19.01.2023
19.01.2023

Як адзначаюць Вадохрышча? Асноўныя традыцыі і абрады свята

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі праваслаўныя вернікі 19 студзеня адзначаюць Вадохрышча Гасподняе, або Багаяўленне. Прыкметы і абрады, якія праводзяцца ў гэты дзень, лічацца асабліва праўдзівымі.

Прадказваюць свой лёс у ноч на 19 студзеня вясковыя і гарадскія жыхары ўжо не адно стагоддзе. Ды і сама гісторыя Вадохрышча сыходзіць каранямі ў глыбокую старажытнасць.

У гэты дзень Царква ўслаўляе Ісуса Хрыста, які прайшоў абрад асвячэння вадой і прыняў веру. Хрышчэнне — адно з самых старажытных святаў. Раней яго адзначалі разам з Калядамі — 25 снежня. У нашы дні толькі ў некаторых краінах засталося гэта сумяшчэнне дат. Напрыклад, індыйцы і армяне працягваюць святкаваць Богаяўленне 6 студзеня.

Біблія абвяшчае, што абрад хрышчэння над Ісусам правёў Ян Хрысціцель. Падчас абраду на Збавіцеля сышоў Святы Дух у выглядзе голуба, менавіта ў гэты момант нябесны голас абвясціў, што гэты чалавек – Сын Госпада, любімы і адзіны, які нясе свету добрую волю.

Куцця

Куцця на Вадохрышча

18 студзеня вернікі прытрымліваюцца посту — нічога не ядуць да вечара, а ўвечары адзначаюць другі Святы вечар ці «Галодную куццю». На вячэру падаюць посныя стравы — смажаную рыбу, варэнікі з капустай, грачаныя бліны на алеі, куццю і ўзвар.

Уся сям'я, як і перад Калядамі збіраецца за сталом, да якога падаюцца толькі посныя стравы. З рысу, мёду і разынак рыхтуецца куцця. У гэты вечар, вярнуўшыся з царквы з малебна, людзі ставілі мелам крыжы над усімі вокнамі і дзвярыма.

Пасля вячэры ўсе лыжкі збіраюць у адну міску, а зверху кладуць хлеб — «каб хлеб нарадзіўся». Гэтымі ж лыжкамі дзяўчаты варажылі: выходзілі на парог і стукалі імі, пакуль недзе не забрэша сабака — у гэты ж бок дзяўчына і замуж пойдзе.

Галоўная традыцыя свята Вадохрышча — асвячэнне вады

Святая вада

Раніцай 19 студзеня свецяць ваду — у царкве, ці, дзе гэта магчыма: каля возера, ракі ці ручая. Лічыцца, што на Вадохрышча, з паўночы да паўночы, вада набывае гаючыя ўласцівасці і захоўвае іх на працягу года. Яе даюць піць цяжкахворым, ёю асвячаюць храмы, дамы і жывёл. Для навукі застаецца загадкай той факт, што вадохрышчанская вада не псуецца, не мае паху і можа захоўвацца на працягу года і даўжэй.

Вада асвячаецца ў крыніцах, а там, дзе такой магчымасці няма — у двары храма. Асвячаючы ваду, святар апускае крыж у адмысловую вадохрышчанскую палонку, асвячоная вада завецца «вялікай агіясмай», гэта значыць вялікай святыняй.

Лічыцца, што вадохрышчанская вада валодае такой жа цудадзейнай сілай, як і воды Іардана, у якія ўваходзіў Ісус Хрыстос.

У дзень Вадохрышча, пасля малебна, у палонцы купаюцца хворыя — каб вылечыцца ад хваробы. У дзень свята і ў дзень Вадохрышчанскай куцці здзяйсняецца Вялікае водаасвячэнне. У дварах храмаў цягнуцца доўгія чэргі па святую ваду.

Калі чалавек па якіх-небудзь сур'ёзных прычынах не можа пайсці на службу ён можа звярнуцца да гаючай сілы простай вады, узятай са звычайнага вадаёма ў вадохрышчанскую ноч.

Лічыцца, што вадохрышчанская вада набірае асаблівую сілу і гаючасць. Вадохрышчанскай вадой лечаць раны, акрапляюць кожны куток свайго жылля — у хаце будзе парадак і спакой.

Акунанне ў палонку

Да нашых дзён захавалася традыцыя акунацца на Вадохрышча ў палонцы — той, хто адважваўся на гэта, верыць, што гаючая вадохрышчанская вада дасць яму здароўя на цэлы год. І сёння знаходзяцца смельчакі, якія нават у моцны мароз скачуць у ледзяную ваду. Усім жадаючым далучыцца да іх варта памятаць, што акунацца ў вадохрышчанскай палонцы трэба, не імкнучыся «здзейсніць подзвіг», а памятаючы пра рэлігійны сэнс гэтага дзеяння — лепш за ўсё перад гэтым узяць благаслаўленне ў святара. Таксама трэба ведаць, што абмыванне ў вадохрышчанскай вадзе не чысціць ад усіх грахоў «аўтаматычна».

