03.11.2019
03.11.2019

Тэатр псіхатэрапіі. Крылы – ад «Лютэі»

logo
Здароўе дарослых
0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Псіхалагічнаму тэатру «Лютэя» (Любоў, Тэатр, Я) споўнілася 25 гадоў. Пра гэты незвычайны калектыў мы ўжо распавядалі на сайце Слушна.

Тэма псіхалагічнай дапамогі праз тэатральныя пастаноўкі выклікала непадробную цікавасць у наведвальнікаў, і наш карэспандэнт зноў сустрэлася з яе кіраўніком, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам па спецыяльнасці «Псіхалогія», прафесарам кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Наталляй Раманчык, якая распавяла пра сакрэты творчага даўгалецця гэтага ўнікальнага калектыву, пра новыя работы «Лютэі» і пра тое, як яны лечаць душы людзей.

Тэатр «Лютэя»

Кіраўник псіхалагічнага тэатра «Лютэя» Наталляй Раманчык, кандыдат педагагічных навук, дацэнт па спецыяльнасці «Псіхалогія», прафесар кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы

Наталля Віктараўна, дзіўна, што аматарскі калектыў жыве так доўга і шчасліва. У чым сакрэт творчага даўгалецця «Лютэі»?

Як я вам ужо распавядала раней, спачатку гэта была проста спроба маіх студэнтаў, у якіх я выкладала ў педагагічным універсітэце, не развітвацца. Усім ім не хапала прафесійных стасункаў і настаўніка. Хацелася дапамагчы ім набыць прафесійныя псіхалагічныя навыкі, навыкі ў галіне сацыяльнай педагогікі, – навучыць усяму таму, што выходзіла за межы праграмы, паглядзець, як тэорыя працуе на практыцы.

За гады жыцця мне давялося прайсці шмат адукацыйных прыступак. Яшчэ ў 3-гадовым узросце ў мяне была кардонная скрынка-сцэна, дзе «ігралі» лялькі з пластыліну. У 1-м класе я ўпершыню выйшла на сцэну як акцёр і музыка. Потым – Мінскае вучылішча мастацтваў, дзе я атрымала спецыялізацыю «кіраўнік аркестра». І яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце – педагогіка і методыка выхаваўчай работы, псіхалогія сямейнага жыцця; перападрыхтоўка па спецыяльнасці «практычная псіхалогія». Потым перападрыхтоўка па спецыяльнасці «менэджмент у сферы адукацыі». Летась я скончыла Еўрапейскі інстытут псіхадрамы па спецыяльнасці «псіхадрама-тэрапеўт».

Калектыў псіхалагічнага тэатра «Лютэя»

Як шмат акцёраў у «Лютэі» і ці ёсць сярод іх тыя самыя першыя вашы студэнты?

Першы састаў быў самым шматлікім: паўгода нас было 33 чалавекі. Потым група структуравалася: 16 – аптымальная колькасць для пастаноўкі. Больш за 10 чалавек з першага складу іграюць у тэатры і сёння. Гэта Лора Галіцкая, Андрэй Салавей, Слава Ляскоўскі, Сяргей Завадскі, Алёна Пыка, Алена Дацэнка ды іншыя. Гэта амаль палова трупы нашага пастаяннага складу, людзі, якія ўвесь час з намі, што дастаткова шмат для творчага калектыву, які ўсе гэтыя гады нікім не фінансуецца.

Што дае вам сілы і жаданне не сыходзіць са сцэны?

Пачуццё маральнага задавальнення ад разумення таго, што ты рэальна дапамагаеш тым людзям, якія прыйшлі ў тэатр па псіхалагічную падтрымку. Шчасце, калі ты разумееш, што ты дапамагаеш людзям быць здаровымі і шчаслівымі. Заўважаеш радасць у патухлых вачах. Бачыш, як змяняецца ў лепшы бок іх лёс, якасць іх жыцця.

Праца з гледачом выбудаваная тэрапеўтычнай групай, як адзіным калектыўным псіхолагам. Таму спачатку трэба было дапамагчы акцёрам вырашыць свае праблемы, навучыцца быць шчаслівымі і больш паспяховымі, а яны, у сваю чаргу, дапамогуць тым, хто прыходзіць на спектакль. Часам здараецца, што людзі з глядзельнай залы прыходзяць да нас у тэатр у якасці ўдзельнікаў. Такім чынам прыйшлі да нас Вольга Кірвель, Алёна Дзікавіцкая. Яны ўвайшлі ў трупу і разам з намі ўжо пяты год.

