02.08.2021
02.08.2021

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»

logo
Падарожжы
0 83
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі вы, шаноўныя сябры, паглядзелі мінулым разам відэа ад нашага актыўнага велавандроўніка Васіля Літвіна з Чэрвеня, дык памятаеце, што яго ютуб-канал называецца «Два каты і веласіпед». І нездарма! Такое вось своеасаблівае захапленне па жыцці. Пра стасункі з чужымі катамі падчас велавандровак крыху пазней. А зараз мы высвятляем, куды ж падзецца ровару ў замежных вандроўках уночы і дзе спатрэбяцца навыкі яго хуткага разбору.

Велавандроўкі. Вандроўкі Васіля Літвіна за межамі Беларусі.

Васіль, мінулым разам мы спыніліся на тым, што падчас велавандровак па замежжы вы начуеце ў гатэлях. А куды ж падзецца вашаму двухколаваму сябру? Наўрад ці ён начуе разам з вамі ў пакоі…

А па-рознаму бывае. Калі я замаўляю месца ў гатэлі, дык звычайна бяру танны. Усё ж я еду ў эканом-вандроўку. Часцей за ўсё гэта хостэл. А там звычайна ёсць месца для захоўвання багажу, дзе можна размясціць вялікія заплечнікі і ўсё такое. У тым ліку і ровар.

І ў недарагіх гатэлях з гэтым няма праблемаў. Там ёсць двор, які зачыняецца, знаходзіцца пад аховай. Там проста пакідаеш ровар.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

А вось ужо ў Беларусі, калі начуеш у намёце… Проста ставіш веласіпед побач, прышпільваеш замком да дрэва. Калі страшнавата, яшчэ прывязваеш яго вяровачкай да палаткі. Калі будуць ровар красці, дзёрнуць палатку – і ты пачуеш.

Спадзяюся, ні разу такога не было?!

Не. Але была іншая спроба летась. Ды я нават і не ведаю, ці спроба… Пакінуў ровар ля сеткавай крамы ў Брэсце, прышпіліўшы, як заўсёды, замком. Вяртаюся з крамы – замок расшпілены. А ровар на месцы. Ці то не паспелі, ці то што…

Доўгі час у Беларусі, напрыклад, былі праблемы з правозам ровараў нават у цягніках. У міжгароднім аўтобусе яго, здаецца, і зусім не правязеш. А як з гэтым зараз у нас і ў замежжы?

Велавандроўкі. Месца для веласіпеда ў транспарце.

Скажу адразу, што ў Беларусі цяпер не так і дрэнна. У аўтобусе – так, мабыць, не атрымаецца. А ў электрычках зараз ты афіцыйна бярэш білет на веласіпед. Кошт практычна такі ж, як і за праезд чалавека.

Калі я ў электрычцы вяртаўся з апошняга велапаходу, гэта была субота. І ехаў я з Мінска да Пухавічаў. Усе едуць са сталіцы на дачу, цэлая электрычка.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

У першым і апошнім вагонах электрычкі звычайна ёсць месцы для правозу буйнагабарытнага багажу. І там можна паставіць веласіпед.

У гэты раз давялося пасварыцца. Народ ставіў расаду, шмат торбаў вялікіх. Але я сказаў, што ў мяне набыты білет для правозу ровара, таму адно грузавое месца законна маё.

Калі я быў у Партугаліі, дык там правозіў ровар у хуткасным цягніку.  Толькі для гэтага ён павінен быць спакаваным. Звычайна здымаецца пярэдняе кола, прывязваецца побач. А сам ровар змяшчаецца ў мацерчаты чахол. Ёсць у мяне такі. Гэта кавалак тканіны 1,5х2 метры з прышытай вакол маланкай.

І колькі ж часу спатрэбіцца на тое, каб адкруціць кола, а затым паставіць яго на месца?!

Велавандроўкі. Правоз ровара ў электрычцы.

Ды гэта вельмі хутка! Меней за 5 хвілін! Іншая справа, калі вандруеш з роварам у самалёце. Там патрабуецца добрая разборка. Здымаюцца абодва колы, руль, і ўсё гэта ўпакоўваецца ў кардонную каробку – такую, у якой ровары прадаюцца ў крамах.

За ровар у самалёце плаціцца таксама амаль як за чалавека. Калі – трохі меней, калі – трохі болей. Усё залежыць ад перавозчыка.

А на якім яшчэ транспарце вы, Васіль, перасоўваліся з роварам? Можа, плавалі?

Так, было такое – на паромах. Але там проста заводзіш ровар і ставіш яго побач з машынамі. У Партугаліі, напрыклад, шмат паромаў праз рэкі. А ў Беларусі ёсць адзін такі паром… Ручны. Яго трэба цягнуць самім.

І гэта як?! За вяровачку?!

