26.10.2020
26.10.2020

Вікарная траўма. Прычыны і сімптомы. Як не захварэць чужым горам

logo
Здароўе дарослых
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вікарная траўма – праблема, якую ў апошні час псіхолагам і псіхатэрапеўтам даводзіцца вырашаць усё часцей. Любы, хто блізка мае стасункі з чалавекам, што перажыў тыя ці іншыя траўмуючыя падзеі ў жыцці – смерць блізкага, вестку пра невылечы дыягназ, прыродныя катаклізмы з трагічнымі наступствамі, катаванні, гвалт і г.д., – сам апасродкавана пакутуе і не застрахаваны ад вікарнай (ускоснай) траўмы. У групе рызыкі – урачы і іншыя медыцынскія работнікі, ратавальнікі, юрысты, псіхолагі, якім у сілу прафесійных абавязкаў даводзіцца часцей сутыкацца з траўмуючымі перажываннямі. Але таксама высокая верагоднасць вікарнай траўмы ў людзей з моцным пачуццём эмпатыі, суперажывання, якія чужы боль і пакуты літаральна прапускаюць праз сябе.

Вікарная траўма. Калі ўрач перажывае боль пацыента як свой.

Якія сімптомы выдаюць ускосную траўму? Як абараніць сваю псіхіку ад траўмуючага ўздзеяння чужых перажыванняў і пры гэтым не ператварыцца ў чэрствага і абыякавага чалавека? Паспрабуем разабрацца.

Вікарная траўма і эмацыянальнае выгаранне

Часам вікарную траўму блытаюць з эмацыянальным выгараннем. Абодва станы сапраўды маюць некаторае падабенства. Пры гэтым чалавек можа адчуваць альбо адзін з іх, альбо абодва адразу.

Ёсць толькі адно адрозненне: эмацыянальнае выгаранне не абавязкова звязанае з траўматычным фактарам. Прасцей кажучы, выгарэць можна, калі ў калектыве склалася напружаная, варожая атмасфера. Калі даводзіцца з дня ў дзень на працягу доўгага часу выконваць аднастайную, стамляльную працу, якая вымотвае эмацыянальна. Эмацыянальнае выгаранне пагражае і тым, хто па розных прычынах працуе на знос, забываючыся на паўнавартасны адпачынак.

Сімптомы вікарнай траўмы

Вікарная траўма. Працаваць фізічна да знямогі.

У розных людзей вікарная траўма выяўляецца па-рознаму. Некаторыя пакутуюць меней, іншыя – больш, адчуваючы шырокі спектр сімптомаў.

У любым выпадку сімптомы вікарнай траўмы можна ўмоўна падзяліць на пяць катэгорый:

Эмацыянальныя сімптомы. Могуць уключаць устойлівае пачуццё трывогі, турботы альбо смутку. Не выключаная праява неўласцівай чалавеку раздражняльнасці ці нават злосці. Ён робіцца безуважлівым, настрой часта і рэзка мяняецца, пачуццё гумару набывае адценне цынізму.

Паводніцкія сімптомы. Выяўляюцца імкненнем да ізаляцыі. Чалавек пачынае пазбягаць стасункаў і часцей шукае адзіноты. На гэтым фоне ён можа прыахвоціцца да алкаголю альбо іншых псіхаактыўных рэчываў, павялічыць іх ужыванне. Адначасова ў яго знікае апетыт і з'яўляецца бяссонніца. Людзі, якія адчуваюць паводніцкія сімптомы вікарнай траўмы, схільныя да рызыкоўных паводзінаў. А таксама могуць свядома нагружаць сябе фізічнай альбо разумовай працай і выконваць яе да знямогі.

Псіхалагічныя сімптомы, якія ўплываюць на фізічнае самаадчуванне, могуць выяўляцца, сярод іншага, галаўны болем, высыпаннямі на скуры, язвамі ці пякоткай.

