29.12.2024
29.12.2024

Як беларусы святкавалі Новы год у старажытнасці?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Новы год — адно з самых любімых святаў ва ўсім свеце. Яго шануюць за вясёлую атмасферу, за перспектыву сабрацца ў цёплым сямейным коле, за магчымасць пераацаніць пражыты год і пабудаваць планы на новы.

Цягам гісторыі ў Беларусі пачатак года адзначалі па-рознаму. Нашы далёкія продкі святкавалі яго спачатку вясной, калі прырода толькі прачыналася, потым у пачатку восені, калі завяршаўся збор ураджаю. Пачатак новага працоўнага года суправаджаўся традыцыйнымі забавамі і звычаям:

  • святочнай вячэрай;
  • варожбамі;
  • гульнямі;
  • абрадавымі песнямі;
  • памінаннем продкаў;
  • калядаваннем;
  • спальваннем «павука» — традыцыйнага саламянага амулета, які вісеў у куце цэлы год.

З распаўсюджваннем хрысціянства царква паклапацілася аб тым, каб галоўным святам года стала Раство, а Новы год быў перанесены на 1 студзеня. Народныя традыцыі святкавання паступова перапляталіся з рэлігійнымі.

да зместу

Гістарычныя факты пра Новы год

У свой час увосень сустракаць Новы год сталі ў Візантыі. А паколькі хрысціянства прыйшло да нас менавіта адтуль, перанялі і гэтую традыцыю. Праўда, не ўсе, а толькі шляхта, кіруючая вярхушка грамадства і праваслаўная царква. А народ як святкаваў увесну, так і працягваў! Крыху пазней з сакавіка адзначанне Новага года перанеслася яшчэ бліжэй да лета, яго прывязалі да Вялікадня.

Калі ў 1582 годзе Папа Рыгор XVI удакладніў юліянскі каляндар, узнікла блытаніна: нехта прыняў удакладненне, нехта не. Паступова царква «пагадзілася» з зімовым Новым годам (хоць з пераносам даты Раства Хрыстовага спрачаюцца да гэтага часу). Следам за царквой пацягнуўся і народ. Але гэта было хутчэй фармальнае свята. «Сапраўдны» ўсё роўна адзначалі ў сакавіку.

Ужо потым, калі зімовы Новы год прыжыўся, шмат якія вясновыя звычаі проста перанеслі на тры месяцы, і замест «валачобнікаў» з'явіліся «каляднікі». Пачыналася ўсё з Калядаў, потым ішоў Новы год, потым Вадохрышча. Адпаведна, пасля былі тры рытуальных вечара.

На стале была рытуальная колькасць страў, людзі варажылі, чысцілі двор і хату — гэта быў цэлы комплекс дзеянняў. Напрыклад, калі дрэва не пладаносіла, па ім білі палкай і прыгаворвалі: «Глядзі, калі пладоў не дасі, дык ссячэм ды наступнага Новага года!» І дрэва «баялася»!.. Гатавалася «куцця». А за сталом успаміналі продкаў: «Быў такі дзядзька Іван, дык быў дужы, сапраўдны асілак, мог дрэва рукамі зламаць!», «Бабка Тэкля надта ўжо спявала дабра, столькі песень на памяць ведала!». І так, пакуль усіх не ўспомняць. Казалі нават пра не надта выдатных сваякоў: «Быў Юзік, надта ўжо выпіць любіў ды пад плытам пакачацца. Ня дай Божачкі нікому так піць!».

Сучасны Новы год — гэта свецкае свята, якое не мае гістарычнай ці народнай падаплёкі. Для яго характэрны балі, весялосць, вечарыны. Ён прыйшоў да нас з Германіі. Але немцы ставілі ў хаце не менавіта елку, а любую ігліцу як сімвал вечнага жыцця, і не дрэва цалкам, а толькі галінку. У нас да справы падышлі з вялікім размахам.

