Убачыць рамантычную п'есу Лермантава «Маскарад» на сцэне без купюр і бязлітаснага рэжысёрскага мантажу сёння можна ў Горкаўскім тэатры.
У выкананні прафесійнага акцёрскага ансамбля п'еса «Маскарад» гуляе гранямі, як каштоўны камень, які не патрабуе дадатковай агранкі. Пастаноўка Дэвіда Разумава закранае душу сваім трагізмам і болем, які практычна кожны герой адчувае ў пастаноўцы.
Драма ў вершах — прэм'ера да 210-годдзя драматурга. Знакамітая п'еса з цяжкім лёсам. У новым спектаклі — усе героі нашага часу.
«Гламурнае жыццё» разгортваецца «тут і цяпер». Маскарад — гэта метафара жыцця, у якой героі хаваюць пад маскамі абыякавасці і недаверу свае сапраўдныя пачуцці.
Галоўны герой драмы Яўген Арбенін — заможны мужчына сярэдніх гадоў, надзелены бунтарскім духам і моцнай воляй. Нарадзіўшыся ў вышэйшым грамадстве, ён марна імкнецца здабыць незалежнасць і свабоду. Ён жыве па законах свайго грамадства і, спрабуючы абараніць гонар, аслеплены рэўнасцю і ганарыстасцю, заканчвае тым, што вяртаецца да таго, ад чаго доўгі час уцякаў.
Трактоўка рэжысёра лермантаўскага шэдэўра аказалася вельмі цікавай: галоўны герой Яўген Арбенін (Андрэй Сенькін) і князь Звездзіч (Кірыл Нікіцін) выглядаюць як сучасныя хіпстэры. Знакаміты маскарад падобны на яркі імерсіўны тэатр у тэатры. Асобныя сцэны выклікаюць асацыяцыі з апошнім фільмам Стэнлі Кубрыка «З шырока зачыненымі вачыма». Неад'емнай часткай дзеяння сталі мабільныя тэлефоны — героі робяць сэлфі пасля вялікага выйгрышу за гульнявым сталом і выклікаюць з іх дапамогай «карэту».
Цікавыя жаночыя вобразы Ніны Арбенінай (Алена Сцэцэнка) і Ганны Штраль (Віталіна Бідзюк). Кожная з іх перажывае сваю ўнутраную драму. Цікавы і фінал спектакля, у які ўрываецца знакаміты вальс Арама Хачатурана, калісьці напісаны да спектакля «Маскарад» тэатра ім. Я. Вахтангава.
У асобныя моманты рамантычная меладрама саступае месца напружанаму псіхалагічнаму трылеру, які задае гледачу нязручныя пытанні аб прыродзе чалавечага эгаізму, абавязкаў і ахвярнасці.
Спектакль «Маскарад» вельмі складаны і ў тэхналогіі, і ў выкананні. Яго рэжысёрская партытура ўключае ў сябе не проста сцэнічнае дзеянне, не проста перастаноўкі дэкарацый, гэта партытура ў поўным сэнсе музычная, дзе найменшы рытмічны збой можа парушыць мастацкую цэласнасць сцэнічнага тэксту. Таму кожны паказ спектакля патрабуе адказнасці для акцёраў і рэжысёра.
На прагляд гэтага спектакля людзі ідуць не толькі за прыгожай карцінкай, «тэатральнасцю», але і за самым сапраўдным пачуццём надзеі, што не адбудзецца трагедыя. Але яна здараецца, і ў гэты момант перэасэнсоўваюцца ўсе унутранныя стэрэятыпы і прадузятасці. Ты пачынаеш жыць ў галаве з галоўным героем Арбеніным, які, на жаль, не змог адмовіцца ад эгаізму і грамадскага меркавання, і адначасова перажываеш за яго, разважаеш над тым, што чалавек мог зрабіць іншы выбар. Пастаноўка вучыць нас не глядзець на свет аднабакова і вучыцца знаходзіць варыянты ва ўсіх сітуацыях.
Хворае каханне альбо бясконцы эгаізм? Прэм’ера спектакля «Анфіса» прайшла ў Горкаўскім тэатры
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by