Амаль што (усміхаецца). Там спецыяльныя рукаядкі. Іх круціш – і паром перасоўваецца.

А паромшчыка няма?

Ёсць. Ён кіруе, а пасажыры цягнуць. Затое бясплатна (смяемся).

Васіль, а прыгадайце, калі ласка, у якіх краінах вы пабылі за 11 гадоў у велавандроўках.

Ва Украіне – шмат разоў. У Крыме, калі ён быў украінскім, – 2 разы. У Карпатах – разы 4 ці 5. У мяне ёсць у Львове знаёмыя. Па Заходняй Украіне я і адзін ездзіў, і групу турыстаў вадзіў нашых беларускіх.

Велавандроўкі. Украіна.

Як гэта?! Вы самі прыехалі ва Украіну – ды яшчэ і велавандроўкі арганізавалі там?!

Было такое. Нас чалавек 5 з Беларусі – і паехалі па Украіне. Па Расіі ездзіў 2 разы з сябрамі.

Што тычыцца далёкага замежжа… Турцыя – 2 разы. Адзін раз з групай украінскіх велатурыстаў, другі – адзін.

Летась Турцыя ў мяне была запланаваная на май. Але турэцкія авіялініі ў сувязі з пандэміяй каранавіруса адмянілі мой рэйс. І ў выніку я паехаў па поўдні Беларусі – з Гомеля да Брэста.

А ў верасні турэцкія авіялініі зноўку дазволілі палёты, нягледзячы на каранавірус. І я туды ўсё ж з’ездзіў.

Быў у мяне Ізраіль – вандроўка на тры моры. Гэта ў пазамінулым годзе, у лютым. У нас – зіма, холад, а там – класна! Я купаўся ў моры, глядзеў розныя цікавосткі гістарычныя.

У Партугалію я таксама выправіўся адзін – у вялікі велапаход.

Велавандроўкі. Партугалія.

А чаму Партугалія?!

Мне захацелася. Я падумаў: «Трэба ўбачыць акіян. Паехаць на край свету. Няўжо я пражыву жыццё – і не ўбачу акіян?!» (смяемся)

І я паляцеў самалётам з Вільнюса ў Порту. Праехаў на ровары праз Лісабон, на поўдзень Партугаліі. Вярнуўся ў Лісабон – і адтуль дахаты. Партугалія мне спадабалася – такая класічная Еўропа.

Быў у Малдове. А ў планах на гэты год у мяне стаяла Грузія. І я збіраўся туды паехаць, але… Па вяртанні трэба было адбыць 2 тыдні каранціну. Добра тым, каму можна працаваць падалена. А каму, як мне, у офіс хадзіць… Таму я зноўку абраў Беларусь.

А вось цікава… За гэтыя 11 гадоў велавандровак ні разу не ўзнікала думкі павандраваць без ровара?!

А было! І нават не тое што думка… Два гады таму, у маі, я планаваў велавандроўку па Італіі. І нават набыў білеты. Але падвяло здароўе. І ўсё адмянілася.

Была аперацыя. Але ўжо праз месяц я спытаўся ва ўрача: «А можна паехаць у адпачынак? Не на ровары, дзе вялікія фізічныя нагрузкі, а так, турыстам?» – «Ды не пытанне!»

Я сабе забраніраваў гатэлі, і ў мяне быў тыдзень Італіі без ровара…

Велавандроўкі. Італія без ровара.

Спадзяюся, ваш двухколавы сябар не пакрыўдзіўся?! (смяемся)

Ды яму, можна сказаць, пашанцавала! Са мной у велапаход павінна была ехаць адна дзяўчына з Мінска. Я ёй напісаў, у якую сітуацыю трапіў. А яна вырашыла паехаць на ровары адна. І каб мы сустрэліся ў Італіі.

Яна рызыкнула і… У яе ў Мілане ровар скралі. Яна ў першы дзень прыехала ў Мілан, а ровар пакінула ля вакзала. Начавала ў гатэлі. На наступны дзень прыйшла па ровар, а яго… няма. Мы сустрэліся з ёй у Рыме, дзе яна мне пра гэта распавяла.

Вось такая ў мяне была вандроўка без ровара.

Васіль, а што вам увогуле даюць велавандроўкі? Якія іх перавагі?

У адрозненне ад таго, калі ты едзеш на машыне ці аўтобусе, на ровары едзеш павольна, па свежым паветры і ўсё вакол бачыш. Я еду – і вітаюся з катамі. Я перавяду смаўжа праз дарогу (смяемся).

Ад аўтара. Дарэчы, сябры, гэта зусім не прыкол! У Васіля сапраўды ў адным відэа ёсць фрагмент, дзе ён чакае, пакуль смоўжык адолее дарогу…

Велавандроўкі – гэта павольны від вандровак. Калі ў дзень праязджаеш не больш за 100 км. Ты шмат чаго бачыш, шмат чаго заўважаеш. У адрозненне ад таго, калі цябе некуды прывезлі.