Цяперашні Дзед Мароз — гэта таксама штучны вобраз. Ён злеплены з двух персанажаў — традыцыйнага Мароза і Святога Мікалая. Сабраўшыся за сталом, людзі стукалі ў акно і клікалі: «Мароз, Мароз, ідзі ды нас куццю есці. Цяпер хадзі, цяпер гуляй, а вясной не бывай, расаду не марозь, сады не марозь. А калі з'явішся, будзем цябе сцябаць жалезнай пугай!..» Палохалі, так бы мовіць, ставілі на месца. Святога Мікалая, наадварот, вельмі любілі — ён прыносіў падарункі.

Калі Новы год толькі сталі адзначаць зімой, падарункі ніхто нікому не дарыў. Дарылі па старой памяці на Вялікдзень, асабліва дзецям! Дзяўчыне абавязкова — новую сукенку. Калі сям'я бедная, дык хоць стужку ў касу. Хлопчыку — новыя кашулі і штаны. Але асноўным падарункам было яйка. Тое, што зараз без падарункаў нікуды, — гэта не даніна традыцыі, а новаўвядзенне.

да зместу

Што гатаваі гаспадыні?

У Калядны вечар, калі яшчэ не скончыўся пост, стол быў постны. Гаспадыні гатавалі сем страў, сярод іх:

  • «куцця» (каша з суцэльных вычышчаных зерняў ячменю);
  • боршч;
  • аладкі з макам;
  • коржыкі;
  • арэхі;
  • яйкі. Даўней людзі хадзілі на балоты шукаць у гнёздах яйкі самай разнастайнай формы і расфарбоўкі. І хваліліся адзін перад адным, у каго прыгажэйшае. Гэтая традыцыя дайшла і да нас — у выглядзе фарбаваных курыных яек на Вялікдзень.

У навагодні вечар (для праваслаўных маецца на ўвазе стары Новы год — 13 студзеня) на стале страў павінна было быць 12 страў. Тут ужо дапушчаліся розныя мясныя фантазіі:

  • каўбасы;
  • верашчака;
  • крывянкі;
  • сальтысоны.
да зместу

Што пілі?

  • сыта (раствораны ў халоднай вадзе мёд);
  • узвар з яблыкаў або груш;
  • піва;
  • віно.

Да XIX стагоддзя народ не піў крэпкіх алкагольных напояў.

да зместу

Як упрыгожвалі дом на святы?

Па-першае, начыста прыбяралі дом. Быў нават звычай не прыбіраць у хаце цэлую восень, затое «вылізваць» яе перад Калядамі.

Даўней у хату прыносілі і клалі на падлогу салому — знак хлеба. Дзецям дазвалялася падкідваць яе да столі — каб хлеб высокім рос. У нашым варыянце можна абыйсціся любой саламянай штуковінай: званочкам, зорачкай, лялькай…

Пад столь вешаўся саламяны «павук», у аснове якога было 12 звязаных паміж сабой саломінак. Гэта быў сімвал года.

Кожны Новы год старога павука спальвалі — каб разам з ім адыходзілі ўсе праблемы гэтага года, а пад столь вывешвалі новага. Купіць павука можна і зараз у сувенірных крамах.

да зместу

Каго чакалі ў госці?

У першы дзень Новага года з асаблівым трапятаннем чакалі «валачобнікаў». Такія пераапранутыя госці песнямі і прымаўкамі радавалі гаспадароў дома, жадалі падворкам працвітання і дабрабыту. За свой выступ госці атрымлівалі харчовыя дары і адпраўляліся ў дарогу да наступных дамоў.

Гэтая традыцыя саступіла свае пазіцыі ў Сярэднявеччы. Ёй на змену прыйшлі калядоўшчыкі. Сярод іх ужо пасяліліся добра вядомая каза, мядзведзь і іншыя героі. Дагэтуль, часцей у вёсках, можна сустрэць хлопцаў і дзяўчат, якія з дванаццаціканцовай зоркай — сімвалам Віфлеемскай каляднай зоркі — наведваюць падворкі і спяваюць песні.

 

Абрад каляд мае яшчэ больш старажытныя карані. Лічылася, што ў гэтыя дні сціраецца грань паміж светам жывых і святлом нябесным. Гадалі хто як мог. Па надвор'і прадказвалі ўраджай, а дзяўчаты, узброіўшыся люстэркамі і валёнкамі, імкнуліся даведацца, хто ж будзе іх сужаным.

