«Штораз, калі я бачу, што мяне так любяць, мне здаецца, што гэта розыгрыш, – падзяліўся знакаміты грузінскі спявак Вахтанг Кікабідзэ на адкрыцці помніка свайму персанажу ў Мінску. – А калі разумею, што гэта праўда, мне робіцца так прыемна».
Помнік кінагерою вядомага фільма «Міміно» стаў першым у новым праекце «Алея Сяброўства». Услед за скульптурай, якая ўвасабляе грузінскую культуру, плануюцца і іншыя, што будуць сімвалам сяброўства з самымі рознымі народамі. Чакаецца, што праект дапаможа яшчэ больш умацаваць прыязныя міжнародныя сувязі паміж Беларуссю ды іншымі краінамі.
Арганізатары прызналіся, што Грузія была абраная ў якасці першапраходцы не выпадкова. Бо менавіта гэты народ славіцца сваёй шчырасцю, гасціннасцю і вельмі сур'ёзным стаўленнем да слова «сябар». Гэты той чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, падбадзёрыць і будзе побач.
На прэс-канферэнцыі з удзелам Вахтанга Кікабідзэ было шматлюдна. Кожнаму хацелася пагаварыць з легендай асабіста і задаць тое самае пытанне. Асаблівай тэмай для Вахтанга Канстанцінавіча ў гэты дзень, вядома, стала тэма сяброўства, кахання і вернасці.
Дарэчы, сам Вахтанг Кікабідзэ ужо больш за 50 гадоў жанаты на адной жанчыне. Многія дзесяцігоддзі захоўвае артыст і вернасць сваёй любімай справе.
Прырода, сябры, ежа і добрае віно
Спецыяльна для Слушна Валерый Кварацхелія, урач па адукацыі, падзяліўся сакрэтамі грузінскага даўгалецця.
– Слова «сяброўства» ў нашай культуры – не пусты гук. Мы ў Грузіі вельмі любім сябраваць і праводзім з сябрамі шмат часу. Калісьці нам казалі, што сяброў шмат не бывае. Дык вось зараз я лічу, што гэта няпраўда. Сяброў можа і павінна быць шмат! Ёсць нават даследаванне на тэму таго, што стасункі з сябрамі падаўжаюць жыццё. Тыя, хто бачыцца з імі менш за два разы на тыдзень, жывуць меней, чым аматары больш частых стасункаў з блізкімі людзьмі. Беларусы таксама вельмі прыязны народ! Сярод іншых фактараў грузінскага даўгалецця магу назваць добрую прыроду. Стасункі з ёй вельмі важныя для чалавека. Яшчэ – ужыванне натуральных прадуктаў харчавання, у тым ліку чырвонага сухога віна. У невялікіх дозах яно карыснае. Нават пасля кардыяхірургічных аперацый на наступную раніцу хворым даюць трохі грузінскага чырвонага віна.
... «Мае гады – маё багацце». Пераканацца ў дзейснасці грузінскіх сакрэтаў даўгалецця, у тым ліку і творчага, госці мерапрыемства маглі асабіста. Легендарны Вахтанг Кікабідзэ, якому ўжо 81 год, уразіў залу сваім непераўзыдзеным спевам. Моцны малады голас і ніякай фанаграмы!
Добрыя словы лечаць. Гэта даказаны факт. Асабліва прыемна, калі яны падмацаваныя дзеяннямі і гучаць у міжнародным маштабе. Бо сяброўства – паняцце, якое не мае межаў.
Фота – Аксана Жураўлёва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by