Выстаўку «Аскепкі светаў» сябра Саюза мастакоў Расіі Аляксандра Крываноса прадставілі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Праект прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, прысвечана памяці бацькоў аўтара, якія нарадзіліся і выраслі ў Беларусі.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 жывапісных і графічных твораў Аляксандра Сяргеевіча. Выстаўка знаёміць з самабытным творчым светам аўтара, які ў сваіх работах звяртаецца да багатай культурнай спадчыны чалавецтва, да сучаснасці і да гісторыі, дзе побач з канкрэтнымі падзеямі і героямі нязменна прысутнічаюць легенда, прытча, міф. Так узнікае шматгранная выява, якая падобна мазаіцы або шклу вітража складаецца з мноства аскепкаў: дабра і зла, святла і цемры, зямнога і нябеснага.
Карціны «Была мара», «Коннікі часу», «Здані Пецярбурга», «Альфа -Амега» выступаюць эпіграфам да экспазіцыі. На іх фантазія мастака і рэальнасць не супрацьстаяць адно аднаму, а выступаюць неабходнай умовай для творчасці і даюць гледачу ключ да асэнсавання зместу выстаўцы ў цэлым.
У асобны раздзел выстаўкі можна вылучыць жывапісныя палотны «Бесперапыннасць», «П'ета», «Праабражэнне», дзе на першы план выходзіць разважанне аб памяці і аб тым, што менавіта вызначае лёс чалавека і ўсяго чалавецтва. Мы бачым, як вечныя біблейскія сюжэты адкрываюць новыя грані на чарговым вітку гісторыі, адзначаным крывавым супрацьстаяннем, выгнаннем, журботным перажываннем страты.
У такіх карцінах, як «Маладосць Мінатаўра», «Алеся», «Гаспадыня лесу», «Ікар», антычны міф трансфармуецца ў залежнасці ад кантэксту, у якім паўстаюць звязаныя з ім падзеі і героі. Старажытныя Грэцыя і Рым сутыкаюцца тут з выявамі славянскага фальклору, а часам пранікаюць і ў сцэны бытавога жанру.
На графічных работах аўтара драмы і канфлікты, якія суправаджаюць жыццё, набываюць эпічны маштаб, а фантастычныя вобразы суседнічаюць з сітуацыямі, знаёмымі кожнаму гледачу («На краі», «Яма», «Чорны дождж», «Няўдалы ўлоў», «Веснік», «Чаканне», «Нараджэнне»). Сюжэты аб мацярынстве і дзяцінстве, фальклорныя і прытчавыя матывы ўвасабляюць мары аб гармоніі і шчасці, але пры гэтым яны не пазбаўлены адчування трывогі і замяшання, уласцівага чалавечай душы («Мацярынства», «Лаўцы шчасця», «Лотас», «Бязмоўе»). Нават прыватныя, камерныя на першы погляд сцэны знаходзяць адмысловую, манументальную веліч.
Мастак натхняецца кантрастамі, разнастайнасцю супрацьстаяння ў чалавечым жыцці: як літаральна тэмай паядынку, саперніцтва («Кулачны бой», «Саперніцы»), так і тонкім спалучэннем узаемнага прыцягнення і вечнага супрацьпастаўлення мужчынскага і жаночага.
У творчасці Аляксандра Сяргеевіча Крываноса гармонія набываецца праз супярэчнасці, адсутнасць раўнавагі, якая патрабуе духоўных намаганняў і ўмення аддзяляць сапраўднае ад ілжывага – як у мастацтве, так і ў жыцці.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by