Народны каляндар
20 студзеня – Прывадохрышча, Малая Вясельніца і Зімовы дзень сагравання свету.
«Іван Прыцік узяў куццю да й уцік»…Такімі словамі нашыя продкі падкрэслівалі, што святы нарэшце заканчваюцца. Мы кажам – навагоднія, а даўней казалі – калядныя.
Падрыхтаваўшы тры куцці і паваражыўшы на бліжэйшы сельскагаспадарчы год, пакалядаваўшы, наведаўшы царкву на Вадохрышча, беларусы вярталіся да будзённых гаспадарчых спраў. Жанчыны зноўку маглі прасці, ткаць, вязаць ды вышываць. А незамужнія дзяўчаты пачыналі хвалявацца. Бо з гэтага дня надыходзіла Малая Вясельніца, калі ў хаты сватоў засылалі, а пасля і вяселлі гулялі.
А ўвогуле, 20 студзеня – Прывадохрышча (Лянівы дзень, Прысеча, Іван Хрысціцель). У некаторых мясцовасцях таксама яшчэ не працавалі, а святкавалі.
У традыцыях нашых продкаў было да сняданку папіць вады, асвечанай на Вадохрышча, каб здароўе цэлы год не падводзіла. А калі хтосьці хварэў, дык ёю ўмываўся. Хатнім жывёлам на Івана Прысечу давалі хлеб і соль альбо бліны. Верылі, што гэта дапаможа мець у далейшым добры прыплод.
Назіралі 20 студзеня і за надвор’ем. Так, калі ішоў снег, дык лічылася, што ісці яму ажно да Масленіцы. А калі надвор’е было ясным, лета чакалася гарачае і сухое.
А яшчэ сёння ўважліва назірайце, ці не прабяжыць міма якая жывёліна, ці не праляціць птушка. Бо лічылася, што пабачыць у гэты дзень мышку – да хуткага папаўнення ў сямействе, а згледзець лебедзя ці дзікага гуся – да выканання жадання.
Гэта што тычыцца даўнейшых народных прыкметаў. А вяртаючыся ў сучаснасць… Хтосьці калісьці прызначыў дзень 20 студзеня… Зімовым днём сагравання свету! Вось так!
Так што грэем сёння старанна ўсё і ўсіх вакол сябе! Цеплынёй душы і сэрца, прамяністымі агеньчыкамі з вачэй, добрым словам, добрай справай, дабрачыннасцю… Дабром і дабрынёй!
Магчыма, нам пашчасціць сёння пагрэцца ў промнях сонца. Бо яго ў прагнозах надвор’я – абяцалі. Калі і не на вуліцы пагрэцца, дзе мароз павінен паменшыцца напалову, дык хаця б за шклом. І калі гэта вокны ПВХ, а ваш працоўны кабінет альбо любімы пакой знаходзяцца з сонечнага боку, дык прыемныя адчуванні гарантаваныя! А там можна і астатніх ужо сагрэць...
Як вядома, на полымя можна глядзець бясконца, і ніколі не надакучыць. І гэта сапраўды так. Асабіста я вельмі люблю жывы агонь, у печцы альбо каміне… Вогнішча таксама падыходзіць… Ад яго сапраўды саграваешся не толькі целам, але і душой.
Саграваць жа іншых – нашмат складаней. Не ў кожнага гэта атрымаецца. Не кожны на гэта здольны. І нават калі хтосьці корміць бадзяжных катоў альбо сабак, гэта не значыць, ён такі ж міласэрны да людзей. Чаму? Бо жывёлаў шкадаваць лягчэй. Вы згодныя?!
… Ужо колькі месяцаў бачу на прыступках аднаго з выхадаў станцыі метро «Магілёўская» чалавека без пэўнага месца жыхарства. У яго таблічка з просьбай аб дапамозе… Старэнькі радыёпрыемнік, яшчэ такія-сякія рэчы. Побач найчасцей кладуць ежу, грошай даюць меней.
Апошні раз бачыла яго там якраз перад вялікімі марозамі. Часцяком ён проста ляжыць на стылых прыступках. І я нават не магу сабе ўявіць, што магло здарыцца з чалавекам, каб ён апынуўся ў такім становішчы...
І няўжо якая-небудзь дабрачынная арганізацыя не ў сілах яму дапамагчы?! Бо што могуць асобныя людзі? Толькі разава падтрымаць. А ці дастаткова гэтага? Не, вядома ж… Сумна…
А мне ў сувязі з гэтым прыгадваюцца словы слыннага драматурга Аляксея Дударава: «Зямля халодная, і неба халоднае, космас яшчэ халаднейшы... Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі... Душамі сваімі сагрэлі! І зямлю, і неба, і адзін аднаго...»
Вядома ж, вакол заўсёды хапае тых, каму патрэбныя нашыя ўвага, спагада, дабрыня і цеплыня. Не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных справах. І сёння – самы час задумацца пра тое, каго мы можам сагрэць. Бо дзень такі… незвычайны… Зімовы дзень сагравання свету… Грэеемся і грэем!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by