Сёння кабачок вырошчваюць практычна ва ўсіх хатніх гаспадарках. Кабачок пякуць, параць, марынуюць і кансервуюць на зіму. У народзе ўжо даўно ацанілі мачэгонныя ўласцівасці гэтага прадукта, здольнасць аднаўляць солевы абмен, выводзіць таксіны і «дрэнны» халестэрын.
Кабачок багаты вітамінамі В1, В2, РР (ніацын альбо нікацінавая кіслата), але асабліва шмат у ім вітаміна С. Акрамя гэтага, у кабачках змяшчаецца фоліевая, пантатэнавая кіслоты. З мінеральных соляў па сваёй высокай канцэнтрацыі выдзяляецца калій.
У кабачках, у адрозненне, напрыклад, ад баклажанаў, вельмі мала грубых харчовых валокнаў (4% супраць баклажанных 14%), што робіць іх выдатным дыетычным прадуктам, які можна і трэба ўключаць у рацыён людзей з захворваннямі ЖКТ і пацыентаў, якія перанеслі аперацыю на органах стрававання. Па той жа прычыне гэту гародніну могуць ёсць і сталыя людзі, і немаўляты (прыкорм у выглядзе пюрэ ўводзіцца звычайна з 6 месяцаў, а пасля года спрабуюць даваць адварны кабачок).
Мачагонныя ўласцівасці гэтага прадукта дазваляюць уключаць яго ў тэрапеўтычныя праграмы падчас лячэння нырак, падагры. Калій у складзе прадукта забяспечвае нармальны солевы абмен і вывядзенне з арганізма лішкаў вадкасці.
У нашага пастаяннага аўтара — кулінарнага блогера Настассі Мясаедавай (@family_miss) у скарбонцы рэцэптаў мноства нестандартных рэцэптаў з кабачка, якімі дзяўчына падзялілася з чытачамі Слушна
Пірог з кабачка
Інгрэдыенты
- 250 гр адціснутай мякаці кабачка
- 250 гр мукі
- 100-150 гр цукру
- 2 яйкі
- 1 г л разрыхляльніка
- 1 ст л какава -парашка
- 50 гр рафінаванага алею
Спосаб прыгатавання
Крок 1. Кабачок нацерці на буйнай тарцы, дадаць дробку солі і пачакаць 10 хвілін. Затым добра адціснуць усю вадкасць.
Крок 2. Змяшаць усе інгрэдыенты да аднастайнага цеста. Калі форма сіліконавая, то змазваць нічым не трэба. Калі іншая, то змазаць алеем і прысыпаць маннай. Або заслаць пергаментнай паперай.
Крок 3. Выпякаць пры 180 С 35-40 хвілін. Дастаць і даць цалкам астыць.
Пірог атрымліваецца злёгку вільготны, з хрумсткай скарыначкай
Міні-піцы з кабачка
Інгрэдыенты
- 500 гр вычышчанага кабачка
- 3 ст л мукі з горкай
- 2 яйкі
- 100 гр вяндліны
- 50 гр сыра
- 0,5 г л разрыхляльніка
- Зеляніна па гусце
Спосаб прыгатавання
Крок 1. Кабачок нацерці на буйнай тарцы, дадаць дробку солі і пачакаць 10 хвілін. Затым добра адціснуць усю вадкасць.
Крок 2. Вяндліну нарэзаць кубікамі, сыр нацерці на буйнай тарцы.
Крок 3. Змяшаць усе інгрэдыенты, сфарміраваць на пергаменце аладкі вышынёй 1 см. З гэтай колькасці цеста выйдзе 9 штук піц.
Крок 4. Запякаць пры 200 С 20 хвілін да лёгкай залацістай скарыначкі.
Рулет з тварожным сырам
Інгрэдыенты
- 200 гр сырой бульбы
- 400 гр кабачка
- 4 ст л мукі з горкай
- 2 яйкі
- 2 ст л кефіру
- 0,5 г л соды
- Соль па гусце
Спосаб прыгатавання
Крок 1. Кабачок і бульбу нацерці на буйнай тарцы і адціснуць лішнюю вадкасць.
Крок 2. Змяшаць усе інгрэдыенты.
Крок 3. Бляху заслаць пергаментам і раскласці галінкі пятрушкі. Зверху раўнамерна размеркаваць цеста. Выпякаць у духоўцы пры 180 С 20 хвілін затым дастаць і даць астыць.
Крок 4. Начынне: 200 гр тварожнага сыра змяшаць з пятрушкай або кропам і выціснуць праз прэс 2 зубчыка часныку. Усё змяшаць да аднастайнасці.
Крок 5. Раўнамерна змазаць начыннем аснову. Да аднаго краю раскласці дзелькі памідор. Замест іх з такой асновай будзе выдатна спалучацца чырвоная маласалёная рыба ( фарэль, сёмга).
Крок 6. Скруціць шчыльны рулет, атуліць пергаментам і прыбраць у халадзільнік на 30 хвілін.
Прыемнага апетыту!
Шакаладныя дэсерты і піца з кабачка. Простыя рэцэпты ад кулінарнага блогера
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by