21.05.2024
21.05.2024

Як верабейка з ружай сябраваў (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Жылі-былі Ружа і Верабейка. Аднаго разу Верабейка прыляцеў да Ружы шукаць паратунку. Яна нават не распытвала: што ды чаму. Адразу прыхінула малечу. Яшчэ добра не апярыўшыся, як толькі выляцеў з бацькоўскага гнязда адразу аказаўся безабаронным. Вылецеў мусова, бо выйсця іншага не было: на яго вачах бацькі патрапілі ў злыя кіпцюры ката Ваські, і загінулі. Лёс братоў і сясцёр быў яму невядомы. Можа дзе і згалелі яны.

Сядзеў Верабейка і меркаваў: як жыць далей. Пры кожным ускрыку Вароны – кар-рр, кар-рр ён уздрыгваў і зашываўся ўглыб кветніка.

Але дзень пры дні ўсё ж лётаў у пошуках спажывы. Хаця і шустры быў, але вылятаў са сваёй пахучай схованкі толькі тады, калі не было не відаць, нават не чуваць галасоў большых за яго птушак: дужа баяўся іх. Страх яго адчуваў кожны лісток і кожная кветачка вялікага куста Ружы.

—  Не хвалюйся, малыш! Мы – побач, - нашэптвалі галінкі Ружы. —  Мы абаронім цябе! І паказвалі свае доўгія і вострыя калючкі.

—  Дзякуй, даражэнькая Ружа. Але я буду вучыцца на чужых памылках, бо на сваіх вучацца толькі дурні! – казаў гэтак Верабейка і злятаў.

Злятаў звычайна да ранішніх спеваў Пеўня, бо той як усхопіцца, ды як распачне  сваё кукарэку, кукарэку. Быццам ніхто не разумее мову прыроды додня ўставаць, каб у шчасці жыць.

І Сарока пакуль маўчыць. Хіба толькі пра надакучлівую суседку Варону ўспомніць і тады трашчыць.

Кветкі не заўсёды маглі выказаць сваю цудоўную душу словамі, толькі разлівалі навокал чароўны свежы пах. Водар для Ружы быў усім: і словамі, і настроем, і згадкамі. Яна вельмі хацела радаваць кагосьці. Верабейка быў асабліва ўдзячны Ружы.

—  Ружа для мяне як маці: і прытуліць, і абагрэе. Я вельмі ёй  удзячны, казаў Верабейка.

Ружовы куст, на якім красаваліся вялікія і меншыя бутоны гэтых цудоўных кветак, жыў у невялікім круглым кветніку. Кветнік быў дагледжаны: пустазелле не паспявала з’явіцца, як гаспадыня адразу палола, з карэннем вырывала. Ружа красавалася пасярод клумбы. Сама ж клумба была абкладзена невялікім, але аднолькавым па памерах каменнем. Кожны каменьчык, пафарбаваны рукамі гаспадара сядзібы, зараз зіхацеў рознакаляровымі фарбамі. Атрымалася своеасаблівая вясёлка. Гэта выказвала асаблівую павагу да цудоўнай кветкі.

Ружа адчувала такі клопат і калі-нікалі казала сваё шчырае “дзякуй”, адорваючы добрых людзей сваім цудоўным водарам. І, хаця, мела надзейныя абарончыя калючкі, ніколі не падняла свае рукі-галінкі на дабрадзеяў. Вось і зараз, калі сама толькі акрыяла ад зімовых сцюжаў, а побач зацвілі Нарцысы, Ружа толькі парадавалася за суседзяў:

—  Якія вы цудоўныя! Пакуль я распушчу свае бутоны вы будзеце ўпрыгожваць гаспадарскі двор, - прамовіла Ружа і прыязна ўсміхнулася.

—  Што вы, пані Ружа! – не пагаджаліся самалюбівыя Нарцысы, —  Мы ствараем усяго часовы фон гаспадарскага падворка, а вось вы – упрыгожваеце сваёй шыкоўнай велічу і водарам.

Незвычайная просьба Верабейкі

Верабейка

Раніцай, калі не прачнулася ніводная птушка, Верабейка ўпотай ўжо паспеў падабраць усе зярняткі, што знайшоў узбоч дарог. Не абмінуў зазірнуць і ў курыны летнік. А зараз, добра пад’еўшы, вярнуўся ў сваю схованку. Сядзеў на звыклай галінцы і разважаў:

— Хутка вырасту і буду ўпоравень з іншымі птушкамі адстойваць сваё месца пад сонцам. Не буду шоргацца ад кожнага куста ці нават ад павеву ветрыку. Ці не так, Ружа?

