Неяк лясныя жыхары паспрачаліся, што ў Зайца ні кроплі хітрасці няма. І так спрачаліся, што ледзьве не пабіліся. Каб не было яе, гэтай самай хітрасці, то касому прыйшлося б нясмачна ў першы дзень палявання. Тады прыскакаў да яблыневых, ссечаных загадзя гаспадаром, галінак амаль на самую мушку стрэльбы. Нават не чакайце: сенсацыі не будзе. Касы праскакаў побач, носам павёў і – шукай ветру ў полі. А то гаспадар, зарад увесь усмаліў бы у яго беласнежнае футра! А ён як скакануў у поле, так і бачылі яго.
У лясной канторы таксама Зайца лічаць сціплым і тым, хто вядзе здаровы лад жыцця. І сем’янінам прыкладным таксама.
І сапраўды, як не месяц Касы прыкладна сябе паводзіць. І толькі надарыўся дзень народзінаў Барсука, як Заяц насёрбаўся чароўнага напою да самай ікаўкі. Думаеце падарунак імянінніку прынёс? Не, казаў, што не паспеў захапіць.
Хіба гэта не хітрасць?
А калі Заяц не п’е чароўнага напою, то сапраўды сціплы, ціхі і нават культурны. Але калі хоць крышачку вып’е яго… Адкуль што возьмецца! Ад былой сціпласці і культуры не застанецца і ўспаміну. Спачатку Заяц пачынае лаяць усіх і ўсё у лесе, дзе ўсё атрымаў для спакойнага і прыстойнага жыцця сям’і, навучання сваіх дзяцей. Дзе атрымаў і ўтульнае жытло, і прызнанне на працы, і магчымасць рэалізаваць сябе як добрага работніка. Асабліва не напружваючыся.
Усё ведае, як павінна быць! Нават кулакамі пагражае. І так заўжды. Ну, што гэта за жыццё, скажыце? Вось у іх!
І вось аднойчы перад выхаднымі Зайчыха забрала малых і павяла іх на другі канец лесу да бабулі.
А Заяц, як звычайна, накуляўся чароўнага напою, палаяў усіх каго ведаў, ці толькі чуў, апошнімі словамі, прылёг ля пянька і задумаўся, што б такое ўтварыць. Каб запомнілі. Думаў-меркаваў і вырашыў ударыць ва ўсе цяжкія. Ат, была не была!
Хіба гэта не хітрасць!
І патэлефанаваў Ласцы ў шыкоўным белым кажушку і з зманлівым белым хвосцікам.
Ён усхапіўся, набраў нумар і сказаў:
— Прывітанне! Скажыце, калі ласка, хто на провадзе?
— А, хто вы? – перапыталі ў трубцы.
— Барсук! – схлусіў Заяц. – Я хацеў бы пагаманіць з Ласкай.
— Ласка слухае.
— Дык гэта ты, маё шчасцейка! А я цябе адразу не пазнаў… Даўно хацеў сказаць табе, што не магу без цябе. Усе мае думкі толькі аб сустрэчы з табою… Прашу, не адкажы ў спатканні…
У трубцы ўздыхнулі, Барсук-Заяц падумаў, што сціплая Ласка не можа асмеліцца. Гэта распаліла яго яшчэ болей.
— Любая, - горача зашаптаў ён у трубку.
— Любая? А як жонка, не любая ўжо?
— Ат, не будзем пра гэта. У нас хутка ўсё скончыцца… А зараз яна з дзецьмі ў яе маці.
— А ці не забыўся, мой жвавенькі дзядулька, што я маладзейшая за цябе на дваццаць год?
— Вось толькі пра гэта не трэба! Мне ўсяроўна: я цябе кахаю! Чуеш?
— Ну калі так, слухаю цябе, мой Барсучок!
— Я для цябе што заўгодна зраблю! Хочаш падарунак табе зраблю — калье з брыльянтам? А хочаш і на курорт махнём? За мяжу, зразумела. Так не хапае новых уражанняў, душэўнага спакою і жаночай ласкі. Мне сняцца па начах твае прыгожыя вочы і мяккая шэрстка. Я трызню табой!.. Калі ты не прыйдзеш сёння ўвечары пад кучаравую елку, я налажу на сябе лапы!
— Ну, навошта такія ахвяры? – насмешліва запыталіся ў трубцы. – Ты ж ведаеш: я самадастатковая дзяўчынка і ты павінен адпавядаць.
— Я разумею, любая!
— Глядзі, дарагі мой Барсучок, калье з брыльянцікам на жаночы дзень чакаю! І не жартуй са мной! Не залішняй была б яшчэ вельмі карысная і патрэбная рэч. Такая мяккая і прыемная… Яна патрэбная любой прыстойнай жанчыне…А тое ў мяне ўсяго адна. Здагадаешся сам. Au revoir!*
* Au revoir!* (фр.) – да пабачэння!
Заяц быў на «сёмым» небе ад выхаванасці і адукаванасці новай выбранніцы. Ён скакаў ад радасці і выкрыкваў: кожнаму сваё! А ў яго душы аркестр іграў вальс “Амурскія хвалі”.
Калі б Заяц не піў свій чароўны напой, то адразу пазнаў бы гэты голас, але ж чароўны напой рабіў сваю справу.
— З нецярпеннем чакаю цябе, мая любая! Пад кучаравай елкаю! Цалую, цалую тыячу разоў цябе і твае лапкі!
Хіба гэта не хітрасць?
Улюбёны паклаў трубку і пайшоў сабе на спатканне.
Ласкі яшчэ не было.
— Спазняецца, цану сабе набівае, - прамармытаў Касы.
Ён прытуліўся да дрэва і неўзабаве задрамаў…
Раптам нехта пакратаў яго за вуха. Спрасонку яму здалося, што гэта яго жонка. Раззлаваўся Заяц.
— Пайшла прэч! Я цябе разлюбіў!
І прачнуўся ад уласнага крыку.
Але што гэта? Заяц не паверыў сваім вачам. Перад ім стаяла Ліса. Так-так, тая самая сінявокая ў кароценькай спаднічцы Патрыкееўна, якая працавала начальніцай ў лясной канторы, дзе і Заяц.
— Дык вось які “Барсук” Ласкам спатканні прызначае! – з’едліва сказала Рыжая. – Эх ты! Мяне хацеў абвесці! Будзе мне што тваёй жонцы паведаміць! І каб дахаты мчаўся! Да дзяцей! Чуў?
— Чуў, начальніца! І як даў лататы – колькі духу меў панёсся ад кучаравай елкі.
Але хіба ад Лісы ўцячэш?
На кожнага такога хітрага аматара, заўсёды знойдзецца такая хітруня, як Ліса.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by