Каханне — моцнае пачуццё ўласцівае чалавеку, літаральна ўсе рэлігіі свету трактуюць каханне, як пачуццё боскае. І, натуральна, у беларускага народа ёсць старадаўнія ўяўленні пра характар гэтага пачуцця, якія захаваліся ў вераваннях ды абрадах і нават — у камянях.
Сакральныя аб’екты
У першую чаргу гэта сакралізаваныя валуны. Некаторыя з іх нават маюць назву «Камень Кахання». Такія назвы атрымалі камяні, якія з’яўляюцца найбольш частым месцам паломніцтва маладых і закаханых. Каля такіх валуноў прызначаюцца спатканні нават у нашыя дні.
Паблізу Мінска, паміж вёскамі Крыжоўка і Малая Валоўшчына, каля лясной дарогі, за 0,3 км ад брамы садовага таварыства «Экран», ляжыць вялізны Камень Кахання. У старажытныя часы гэты валун меў культавае значэнне, якое з цягам часу трывала замацавалася ў народзе.
Лічыцца, што гэты камень дапамагае ўз’яднацца са сваёй другой палавінкай. Для гэтага трэба з добрымі думкамі дакрануцца да каменя, пажадаць яму дабра і толькі потым папрасіць аб патаемным…
Яшчэ адзін «Камень Кахання» ляжыць каля вёскі Доўжа Віцебскага раёна, ва ўрочышчы Баравінка, на правым беразе ракі Храпаўлянка. Паводле падання, некалі ў вёсцы жыла надзвычайнай прыгажосці дзяўчына. Каля каменя яна сустракалася з кавалём Сасноўскім. Аднойчы нейкі пан ўбачыў прагажуню і пасватаўся да яе. Бацькі дзяўчыны далі згоду, але закаханыя працягвалі сустракацца. Пан даведаўся пра гэтыя сустрэчы і загадаў забіць маладых, а іх целы кінуць у возера, з якога выцякала рака Храпаўлянка. Панскія служкі здзейснілі злачынства каля каменя і, як распавядалі, валун у тую ноч стаў чырвоным ад крыві, бо пан прыняў на сябе грэх забойства не толькі закаханых, але яшчэ і ненароджанага дзіцяці пары.
У памяць Марылі і Марыны
Недалёка ад сямейнага комплексу Путкамераў, у парку Гаёк каля вёскі Больценікі Воранаўскага раёна на Гродзеншчыне, ёсць невялікі валун з высечаным крыжам, яго называюць Камень Кахання ці Камень Марылі. Гаворка ідзе пра Марылю Верашчака, каханую дзяўчыну паэта Адама Міцкевіча. Як вядома, яна была заручана з Ваўжынцам Путкамерам, уладальнікам сядзібы. Закаханыя хадзілі на кароткія спатканні ў гай поруч з каменем. На адным баку вялізнага каменя выбіты крыж. Ёсць дзве версіі яго з'яўлення. Па першай, Марыля загадала выбіць крыж як сімвал сваёй тугі па каханаму. Па-другое, крыж — праца самога Адама Міцкевіча, ён выбіў яго пасля таго, як Марыля не прыйшла на іх апошняе спатканне. Раней увесну і ўлетку моладзь выкладала кветкамі сцежку да каменя.
У парку горада Брагін на Гомельшчыне ляжыць яшчэ адзін невялікі Камень Кахання. Легенда пра яго гаворыць, што тут сустракаліся Дзмітрый Самазванец з Марынай Мнішак, якая была сястрой ўладальніка палаца Канстанціна Вішнявецкага Грызэлі. Раней каля каменя стаяла альтанка і моладзь тут прызначала спатканні. Брагінскі валун з даўніх часоў лічыўся паклонным. Паводле павер’я, калі маладыя бралі шлюб, то абавязкова павінны былі пасядзець на камені і абмяняцца кавалачкамі ад яго. Тады, верылі нашыя продкі, муж і жонка будуць моцна кахаць адно аднаго.
Без каменя і замуж не выйсці!