—  Так! Канечне ж так, безабароннае дзіцятка, - адказвала Ружа і спагадліва ўздыхала.

— Толькі я хачу вас, дарагая мне Ружа, прасіць хутчэй зацвітаць. Ваш водар надае мне храбрасці і сілы!

Ружа толькі рассмяялася.

На наступны дзень Ружа распусцілася. Яна раскрыла свае пялёсткі акурат на рассвецці, а знікаючая ранішняя раса пакінула на іх мноства чыстых і празрыстых слязінак.

— Ружа, дарагая мая Ружа, ты плачаш? – пытаўся расчулены Верабейка.

— Ды што ты, малыш! Бач, ужо і пчолкі ў госці да нас прыляцелі, - адказвала радасная кветка. – Значыць, тут ім добра, і чыста, і ясна. І я быццам упершыню ўбачыла і блакітнае неба, і адчула свежае ранішняе паветра.

— І я бачу! Бачу, як пад сонечнымі промнямі ўсміхаюцца твае ружовыя пялёсткі, - адказваў Верабейка. – Калі ўпершыню ўбачыў як падаюць долу расінкі, мне падалося што ты плачаш.

— Не, дурненькі ты мой! Ад той ранішняй свежасці ў нас з табою так хораша, што можам гасцей прымаць. І не сумаваць, а радавацца жыццю.

Ружа пры гэтым схіляла свае расквеціўшыя галоўкі у бок спагадлівага суразмоўцы і разлівала вакол сябе тонкі і свежы пах. І гэты пах быў яе і шчырымі словамі, і слязьмі.

Маўклівы госць

Верабейка

Аднаго разу, вярнуўшыся з ранішяй прагулкі, Верабейка заўважыў незнаёмую зялёную істоту. Яна шавялілася ўнізе куста Ружы, між самых каранёў. Здавалася, што яна прыліпла да зямлі плоскім жыватом. Як толькі раскрыліся два паўшар’і перапонак, што прыкрывалі вочныя яблыкі, Жаба ўзняла ўверх свае вірлавокія вочы. Ружа тым часам звярнулася да Верабейкі:

— Вось і госць да нас завітаў, знаёмся – Зялёная Жаба!

— Я – Верабейка Чык! Галоўны тут! А што ты тут робіш?

Жаба толькі ледзь усміхнулася сваёй шырокай пашчай і штосьці пра сябе прачмякала.

Месца гэта яна выбрала невыпадкова, бо пад кустом густых галінак Ружы было і цяніста, і вільготна. Яна сядзела і быццам клявала носам, раз-пораз адкрываючы і закрываючы вялікія затуманеныя  вочы. Бачна было, як яна дыхала, раздуваючы брухам шэрыя блісчастыя і бугрыстыя бакі. Да бакоў калі прыліпалі і мурашкі, і мухі, яна нехаця паварочвалася і збірала на свой доўгі і такі ж ліпучы язык.

— Ружа, Ружа, зірні: Піліп да ліпы прыліп. Да ліпы прыліп Піліп!

— Што гэта, Верабейка?

— Гэта хуткамоўка. Убачыў, як да жабы прыліпаюць насякомыя вось і ўспомнілася яшчэ маміна. Так яна казала, калі карміла нас, сваіх маланятак, - адказваў Верабейка.

— Цікавы ты, жэўжык!

— Я ж і кажу, відаць, Жаба за час начнога палявання добра прытамілася, - услых выказаўся Верабейка. – Нават адну нагу не змагла прыціснуць пад пуза, адстаіўшы воддаль збоку.

Аднак Жаба як сядзела з закрытымі вачыма, так і засталася сядзець. Нішто яе не цікавіла, добра падсілкаваўшыся, яна адпачывала.

Але калі налятаў лёгкі ветрык і прыемны пах Ружы наноў ажываў, Жаба адчувала яго. Здавалася, што для яе, балотнай істоты, дзе толькі пахі твані, гэты пах быў нейкай залішняй турботай. Цікава для Верабейкі было і тое, што яна нават ленавалася зірнуць, адкуль даносіцца гэты пах.