Пасля святкавання Вадохрышча пачынаецца новы вясельны сезон, які працягваецца да Вялікага посту. Даўней гэта быў час весялосці і вольнага часу. Моладзь збіралася на вечарыны, сем'і хадзілі адзін да аднаго ў госці.

Як піць ваду на Вадохрышча?

Як піць ваду на Вадохрышча?

У Багаяўленне вадохрышчанскую ваду можна піць цэлы дзень. Але потым яе варта ўжываць нашча або па асаблівай неабходнасці (напрыклад, пры раптоўнай хваробе). Акрамя таго, у дзень свята мы крапім святой вадой усё жыллё, у тым ліку і прыхожыя месцы, і тыя памяшканні, дзе жывуць нашы хатнія жывёлы. Можна акрапіць і офіс, і месца вучобы, і аўтамабіль.

А калі вы бачыце, што вады стала не так шмат, як хацелася б, — можна разбавіць яе простай чыстай вадой, і ўся яна будзе гэтак жа поўная боскай ласкі, як і раней, і гэтак жа не сапсуецца.

Таму зусім не варта надрывацца, выносячы з храма ў гэты дзень каністру на дзясятак-другі літраў. Дастаткова ўзяць невялікую бутэльку — і вады хопіць да наступнага Вадохрышча вам і вашым блізкім. Але і цудоўнае захаванне вадохрышчанскай вады не гарантавана чалавеку, які не будзе ставіцца да яе поўна глыбокай пашаны.

Лепш пераліць ваду з пластыкавага посуду ў шкляную, і захоўваць яе побач з абразамі. Таксама і піць гэтую ваду трэба з малітвай, каб дар Гасподні быў нам на здароўе душы і цела.

Вадохрышчанская вада можа гадамі стаяць і не псавацца.

Варажба на Вадохрышча

Варажба

У вадохрышчанскі вечар дзяўчына павінна выйсці з дому і пайсці па вуліцы. Калі яна сустрэне на сваім шляху першага маладога і сімпатычнага мужчыну, вялікая верагоднасць, што сёлета яна выйдзе замуж. Калі мінак будзе старым, то замужжа яшчэ не хутка.

На Вадохрышча акрамя традыцыйных навагодніх і калядных варожб, спрадвеку практыкавалі адмысловую варажбу — з куццёй.

Сутнасць яе складалася ў тым, што варажбіткі, захапіўшы ў кубак гарачай куцці і схаваўшы яе пад фартухом або хусткай, беглі на вуліцу і першаму мужчыне, які з’яўляўся на шляху, шпурлялі ў твар куццёй, пытаючы яго імя.

Яшчэ больш арыгінальны іншы выгляд адмысловай вадохрышчанскай варажбы: на куццю, пасля заходу сонца, дзяўчыны выходзілі на вуліцу галышом, кідалі снег праз плячо і затым слухалі — у якім баку пачуецца што-небудзь, у той бок і замуж выдадуць.

Вадохрышчанскія прыметы

Вадохрашчынскія прыкметы

  • Калі на Вадохрышча дрэвы пакрытыя інеем, увесну сеяць зімавую пшаніцу трэба ў той жа дзень тыдня — ураджай будзе багатым.
  • Калі на Вадохрышча ідзе лапатай снег — да добрага ўраджаю.
  • Калі на Вадохрышча ясна і холадна — да неўраджаю, засушлівага лета.
  • Калі на Вадохрышча зорная ноч — будзе добры ўраджай арэхаў і ягад.
  • Калі на Вадохрышча відаць шмат рыбы — будуць пчолы добра раіцца.
  • Калі сабакі шмат брэшуць — да вялікай колькасці звяроў і дзічыны ў лесе.
  • Каб даведацца, наколькі цёплым будзе астатак зімы, у ноч Куцці перад Вадохрышчам трэба проста паглядзець на неба.
  • Калі зоркі свецяць ярка, лета будзе сухім і гарачым, а вясна пачнецца рана. Больш за тое, восень таксама будзе цёплай і зацяжнай. Таксама яркія зоркі на небе ў Вадохрышча кажуць аб тым, што год будзе спакойным, без палітычных ці эканамічных скалынанняў.
  • Калі ў ноч Вадохрышча будзе поўня, то вясной трэба асцерагацца моцнага разліву рэк.
  • Не вельмі добра, калі на Вадохрышча цёпла: прыметы гавораць аб тым, што ў гэтым годзе будуць праблемы са здароўем. Наадварот, калі на Вадохрышча шмат снега — гэта да моцнага здароўя.
  • Калі ў Вадохрышча вы пачуеце брэх сабак — гэта абяцае добры фінансавы стан у новым годзе. Лічыцца, што сабакі клічуць на паляванне, якое абяцае выдатную здабычу.

https://bel.24health.by/novy-god-kalyady-gistoryya-tradycyi/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"