11.08.2021
11.08.2021

Гаспадыні да ўвагі: карысныя рэцэпты нарыхтовак на зіму

logo
Рэцэпты
0 105
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Змест:

Як кажуць, не закруткамі адзінымі жывы чалавек. Сярод нарыхтовак, якія зрабіліся традыцыйнымі на нашых сталах, можна знайсці нямала варыяцый прыгатавання розных кампотаў, саленняў, варэння. Але можна адысціся ўбок, зазірнуць на «кухні» іншых краінаў свету і ўзяць рэцэпты простых, карысных і вельмі смачных страў, якія стануць выдатным дадаткам да паўсядзённага рацыёну.

да зместу

Хатнія нарыхтоўкі

Хатнія нарыхтоўкі. Цукаты па-беларуску.

да зместу

Агароднінная прыправа

Універсальная для супоў, мяса і іншых страў. Замест сумесяў з крамы і кубікаў з сумніўным складам.

Інгрэдыенты:

  • морква, цыбуля, пятрушка, часнок, сельдэрэй – 1,5 кілаграма агульнай вагі;
  • соль – 1 сталовая лыжка;
  • па жаданні можаце дадаць любую зеляніну ці агародніну.

Спосаб прыгатавання:

  1. Ачысціць і падрыхтаваць гародніну, парэзаць роўнымі кавалачкамі каля 1 см, адправіць сушыцца ў духоўку (не вышэй за 100°С) альбо электрасушылку на 7-8 гадзін. Гатовая сухая гародніна павінна ламацца.
  2. Здрабняем з дапамогай блэндара, дадаем соль.

Выхад: 130 грамаў сухой гародніны.

Тэрмін захоўвання: да 1 года ў сухім і цёмным месцы.

Дарэчы, такім жа чынам можна зрабіць і грыбны парашок-прыправу.

да зместу

Вяленыя памідоры па-італьянску

Самастойны гарнір, выдатная закуска і прыправа, ідэальнае начынне для брускеты, піцы, пасты.

Інгрэдыенты:

  • саспелыя памідоры (форма «слівы» выдатна падыдзе) – 1,5 кілаграма;
  • розныя прыправы;
  • соль;
  • 3 зубчыкі часнаку;
  • аліўкавы альбо сланечнікавы алей;
  • размарын ці базілік па жаданні.

Спосаб прыгатавання:

  1. Памідоры разрэзаць на чатыры часткі, выдаліць унутраную мякаць з семачкамі.
  2. Раскласці на бляху, пасаліць, заправіць, у кожную чвэртачку дадаць кроплю алею і паставіць у духоўку пры 80-110°С альбо ў электрасушылку на 6-8 гадзін. Кантраляваць стан – павінны быць крышачку вільготнымі і лёгка гнуцца, не ламацца.
  3. Даем астыць.
  4. Выкладваем у слоік слаямі: уніз – размарын ці базілік, парэзаны часнок і па чарзе – алей, спецыі, памідоры.
  5. Утрамбаваць.
  6. Даліць алей да верху, зачыніць вечкам.

Каштаваць не раней, чым праз 3-4 гадзіны.

Выхад: 350 грамаў вяленай гародніны.

Тэрмін захоўвання: да 6 месяцаў у сухім і цёмным месцы.

Хатнія нарыхтоўкі. Вяленыя памідоры па-італьянску ў слоіках.

да зместу

Фруктовая стужка

Аналаг пасцілы, правільнае салодкае. Для дзяцей і ласуноў – проста знаходка. Зручна браць з сабой у дарогу, выдатны карысны перакус.

Інгрэдыенты:

  • 1 кілаграм любой садавіны (яблыкаў, сліў, персікаў, абрыкосаў, груш) альбо ягад (парэчак, клубніцаў, малінаў, вінаграду).
  • Цукар альбо мёд, але не абавязкова.
  • Па жаданні можна дадаць карыцу, мускатны арэх, ванілін, кардамон, арэхі, кунжут, мак.

Практычна ва ўсёй садавіне і ягадах утрымліваецца пекцін – прыродны загушчальнік, таму ніякага жэлаціну альбо жэлійнага цукру не патрабуецца.

Спосаб прыгатавання:

  1. Садавіну памыць, ачысціць ад скуры, выдаліць сярэдзіну альбо костачку, парэзаць дробнымі кавалачкамі.
  2. Выкласці ў рондаль, заліць 500 мл вады, варыць пасля закіпання 15 хвілін.
  3. Атрыманую масу ўзбіць у пюрэ з дапамогай блэндара альбо ўручную.
  4. Варыць яшчэ 10 хвілін.
  5. Заслаць бляху пергаментнай паперай. Выкласці і тонка разраўняць лапаткай атрыманую масу.
  6. У разагрэтай да 80-100°С духоўцы прасушыць на працягу 2-3 гадзін з функцыяй абдзімання альбо прыадчыненай.
  7. Даць астыць у духоўцы.

Ёсць варыянт прыгатавання без вады, але ў гэтым выпадку можна атрымаць больш шчыльную, не заўсёды мяккую масу, гэта значыць – на аматара. Але пракіпяціць пюрэ рэкамендуем пры любым варыянце рэцэпту.

Выхад: 200-250 г фруктовай стужкі.

Тэрмін захоўвання: да 1 месяца ў шкляным посудзе з накрыўкай.

Хатнія нарыхтоўкі. Фруктовая стужка.

да зместу

Цукаты вітамінныя беларускія

Нацыянальнае салодкае – нароўні з журавінамі ў цукры, зефірам і пасцілой. Прыродны аналаг цукерак. Айчынны суперфуд.

Інгрэдыенты для асарці:

  • 1 кг у суме вычышчанага гарбуза, буракоў, морквы;
  • 1,2 кг цукру;
  • пакуначак лімоннай альбо аскарбінавай кіслаты;
  • духмяныя прыправы: ваніль, карыца, куркума, мускатны арэх, кардамон.

Спосаб прыгатавання:

  1. Гародніну памыць, ачысціць ад лупіны, выдаліць насенне, нарэзаць на аднолькавыя па памеры кавалачкі (усё, акрамя буракоў, уварыцца прыкладна ў 2-3 разы).
  2. Засыпаць 200 г цукру і пакінуць на 3-4 гадзіны альбо на ноч.
  3. 1 шклянку соку, які выдзеліцца, змяшаць з 1 кг цукру (можна замяніць 300-400 г мёду) і пакуначкам лімоннай ці аскарбінавай кіслаты. Атрымаецца сіроп.
  4. Астатні сок зліць.

Сіропам заліць кавалачкі гародніны ў рондалі вялікага дыяметра, каб раўнамерна ўсё ўварылася (дапушчальна і разам, і ў трох асобных рондалях). Для цытрусавага смаку можна дадаць скурку апельсіна ці лімона. Калі кавалачкі зробяцца празрыстымі – дастаць і сушыць на паперы. Пасля абкачаць у цукровай пудры ці вострых прыправах. Падаваць да гарбаты, дадаваць у кашы, тварог, торт.

Выхад: 100-150 г цукатаў.

Тэрмін захоўвання: 3-6 месяцаў у герметычнай упакоўцы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 105