04.04.2020
04.04.2020

Уведзеныя ў Беларусі супрацьэпідэмічныя меры дапамаглі прадухіліць 840 выпадкаў COVID-19 у дзень

logo
Навiны
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Супрацьэпідэміялагічныя меры, накіраваныя на папярэджанне распаўсюджвання ў Беларусі каранавіруснай інфекцыі, дазволілі не дапусціць развіцця 840 выпадкаў захворвання ў дзень, паведаміла 3-га красавіка на прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве аховы здароўя намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан.

Супрацьэпідэміялагічныя меры. Маскі.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Калі б не тыя меры, якія мы прынялі па выяўленні пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй па іх шпіталізацыі, у тым ліку кантактаў 1-га ўзроўню, а таксама па правядзенні супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў на тэрыторыі краіны, дык сёння мы мелі б 840 выпадкаў COVID-19 у дзень. Гэта велізарная праца невялікай колькасці медыцынскіх работнікаў нашай краіны. Ні адна краіна, размешчаная побач з намі, не прымала такія меры. Ні ў адной краіне не былі шпіталізаваныя кантакты 1-га ўзроўню, не шпіталізаваліся кантакты 2-га ўзроўню пры наяўнасцi ў iх прыкметаў вострых рэспіраторных захворванняў.

Новыя рашэнні праблемы

Па словах намесніка міністра, з улікам аналізу сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй у краіне прыняты шэраг новых арганізацыйных рашэнняў. У прыватнасці, пачатае тэсціраванне ўсіх выпадкаў пнеўманій з сярэднім і цяжкім цячэннем. Прычым на аналіз бярэцца не назафарынгільны мазок, а макрота і прамыўная вада бронхаў. Гэтыя меры скіраваныя на тое, каб максімальна выявіць пацыентаў, у якіх можа быць каранавірусная пнеўманія.

Супрацьэпідэміялагічныя меры.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
На 8 гадзін раніцы 3-га красавіка ў Беларусі мелася 10 тысяч 640 тэстаў для выяўлення каранавіруснай інфекцыі. Чакаецца пастаўка ў бліжэйшыя дні яшчэ 10 тысяч тэстаў. Праводзяцца клінічныя выпрабаванні трох тэст-сістэмаў беларускай вытворчасці і адной экспрэс-сістэмы. Таму тэстаў дастаткова для кантролю над сітуацыяй. Мы штодня працягваем адсочваць усю сітуацыю з захворваннем. Гэта тычыцца не толькі каранавіруснай інфекцыі, але і выпадкаў пнеўманіі і вірусных інфекцый.

Алена Богдан распавяла, што таксама было прынятае рашэнне: кантакты другога ўзроўню пры развіцці ў іх вострых рэспіраторных інфекцый будуць шпіталізавацца і абследавацца на каранавірусную інфекцыю. У выпадку адмоўных вынікаў і адсутнасці пагаршэння ў стане здароўя яны будуць працягваць сваё лячэнне дома. Кантакты першага ўзроўню ў выпадку адмоўнага выніку будуць выпісаныя дадому з рэкамендацыяй выконваць рэжым самаізаляцыі да 14 дзён.

Супрацьэпідэміялагічныя меры. Самаізаляцыя.

У сваю чаргу намеснік начальніка аддзела эпідэміялогіі, гігіены і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іна Карабан адзначыла, што эпідэміялагічная сітуацыя развіваецца «прагназуема і паступальна». Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў плане прафілактыкі і папярэджання масавага распаўсюджвання каранавіруса, паказалі сваю эфектыўнасць. Разам з тым, у Беларусі, па дадзеных на 8 раніцы 3-га красавіка, зарэгістраваны 351 выпадак інфекцыі. Узрост пацыентаў, сярод якіх часцей за ўсё фіксуюцца выпадкі каранавіруса, складае ад 25 да 64 гадоў.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела эпідэміялогіі, гігіены і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу, што асноўныя меры, якія дазваляюць прадухіліць распаўсюд інфекцыі, – гэта меры сацыяльнага дыстанцыявання і самаізаляцыі. Многія арганізацыі грамадскага харчавання і гандлю робяць разметкі для таго, каб людзі не тоўпіліся, а знаходзіліся адзін ад аднаго на адлегласці метр-паўтара. Гэта павінна выконвацца. Кожны павінен разумець, што калі ён не выконвае гэтыя меры, дык знаходзіцца ў зоне рызыкі.

Забяспечанасць сродкамі абароны

Супрацьэпідэміялагічныя меры. Сродкі абароны ўрачоў.

Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Барыс Андрасюк, сёння ў сістэме аховы здароўя налічаецца ў наяўнасці: медыцынскіх масак – больш за 2 млн, рэспіратараў – больш за 90 тысяч, ахоўных касцюмаў – 85 тысяч, пальчатак – звыш 10 млн, ахоўных акуляраў – 24 тысячы. Растлумачыў намеснік міністра і «правал», які здарыўся ў забяспечанасці сродкамі абароны, у прыватнасці, маскамі.

Барыс Андрасюк
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Чаму першапачаткова атрымаўся правал у сродках абароны. Падчас успышкі каранавіруса ва Ухані ў нас за 10 дзён «вымелі» двухгадовую норму. Для параўнання: у эпідэмію свінога грыпу за ўвесь час рэалізавана 750 тысяч масак, а за 10 дзён у гэтай сітуацыі было набыта 2 млн.

Ложкавага фонду дастаткова

Як распавяла Алена Богдан, ва ўсіх рэгіёнах дастаткова ложкавага фонду. Экстранная, неадкладная, спецыялізаваная і высокатэхналагічная дапамога выконваецца ў поўным аб'ёме.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Пры выяўленні пнеўманіі каранавіруснай этыялогіі пацыенты будуць пераводзіцца ў спецыялізаваныя ўстановы (для Мінска гэта 6-ая гарадская клінічная бальніца і Мінская гарадская інфекцыйная бальніца). Мы максімальна вызваляем установы аховы здароўя для правядзення завяршальнага этапу дэзінфекцыі, каб яны маглі прымаць пацыентаў у тым аб'ёме, што і прымалі.

Падтрымаць урачоў

Па дадзеных на 8 раніцы 3-га красавіка, на дабрачынным рахунку Міністэрства аховы здароўя знаходзілася 2 млн 875 тысяч 152 рублі і 28 тысяч 258 еўра. На гэтыя сродкі будзе закуплена: 127 тысяч ахоўных касцюмаў, больш за 4 тысячы ахоўных шчыткоў для медыцынскіх работнікаў, якія будуць размеркаваныя па ўстановах аховы здароўя ўсёй рэспублікі.

 
Алена Богдан
Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
На наш дабрачынны рахунак пачалі пералічваць грошы і грамадзяне, і грамадскія аб'яднанні. Запрацавалі валанцёрскія праграмы з БРСМ, таварыствам Чырвонага Крыжа. З цікавай ініцыятывай выступілі прадстаўнікі гасцінічнага бізнэсу Мінска. У прыватнасці, яны прапануюць медыцынскім работнікам, якія працуюць з пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй, свае паслугі па пражыванні. Шмат людзей, якія працуюць у сферы грамадскага харчавання і рэстараннага бізнэсу, правялі акцыю па дастаўцы ежы нашым медработнікам. Гэта сведчанне таго, што наша няпростая і цяжкая праца ў той жа час застаецца запатрабаванай і ацэненай людзьмі вакол нас.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».