Усярэдзіну кветніка з самае вясны не зазірала чалавечае вока. Толькі позняй восенню гаспадар вырашыў абрэзаць ссохлыя і дужа доўгія маладыя галінкі, што віліся і ляжалі зялёнымі змейкамі па-за межамі клумбы, на траве.
У той самы вечар дожджык пайшоў. Ды такі цёпленькі. Верабейка прыслухаўся, выцягнуўшы шыю з-за галінкі. Гэта што за атрад?

З боку крушні камянёў, што ўтваралі другі кветнік кшталту “альпійскай горкі” шавялілася і шоргала-цягнулася, акурат пад куст Ружы, тысячная армія дажджавых чарвячкоў.

Неадольная патрэба падсілкавацца прымусіла Верабейку вылецець з укрыцця. Ён толькі паспяваў глытаць чырвоненькіх дажджавых чарвячкоў, і прыгаворваў: “Вось наемся, дык наемся”.

Добра наперазаўшыся ён вярнуўся на сваё звыклае месца. І толькі прымружыў адно вочка, як побач штосьці прашмыгнула і сцішылася.

Нечаканая сустрэча

Нечаканая сустрэча

Затаіўшы дыханне, Верабейка пачаў выцікоўваць.

На адваротным баку кусцістай Ружы, амаль на адным узроўні з ім сядзела крыху большая за яго птушачка: чысты рыхтык ён.

Чык яшчэ больш стаіўся, здавалася, стук яго маленькага сэрцайка чуцен далёка адсюль.

Тая птушачка таксама насцярожылася. Яна прыслухоўвалася, выцікоўвала.

— Хто тут такі пужлівы? – пачуўся голас.

— Гэта я – Чык! Верабейка Чык.

— Во як цікава! А я – Чыка, - смела адказала птушачка. - Ад каго ты днём хаваешся?

— Ад усіх! – дрыжачым голасам адказаў Чык. – Мяне няма каму бараніць, бо я сірата.

— Я таксама шукаю сваіх братоў і сясцёр. Давай скачы да мяне.

Агледзелі адзін аднаго. Разгаварыліся. Успомнілі кожны свае бесклапотнае маленства. Як аказалася, абое апавядалі пра адзін і той жа эпізод, што дагэтуль у кожнага стаяў перад вачыма: бацькі толькі спусціліся з гнязда за свежай спажывай для сваіх маланят, як вострыя кіпцюры ката Ваські ўмомант аказаліся на іх бязвінных цельцах…

Птушаняты самастойна вылецелі з бацькоўскага гнязда. І болей ніколі не вярталіся. Не было каму іх сустрэць. Не было каму за іх парадавацца.

Малыя не чакалі такога здрадлівага павароту іх лёсаў, нават не  маглі падумаць, што першыя ўзмахі іх неакрэплых крылцаў будуць больш нерашучымі. Пахваліць і надаць смеласці. Прымушаць уздымацца раз за разам усё вышэй і вышэй не было каму. Аднойчы вылецелі, і адразу паляцелі ў самастойнае жыццё.

— Ці страшна было аказацца ў неабсяжнай прасторы? Пры тым зусім аднаму? – пыталася Чыка ў брата.

— Страшна, канешне. Але іншага выйсця не было, - з сумам успамінаў Чык. – Не аднойчы і ў дрэвы ўразаўся, і ў вокны будынкаў. А як на лужок выбраўся ды на палявых зялёных конікаў натрапіў, узрадаваўся! Разлічваў падсілкавацца. А яны мяне вучыць спахапіліся. Вось яны і падказалі мне навуку імгненных узлётаў з любой мясцовасці, а таксама ўменне перакідвацца ў нежывы прадмет і тым самым дакладна злівацца з наваколлем.

Чыка была ўсяго на тры дні старэйшай за брата. Але на выгляд была значна старэйшай, мо таму што была вельмі адважнай і дужа гаваркой. Гэта пра яе пагалоска па ўсёй акрузе хадзіла, што адна надта смелая і разумная птушачка завялася.

Аднаго разу ў смяртэльнай барацьбе з самым драпежным каршуном перамагла. А як тое было? Ды, здаецца, усё вельмі проста. Яна першай з чародкі вераб’ёў убачыла, што на іх пікіруе вялізны каршун, і ўхінулася ў бок, а потым імгненна ўзнялася ў паветра і села на галаву таго ж драпежніка. У выніку згубы вока ганебны агрэсар пакінуў поля бою.

— Якая ты смелая, сястрыца!

