12.11.2024
12.11.2024

Як дабрыня і спагада ўсе перашкоды адужала (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Жыў-быў у адным паселішчы адзінокі малады  чалавек. Бацькі, пры жыцці, незвычайнымі былі людзьмі: здольнасці мелі асаблівыя, калі каторы, бывала, толькі кіне поглядам на варону, што свежа пасеяную збажыну выбірае, яе і дух прастывае назаўсёды.

Узніме бацька вялікі палец да неба – дождж ідзе. Сына ж назвалі Іванам, значыць, памілаваны Богам. Першыя гадзіны слабаваты быў, але нябёсы імгненна ўмяшаліся і хлопчык рос, як баравічок. На трэці дзень ужо ганяў звяроў па лесе.

Прайшоў час. Бацькі неўзабаве памерлі. А што якое здарылася, нам, простым людзям не ведама. Сын казаў, што там, паказваючы на неба, лепш ведаюць каму куды.

Дужы Іван быў, ды й галаву таксама меў. У яго гаспадарцы быў усяго толькі адзін конік. Працаваў на сваім надзеле дзень пры дні: рупіўся не толькі для сябе вырасціць бульбіну ды пшаніцу, а й на продаж штогод заставалася. Іван асабліва не пяўся, усё ў яго неяк лёгка атрымлівалася. Паспяваў не толькі ў сябе, але і ў мясцовага  пана папрацаваць.

Неяк сустрэў ён дачку пана Дубягі. Спадабалася Івану дзяўчына: сінявокая, з доўгай чорнай  касою і прыгожая з твару, Караліна, здавалася, нават усміхнулася яму. А ён як зірнуў на яе, дык і вочы не мог адарваць:  так ён яе ўпадабаў.

І надумаў Іван сватацца да яе. Давёў пра свае намеры матчынаму брату, дзядзьку Мікіту, які жыў на хутарах. Той выслухаў пляменніка, але папярэдзіў быць абачлівым і не кідацца ў полымя ад аднае толькі ўсмешкі, каб не застацца на адным яе ласкавым хлебе. “Справа загадкавая і рызыкоўная, - казаў дзядзька, - але  калі ўжо намерыўся, не адступай. Памятаеш пра матчын чарадзейны куфар? – Той махнуў галавой. – Тады абірай любога з маіх коней і джгай хутчэй у горад. І каб без прыстойнага ўбору не вяртаўся! Я ж тым часам з панам словам перакінуся.”

Палез Іван у матчын куфар, а там – не адна ўжо яго, а тры каліты. І ўсе поўныя грошай. Здзівіўся Іван, а тут і пахам цёплых матчыных рук павявае. Ды раптам голас памерлай маці чуецца: “Не цурайся, сынок, гэта дар за шчырае сэрца і руплівыя рукі твае. А дзяўчына Дубягава, што прыглянулася табе, няхай сабе і гордая, але добрая, не па бацьках-катах пайшла. Толькі будзь асцярожным. Здрады асцерагайся. Нялёгкая дарога цябе чакае, але па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш. А гэты Дубчык, - дастае маці з куфара, - твайго Бацькі памагаты. Не думай, што я пасміхаюся над табой, ён незвычайны. Карыстайся ім у самым цяжкім становішчы”.

Азірнуўся хлопец, хацеў падзякаваць маці і за дар, і добрую параду і мудрае настаўленне, але голасу таго як і не было. Узяў Іван колькі трэба грошай ды й рушыў у дарогу.

Шлях хлопца ляжаў палямі, лугамі ды векавымі лясамі, а калі і тваньлівымі балотамі.  Надвячоркам ужо ён выскачыў на шырокі поплаў, непадалёку ад тропу, што веў уздоўж свежааплеценага канала заўважыў нейкую істоту. “Можа пачвара якая прытаілася? Ці, можа, лепш праехаць ды не чапаць яе, – спытаў сябе. Але нейкі таемны голас нашэптваў адваротнае: “Дабром за дабро плацяць”. Здаецца, не зусім па часе, але ж як…

Дачка пана

Пільней прыгледзеўся. Спыніў каня. Ажно бачыць гэта ніякая не істота, а звычайная   маладая і прыгожая тварам жанчына, якая ледзь кратаецца, стогне ад болю. Адзенне на ёй было парванае, а сама ўся ў крыві.