да зместу

Як упрыгожвалі ёлку?

У больш старажытныя часы ёлку ўпрыгожвалі з сэнсам: яблыкамі (знак грэхападзення) і аплаткамі (знак выратавання). Затым з'явіліся папяровыя кветкі, гірлянды, пазалочаныя арэхі, ласункі. Шкляныя ж цацкі ўзніклі выпадкова. У год, калі не ўрадзіліся яблыкі і арэхі, майстэрскія шкловыдзімальшчыкі Латарынгіі замянілі іх шклянымі. Новаўвядзенне мела вялікі поспех. Паступова рэлігійны сэнс абраду пачаў знікаць. Зялёная ўпрыгожаная ёлка стала сімвалізаваць жыццё, здароўе, шчасце і паступова ператварылася ў галоўны сімвал навагодняга свята.

У Беларусі на рубяжы XIX-XX стагоддзяў прыбраная ёлка з'яўлялася ў дамах багатых людзей. Сярод беларускіх сялян, рамеснікаў, рабочых гэты звычай прыжыўся значна пазней.

З часам адбыліся змены ў складзе навагодніх персанажаў. У XX стагоддзі ў Беларусі, як і ў большасці еўрапейскіх краін, галоўным героем навагодніх свят стаў Дзед Мароз. Яго выява складалася стагоддзямі, і кожны народ уносіў у яго нешта сваё. Продкамі Дзеда Мароза ў адных краінах лічаць гномаў, у іншых — сярэднявечных вандроўных жанглёраў.

У беларускай міфалогіі ёсць персанаж, які моцна паўплываў на ўяўленне беларусаў аб тым, як выглядае навагодні дзед. Гэта старажытнае бажаство Зюзя, які з'яўляецца ўвасабленнем зімовай сцюжы. У народзе падчас правядзення навагодніх святочных абрадаў яго згадвалі ажно да XIX стагоддзя: «Зюзя на дварэ – куцця на стале». Паводле фальклорных сведчанняў, беларусы ўяўлялі сабе Зюзю сівым тоўстым дзедам, нізкага росту з калматай барадой, босым, без шапкі, з жалезнай булавой. Верылі, што большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але час ад часу наведваецца і ў вёскі, прыносячы туды моцны мароз. Раззлаваўшыся, Зюзя б'е булавой аб пень, тады пачынаюцца траскучыя маразы. На Каляды яму пакідалі частку куцці, каб не быў такім лютым. А часцей за ўсё гаспадар кідаў за акно першую лыжку кашы.

На працягу XX стагоддзя навагоднія абрады і традыцыі працягвалі мяняцца. Большасць з іх страціла свой магічны сэнс і ператварылася ў гульню, забаву. Разам з Дзедам Марозам у госці да дзяцей і дарослых пачала прыходзіць Снягурка, а на вялікіх святах сталі з'яўляцца матухна Зіма і іншыя зімовыя персанажы.

да зместу

Што жадалі раней у святочныя дні?

  • Гаспадару і гаспадыні — дабрабыту, поспехаў у вядзенні гаспадаркі.
  • Незамужнім дочкам — знайсці сабе добрага мужа, які «з коніка не ссядае, з страмён ножкі не вымае, перад каралём шапкі не знімае».
  • Хлопцам — знайсці гаспадарчую жонку.
  • Астатнім — усякага дабра ды пабольш!..
да зместу

Прыкметы навагодніх святаў

  • Вельмі важна паспрабаваць ежу з кожнай талеркі.
  • Асобную місачку пастаўце на акно — «дзядам». Туды таксама трэба адкласці з кожнай талеркі.
  • Стол на ноч не прыбірайце — «хай дзяды прыдуць пачаставацца».
  • У доме за сталом павінны быць толькі сваякі. Пры гэтым сын ідзе да бацькоў, дачка — разам з мужам да свёкра і свякрухі.
  • На святы нельга нічога пазычаць.

Святы Мікалай, Дзед Мароз, Зюзя … Падрабязна пра адрозненні зімовых чараўнікоў

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"