— Жыццё такое! Трэба ўмець абараніць сябе,  - горда адказвала Чыка. — Зразумей, ніхто нікому не абавязаны. Зараз свет іншы, і ўсё ў ім іншае…

Зараз яна ўсіх розуму вучыць: малых кнігу прыроды спазнаць, старэйшых, каторы больш нахабны і непачцівы, тактоўна сарамаціць. І ніхто не спрачаецца асабліва, разумеюць яе станоўчае імкненне.

— Тут, брат, трэба адчуваць, калі ты раззлаваны ў душы, не выказвай сваёй незадаволенасці.

— Як гэта?

— Трэба ўмець валодаць сваімі эмоцыямі.

— Як я рады нашай сустрэчы! – казаў Чык.

Чык слухаў сястру, а сам думаў пра іншае. Ён марыў усё жыццё навучыцца тую кніжку чытаць, але саромеўся, па праўдзе сказаць, найбольш не асмельваўся да каго звярнуцца. А тут адразу ўзрадаваўся.

— Я навучу цябе мудрую кнігу прыроды чытаць! Тут, брат, не трэба чакаць ад кагосьці парады, а прыслухоўвацца, сачыць за навакольным светам і рабіць па-свойму. Словам, мазгамі варушыць  трэба!

І яны лёталі-забаўляліся і чыталі дзень пры дні. А калі Чык сам пачаў чытаць, і яму, бывала, надаядала, ён аддаваў кніжку сястры і забіраўся ў самую гушчу ружавага куста. Тут сустракалі яго кожная галінка, кожны лісток. І ён быў ім удзячны. Асабліва вабіў яго дурманячы пах саміх кветак. Тыя, здавалася б, дробныя бутончыкі, што распусціліся надавалі ўсяму наваколлю такі водар, што не было ніводнай  мухі ці букашачкі, каб не  падпаўзці ці падляцець на той вабячы пах і атрымаць асалоду.

— Якая тут прыгажосць! Я атрымліваю такую асалоду, што ніколі раней і не марыла!

— Так, Чыка. Тут здорава!

Пакуль Чыка цешылася ружавым пахам, ён “вывучаў” прыроду: сачыў за маршыраваннем узад-уперад мурашоў, розных букашак ды іншых насельнікаў. Здзівіў яго вялікі чорны жук, які клапатліва і настойліва цягнуў нейкі рознакаляровы  шар.

Узіраўся, як павук раскінуў сваю хітрую, вясёлкавую ад вільгаці і сонца сетку, а сам каравуліць паланянак – мух. Дзівіцца яшчарцы, якая раскрыла сваю акругленай формы мордачку і грэецца пад промнямі ласкавага сонейка. Гэта ад яе пабліскваюць зялёныя праменьчыкі, што зіхацяць ад абарончых шчыткоў спіны. Зіхацяць і трапляюць акурат у вочы Чыка. І ён усміхаецца.

Усміхаецца і Чыка. У гэтыя хвіліны Ружа таксама радуецца, без перавагі і гонару, хітаючы ветлымі галінкамі. І ад таго яшчэ большы манячы водар разносіцца па наваколлі.

— Мая прыгажосць – як гаючы водар для кожнай жывой істоты, —  радасна мовіла Ружа і яшчэ шырэй адкрывала свае ружова-белыя вочы-бутончыкі.

Цікаўны вожык

Цікаўны вожык

Неяк пад вечар Чык упершыню ўбачыў калючы шар, што самастойна рухаўся акурат у яго бок. Ён перапужаўся і закрычаў:

— Чыка, Чыка, ратуй! На мяне рухаецца калючы шар! – закрычаў і нават захлопаў крылцамі, затаіў дыханне і шырока раскрыў здзіўленыя вочы.

— Эх, дзівак! Гэта ж звычайны вожык, - казала сястра. - Відаць, упершыню бачыш такога мілага і прыгожага калючыка. Спытай сам у яго, - параіла Чыка.

І вожык, спужаўшыся голасу, насунуў сабе на лоб і лапы калючае футра і перакінуўся ў вялікі калючы шар.

— Эй, ты хто такі? – з смелым гонарам звярнуўся Чык.

Калючы шар стаіўся, а пасля і адказвае:

— Я Вожык Пых-Пых!

Чык зляцеў з галінкі і дакрануўся крылцам да калючак. Звярок зноў спужаўся і яшчэ больш скруціўся. Глуха і часта пачаў дыхаць. Здавалася, што гэта маленькая паравая машына.

— А я – Верабейка Чык. Тут - самы галоўны! -Казаў гэта, а сам з недаверам паглядаў як новы госць абнюхваў карані ружавага куста.

