыватнасці, медзь і жалеза забяспечваюць нармальнае функцыянаванне сістэмы крывятварэння і ўдзельнічаюць у фарміраванні здаровых эрытрацытаў.

Марганец, нягледзячы на тое, што патрэбен арганізму ў нязначных колькасцях, незаменны ўдзельнік многіх працэсаў, у тым ліку ўтварэння злучальнай тканкі, умацавання касцяной сістэмы, нармалізацыі метабалізму.

Магній і зусім задзейнічаны прыкладна ў 300 розных хімічных рэакцыях у арганізме і стаіць на варце імунітэту, сэрца, сасудаў, мозгу і псіхікі.

Асобнай увагі патрабуюць два алкалоіды, якія ўваходзяць у склад горкага шакаладу, – кафеін і тэабрамін.

Кафеін як стымулятар вядомы больш, але і тэабрамін аказвае падобнае (хоць і больш мяккае) уздзеянне на арганізм.

Чым цямнейшы шакалад, чым вышэйшае ў ім утрыманне какава-прадуктаў, тым больш у складзе кафеіну і тэабраміну. Менавіта дзякуючы ім мы адчуваем прыліў сіл і бадзёрасці, сыходзяць стомленасць і дрымотнасць, павялічваецца працаздольнасць. Нездарма ўрачы рэкамендуюць за паўгадзіны да іспыту ці важнай дзелавой сустрэчы прывесці сябе ў тонус кавалачкам горкага шакаладу: ён палепшыць мазгавы кровазварот і павысіць канцэнтрацыю.

Таксама, па некаторых дадзеных, кафеін і тэабрамін маюць уласцівасці, якія дазваляюць паслабляць пэўныя гладкія мышцы, напрыклад у горле і лёгкіх. Таму нядзіўна, што долька горкага шакаладу цудоўным чынам супакойвае знясільваючы кашаль і палягчае дыханне.

Тым не менш не варта грэбаваць залатым правілам, што ўсё добра ў меру. Шмат шакаладу не значыць шмат карысці. Тыя ж кафеін і тэабрамін у вялікіх колькасцях могуць стаць прычынай галаўнога болю, пачашчанага сэрцабіцця, бяссоня, млоснасці. Акрамя таго, варта памятаць, што сам па сабе шакалад – задавальненне не для ўсіх. Ён адносіцца да высокаалергенных прадуктаў і ў людзей, схільных да алергіі, можа выклікаць непрадказальную рэакцыю.

Вы можаце любіць шакалад ці не любіць, есці яго толькі па святах або кожны дзень, мець пэўныя перавагі ў відах шакаладу і яго вытворцах або быць «усяедным» спажыўцом гэтых прысмакаў. Якімі б рознымі ні былі нашы густы і погляды на гэты прадукт, мы ўпэўненыя, у адным усе абсалютна аднадушныя: шакалад – гэта больш, чым проста ежа. Гэта частка нашай культуры.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Карысныя прадукты"