28.05.2025
28.05.2025

Як даўней на Беларусі засцерагалі дзіця ад хвароб

logo
Здароўе дзяцей
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Спрадвеку ў грамадстве дзіця займала асобнае месца, надзялялася рысамі святасці і чысціні. Лічылі, што яно вельмі ўразлівае да хвароб і сурокаў. Асабліва небяспечным перыядам у жыцці дзіцёнка быў час ад нараджэння да хрышчэння.

У печ на лапаце

У печ на лапаце

На Палессі і ў некаторых іншых мясцінах быў распаўсюджаны абрад перапякання хворых і сурочаных дзяцей. У даўнія часы ён праводзіўся над большасцю нованароджаных, а пазней ужо толькі над слабымі і хворымі немаўлятамі. Каб знішчыць хваробу, немаўлятка на хлебнай лапаце на імгненне засоўвалі ў печ. У вёсках Тонеж і Стадолічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці такі звычай захоўваўся амаль да нашага часу.

Паводле этнаграфічных апісанняў 19 стагоддзя, бабка-знахарка да ўзыходу сонца прыносіла ваду з трох калодзежаў і замешвала ў ёй цеста. Потым на хлебнай лапаце засоўвала яго ў печ і пякла хлеб. Пасля таго, як гатовы хлеб быў выцягнуты з печы, яна клікала маці з хворым дзіцёнкам. Тая саджала на гэтую ж хлебную лапату сваё немаўля, абмывала яго вадой, якой перад гэтым абмазвалі хлеб і рабіла выгляд што збіраецца засунуць яго ў печ. У гэты момант іншыя жанчыны адчынялі дзверы і здымалі дзіця з лапаты.

Але этнографамі апісаны і шэраг выпадкаў, калі дзіцёнка па-сапраўднаму на імгненне засоўвалі ў печ на лапаце і пры гэтым прамаўлялі замовы.

Напрыклад, зафіксавана такая замова: “Маці Марыя, царыца нябесная! Ты спарадзіла самога Іісуса Хрыста; сам Іісус Хрыстос стварыў неба і зямлю, месяц і зоркі, птушак і рэкі, і азёры ўстанавіў. І таго ж устанаві крэпасць у раба (такога) і захавай яго ад прызорныя прычынення хваробы, ад ветра, ад вады і ад усялякай худобы”.

Калі бабка саджала немаўля ў печ, яго маці тройчы абыходзіла вакол хаты, кожны раз зазірала ў акно і пытала: ”Што ты, бабуля, робіш?” Бабка адказвала “Хліб чніцю”. Сэнс такога звычаю азначаў, што дзіцятка вярталі ў чэрава маці, якое замяняла ў дадзеным выпадку печ, каб ён нарадзіўся наноў моцным і здаровым. У некаторых вёсках пасля такога абраду на дзіцёнку разрывалі кашульку і спальвалі яе.

 

Ад ліхіх вачэй

Але, як верылі нашы продкі, шмат нядобрага на свеце робяць ліхія вочы. Калі маці адлучыць дзіця ад грудзей, а потым пашкадуе і зноў накорміць яго сваім малаком, дзіця гэтае будзе мець ліхія вочы. На што ні паглядзіць, на тое нашле бяду. Таксама былі ўпэўнены: “Калі матка першы раз дасць свайму дзіцяці левую цыцку, то ў яго будуць шкадлівыя вочы”. Такога чалавека намагаліся заўсёды пазбягаць і хаваць ад яго тыя рэчы, якія яго вока магло пашкодзіць.

А яшчэ існавала павер’е, што не варта хваліць, паказваць ці перадаваць сваё дзіця (асабліва няхрышчанае) незнаёмым людзям і тым, хто можа пазайздросціць ці пажадаць ліха. Калі неразумны чалавек уголас пазайздросціць каму-небудзь у вочы ці бязмерна пачне расхвальваць дзіця, скаціну, ураджай і г.д., то ў адказ гавораць самому сабе: “Соль табе ў вочы, а галаўня ў зубы”. Тады не будзе сурокаў.