Вожык асмеліўся і раскрыўся. І зараз ужо фыркаў і часта перабіраў кароценькімі, але тоўсценькімі ножкамі, рухаўся наперад.

— Пых-Пых, а ты што тут шукаеш? – спытаў раптам Чык.

— Мне б чарвячкоў колькі!

— Калі ласка! Завярні вунь за той кусцік – там іх процьма!

— Дзякуй, Чык! Ты – сапраўдны сябар!

— Чык, братка, можа давай прагуляемся!

Хто зрабіў белую дарожку ў лесе?

Вожык

— Чык, братка, можа давай прагуляемся!

— Давай прагуляемся! Расправім крылы! Па дарозе я табе раскажу пра адно цікавае здарэнне, - казаў вясёлы Верабейка.

— Пых-Пых, за галоўнага застаешся! – камандаваў Чык.

— До-добра, - адказваў здзіўлены Вожык. – А што рабіць  трэба?

— Пільнаваць прыгажосць гаспадарчага двара – Ружу! Каб ніхто не ламаў яе галінкі, чуеш? Не прычыняў ёй боль!

— Чую, чую!  Усё будзе ладам, не турбуйцеся! Я любога сам пакалю.

— Згода! Ну, мы паляцелі!

— Чык, будзь абачлівыі і хутчэй вяртайся! – хітала на развітанне сваімі галінкамі Ружа. -Вазьмі вось гэтую кветачку, яна прыдасць табе смеласці і сілы ў добрай справе.

— Дзякуй, дарага Ружа! – адказваў Верабейка і стараўся не адстаць ад сястры.

— Бачу я, што ты добра ладзіш з усімі, - казала Чыка.

— А як іначай, сястра! Сам галечы паспытаў, не заганаруся, дапамагу каму трэба.

— Годна! Ганаруся табой, - у прыязнай усмешцы расплыўся тварык Чыкі.

Паветра звінела цяплом, святлом і радасцю зеляніны і квецені разнатраўя. Верабейкі ляцелі і радаваліся.

— Я абяцаў расказаць табе дзіўную гісторыю сустрэчы з незнаёмцамі, -  распачаў Верабейка Чык. – Выправіўся, значыць, на ранішнюю прагулку. У ранішнім лесе ціха і вільготтна. Сонца яшчэ не поўнасцю растварыла ў вецці ранішні туман. Раптам падуў лёгкі ветрык. І адна за другой паляцелі на мяне парушынкі. Пакуль даставаў з аднаго вока, у другое патрапіла. Апілкі лятуць і лятуць. Сеў на дрэўца, стаіўся. Але раптам набраўся смеласці і паляцеў уздоўж той белай дарожкі.

— І што далей?

— Не спяшайся, Чыка! Слухай! – Дык вось і кажу, што тую белую дарожку апілак стварылі, ну як ты мяркуеш?

— Зразумела: дзятлы! Ну не мядзведзі ж!

— А вось і не тыя і не другія! Зусім маленькія (дарэчы меншыя за нас!) лясныя жыхары - сінічкі. Яшчэ яны завуцца пухлякамі. І так яны заліхвацка працавалі на трухлявай дрывастоіне, што, як ты кажаш, дзятлы акружылі іх, здзіўлена пазіралі. Іншыя таксама вокхалі з раскрытымі дзюбкамі ад здзіўлення. Мы пазнаёміліся. Адну зваць Пінь-Пінь, другую – Сінь-Сінь. Дамовіліся ў зімовыя сцюжы дапамагаць адно аднаму з харчам.

—  Яшчэ я табе пра адну сустрэчу распавяду. Дык вось, колькі дзён таму сустрэў я нашага роднага дзядулю Чычкіна. Ты павінна памятаць.

— Нешто прыпамінаю, як ён ганяў панадворку гаспадарскіх катоў ды любіў адпачываць на люстэрку гаспадарскага аўтамабіля.

— Так. Яшчэ той быў свавольнік. – Ён расказваў, што раней у нашага сабрата жыццё было нашмат весялейшым і сытым. А колькі нас было? Мільёны! Вось я і кажу: трэба трымацца разам. І шанаваць сяброўства.

— Гэта так!

Чык выпрабоўвае сілы

Ружа

Позняй восенню, калі халодныя дажджлівыя вятры ганялі апалую лістоту для птушак пачынаўся час пошуку харчу. Дык вось у адзін такі золкі дзень выбраўся Чык на паляванне: «раптам напаткаю неабмалочаны пучок жыта ў стажку саломы» — разважаў Верабейка.

