На далёкім полюсе жыла дзяўчынка. Яна была маленькая, беленькая з падмёрзлай сукеначкай. Дзяўчынка хадзіла ад адной ільдзіны да другой. За ёй, падскокваючы, бег вялікі белы мядзведзь. Сумна стала дзяўчынке на гэтым полюсе.
Селі яны з белым мядзьведзем і сталі думаць, што зрабіць, каб стала весялей. Думалі-думалі і прыдумалі! Вырашылі паехаць у падарожжа.
Паклікаў мядзведзь сваіх родзічаў і яны пачалі адкалываць вялікую-вялікую ільдзіну, адкалываць ад полюса. Утрох спрабавалі. Не адкалолі. Упяцёх спрабавалі. Не атрымалася. Толькі сямёра белых мядзведзей здолелі адкалоць ільдзіну.
Беленькая дзяўчынка і белы мядзведзік хуценька ўзяліся за ручкі і скокнулі на белую паверхню. Доўга яны махалі рукамі родзічам мядзведзя, што засталіся на полюсе. Іх жа чакала неверагоднае сусветнае падарожжа.
Прыплылі яны да берагоў Кітая. Пахадзілі, паглядзелі на цікавых людзей, якія ходзяць там па вуліцы і паплылі далей.
Прыплылі да берагоў Індыі. Пахадзілі, паглядзелі на яскравых людзей, якія ходзяць там басанож па вуліцы і вырашылі плысці далей.
Прыплылі яны да берагоў Аравіі. Пахадзілі, паглядзелі на моцна апранутых людзей, якія ходзяць пад пякельным сонцам і вырашылі плысці далей.
Прыплылі да берагоў Афрыкі. Паглядзелі на прыгожых людзей, якія ходзяць сярод пальмаў і вырашылі плысці далей.
Паплылі далей яны праз канал, ды патрапілі па рэкам у горад Маладзечна. Там былі незвычайныя высокія людзі, што бясконца хадзілі туды-сюды і не звярталі аніякай увагі на беленькую дзяўчынку і яенага белага мядзведзіка.
І толькі прыплылі яны, а ільдзіна, якая напачатку дарогі была вялізарная, зусім растаяла. Выбару не засталося. Трэба заставацца.
Мядзведзік нахмурыўся і павёў дзяўчынку ад чыгуначнага вакзала углыб горада. Яны ішлі па бліскучай пешаходнай вуліцы, якая пералівалася ліхтарамі і агеньчыкамі.
Ішлі-ішлі і дайшлі яны да невялічкага парка. Там амаль не было ліхтароў, таму было вельмі цёмна. Толькі дзяўчынка і мядзведзік ззялі ў цемры. Раптам з дрэва на іх пасыпаліся вароны.
Іх было так шмат, што нельга было палічыць. Мядзведзік падхапіў дзяўчынку на рукі, бо моцна спужаўся за яе, але адна з варон да яго звярнулася:
— Вельмі рады бачыць вас тут, мядзведзік і беленькая дзяўчынка. У нас, у Маладзечна, вельмі цёплае надвор’е. То мы запрашаем вас да нас, пачастуем ягадамі і паслухае радыёлу.
— А што за хвалю вы слухаеце? — запытаўся мядзведзь, супакойваючыся.
— Ооооо, самую модную — з навінамі.
Дзяўчына і мядзведзік пагадзіліся, засталіся з варонамі. Нават позна леглі спаць, таму што да позняй ночы танцавалі і вадзілі карагоды з новымі сябрамі.
https://bel.24health.by/son-mashynista-kazka/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by