…Адзін, два, тры, чатыры, пяць… Дваццаць! Гэта цяпер абавязковы працэс падліку падчас мыцця рук. Бо ўсе спецыялісты ў адзін голас раяць: мыць рукі з мылам трэба часцей і на працягу не меней чым 20 секунд. І нічога не перабор! І не цяжка. І чамусьці адразу сталася такім звыклым…
А вось не кратаць твар рукамі падчас і пасля паездак у транспарце ніяк не адвучуся! У пальчатках (вязаных) сядзець у метро на працягу амаль паўгадзіны – горача. Ну, гэта каб за поручні ў іх брацца і дзверы на ўваходзе і выхадзе ў падземку прытрымліваць не голымі рукамі. І даставаць у іх праязны – ніяк… Каб у аўтобусе прыкласці да валідатара і не брацца за поручань рукамі без пальчатак. Цуды «эквілібрыстыкі» патрэбныя! 🙂
Шмат навінаў стараюся не чытаць у сеціве. Толькі тое, што трэба для працы. Плюс бачу шмат абсалютна палярных. Адны – не, панікаваць не трэба, іншыя – што пара ўжо… Колькасць чалавек, якія памерлі ад CоViD-19, штодня агучваецца на парталах. Кітай, Італія… І тут жа даюцца працэнты. Маўляў, не перавышае смяротнасць ад звычайнага грыпу.
Я ўсё разумею. Паміраюць ад розных хваробаў. Штодня, штохвілінна. Але… Я не магу спакойна прымаць усе гэтыя працэнты! Альбо лічбы, дзе дзясяткі і сотні. За кожнай лічбай «1» – АДНО ЧАЛАВЕЧАЕ ЖЫЦЦЁ! Гэта чыйсьці родны чалавек! Як можна лічыць яго сотай альбо тысячнай доляй безаблічнага працэнта?! Калі для кожнай асобнай сям’і – гэта страшэнная страта?!
Ці страшна мне зараз? А ведаеце, так. Не скажу, што жыву ў пастаянным страху. Але ў галаве перыядычна штосьці такое праскоквае. А ўлічваючы, што мне штодня трэба дабірацца на трох відах транспарту да працы ў Мінск і на такой жа колькасці – дадому… Ніякава мне. Шчыра кажу. Хаця…
Памятаеце пра цагліну?! Маўляў, чалавек не ездзіў ні ў якія вандроўкі, нідзе не быў… Так ужо сцярогся! Выйшаў у краму, а яму проста на галаву звалілася цагліна. Як кажуць, што ўжо ў Кнізе лёсаў напісана… Не, я не фаталіст. Але… Сапраўды, у гэтым жыцці можа быць усё.
Таксама прачытала, што маскі здаровым у гэтай сітуацыі не патрэбныя. Зрэшты, і не збіралася набываць. Бо зусім не ўмею праз маску дыхаць. І гэта праблема. Бо доследным шляхам высветлілася, што мой нос чуйна рэагуе на пэўныя віды пылу. Напрыклад, калі пачышчу пыласос, затым дні тры з закладзеным носам і чханнем. Таму чышчу толькі ў масцы і хутка-хутка! А затым хапаю ротам паветра, як рыба, выкінутая на бераг. А насіць маску некалькі гадзін?! Нее-е-е-е-е-е, не маё!
Дарэчы, у метро бачыла за мінулы тыдзень толькі адну дзяўчыну ў масцы. Было гэта раніцай на станцыі метро «Магілёўская». І ўсё. Магчыма, у панядзелак я здзіўлюся ў гэтым плане… Бо столькі тысяч масак у аптэках параскупалі…
Зрэшты, у інтэрнэце ўжо столькі заменаў ім, класічным, прапаноўваюць! А вось на фота ў замежжы я назіраю зусім не такія маскі. Там быццам з рэспіратарамі?! А ў сеціве і з коцікамі, і ледзьве не працівагазы… І яшчэ шмат-шмат чаго!
Але ўразіла мяне да глыбіні душы, як зрабіць сваімі рукамі маску з, прабачце, жаночага станіка, яго часткі! J З’явілася ў стужцы ў адной з сацыяльных сетак відэа накшталт «Бяры і рабі». Хвілін 5 смяялася! 🙂
А смех, як пісалі ўжо і на нашым інфармацыйным партале, рэальна лечыць! Так што пабольш бы нам якіх вясёлых сітуацый, хаця б па некалькі разоў на дні…
Хаця, як спецыяльна, сітуацыі цяпер адваротныя надорваюцца. Пару дзён таму вярталася дадому з Мінска ў маршрутцы. На гэты час яна часцяком паўпустая. Месцаў хапае. Але адзін хлопец, які замовіў паездку да Заполля (па дарозе непадалёк ад Смілавічаў вёска знаходзіцца, узбоч шашы), сеў побач са мной. І з паловы дарогі як пачаў кашляць!
Ну што сказаць… Пазірала я на яго даволі злосна. Толькі яму тыя позіркі… Кашляе сабе – ды і ўсё. Ну перасеў бы назад на вольныя месцы. Дык не! Я ўжо адвярнулася, прыкрыла нос капюшонам… М-да…
Што ўжо казаць пра сітуацыю, якую днямі апісаў Анлайнер. Яна склалася ў адной з вёсак Чэрвеньшчыны. Маёй роднай. Вёска Клінок. Там я жыла да 9 гадоў.
Дык вось у аграсядзібе там пасялілі 15 кітайцаў. Пасля каранціну ўжо, заўважце! Але мясцовыя пішуць лісты і патрабуюць іх адтуль прыбраць. Інакш… Во гэтае інакш і пужае… І такое ўяўленне, што слова «кітаец» у нас ператвараецца ўжо ў дыягназ. Сумна.
Як яно далей будзе развівацца – невядома. Пажывем – пабачым. Але дужа не хацелася б, каб каранавірус пасяліўся ў галаве надоўга. Бо столькі спраў, столькі падзей іншых вакол!
І ўвогуле… Сёння, як я зазначала ўжо напачатку, – першы каляндарны дзень вясны, Масленіца і Даравальная нядзеля, калі ўсе традыцыйна просяць адно ў аднаго прабачэння. Нават калі, на першы погляд, і няма за што.
Таму каранавірус няхай усё ж абыходзіць нас бокам! Хаця б па магчымасці! Усіх – са святам! І… Даруйце мне! 🙂 І я ўсім дарую.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by