Іван злез з каня. Падыйшоў бліжэй. Жанчына ўзняла галаву. Прыгледзеўшыся да яе, ён ўспомніў, што такімі збітымі да крыві ён бачыў толькі парабкаў пана Паўлоўскага, суседа, што даўно варагуе з Дубягам з-за межаў.

— Добры малойчык, пільныя  вочы і чулае сэрца тваё! Дзякуй, што супыніў свайго Буланага.

— Адкуль ты ведаеш майго Буланага?

— Хто ж яго не ведае!

Раптам конь шкрабе траву капытом і матляе галавою, схіліўшыся долу. Матляе галавою, і спадылба глядзіць на параненую.

Іван не стаў далей распытваць пра каня, адразу пытаецца як патрапіла сюды ды паранілася.

Жанчына апавяла яму, быццам бычка свайго згубіла. Бегла следам, зачапілася за лазовую агароджу канала і ногі параніла.

— Не сумуй, маладзіца, лепей скажы, чым я табе магу дапамагчы?

— Выканаеш тое, што папрашу – шчодра аддзячу. Будзеш мяне доўга ўспамінаць. І патрэсла торбаю залатых.

— Не трэба мне твае залатыя! Лепш кажы бяду сваю, - адказваў Іван.

— Тады слухай, - яна хацела ўстаць, але нейкая сіла прымусіла зноў аказацца на зямлі. - Як паедзеш гэтым шляхам, на развілцы трох дарог расліну Падарожніка лапік сустрэнеш. Сарві сем найбольшых лісткоў, змачы крынічнай вадзіцай ды ўкруці ў сурвэтку ільняную. Далей кіруйся правай дарогі. На выспе ўбачыш тры сасны растуць. Збяры з кожнай па тры бурштынкі памерам з пазногаць майго вялікага пальца рукі, і таксама загарні, але паасобку ў другую вільготную ільняную сурвэтку, - яна паказала правую руку. – Не зманіш? Зможаш?

І Буланы зноў заматляў галавой, нібыта падцвярджае праўдзівасць яе слоў. Нічога не парадзіш, калі ўжо пра ўсё распытаў, ды й жанчына, здаецца, адкрылася, хаця, сумненні засталіся: і пагляд паланянкі, і торба грошай пры ёй. Ды штосьці  нешта ціха яна распавядае. Задужа ўпэўненая. Кажуць - не вер марской цішыні: ціхім мора здаецца з берага.

Але згадзіўся Іван, зірнуўшы ўпотай  на маладзіцу. Усміхнуўся тварам і, крануўшы каня, паімчаўся наперад. Вершнік не кіраваў канём, калі толькі  злёгку кратаў повадам, і той нёсся хутчэй за вецер.

Яснае сонейка ззяе ярчэй учарашняга, вецер свішча ў вушах маладым салоўкам. Буланы імчыцца ва ўвесь дух. Адкуль толькі ўзялася, над галавою вершніка пралятае Белая Лебедзь ў жаночым адзенні. Тут Іван раптам адчуў за сваёй спінай крылы. Узмахнуў імі і разам з канём паляцеў. Ляцяць яны высока-высока, над самымі зоркамі, абганяючы хмаркі, ажно вецер моцна свішча ў вушах. Здавалася, што ён плыве па небе. Сэрца хлопца радасна білася ў грудзях, вочы блішчэлі, як дыяменты. Яму было так радасна, што цяпер ён лёгка ўправіцца з усімі справамі. А калі пачуў, што яго верны спадарожнік даганяе, яшчэ болей павесялеў.

Доўга ляцелі яны. Але вось неўзабаве наперадзе паказалася развілка трох дарог. А непадалёку, на выспе, віднеліся абрысы яйкападобнага дрэва.

— Зірні, Іван! Зірні наперад! – казаў Буланы. – Нам хутка прызямляцца.

Сонца зноў перабаршчыла: быццам са злосцю не проста грэла і свяціла, а раскалілася быццам мартэнавая печ. І зараз паліла так, што ўсё марнела, смягла.

Падлятаюць яны бліжэй і бачаць: амаль пад імі – ладныя лапікі зеляніны. Здагадаўся Іван: вось ён, Падарожнік! Зараз нарвем лісткоў яго.