Адна з вашых апошніх работ – «Крылы для анёла». Пра што яна і як у гэтым спектаклі вы лекуеце душы вашых гледачоў?

У нас не бывае аднолькавых спектакляў. Гэтая работа з'явілася амаль тры гады таму, але штогод мы штосьці дадавалі, абнаўлялі. І штораз спектаклі былі не падобныя на папярэднія. Тэма гэтага – адказ на пытанне, як прайсці праз жыццёвы крызіс. Спачатку мы распрацоўвалі тэму менавіта крызісу сярэдняга ўзросту, а потым тэматыку пашырылі. Пазначылі абагульненую схему самога крызісу, каб вызначыць шляхі выхаду з такога стану. Спектакль пра тое, якія магчымасці дадзеныя чалавеку, каб іх пераадольваць. Пра пошук унутранай сілы волі, упэўненасці, натхнення і творчасці.

Спектакль дапамагае зазірнуць унутр уласнай душы і сустрэцца са сваім Унутраным Дзіцем, той часткай сябе, якая дадзеная нам пры нараджэнні, якая заўсёды памятае, для чаго мы прыходзім у гэтае жыццё.

Спектакль дае магчымасць здабыць свабоду ад страху і нявер'я, адпусціць крыўду і віну, пераадолець зайздрасць, прагнасць і ганарыстасць. Вучыць дзякаваць за пражыты вопыт, прымаць і дараваць. Звяртае да тэмаў сэнсу жыцця і свайго прызначэння, веры ў сябе і свае сілы.

Спектакль «Крылы для анёла» – Псіхалагічны тэатр «Лютэя»

У спектаклі вялікую ролю адыгрывае музыка. Яе напісаў удзельнік нашага тэатра, малады кампазітар Данііл Кулікоўскіх.

Мабыць, важна і тое, што тут вельмі дакладна выбудаванае дзейства на навуковай аснове...

Безумоўна. Метадалагічна гэта вельмі складаная і карпатлівая праца, дзе навукова абгрунтаваны кожны тэкст, гук, колер і сімвал. Улічваецца велізарная колькасць самых дробных дэталяў. Кожны новы паказ для нас заўсёды як новы спектакль, паколькі мы ўлічваем запыты і праблематыку людзей, якія прыйшлі менавіта на гэты спектакль.

Мы загадзя фарміруем глядацкую аўдыторыю, бо колькасць гледачоў заўсёды абмежаваная спецыфікай методыкі псіхалагічнага тэатра, якая прадугледжвае не больш за 30 чалавек на адным паказе. Наша праца разлічаная на псіхічна здаровых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Многія вашы спектаклі сталі нараджэннем доўгачасовых запатрабаваных праектаў. Нядаўняя псіхалагічная праца «Лютэі» таксама звязаная з нараджэннем чарговага праекта?

Гэта спектакль-адкрыццё. Мы назвалі яго «Status nascendi, або Сустрэчы з унутраным дзіцем». У спектаклі дзевяць эпізодаў. У кожным з іх распрацоўваецца свая тэма. Яны розныя. Развод бацькоў, гвалт над дзецьмі, трансгенерацыйныя траўмы, тэма дзіцячых страхаў, тэма ненароджаных дзяцей, тэма мацярынства. Кожны эпізод, у сваю чаргу, складаецца з трох частак. У першай паказваем, як чалавек жыве цяпер, у сучаснасці, вызначае «Status nascendi» – час і месца нараджэння дэструктыўнай ролі. У другой частцы праца ў сверхрэальнасці, дзе нараджаецца новая роля. У трэцім эпізодзе акцёр спрабуе сябе ў новай ролі.

«Status nascendi, або Сустрэчы з унутраным дзіцем». – Псіхалагічны тэатр «Лютэя»

У чым унікальнасць гэтай работы?

Спектакль зусім не падобны да іншых, яго паставілі па ўласных тэрапеўтычных гісторыях. Год ішла падрыхтоўка. Мы выявілі найбольш вострыя тэмы, каб увасобіць іх на тэатральнай сцэне. Эпізоды – міні-спектаклі – атрымаліся вельмі кранальнымі. Гледачы выходзілі на сцэну, дапамагаючы акцёрам. У апошнім эпізодзе адбываецца цуд нараджэння.

Гледачы разумеюць, што яны не адзінокія і не ўнікальныя ў сваёй бядзе. Менавіта тут, на сцэне, яны атрымліваюць крылы, якія дапамагаюць ім жыць.

Фота з асабістага архіву Наталлі Раманчык.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 26

Журналіст
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"