У апошнія дзесяцігоддзі вельмі папулярным стаў Нявесцін Камень ці Рамбоўскі Камень каля вёскі Агароднікі непадалёк ад трасы паблізу Ашмянаў. З даўніх часоў уважаюць, што камень выконвае жаданні і дапамагае жанчынам у шлюбе і мацярынстве. Да яго таксама прыводзяць маленькіх дзетак, каб засцерагчы ці вылечыць ад хвароб. Раней ва ўсім наваколлі і нават у саміх Ашмянах нявесту не пускалі ў дом жаніха, пакуль яна не сходзіць да каменя.
Вядомыя тры паданні. Паводле аднаго з іх, дзяўчына кінулася ў роў следам за жаніхом, які патануў. Вада высахла, а слёзы дзяўчыны ператварыліся ў камень. Паводле другой версіі, камень ляжыць на месцы паганскага капішча, дзе ў старажытнасці бралі шлюб. Трэцяя легенда распавядае, што пад каменем пахаваная паслушніца, якая малілася за шчасце жанчын у шлюбе.
Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску, на Лодачнай вуліцы, на беразе Сваіслачы, ляжаў камень Дзед. Існаваў звычай, што дзяўчына, якая хацела выйсці замуж, загадвала на пэўнага хлопца і абвязвала камень ручніком вытканым уласнаруч. Да Дзеда звярталіся і сямейныя пары, прасілі дапамагчы зачаць дзіця. Каб просьба здзейснілася, трэба было пасядзець на валуне. Цяпер гэты валун знаходзіцца ў Музеі валуноў у мікрараёне Уручча. Але і па сёння гэты камень і ўзімку, і ўлетку застаецца месцам паломніцтва. Да яго вядуць некалькі сцежак, а вакол заўсёды можна знайсці сучасныя ахвяраванні — манеты, цукеркі, яблыкі і кветкі.
У апошнія гады статус Каменя Кахання набыў і Святы (Цудадзейны, Богаў, Даждзьбогаў) Камень ва ўрочышчы Дальжбы каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна. Вакол валуна на дрэвах павязана шмат стужачак — тут загадваюць жаданні і пакідаюць дар Даждзьбогу — богу ўрадлівасці і сонечнага святла. Сюды прыязджаюць на Купалле, Вялікдзень, Сёмуху, а ў час вяселля маладыя з усяго наваколля наведваюць камень і кладуць на яго кветкі.
Крыніцы пачуцця
З каханнем у народных вераваннях стасуецца і шэраг паклонных крыніц. Ваду выкарыстоўвалі і падчас вяселля. Бацька з вядром вады абыходзіў вясельны поезд перад тым, як маладыя выпраўляліся ў храм. З вядром вады прынята было сустракаць маладых на ўездзе ў вёску. Дзе-нідзе засталася традыцыя весці маладых да калодзежа і абліваць ім з аднаго вядра ногі.
Прынамсі, у Стайках Ушацкага раёна спрадвеку лічылі, што дзяўчына неўзабаве пабярэцца шлюбам, калі на Купалле акунецца ў мясцовай культавай крынічцы. А ў вёсцы Пеніца Калінкавіцкага раёна вераць, што вада іх святой крыніцы вылечвае ад шматлікіх хвароб. Незамужнія дзяўчыны прыязджаюць сюды адпіць глыток ледзяной вады, каб знайсці мужа. Калі ж прызначыць спатканне каля крыніцы, то па хуткім часе будзе і вяселле!
У вёсцы Ядраная Слабада Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне таксама ёсць крыніца, якая дапамагае ў справах кахання. Здаўна верылі, што калі дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, то ёй трэба да ўзыходу сонца абліцца вадой з крыніцы і прагаварыць:
“Я святою вадой умываюся,
Золатам уціраюся,
Сонейкам апранаюся,
Месяцам падперажуся,
А зоркамі засцягнуся:
Я нікога не баюся.
Як сонца і месяц на ўвесь свет свеціць,
Так і я каб была на ўвесь свет міла і люба (імя каханага)”.
Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by