Яму пашчасціла. Толькі праляцеў следам павозкі як ўбачыў у конскім следзе капытоў поўна зерня. Узрадаваны ён так заўзята пачаў кляваць, што хутка ўжо ледзь рухаўся. Толькі сабраўся прыкрыць саломаю, як, адкуль толькі з’явілася, Варона. Яна колькі разоў стукнула сваёй моцнай дзюбкаю па яго галаве, той і ўпаў. Распластаўся, закрыў вочы: прыкінуўся нежывым.

Варона падкінула яго лапай, а напрыканцы склявала астатняе зерне і каркнула – вылаялася на ўсё вераб’інае племя.

Непадалёку дзятва забаўлялася, вось і наткнулася на птушачку. Верабейка ляжаў дагары і толькі зрэдку адкрываў дзюбачку. Відаць, ад удараў Вароны яму вельмі балела галава.

— Малыш, ты жывы? Што з табою? – распытвалі дзеці. – Дасталі насовачку і паклалі на яе Верабейку. – Якое тваё жыццё хісткае, - казалі дзеці і, абкружыўшы, спачувальна гладзілі яго пёркі,  сачылі за кожным яг уздыхам.

Раптам ён агледзеўся, ускочыў:

— Я – Чык, Верабейка Чык! – неспадзявана падпрыгнуў і  крыкнуў на развітанне, узняўшыся ў паветра: “Дзякуй за дапамогу-у-у!” Жывы і дзякуй Богу, - думаў. - Долі не мінеш, адно надрыжышся. Гэта не бяда, яшчэ ўсё жыццё наперадзе.

І зляцеў. Але не схаваўся з таго перапалоху, а паляцеў да дзядулі Чычкіна. Той сабраў усіх вераб’ёў, якія жылі ў бліжэйшых ваколіцах, а можа і з-за мораў-акіянаў: іх былі цэлыя тучы. І ўся тая незлічоная чарада раптам рынулася да гняздоўе Вароны.

Але адразу не рашыліся нападаць, а па загаду старэйшага Чычкіна, расселіся на суседніх дрэвах і пачалі яе дражніць. Разлічвалі, што тая не вытрымае нахабства малышні, раззлуецца і пакіне гняздо каб расквітацца. Тады  можна арганізаваць бой у вольнай прасторы.

Верабейка

Варона была бітая жыццём і ведала пра такія хітрыкі. І з гнязда не рухалася. Тады вераб’і па першаму ўзмаху важака сабраліся з духам, і з дзікім крыкам накінуліся на злую крыўдзіцельку.

Усчаўся такі шум, крык і трапятанне, што сасонка, на якой было ўладкавана  гняздо Вароны, хадуном хадзіла, глядзі, каб дрэва вось-вось з карэннем не вывернулася.

Сабралася як не ўсе лясныя насельнікі. Вароніна пер’е лётала паўсюль. І ў тым вэрхале нічога нельга было разгледзець.

— Вось гэта сапраўдны бой! – казалі адны.

— Рукапашы! – дадавалі другія.

Нават пралятаўшы Крумкач не рашыўся кінуцца на прымірэнне.

Казалі, што самым смелым у тым баі быў Верабейка Чык. Крыўдзіцелька яго не паспявала абараняцца ад яго неспадзяваных і трапных атак. Пад канец бойкі, аголеная да сіняй скуры, яна прастагнала, але ўсё ж вымавіла скрозь зубы: “Даруй, Чык!”

І змоўкла.

— Добра правучылі як крыўдзіць меншых. І сілы свае, нарэшце, выпрабаваў, - казаў Чык.

Калі звечарэла і ў вокнах вясковых хат з’явілася святло, я падышоў да акна. На галінцы Ружы сядзеў Чык. Ён чакаў мяне, каб сказаць дабранач. Раптам я ўбачыў, як з неба пасыпаліся срэбрыя зоркі і Ружа, і Верабейка заўсміхалася. І тут жа пад ружавы куст патэпаў Вожык Пых-Пых.

Я таксама ўсміхнуўся і памахаў на развітанне ім рукой. Сам, ваш казачнік, падумаў, каб на вас, мае дзеткі, вось так заўсёды сыпаліся ружовыя сны і добрыя казкі.

Начныя забавы фламастэраў (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"