Так і зрабілі. Выбралі самыя вялікія сем гаючых лістоў. Пабег Іван да
крынічкі. Нахінуўся хлопец, каб спачатку спаталіць смагу. А тут – голас чуецца: “ Я – Крыніца Сіні Калодзеж. Дапамагаю бедным і нямоглым”.

І - адлюстраванне на вадзе той самай параненай дзяўчыны ці жанчыны. Але чуецца голас Караліны:

— Толькі ты, Іван, можаш выратаваць мяне ад бацькавых прыхамосцяў. Ты здольны ўтрымаць сваё шчасце, як і вада з Сіняга Калодзежа лекуе чалавечыя душы. Ты ж гэтага хочаш?

— Так, так, дарагая Караліна! Я здолею гэта зрабіць!

Крынічка бруілася, радавала і зачароўвала яго. Здавалася, ціхае-ціхае цурчанне малюсенькай ручаінкі абудзіла ў ім дзіцячыя ўспаміны, калі на другіх сутках свайго зямнога жыцця ён з бацькамі быў акурат ля такой крынічкі. Умываўся яе чыстай і сцюдзёнай вадзіцай і слухаў пошум такіх жа дубоў. Тыя таксама шумелі  па-рознаму: то ціха, спаважна, то глуха, трывожна. Як і той стары Ціс.

— Няма калі ў меланхолію ўдарацца, - казаў хлопец да свайго вернага сябра. -Патрэбна спяшацца. Абмыў лісты Падарожніка і загарнуў ў ільяную сурвэтку.

— Ну што? Цяпер – вунь на тое яйкападобнае дрэва? Страшнае для цябе дрэва, чуеш? – казааў  Буланы. Але захоплены толькі сваімі думкамі хлопец  нічога не пачуў. Не хацеў чуць.

— Наперад! – скамандаваў Іван і ўскочыў у сядло.

Усяго адзін скачок спатрэбіўся Буланаму, каб аказацца побач з тымі Соснамі. Сабраў Іван па тры бурштынінкі з кожнай сасны і загарнуў у такія ж, як і лекавыя лісточкі ў вільготныя ільняныя мяшэчкі. Ускочыў на Буланага і панёсся па небе.

Параненая жанчына была на тым самым месцы.

— Трымай, прыгажуня! – крыкнуў Іван і перадаў мяшэчкі. - А цяпер – бывай! І больш людзям давярай.

— Дзякуй за твой клопат і чулае сэрца! - Гэта – табе! – крыкнула, кінуўшы ўслед нейкі звёртак. Вершнік, пачуўшы лёгкі дотык да сваёй спіны, неяк асабліва ўзбадзёрыўся. Цяпер ён выглядаў больш рамантычным, мог ад радасці нават закрычаць.

Буланы толькі касіў вочы на свайго часовага гаспадара, але весела, у знак згоды, матляў галавой, пасля, хапаючы вечаровае прахалоднае паветра, загаварыў:

— Ты добра зрабіў, што дапамог той жанчыне! Цяпер паненка не адмовіць! Гэта я табе кажу, - гукаў конь.

— Усё, што прасіла! - мовіў Іван. – Яшчэ ў нас адна важная справа засталася – набыць шлюбны ўбор. І - у зваротны шлях. Трэба спяшацца…

— І не хвалюйся! Толькі  крылы свае мне пачапі, - казаў конь.

— Навошта табе мае? Зараз і ў цябе будуць! – Іван дакрануўся бацькавым Чарадзейным Дубчыкам да плячэй каня і ў таго зараз жа з’явіліся вялікія і мускулістыя крылы.

— Вось так, а цяпер трымайся мацней! – радасна ўскрыкнуў Буланы і, пачуўшы імгненны прыліў свежых сіл, ускінуў галаву і, выцягнуўшы ўперад шыю, птушкай памчаўся. У вушах вершніка іграла музыка ветру.

Вось і новае адзенне ў руках. Іван трымаецц яшчэ больш упэўненым.