Вікарная траўма. Псіхалагічныя сімптомы. Высыпанні на скуры.

Кагнітыўныя сімптомы. Наяўнасць вікарнай траўмы можа прыводзіць да цяжкасцяў з канцэнтрацыяй увагі, запамінаннем і прыняццем рашэнняў у паўсядзённым жыцці. Чалавек таксама можа заўважыць, што яму цяжка перастаць думаць пра траўму, якую перажыў блізкі альбо той, з кім яму давялося мець стасункі, выконваючы свае прафесійныя абавязкі. Гэтыя думкі набываюць дакучлівы характар і могуць турбаваць па-за залежнасці ад часу сутак і абставінаў, пры гэтым спробы пераключыць увагу часта аказваюцца марнымі.

Духоўныя сімптомы. Уключаюць адчуванне безнадзейнасці, страту жыццёвых арыенціраў, мэтаў і мараў. З'яўляецца пачуццё адарванасці ад іншых і свету ў цэлым. Чалавек востра адчувае страту сэнсу жыцця, можа адчуць сябе непатрэбным, адчуць, што не заслугоўвае любові і ўвагі навакольных.

Сімптомы вікарнай траўмы бываюць настолькі нясцерпнымі, што літаральна высмоктваюць з чалавека жыццёвыя сілы. Калі нічога з гэтым не рабіць, у надзеі, што стан часовы і пройдзе само па сабе, вікарная траўма можа стаць прычынай сур'ёзных псіхічных парушэнняў.

Як знізіць рызыку вікарнай траўмы

Вікарная траўма. Праца з псіхатэраўпеўтам ці псіхолагам.

Для людзей, якія працуюць у сферы аказання дапамогі (медыцынскія работнікі, ратавальнікі, псіхолагі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, псіхолагі, валанцёры), важна прайсці адпаведнае псіхалагічнае навучанне, як правільна спраўляцца з эмоцыямі пры працы з тымі, хто перажыў траўму. Многія спецыялісты ў вобласці псіхічнага здароўя таксама рэкамендуюць мець стасункі з іншымі спецыялістамі, якія маюць досвед працы з вікарнай траўмай. Перыядычныя стасункі з псіхолагам людзей з групы высокай рызыкі дапаможа зняць назапашанае эмацыянальнае напружанне і тым самым знізіць рызыку вікарнай траўматызацыі. Але пры наяўнасці сімптомаў, якія пералічаныя вышэй, адной працы з псіхолагам можа быць мала.

Адзін са спосабаў паменшыць рызыку траўмуючага ўздзеяння чужых перажыванняў – пераканацца, што вы дастаткова часу адводзіце для сябе, для адпачынку і рэлаксацыі, любімага хобі. Вельмі важна ўмець працу пакідаць на працы, пераключаць увагу з негатыўных эмоцый на пазітыўныя. Вядзенне дзённіка, сямейны вольны час, спартыўныя трэніроўкі, хобі і іншыя адцягненыя заняткі дапамагаюць лепей спраўляцца з праблемамі, асабліва на пачатковым этапе.

Вікарная траўма. Надаваць дастаткова часу хобі.

Зварот да псіхатэрапеўта таксама можа быць формай самадапамогі, паколькі сеанс тэрапіі дае час засяродзіцца на ўласных думках і пачуццях, вызваліцца ад таго, што прыгнятае і трывожыць.

Для валанцёраў, якія аказваюць дапамогу ахвярам гвалту, дзецям-сіротам, інвалідам, бяздомным, падапечным хоспіса і г.д., карысна перыядычна ставіць на паўзу сваю дзейнасць. Гэта важна, каб не дапусціць эмацыянальнага і псіхічнага ператамлення, што рана ці позна прывядзе да вікарнай траўмы. Лепей вярнуцца да валанцёрства крыху пазней, але здаровым, чым аднойчы апынуцца ў сітуацыі, калі самому давядзецца прасіць аб дапамозе.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».