Дыягназ «інсульт» часта гучыць як прысуд. Часам ён становіцца прычынай гібелі людзей, бывае у самым росквіце гадоў, а часам асуджае чалавека на цяжкую інваліднасць.
Існуюць фактары і рызыкі, што спрыяюць развіццю гэтага захворвання, адмяніць якія чалавек не ў сілах: наяўныя хранічныя захворванні, высокі ціск, праблемы з сасудамі і іншыя. Але і гэта не фінальны акорд. Спецыялісты маюць адзінае меркаванне: папярэдзіць і пазбегнуць інсульту можна.
Летась інсульт перанеслі 32,5 тыс. чалавек. Каля 30% з іх людзі працаздольнага ўзросту.
Інсульт – няшчасце не толькі пажылых людзей. Ён можа напаткаць ў любым узросце. У Беларусі аказанне дапамогі пацыентам з парушэннем мазгавога кровазвароту – на асаблівым кантролі. Бо існуюць сітуацыі, калі пацыент павінен быць дастаўлены ў бальніцу на працягу першых 6 гадзін пасля прыступу (так званае тэрапеўтычнае акно). Менавіта гэтыя каштоўныя гадзіны могуць выратаваць яму жыццё.
Разам з тым, толькі намаганняў урачоў у барацьбе з інсультам недастаткова. Менавіта таму Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальны партал пра здаровы лад жыцця «Здаровыя людзі» і кампанія Microlife пачынаюць рэалізацыю маштабнага сацыяльнага праекта «У адным вымярэнні». Спецыялісты пабываюць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Раскажуць пра тое, чаму важна кантраляваць свой артэрыяльны ціск, якія прыкметы будучай хваробы не варта ігнараваць і як правільна аказаць першую дапамогу.
Як кажуць неўролагі, інсульт – гэта ўскладненне. Ускладненне, што атрымана ў выніку тых ці іншых захворванняў, зняважлівых адносін да свайго здароўя. Але інсульт гэта яшчэ і горкая плата за сумнеўныя «задавальненні» жыцця: курэнне, злоўжыванне алкаголем, адмова ад фізічнай актыўнасці. Аб усіх гэтых фактарах мы падрабязна распавядзём у нашых наступных публікацыях.
Як распазнаць інсульт, калі побач няма ўрача? Існуе даволі просты тэст Face Arm Speech Test (твар-рука-маўленне-тэст). Такім чынам, калі вы западозрылі, што ў чалавека развіваецца інсульт:
- Папрасіце яго ўсміхнуцца альбо рассунуць вусны. Калі куток рота апушчаны – гэта можа быць прыкметай інсульту.
- Прапануйце яму падняць рукі. У становішчы седзячы – на 90%, у становішчы лежачы – на 45%. Іх досыць патрымаць пяць секунд. Калі чалавек не здольны выканаць гэты тэст, – нагода выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу.
- Спытайце яго пра што-небудзь. Калі ваш суразмоўца пачне блытацца альбо перастаўляць словы, – набірайце 103.
Пры наяўнасці нават адной прыкметы неадкладна выклікайце брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by