21.06.2020
21.06.2020

Мы вас віншуем і здароўя зычым…

logo
Думкі ўслых
0 79
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
А многія ж у гэты дзень святочны на працы… Дзяжураць. Дапамагаюць людзям ачуняць. У гарачыню, у сродках індывідуальнай абароны, змагаюцца за жыццё тых, у каго дыягнаставаны каварны каранавірус. Часцяком нават без магчымасці на працягу дня проста паразмаўляць з сям’ёй па тэлефоне. Зрэшты, шмат з гэтага было і раней, да пандэміі. Бо такое ўжо гэта прафесійнае свята – Дзень медыцынскіх работнікаў. Многім трэба быць на працы. А па-іншаму – нельга.
Дзень медработніка. На пасту.

А што тычыцца людской удзячнасці медработнікам, пра якую апошнім часам столькі размоў… Маўляў, нарэшце, дачакаліся… Дык яна таксама была, ёсць і будзе. Заўсёды. Магчыма, толькі не так маштабна. І не ўслых. Але кожны, каму дапамаглі, вядома ж, удзячны. Асабліва, калі і адносіны былі да хворага… Не толькі па прафесійным абавязку.

Іншая справа, што не ўсе прывыклі выказваць добрыя словы ўслых і адрасна. І не толькі медыцынскім работнікам. Настаўнікі, напрыклад, удзячнасць могуць пачуць ад сваіх выпускнікоў і праз шмат гадоў. А колішнім хворым… Часцей за ўсё проста хочацца забыцца на хваробу і ўсё, што з ёй звязана. Таму не наўмысна, не са зла не дзякуюць… Як кажуць, нічога асабістага. Проста такая ўласцівасць чалавечай натуры.

Вядома ж, правільным было б ацэньваць працу ўрачоў, медсёстраў, санітарак ды іншых штодня, а не толькі раз на год. А з іншага боку… Прафесійнае свята для таго ж і прыдумалі, каб ва ўсіх была добрая нагода павіншаваць і падзякаваць.

Дзень медработніка. Удзячныя пацыенты.

У гэтую прафесію ідуць свядома. За час сваёй працы журналістам размаўляла са многімі медыцынскімі работнікамі, таму і ведаю дакладна. Хтосьці літаральна з дзяцінства марыў стаць хірургам, хтосьці – стаў анколагам пад уплывам шэрагу абставінаў. Працягнуць дынастыю; каб быў свой урач у сям’і; вырасці, вывучыцца і вылечыць бацькоў… Матывы розныя, але мэта адна: дапамагаць людзям.

Шанцуе, калі на ўласным шляху сустракаеш таго самага ўрача, які робіцца лепшым дарадцам, да каго заўсёды можна звярнуцца па дапамогу, па кансультацыю і проста параіцца. Душэўнасць – тое, што цэніцца людзьмі, магчыма, яшчэ вышэй за прафесіяналізм. А ўжо калі трапляецца, так бы мовіць, два ў адным… Вам траплялася?! Мне – так.

Але нельга, нельга ім штораз адчуваць чужы боль як свой, бо так хутка можа надысці і выгаранне. І не трэба чакаць, што ваш любімы доктар будзе паводзіць сябе як лепшы сябар альбо нават сваяк. Усяго павінна быць у меру.

Дзень медработніка. Паразуменне.

Проста прызнаць, што праца медработнікаў надзвычай цяжкая і адказная. Проста давяраць. Проста даць ім права таксама быць звычайнымі людзьмі.

Раней, да пандэміі каранавіруса, медработнікам найчасцей жадалі спакойных дзяжурстваў, асабліва начных. Зараз ужо і не ведаю, наколькі гэта актуальна. Бо найчасцей проста нерэальна. І ўсё ж – няхай паменей будзе ў вас, шаноўныя, начных выклікаў і складаных выпадкаў. Наколькі гэта магчыма.

Каманда інфармацыйнага партала Здаровыя людзі шчыра віншуе ўсіх, для каго Дзень медыцынскіх работнікаў – прафесійнае свята! Няхай здароўе будзе моцным, дабрабыт – трывалым, шчасце – даўгавечным, а людская ўдзячнасць – бязмежнай!

Дзень медработніка. Віншаванні.

Асабіста віншуем кіраўніка нашага аддзела інтэрнэт-праектаў, урача-анестэзіёлага-рэаніматолага вышэйшай катэгорыі, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі шаноўную Вольгу Іванаўну Святліцкую! Жадаем здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання і шанцавання. І каб на ўсё хапала сіл!

Са святам віншуем галоўнага рэдактара газеты «Медыцынскі веснік» шаноўную Таццяну Мікалаеўну Сівец! Жадаем росту папулярнасці нашага штотыднёвіка і інтэрнэт-праектаў, новых прафесійных перамог, здароўя моцнага, асабістага шчасця, пабольш нагод для радасці, задавальнення ад жыцця і ад зробленага!

І ўсіх сваіх калег, супрацоўнікаў рэдакцыі – таксама з прафесійным святам! Няхай усё ў нас складваецца ўдала!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 79

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".