24.07.2017
24.07.2017

Як весела прабавіць дажджлівае лета, ці Топ-5 самых недарэчных і небяспечных спаборніцтваў

logo
Здаровы лад жыцця
0 7
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Здароўе — наша галоўнае багацце, самая важная, прыбыльная інвестыцыя ў будучыню. Усе мы хочам як мага даўжэй заставацца здаровымі, поўнымі сіл і энергіі. Але некаторыя ўсё ж гатовыя свядома рызыкаваць сваім капіталам. Рабіць невытлумачальныя рэчы, эксцэнтрычныя ўчынкі, каб дасягнуць прызнання і славы. А можа папросту весела прабавіць час. Безумоўна, гаворка ідзе не пра спорт вышэйшых дасягненняў, а пра дзіўныя забаўкі, тым не менш вельмі папулярныя ў розных кутках планеты. У гэтым выпадку, калі вы забаўляеце публіку, шакіруеце яе сваімі незвычайнымі ўмельствамі і здольнасцямі, вы, папраўдзе, маеце выдатныя шанцы нашкодзіць сабе. Прапануем вашай увазе Топ-5 самых недарэчных і небяспечных для здароўя спаборніцтваў.

Барацьба на пальцах ног. Верагоднасць калецтва — 40 %

Вы заўжды марылі зрабіць кар’еру барца, натхняліся здзяйсненнямі вялікіх алімпійцаў, зачароўваліся іх сілай і зграбнасцю. Але лёс вырашыў іначай. Вы выдатна скончылі эканамічны ўніверсітэт і зараз старанна, рупліва як пчала, змагаецеся са штодзённай руцінай у офісе буйной кампаніі. Даўняя мара, нібы далёкі сваяк перыядычна наведвае вас, але час, здавалася б, сышоў і нават імгненна збег. І цяпер дзелавы касцюм, што так надакучыў, — ваша адзіная экіпіроўка.

Прыкладна так разважалі людзі, якія ў нейкі момант вырашылі, што ні страчаны час, ні адсутнасць уменняў не стануць перашкодай для пачатку іх барцоўскай кар’еры. У сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў Англіі некалькі дзівакоў прыдумалі ўнікальны спорт — барацьбу на пальцах ног, ці, як яе яшчэ называюць, тойрэслінг. Згодна з правіламі ўдзельнікі схваткі сядаюць насупраць, упіраюцца голымі ступнямі ног і пачынаюць змагацца. У першым раўндзе гэтыя мужныя людзі выкарыстоўваюць правыя ногі, у другім — левыя. Перамагае той, хто змог захапіць і затрымаць вялікі палец суперніка на тры секунды.

Трэба адзначыць, штогадова па гэтым экзатычным відзе спорту ладзяць міжнародныя спаборніцтвы. Прычым вызначаюць мацнейшых у бязлітасных дуэлях не толькі мужчыны, але і прадстаўніцы слабой паловы. Доўгі час пальма першынства застаецца ў руках, а больш правільна сказаць у нагах пачынальнікаў спаборніцтваў — англічан. Гэта тлумачыцца толькі тым, што нашы асілкі па розных прычынах прапускаюць гэтыя мерапрыемствы.

З’яданне хот-догаў на хуткасць. Верагоднасць калецтва — 50%

Хот-дог — адзін з любімых дзіцячых прысмакаў. Цалкам звычайны сімбіёз прадуктаў: булачка і сасіска, злёгку ці ўволю акраплёныя маянэзам, кетчупам, гарчыцай. З узростам, безумоўна, разумееш, што гэта далёка не самая смачная, тым больш карысная страва. Але ў дзяцінстве паглынаеш яго з вялікім задавальненнем.

У некаторых, праўда, неўтаймаваная жарсць да хот-догаў з гадамі не знікае, а, наадварот, празмерна расце і павялічваецца. Напэўна, менавіта таму адданым прыхільнікам прапануюць стаць удзельнікамі адмысловага рэгулярнага турніра — паядання хот-догаў на хуткасць. І яны, шалёныя аматары любімай ежы, раз за разам пагаджаюцца.

Нядзіва, што спаборніцтвы ладзяць у ЗША, краіне-радзіме фастфуда. Кожны Дзень незалежнасці гэтай дзяржавы ўпрыгожаны не толькі выдатнай канцэртнай праграмай, але і бітвай ненаедных спартсменаў. На нядаўнім першынстве, дарэчы, устанавілі новы сусветны рэкорд. Трыццацітрохгадовы амерыканец, які стаў чэмпіёнам 10-ты раз, літаральна праглынуў за 10 хвілін 72 хот-дога.

Цікава, калі б у нашай краіне ладзіўся конкурс такога кшталту, якую максімальную колькасць дранікаў атрымалася б адолець?