Цяпер, калі да вызначанай мэты было ўсё бліжэй, Іван ніколькі не хваляваўся, наадварот, быў больш упэўненым у тым, што цяпер дзяўчына не адмовіць. Разважаў: няхай сабе і не роўня, як кажуць яе бацькі, але Караліна сваю галаву мае. Вось і Зорка яе, сярод мноства іншых, што ўжо прарэзаліся на небе, зараз за ім, Іванам, сочыць. І бачыць з якімі памкненнямі і стараннасцю ён пераадольвае ўсе перашкоды дзеля адной Яе, Караліны – той, што зараз перакінулася Белай Лябёдкаю і сочыць за шчырасцю таго іскрыстага пагляду.

— Значыць, усё гэта не дарэмна, так. Відаць таксама ўпадабала, калі суправаджае мяне, - працягваў разважаць Іван.

Правы край неба ўспыхнуў, нібы ад пажару. Той пажар разгарэўся хутка, і неўзабаве з яго выплыла залацістая Поўня і пакацілася па вершалінах дрэў. І вада ў лясным азярку зрабілася залацістай. Яна вясёлай дарожкай свяцілася ў бок падарожных. Возера паволі ўбірала ў сябе вячэрняе неба. Здавалася, што яшчэ адно імгненне і яго праглыне ноч. Але Буланы ў адно адзін міг  аказаўся над знаёмымі палеткамі.

— Іван, зірні! Поўня над нашай зямлёй! – мовіў Буланы.

— Мы павінны апярэдзіць яе! – прашаптаў каню на вуха. — Бо калі Поўня раней кранецца вершаліны вунь таго трохвекавога Ціса, то яго драўніна з чырвонага зробіцца чорнай. А гэта будзе азначаць: навокал усё ядавітае. Значыць, там ні хвіліны нельга знаходзіцца.

— Дык мы пераляцім імгненна! – пачаў суцяшаць свайго вершніка конь.

— Не будзем рызыкаваць, - мовіў Іван. – Прадчуваю: наперадзе яшчэ адна перашкода - бацькі Караліны. Трэба наноў пераконваць: дзядзьку Мікіту не ўдалося гэта зрабіць.

— Няма ў мяне больш дачкі!-крычэў бацька, як адрэзаў. – І мяне не хвалюе здрада гэта з майго боку ці не. Толькі бачыць яе не хачу!  Мала яму бацькоў, жанішок? Магу і з ім тое паўтарыць, - крычаў на мольбы дзядзькі дураслівы пан.

Тут пралятаючая побач Варона каркнула так моцна, што ад нечаканасці Іван ажно здрыгануўся.

— Яшчэ адна прадказальніца!

Аднаго  пагляду вершніка было дастаткова, каб сівая разбойніца знікла назаўсёды.

Ён прытрымаў каня. Але што гэта: акрамя Белай Лебедзі, падобнай на тую параненую, што адзінока хадзіла па двары і чакальна глядзела ў неба, нікога не бачна. Няма ні самой нявесты, ні валадарнага гаспадара з жонкаю, ні іх слуг з эканомамі, ні папа, ні ксяндза.

Іван датыкаецца  Чарадзейным Дубчыкам да панскага коміна. На вуліцу з  будынкаў павыбягала, павылазіла процьма шэрых мышэй – вялікіх і малых. Уміг знікаюць усе панскія пабудовы. Знікае і Белая Лебедзь. Мышы тоўпяцца пад нагамі, пішчаць, крычаць. Вялікія пацукі закруціліся вакол ног высокай і прыгожай дзяўчыны ў белай сукенцы.

-Караліна! – ускрыкнуў Іван.

- Іван!

Яны бягуць адзін аднаму насустрач. Зарадавалася дзяўчына. І з вачэй яе ясных пырскала шчасце, развесяліўся і жаніх. Як і не было тых іспытаў. Схапіў яе на рукі, пацалаваў і панёс да свайго дому.

Зладзілі сціплае, але шчырае вяселле. Ды сталі жыць па-новаму. Да суседзяў з ласкаю, і тыя іх шчасцю радаваліся. Калі не толькі шчырай парадай, а і справай дапамагалі. Дабра і дзетак маладыя сваіх нажылі. Цяпер ніхто іх не прымушаў працаваць з рання да змяркання. Караліна заўжды была пры справах. І дужа хваліла свайго мужа, казала: “Воля для птушкі даражэй залатой клеткі”.

Сонейка на патэльні (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».