Вывіх сустава – закрытая траўма, якую лёгка атрымаць пры няўдалым падзенні, моцным рыўку ці нават рэзкім руху. Пры гэтым адбываецца частковае альбо поўнае зрушэнне касцей сустава.
Найбольш уразлівымі лічацца плечавыя і сківічныя суставы, суставы пальцаў кісцяў рук, радзей – локцевыя і тазавыя. Вывіх можа быць ускладнены пашкоджаннем сухажылляў, мышцаў, сасудаў, нервовых канчаткаў і косці.
Па сімптаматыцы вывіх сустава нярэдка можна прыняць за закрыты пералом косці. Аднак, у траўмаў ёсць адметныя асаблівасці. Іх неабходна браць пад увагу, паколькі ад гэтага залежыць алгарытм аказання даўрачэбнай дапамогі пацярпеламу. Наш пастаянны эксперт, загадчык траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска Віктар Комар распавёў, як адрозніць вывіх ад пералому і як правільна аказаць першую дапамогу.
Сімптомы вывіху
Асноўныя прыкметы вывіху сустава шмат у чым падобныя да агульных сімптомаў пералому:
- рэзкі моцны боль;
- дэфармацыя, ненатуральнае становішча канечнасці менавіта ў вобласці сустава;
- рэзкае абмежаванне рухаў;
- магчымыя прыпухласць, ацёк, пачырваненне ці, наадварот, залішняя бледнасць твару скуры ў вобласці пашкоджанага сустава.
Звярніце ўвагу:
Пры пераломе канечнасць можа захоўваць нармальную рухальную актыўнасць у суставе. Пры вывіху рухі ў суставе характарызуюцца як «хістальныя», у той жа час сам сустаў застаецца нерухомым. Гэтым тлумачыцца адна з адметных прыкметаў вывіху: вымушанае становішча канечнасці. Гэта значыць, вярнуць руку ці нагу ў натуральнае становішча не ўяўляецца магчымым з-за нерухомасці сустава.
Яшчэ адна асаблівасць, характэрная менавіта для вывіху сустава: адсутнасць крэпітацыі (храбусцення) у вобласці траўмы. Непасрэдна ў момант вывіху можа адзначацца так званы сімптом шчаўчку. Але часцей за ўсё на фоне рэзкага болю і дыскамфорту ён застаецца незаўважаным.
Першая дапамога пры вывіху
Правілы першай дапамогі пры вывіху не маюць на ўвазе пэўных актыўных мераў, падкрэслівае наш эксперт. Асноўная дапамога можа быць аказаная толькі кваліфікаванымі траўматолагамі альбо хірургамі ў стацыянарных умовах клінікі.
Усё, што можна зрабіць да прыезду брыгады хуткай дапамогі, гэта:
- забяспечыць пашкоджанаму суставу поўны спакой;
- зафіксаваць канечнасць: накласці шыну альбо павязку. Прычым фіксаваць канечнасць неабходна ў зручным для пацярпелага становішчы. Г.зн. пры вывіху сківіцы не варта спрабаваць гвалтоўна закрыць рот: акрамя таго, што часцяком фізічна немагчыма гэта зрабіць, падобныя дзеянні выклікаюць у пацярпелага моцны болевы сіндром і пакуты. Калі, скажам, рука, апушчаная ўніз, дастаўляе меншы дыскамфорт пацярпеламу, яе варта пакінуць у такім становішчы і не спрабаваць падняць, каб падвязаць на «хустку». Калі зручна сагнуць у локці і падвязаць, значыць, варта зрабіць менавіта так. Падвязаць руку можна, скарыстаўшыся шырокім бінтам альбо падручнымі сродкамі: хусткай, кашуляй, кавалкам тканіны;
- прыкласці на вобласць сустава холад, папярэдне загарнуўшы ў тканіну.
Ні ў якім разе вывіх нельга ўпраўляць самастойна!
Важна памятаць: вывіх – траўма, якая не праходзіць і не «гоіцца» самастойна. Галоўны прынцып аказання першай дапамогі ў тым, што чым хутчэй вы звернецеся па дапамогу да ўрача, тым меней верагоднасць ускладненняў і аддаленых негатыўных наступстваў атрыманай траўмы.
https://bel.24health.by/nebyaspechnyya-simptomy-peralomau-shto-rabic-da-kago-zvyartacca-pa-dapamogu/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by