Ёсць тры асноўныя фактары, якія вызначаюць агульнае развіццё дзіцяці ў цэлым і развіццё маўлення ў прыватнасці: медыцынскі (стан здароўя), кагнітыўны (генетычна абумоўленыя псіхічныя здольнасці) і псіхасацыяльны (атмасфера, у якой расце і выхоўваецца малыш, уключаючы бытавыя ўмовы, а таксама працэс узаемінаў з сямейнікамі і соцыумам).
Пік бацькоўскай занепакоенасці з нагоды гарманічнага развіцця ўзнікае, як правіла, бліжэй да 2–2,5-гадовага ўзросту дзіцяці. Адказваючы на прыёме на пытанні мамаў і татаў, чаму іх дзіця не есць самастойна, не ходзіць на гаршчок ці амаль не размаўляе, асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Аліса Кудлач задае сустрэчнае пытанне: ці наведвае малыш дзіцячы калектыў?
Мы запыталіся ва ўрача, якое дачыненне мае дзіцячы сад да развіцця дзіцяці ў цэлым і развіцця маўлення ў прыватнасці і чаму яго наведванне важнае для пастаноўкі правільнага дыягназу.
Аснова развіцця дзіцяці – імітацыя
Калі казаць вельмі ўтрыравана, працэс развіцця дзіцяці ў частцы навучання, набыцця неабходных навыкаў, у развіцці і ўдасканаленні вышэйшых псіхічных функцый грунтуецца на двух кітах: зрокавым і слыхавым успрыманні і наступным узнаўленні. Усё тое, чаму малыш навучаецца па меры сталення, уся яго дзейнасць – па сутнасці імітацыя. Ён слухае і паўтарае. Глядзіць і робіць.
Навошта дзіцяці дзіцячы сад
Узнікае заканамернае пытанне: навошта тады дзіцяці дзіцячы сад і як ён можа дапамагчы, калі імітацыі дзеянняў сямейнікаў павінна быць дастаткова?
Безумоўна, размова не ідзе пра тое, што наведванне дзіцячага калектыву з'яўляецца абавязковым этапам, які гарантуе гарманічнае развіццё дзіцяці. Разам з тым, вопыт паказвае, што прарыў у развіцці часцяком здараецца менавіта тады, калі малыш пакідае межы мікрасоцыуму (сям'і) і трапляе ў макрасоцыум (дзіцячы калектыў).
Тлумачыцца гэта проста. Калі дзіця пастаянна знаходзіцца ў сваім мікрасоцыуме, надыходзіць момант, калі ў яго знікае неабходнасць «напружвацца» – актыўна і паскорана ўдасканальваць набытыя навыкі, навучацца новаму: яму знаёмыя ўсе прадметы інтэр'еру, абставіны ў цэлым заўсёды аднолькавыя. І сямейнікі выдатна разумеюць яго маўленне, няхай нават тое, што складаецца з асобных гукаў ці складоў.
Роля люстраных нейронаў: назірай і паўтарай
Прыкладна 10-15 гадоў таму вучоныя выявілі спецыфічныя клеткі – люстраныя нейроны, якія размяшчаюцца групамі ў розных аддзелах галаўнога мозгу чалавека.
Люстраныя нейроны – спецыфічны тып сэнсаматорных нейронаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе як выканання маторнага акта, так і ў зрокавым успрыманні аналагічнага маторнага акта, выкананага іншым індывідам.
У кантэксце размовы пра ўплыў дзіцячага сада на развіццё дзіцяці актыўнасць глядзельных нейронаў набывае асаблівую актуальнасць. Дзіця, трапляючы ў акружэнне такіх жа малых, як ён сам, пачынае «счытваць» тыя дзеянні, якія яны выконваюць: самастойна ядуць лыжкай (дома яго магла карміць мама, напрыклад); ходзяць на гаршчок (у сям'і ніхто з дарослых на гаршчок не ходзіць); размаўляюць і г.д. Пры нармальным развіцці тут жа ўключаюцца люстраныя нейроны і спрацоўвае патрэба ў імітацыі. Паступова малыш пачынае паўтараць гэтыя дзеянні.
Лічыцца, што люстраныя нейроны таксама ўдзельнічаюць у разуменні эмоцый іншых людзей (развiцці эмпатыі) і навыку адэкватнага набыцця моўнай функцыі (развіцці маўлення).
Наведванне дзіцячага сада – лепшы сацыяльны тэст на вызначэнне, чаму дзіця маўчыць і які варыянт парушэння развіцця ў яго мае месца быць. Калі ў цэлым псіхіка захоўная, але ёсць некаторая затрымка ў маўленчай экспрэсіі (цяжкасці з узнаўленнем альбо адсутнасць неабходнасці вучыцца размаўляць, бо ў сям'і яго і так усе разумеюць), дык праз пару месяцаў у дзіцячым садзе дзіця загаворыць. Няхай не адразу ідэальна, дрэнна вымаўляючы асобныя гукі, канчаткі, але прагрэс будзе відавочным. Калі гэтага не адбудзецца, спатрэбіцца дадатковае абследаванне для высвятлення і карэкцыі праблемных аспектаў развіцця.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by