05.07.2020
05.07.2020

Ульянін дзень. Сустракайцеся, закаханыя!

logo
Беларускі код
0 85
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Таямнічая і загадкавая, строгая да сябе і іншых, адкрытая, не даруе здрады…Сціплая, мэтанакіраваная, спакойная, разважлівая… І гэта ўсё яна – Ульяна. Пазналі сябе?! 🙂 Сёння – Ульянін дзень. Імяніны Ульяны, чыё царкоўнае імя гучыць як Іуліянія. І гэты ж дзень лічыцца днём сустрэчы закаханых. Нібыта вышэйшыя сілы ім спрыяюць!

Ульянін дзень.

У народзе кажуць, што напярэдадні 5-га ліпеня, калі адзначаецца дзень Ульяна (яго), хлопец хадзіў, шукаў, клікаў сваю каханую. А яна нібыта сядзела на беразе рэчкі, глядзела ў ваду…

Мабыць, любавалася сваім адбіткам, бо забылася пра спатканне. А калі схамянулася, ужо яе, Ульянін, дзень надышоў. І – яе ж чарга шукаць каханага. Кажуць, знайшла. Так што гісторыя насамрэч закончылася шчасліва.

А ўлічыўшы, што сёлета 5-га ліпеня прыпадае на нядзелю… Калі ж яшчэ сустракацца закаханым, як не ва Ульянін дзень?! Толькі – ага, у масках… Такія пакуль што нашыя рэаліі. А вы гатовыя да пацалункаў праз маскі?! 🙂

Ульянін дзень. Сустракаюцца закаханыя.

Няспешна гуляючы, можна заадно паназіраць за наваколлем, прыродай ды прыгадаць народныя прыкметы на гэты дзень. Нашыя продкі прыкмячалі: «Калі ўвечары раса – наступны дзень пагодны». А росы ж ліпеньскія – памятаеце?! – гаючыя. І калі раніцай няма намеру скарыстацца ўласцівасцямі расы, дык можна зрабіць гэта сёння ўвечары. Абы яна з’явілася…

«Як добра ва Ульянін дзень бярэцца рыба – будзе шмат хлеба». Аматары рыбнай лоўлі, ваш выхад! Заадно нам і падкажаце, варта чакаць вялікі ўраджай зерневых ці не.

«Шмат камароў – у наступныя дні будзе ясна і цёпла». Не ведаю, ці сёння іх шмат… Праверу на дачы… Але ўвечары першага ліпеня гэта было штосьці! Так і лезлі з нашай макрушчай зямлі, так і не давалі працаваць. Ужо столькі знакаў якасці ад іх атрымала, што збегла раней, чым меркавала.

Цяпер трэба напачатку адшукаць рэпелент, а тады ўжо на дачу… Каб зубы ў тых камароў (кажуць, што гэта камарыхі такія злосныя!) паламаліся! 🙂 А перад гэтым і ўвогуле хтосьці так правую руку на ўсю даўжыню распісаў, што я ў жыцці такога не бачыла! І месцы тыя ўкусаў так часаліся! Ужо некалькі дзён прайшло, а яны не сыходзяць. Галоўнае, нават не чула, калі грызлі! Хаця звычайна адчуваю маленечкі дотык камаровай дзюбкі…

Вось цяпер адчуваецца, што лета прыйшло. Ці тое яшчэ будзе, калі збяруся ў лес па чарніцы! Дзе якой толькі нечысці грызучай няма! Плюс кляшчы. Зрэшты, правераны ў справе рэпелент сапраўды працуе. Толькі падлятаюць, панюхаюць – і як выбуховай хваляй іх адкідвае! 🙂 Галоўнае – самім не ўдыхаць, калі пырскаемся.

Але вяртаемся да прыкметаў Ульянінага дня. «Калі ў начным небе бачны яркі месяц, дык год будзе ўраджайным». Ну што ж, тады расклад на сёння такі. Сустракаемся, гуляем, адбіваемся ад камароў, качаемся ў вечаровай расе, пазіраем на месяц! 🙂

Ульянін дзень. Глядзім на месяц.

Як, падыходзіць?! Адзінае, каб не забыцца: заўтра працоўны дзень ужо! За выключэннем тых, каму пашчасціла пайсці ў адпачынак. Наша вам зайздрасць! 🙂

А яшчэ нас папярэджваюць, што сёння не трэба прымаць ніякіх важных рашэнняў. Ну, і правільна: выхадны ўсё ж…

А ці памятаеце вы, сябры, што ў ліпені не толькі росы гаючыя, але і травы найбольш праяўляюць свае лекавыя ўласцівасці?! Зусім хутка Купалле, калі найперш трэба збіраць святаяннік.

А сёння, ва Ульянін дзень, раяць збіраць пярэсну (па-руску – «купальница»). Ведаеце такую расліну?! А назаўтра запарваць з яе венікі для лазні… Але ж… Пачала цікавіцца больш прадметна… Яна, пярэсна еўрапейская, унесеная, аказваецца, у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Ульянін дзень. Пярэсна еўрапейская.

Магчыма, даўней яе было – процьма. Ці дзесьці яшчэ так шмат засталося… Альбо пра іншы від ідзе гаворка?! Так што лепей у лазню – традыйныя венікі, з галінак дрэў. Ну, ці з іншых лекавых раслінаў, якіх насамрэч шмат.

І заканчваючы тэму «Ульянін дзень і здароўе»… Нашыя продкі даўней чысцілі на Ульяну свае студні. І лічылі, што пасля гэтага вада набывае аздараўленчы эфект. Праверым?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 85

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"