Гэта вельмі просты ў прыгатаванні торт, які можна спячы нават для святочнага стала. Начынне можна мяняць у залежнасці ад вашых пераваг.
Цікава, што ў дадзеным рэцэпце не трэба выкарыстоўваць разрыхляльнік і соду. Толькі муку, яйкі, цукар і невялікую дробку солі. Менавіта такія інгрэдыенты партрэбны для класічнага пышнага бісквіту, які атрымаецца ў кожнай гаспадыні, калі прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый.
Інгрэдыенты для цеста
Для бісквіту дыяметрам 18-19 см.
- Яйкі — 5 шт.
- Мука — 150 гр. (1 шклянка ёмістасцю 250 мл.)
- Цукар — 150 гр.
- Соль — 1 дробка
Інгрэдыенты для крэму
- Смятана 25% — 200 гр.
- Цукар — 2-3 ст. лыжкі
- Вішня без костачак — 200-300 гр. (па смаку)
- Для вішні пару лыжак каньяку (па жаданні)
Спосаб прыгатавання
Для бісквіту з 5 яек выдатна падыдзе форма дыяметрам 18-19 см. Калі ў вас форма больш, можаце ўзяць больш яек і павялічыць колькасць мукі і цукру ў такой прапорцыі: на кожнае буйнае яйка — 30 гр. цукру і 30 гр. мукі. Калі яйкі дробныя, можаце паменшыць колькасць цукру і мукі да 25 гр. на адно яйка.
Яйкі падзяліце на бялкі і жаўткі. Да бялкоў дадайце дробку солі і ўзбівайце да з'яўлення пены. Пачынайце з нізкіх абаротаў міксера і паступова павялічвайце іх.
Ёмістасць і венцы абавязкова павінны быць чыстымі і абястлушчанымі, у бялок не павінен патрапіць жаўток, нават кропля жаўтка ці тлушчу не дасць бялкам добра ўзбіцца.
Калі з'явіцца пена, паступова ўвядзіце цукар, увесь час узбіваючы бялкі.
Узбіваць 10-15 хвілін, да моцных пікаў.
Бялковая маса павінна вельмі добра трымаць форму. Калі перавярнуць ёмістасць са ўзбітымі бялкамі ўверх дном, яны павінны застацца на сваім месцы.
У гэты час уключыце разагравацца духоўку да 160 градусаў.
Па адным увядзіце жаўткі ў сумесь, працягваючы ўзбіваць бялковую масу. Увесь працэс зойме 2-3 хвіліны.
У атрыманую масу трэба прасеяць муку ў 3-4 падыходы, акуратна ўмешваючы яе лапаткай рухамі знізу і ўверх.
Абавязкова змешвайце лапаткай, бо, калі скарыстацца міксерам на этапе ўвядзення мукі, маса моцна асядзе і бісквіт не будзе такім пышным. Занадта доўга мяшаць не трэба. Чым менш змешваць масу, тым пышней будзе бісквіт. Змешвайце да таго моманту, калі ўся мука ўмяшаецца ў цеста.
Цеста перакласці ў форму, аўтар выкарыстоўвала сіліконавую. Дно формы можна заслаць пергаментам. Сценкі не трэба нічым змазваць і высцілаць. Лічыцца, што бісквітнае цеста пры выпечцы «чапляецца» за борцікі формы і лепш паднімаецца, а калі іх змазаць алеем або пакрыць пергаментам, цеста будзе проста саслізгваць.
Тры разы пастукаць формай аб стол, і павярнуць форму па крузе 3 разы, каб не было пустэч. Так узровень цеста па цэнтры будзе крыху ніжэй, а бліжэй да сцен — вышэй, і бісквіт будзе паднімацца больш раўнамерна.
Ставім форму ў разагрэтую духоўку, выпякаем пры 160 градусах 40-50 хвілін. Першыя 40 хвілін духоўку не трэба адчыняць зусім, інакш бісквіт можа апасці.
Гатоўнасць правярайце драўлянай шпажкай ці проста націсніце на бісквіт — ён павінен злёгку пружыніць. Гатоваму бісквіту даць астыць у форме хвілін 15.
Перавярніце бісквіт. Ніжняя яго паверхня стане ідэальным верхам для торта.
Бісквіт цалкам астудзіце на рашотцы, каб знізу была цыркуляцыя паветра і ён не стаў мокрым. Тым часам гатуем крэм і вішню.
Калі бісквіт астыне, трэба разрэзаць яго на дзве часткі.
Вішню без костачак кладзем у рондаль, дадаем пару лыжак цукру і трохі каньяку, варым пасля кіпення хвілін 5, вішня пусціць сок, якім будзем насычаць каржы.
Узбіваем смятану і пару лыжак цукру міксерам на працягу 5 -10 хвілін, каб смятана павялічылася ў аб'ёме і стала густой. Наш крэм гатовы.
Паліваем зверху частку бісквіту вішняй, не шкадуйце, каб прапітаць бісквіт цалкам.
Далей пакрываем смятанным крэмам і вішняй.
Накрываем каржом і паўтараем слаі: сок вішні на корж, крэм са смятаны і вішня.
Ставім у халадзільнік мінімум на 3-4 гадзіны, а лепш на ўсю ноч.
Раніцай атрымліваем асалоду. Смачна есці!
Торт «Мурашыная горка» і цукеркі з арэхамі. Пакрокавы рэцэпт
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by