25.01.2021
25.01.2021

Таццяны, з імянінамі! Студэнты, з вашым днём!

logo
Думкі ўслых
0 96
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З таго часу, як былі заснаваныя-прыдуманыя гэтыя святы, так шмат усяго змянілася… І сёння вельмі многія могуць сказаць: маўляў, святы – не нашыя. Ды хіба ў тым справа, чые яны?! Гэта адметныя дні, якія аб’ядноўваюць многіх і многіх. І хіба гэта дрэнна?! Павіншаваць знаёмую Таццяну ці Таццян з імянінамі, зрабіць падарунак, няхай сабе і віртуальны, у сацыяльнай сетцы, даслаць кветкі ў месэнджары… А ў каго ёсць такая магчымасць ды жаданне – у рэале… Складана?! Зусім не…

Таццянін дзень. Падарункі, кветкі, віншаванні.

Цікавую інфармацыю таксама пабачыла. Толькі не ведаю, гэта жартам ці ўсур’ёз?! Маўляў, Таццянаў у Таццянін дзень асыпаюць не толькі падарункамі, але і… снегам! Сцеражыцеся, Таццяны! Снег за каўнер – гэта ух! 🙂

Сёння таксама варта павітаць знаёмых студэнтаў альбо прыгадаць сваё студэнцкае мінулае… Бо хто сказаў, што Дзень студэнтаў павінен адзначацца, як дзень народзінаў, – раз на год?! Для студэнтаў – чым больш, тым лепш! 🙂 Смешашкі смешачкамі, але штосьці ў гэтым ёсць… Зярнятка дабрыні, увага да іншага – дык абавязкова…

Пра гісторыю ўзнікнення Таццянінага дня ў розных яе варыяцыях, думаю, няма сэнсу ўзгадваць?! Давайце лепей звернемся бліжэй да народнага складніка. І найперш – да назіранняў за надвор’ем.

Таццянін дзень. Прыкметы надвор'я.

Нашыя продкі прыкмячалі: «Калі ў гэты дзень сонечна – рана прыляцяць птушкі ўвесну». Та-а-а-к, што нам на сёння абяцае прагноз надвор’я? Нуль-плюс 2, суцэльную воблачнасць ды туман. І зверху – аранжавы ўзровень! З-за туману. Але раптам сонца і выблісне?! А тады і засвеціць?! Назіраем!

Наступная прыкмета з даўніны: «Снегапад на Таццяну – дажджлівае лета». Што бачым мы ў прагнозе?! Доо-о-о-о-оождж!!! Ну, пацерпім. Не трэба нам дажджлівага лета. Але і засушліваму не ўзрадуемся. І калі ўжо прырода знойдзе сабе залатую сярэдзіну?!

«На Таццяну марозна ды ясна – да ўраджаю». Ну не выясніцца ў нас. Дык што ж – не вырошчаць нічога?! А мы прыкмету паа-а-а-адманем! 🙂 І ўраджай – вырасцім! Праўда?! Нам без ураджаю – ніяк. Мы прывыклі спажываць карыснае для здароўя, экалагічна чыстае, без усялякай хіміі…

Таццянін дзень. Надзеі на ўраджай.

А яшчэ па сённяшнім дні меркавалі, якое надвор’е будзе ў снежні. У сэнсе, якое 25 студзеня – такое і ў снежні. Не-не-не, мы так не дамаўляліся! Чаму такой прыкметай было не скарыстацца, калі мы мелі «мароз і сонца – дзень цудоўны»?! А зрэшты, вядома ж, пажывем – пабачым. Снежань – ён жа яшчэ не хутка…

Думаю, многія дзяўчаты і жанчыны былі б не супраць мець такі свой дзень, каб пра яго ведалі літаральна ўсе. Але ж… Хаця ёсць, ёсць у народных святкаваннях і іншыя жаночыя дні… Аксіння, Агата, Алена, Арына… Ды і мужчыны таксама не забытыя… Юр’я, Язэп, Мікола, Зміцер… Сочым за календаром і нашымі публікацыямі!

А вы былі студэнтам (студэнткай)?! Вучыліся на стацыянары, на вячэрнім ці завочным аддзяленнях?! На стацыянары яно, вядома ж, весялей… Але і іншыя формы навучання нічым не горшыя. Усё роўна ж – студэнты. Той, хто свядома паступаў, каб атрымаць веды, можа і самастойна іх здабываць.

Таццянін дзень. Свята студэнтаў.

Для кагосьці пара студэнцтва засталася ў мінулым. Хтосьці і зараз вучыцца. А хтосьці – толькі рыхтуецца стаць студэнтам… Справа патрэбная. Веды ж за плячыма не насіць…

А ў вас шмат знаёмых Таццянаў?! Я паспрабавала палічыць тых, хто ў рэале, тады дадала з трох сацыяльных сетак і месэнджара… На трэцім дзясятку збілася з ліку! 🙂 Спадзяюся, што нікога сёння не згублю, усіх павіншую.

Што тычыцца нашага калектыву… Напачатку Таццянаў было чатыры. Затым засталося дзве. Зараз стала тры… Я нікога не забылася?!

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік» Таццяна Сівец, спецыяліст па пошукавым прасоўванні сайта Таццяна Марозава, фотакарэспандэнт Таццяна Сталярова… З імянінамі вас, шаноўныя! З Таццяніным днём! Няхай шчасціць!

Таццянін дзень. Кветкі.

З прыгожым святам усіх нашых чытачак, якіх завуць Таццяна! Асобна хачу павіншаваць адну са сваіх самых адданых – Таццяну Шчарбакову з Мінска. Танюш, дзякуй табе за заўсёдную цікавасць да «Думак услых», за адмысловыя каментары! Вельмі прыемна іх чытаць. Гэта так сагравае…

Здароўя ўсім нашым Таццянам, шчасця, кахання, дабрабыту! А яшчэ – пабольш падарункаў і кветак. І не толькі ў Таццянін дзень…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 96

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".