Нашэнне жонак на руках. Верагоднасць калецтва — 70 %

Многія жанчыны адчуваюць захапленне, калі мужчыны носяць іх на руках. Якія эмоцыі ў гэты момант у прадстаўнікоў моцнага полу, навуцы пакуль высветліць не атрымалася. Існуе верагоднасць, праўда, што ўзняцца на чыесьці моцныя, трывалыя рукі нашмат прыемней, чым кагосьці з дапамогай гэтых самых рук несці.

У такой тэорыі, аднак, існуюць і нямала праціўнікаў. Сярод заўзятых апанентаў — адважныя дамы, якія пашлі на вар'яцкую авантуру. Па правілах шматлікіх чэмпіянатаў, якія праходзяць па ўсім свеце, мужчына разам са сваёй выбранніцай на руках вымушаны пераадолець дыстанцыю ў некалькі сотняў метраў. Для праходжання выпрабавання абсталявана спецыяльная траса, гатовая ў любы момант «парадаваць» пару няпростымі перашкодамі. Цягам забегу для таго, каб палегчыць сапраўды цяжкую долю мужа, жанчына вымушана па-майстэрску перамяшчацца па яго целе. Напрыклад, яна можа апынуцца на плячах, спіне ці дзесьці ў раёне ног партнёра. Часта здараюцца і пэўныя канфузы. Знясіленыя, змардаваныя мужчыны не ўтрымліваюць непасільную ношу. У выніку жонкі, нібы ўдзельніцы кулачных баёў, набываюць сінякі, ранкі, фінгалы.

Займальны факт. Дасведчаныя «карэспандэнты» на лавах каля пад'езду, калі бачаць гэтых злёгку скалечаных, пры гэтым шчаслівых дам, якія міла шпацыруюць са сваімі паловамі, з важным выглядам сцвярджаюць: “Б’е — значыць любіць!”

Перацягванне вушамі. Верагоднасць калецтва — 85%

Вы што-небудзь чулі пра Сусветныя эскімоска-індзейскія алімпійскія гульні, якія кожны год прымае Аляска? А пра іх жорсткія спаборніцтвы? Напэўна, не. Дык вось, мясцовыя спартсмены настолькі суровыя, што зусім не шкадуюць сваіх вушэй, выкарыстоўваюць іх, мякка кажучы, зусім не па прызначэнні. Двум бравым супернікам, якія размясціліся насупраць адзін аднаго, за адно вуха (напэўна, якое ім не шкада ці даўно абрыдла) чапляецца агульная пятля, зробленая з трывалай вяроўкі. Гэтыя гладыятары імкнуцца як мага далей адвесці, адхіліць галаву. Прайграў той, хто першым здаўся — прыняў, на думку многіх адэкватных людзей, адзінае разумнае рашэнне ва ўсёй гэтай цяжкай, балючай сітуацыі.

Як правіла, бітвы доўжацца некалькі секунд, але некаторыя, мабыць, найбольш загартаваныя ўдзельнікі, здольныя пратрымацца і паўхвіліны. У дзяцінстве за дрэнныя поспехі ў школе і пастаянныя свавольствы іх неаднаразова каралі ўпадабаным цяпер спосабам.

«Пчалінае спаборніцтва». Верагоднасць калецтва — 100%

Складана адшукаць чалавека, якога ні разу ў жыцці не джаліла пчала. Нібыта вопытны драпежнік, насякомае старанна рыхтуе раптоўны план нападу, а крыху пазней імгненна атакуе сваю ахвяру. У такія хвіліны адчуваеш не самыя прыемныя эмоцыі. Наступным разам, калі яшчэ здалёк прыкмеціш знаёмую казурку, неадкладна пачнеш адступаць.

Так робіць большасць. Вось толькі невялікая група кітайскіх смельчакоў не гатовая мірыцца з гэтым становішчам. Жыхары Паднябеснай адкрыта кідаюць выклік небяспечным насякомым — пачынаюць з імі няроўную па сілах сутычку.

У Кітаі ўжо рэгулярна праходзяць захапляльныя спаборніцтвы. Згодна з іх з рэгламентам пераможцам прызнаецца той шчасліўчык, на якога прызямліцца як мага больш пчол. Выходзіць, галоўная задача апанентаў — выклікаць у насякомых незвычайную цікавасць, больш за іншых зачараваць і прывабіць да сабе?

Колькасць насякомых, што аблепліваюць сваіх спакушальнікаў, вымяраюць у кілаграмах. Адзначым, што самаму «прывабнаму» ўдзельніку атрымалася часова паправіцца на цэлыя 26 кг, што зафіксавалі спецыяльныя шалі. Чароўнае відовішча, аднак!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 7

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здаровы лад жыцця"