Тварожная запяканка — выдатная страва для тых людзей, якія не любяць ужываць тварог у чыстым выглядзе. Падчас цеплавой апрацоўкі ён
не губляе сваіх карысных уласцівасцяў і лёгка засвойваецца арганізмам. У запяканцы захоўваюцца практычна ўсе карысныя рэчывы і вітаміны, якія змяшчаюцца ў тварагу.
Існуе шмат рэцэптаў тварожнай запяканкі, каларыйнасць якой залежыць ад інгрэдыентаў. Класічная запяканка складаецца з тварагу, смятаны, яек і цукру. Некаторыя людзі дадаюць у запяканку муку ці манку.
Блогер Святлана Карнінцкая прапаноўвае нам свой рэцэпт тварожнай запяканкі з ягадамі, якая гатуецца хутка, а на смак насычаная і выдатна падойдзе да дэсерту.
— Можна выкарыстоўваць замарожаныя ягады: парэчкі, чарніцы, дурніцы, маліну, трускаўку, а можна і свежыя ягады, усё на ваш густ, — тлумачыць блогер. — Я выкарыстоўвала замарожаныя дурніцы. Атрымалася незвычайна.
Інгрэдыенты
- Тварог — 450 - 550 г.
- Яйкі — 2 шт.
- Цукар — 100 - 120 г.
- Соль — 0,5 ч. л.
- Манка — 5 ст. л.
- Пшанічная мука — 5 ст. л.
Інгрэдыенты для начыння
- Замарожаныя ягады (парэчка, чарніца, дурніца, маліна, трускаўка)
- Цукар — на смак
- Крухмал
Спосаб прыгатавання
Ягады перабраць, прамыць, выкласці на папяровыя ручнікі, каб з іх сышла вада.
Падрыхтоўка цеста. У вялікую міску ці чару блэндэра дадаем 450-500 г тварагу, 100-120 г цукру, 0,5 г л солі.
Дадаем 2 яйка і змешваем усё блэндэрам да вадкай аднастайнай кансістэнцыі.
Відэльцам не атрымаецца аднастайна, трэба блэндэрам. Калі ў вас няма блэндэра, можна выкарыстаць міксер ці электравенчык. У такім разе крупічасты тварог лепш папярэдне працерці праз сіта або друшляк з дробнымі адтулінамі.
Аўтар выкарыстоўвала тварог хатні.
Узбіваем у аднастайную масу.
Дадаём манную крупу. Узбіваем блэндэрам да аднастайнасці.
Дадаем 5 ст.л. пшанічнай мукі. Узбіваем блэндэрам секунд 30, затым ужо размешваем лыжкай. Цеста павінна атрымацца густое, не вадкае, а цягучае. Калі ў вас атрымалася вадкае, як на шарлотку, неабходна дадаць яшчэ мукі.
У аўтара была сіліконавая форма, але можна выкарыстоўваць форму для кексаў, альбо шкляную форму. Пажадана не вельмі шырокую і вялікую. Змазваем форму тонкім пластом расліннага алею, прысыпаем дно манкай.
Выкладаем прыкладна палову масы ў сіліконавую форму. На фота вы бачыце кансістэнцыю цеста, яно густое.
Далей мы пасыпаем нашы ягады крухмалам. І дадаем іх на тварожны пласт. Зверху крыху пасыпаем цукрам, асабліва калі ягада з кіслінкай, але гэта таксама па гусце.
Кладзём на ягады пакінуты тварог. Неабходна яго разраўнаваць зверху лыжкай.
Адпраўляем у загадзя разагрэтую духоўку на 40-45 хвілін.
Калі верх падрумяніцца раней, чым запяканка будзе гатовая, то можна накрыць праз 20 хвілін яе фальгой, не раней.
Калі запяканка прыгатуецца, дастаем яе з духоўкі і даем ёй цалкам астыць. У гарачым выглядзе не варта яе рэзаць і выкладваць, каб яна не паламалася.
Падаваць можна са смятанай, ягадамі, згушчонкай, цукровай пудрай.
Смачна есці
https://bel.24health.by/tvarozhnaya-vypechka-top-8-prostyx-receptau/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by