Апроч гэтага, у нашых продкаў існаваў шэраг магічных дзеянняў, якія неабходна было здзейсніць перад і пасля сустрэчы з такім чалавекам: паказваць дулю (хаця б і ў кішэні), папляваць праз левае плячо, надзець споднюю бялізну на левы бок, завязаць вузлы на поясе і г.д.

Шырока былі распаўсюджаны абрады пераварочвання хворага дзіцяці. Так, хворае або сурочанае дзіця пераварочвалі ў калысцы, надзявалі кашульку рукавамі на ножкі. Удзень завешвалі вокны, а ўначы асвятлялі хату. Каб прайшла немач, хворага на радзімец ставілі галавою долу. Ад сурокаў дзіця тры разы прапускалі праз хамут, які потым надзявалі на кабылу.

На Палессі супраць сурокаў хворае дзіця маці працягвала паміж ног, а на Падзвінні яна распраналася да сподняга і прадзявала дзіця паміж целам і кашуляй, пачаўшы з падолу і дастаючы праз каўняровую адтуліну. Каб дзеці былі здаровыя, іх паілі вадой, у якую быў пакладзены кавалак вяроўкі ад царкоўнага звону. Калі маці з дзіцём ішлі ў госці, то ад сурокаў завязвалі ў кашулю трохі хлеба, солі і асвечаных зёлак Таксама раілі ад ліхога вока насіць на шыі воўчы зуб ці хаця б зубок часныку. А каб дзіцёнак не хварэў і быў заўсёды вясёлым, у багатых сем’ях маці і нянькі надзявалі на яго ажарэлкі з бурштынавых пацерак.

Бытавала і ўяўленне, што маці варта пераступіць праз дзіця некалькі разоў і сказаць пры гэтым: “Толькі той маё дзіця ўрачэ, хто між маіх ног яго правалачэ”. Тады ўжо да самай смерці гэтаму дзіцяці не будуць страшныя ніякія сурокі.

Гэтаксама як сурочанае дзіця працягваюць між целам маці і яе кашуляй, яго працягвалі яшчэ тройчы і праз бацькавы нагавіцы. Пачыналі з пояса і потым працягвалі праз правую ці левую калашыну. У Кобрынскім павеце выціралі дзіця ўсімі нагавіцамі.

Час нараджэння

Нашы продкі верылі, што лёс і далейшае жыццё дзіцёнка залежыць ад часу яго нараджэння. Паводле месячных квадраў, павітуха старалася прадказаць шчасце-долю народжанаму. Калі нарадзіўся на поўню, будзе мець вялікую сям’ю, на маладзік — будзе доўга жыць, у трэцюю чвэрць — наадварот, у апошнюю — будзе слабое і хваравітае. Вядома, што калі месяц састарэе, на працягу трох начэй зорнае неба застаецца без месяцовага святла. Паводле старажытных вераванняў, дзіця, якое народзіцца ў гэты час, будзе няплоднае. Каб народжанаму ў безмесяцовыя дні дзіцёнку ў будучым не пагражала бясплоднасць, да хрышчэння яго выносілі не праз дзверы, а перадавалі кумам праз акно.

 

Засцярогі пры хрышчэнні

Пры хрышчэнні вялікая ўвага надавалася імянарачэнню. Да абраду хрышчэння дзіця называлі “лялечко”, “багданька”, каб падмануць злыя сілы, якія маглі нашкодзіць немаўляці. Звычайна бабка-павітуха па просьбе бацькоў давала дзіцяці імя ў час яго першага купання. Хросныя бацькі казалі пра гэта святару, і той звычайна пагаджаўся. Імя давалі ў гонар каго-небудзь з продкаў або паважанага ў наваколлі чалавека. Часта пэўныя імёны, асабліва па мужчынскай лініі, пераходзілі з пакалення ў пакаленне.

Хрысціць немаўля везлі на падушцы, абцягнутай кашуляй бацькі. Пры дзіцёнку мусіў быць кавалачак хлеба, пасыпаны соллю.

Пасля хрышчэння хлопчыка загортвалі ў кашулю маці, а дзяўчынку ў кашулю бацькі, каб на іх, калі вырастуць, звярталі ўвагу прадстаўнікі супрацьлеглага полу.

Папляваць тры разы на дзень. Як раней на Беларусі лячылі хваробы вачэй

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дзяцей"