Велавандроўкі. Цудоўныя краявіды.

Стасункі з людзьмі, зноў-такі… Спыняешся дзесьці ля крамы, проста на вуліцы. Пытаешся, як праехаць, просіш дазволу, каб набраць вады… Распавядаеш пра сябе, калі просяць, і цікавішся іншымі…

Велавандроўкі – гэта, калі хочаце, асаблівы лад жыцця – не спяшаючыся.

Больш захапляльны за велавандроўкі, мабыць, толькі пешы турызм, калі людзі ходзяць па свеце з заплечнікамі…

А калі праязджаць 100 км у дзень… Колькі робіцца прыпынкаў і праз які час?

Калі ехаць у спартыўным стылі, дык на гэта можа спатрэбіцца 4 гадзіны. Але ж, зразумела, ніхто з велатурыстаў так ехаць не будзе – 25 км/г. У мяне звычайна ідзе на 100 км 12-16 гадзін. Дзень. І я еду не спяшаючыся.

Убачыў краму – набыў сабе марозіва, пасядзеў на лавачцы. І ў плане ў мяне – наведаць 1-2 гарады.

Велавандроўкі. Наведванне гарадоў.

План жа складаеце зараней?

Так! Абавязкова! І не толькі пісьмова, але і маршрут у тэлефоне, навігатары.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Бярэм сайт «Глобус Беларусі», глядзім спіс цікавостак, якія хочам наведаць. І – малюем у інтэрнэце на тэлефоннай карце. Маляваць карты, складаць маршрут – асобнае захапленне. І робіцца ўсё гэта зараней. Калі збіраешся за мяжу, дык месяцы за тры. Садзішся за камп’ютар і глядзіш, як лепей праехаць туды і туды.

Але ж бывае, калі бачыш цікавосткі незапланаваныя і едзеш да іх?

Канешне! А бывае – не туды заедзеш. Вось у апошнім велапаходзе па Беларусі ў мяне не было ў плане Міёраў. Я збіраўся паехаць у іншы бок. І тут у папярэднім горадзе, у Верхнядзвінску, я звярнуў не туды. Еду і не гляджу на навігатар.

І толькі праз 20-30 км зразумеў, што штосьці не тое. Думаю: «Ну, нічога! Паеду ў Міёры!» Бывае і так.

Велавандроўкі. Міёры.

У дарозе часта падключаецеся да сеціва?

У Беларусі – так. Але гэта бывае пераважна ўвечары. Калі вызначыўся з начлегам, паставіў намёт. Тады заходзіш і глядзіш, што дзе і ў каго новае. За мяжой я звычайна не роўмінг падключаю, а набываю мясцовую сім-карту.

Васіль, мне здаецца, што вы нядаўна пачалі здымаць такія шыкоўныя відэа. А якія ў вас для гэтага прыставанні?

Так, сапраўды. У мяне – экшн-камера «Соні». Яна абароненая ад удараў, можна здымаць пад вадой, прымацоўваць на веласіпед. У мяне не самая наварочаная. Каштавала дзесьці 250 даляраў. А зараз такога класу каштуе каля 100 даляраў.

Зараз, ведаеце, модна ролікі з дрону здымаць. Я паглядзеў яго кошт… Не, не дарос (смяемся).

Ваша камера здымае цікава – паўкругам.

Захоп у экшн-камеры – 170 градусаў. За кошт гэтага малюнак трохі скажаецца. Затое захоплівае шмат. Тут ужо дакладна трапіш у кадр (смяемся).

Велавандроўкі. Як здымае камера.

Але вельмі расходуецца зарадка батарэі. Адной хапае на гадзіну здымкаў. Таму з сабой іх 4 штукі і два вялікіх паўэр-бэнд (power band) для зарадкі. Калі ў камеры ў самы непадыходзячы момант садзіцца батарэя, тады здымаеш на тэлефон. Але тэлефон таксама садзіцца хутка. Яго зараджаеш фактычна штодня.

І на камеру, да таго ж, адцягваецца ўвага, так?

Сапраўды. Ехаць без здымання відэа прасцей і цікавей. А так думаеш: «Трэба зайсці адтуль, бо тут сонца свеціць. А вось гэта здымаем з іншага боку». Патрабуецца дадатковы час. Але яно таго вартае…

Пагаджуся! Выдатныя відэа! Вельмі карысныя і пазнавальныя. Дзякуй вам, Васіль, за іх!

… І вось тут мы ўжо ўшчыльную наблізіліся да сёлетняй вандроўкі Васіля Літвіна па Беларусі. Але распачнем яе наступным разам. Сачыце за публікацыямі і дзяліцеся ўражаннямі ў нашых групах у сацыяльных сетках!

Фота з архіва Васіля Літвіна.

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 83

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".