17.07.2024
17.07.2024

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 4 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Павінен вам нагадаць, што наш Мураш вызначаўся не толькі добрымі паводзінамі, а і пачуццём таварысцкасці. І шчырага сяброўства. Каб выстаўляліся адзнакі, дык па паводзінах ў яго былі б адныя дзясяткі.

Сяголетнюю вясну хаця б нагадаць. На рэках  яшчэ не скончылася паводка, а ён, не дачакаўшыся свайго сябра Ягоркі, які такой парою любіць памарыць у ложку, ужо тут. Толькі і паспеў накінуць на плечы, пададзеную бабуляй Ягоркі камізэльку, «каб не застудзіўся, а калі што якое – гузічкі ў ёй незвычайныя»,  знік за дзвярыма.

У разводдзе многім жывёлам дапамога патрэбна. Рэкі і азёры выйшлі з берагоў і злучыліся ў нізовінах з ляснымі рэчкамі, раўчукамі ды балотамі ў адзін вялікі вадзяны прастор. Асобныя ўзвышшы ператварыліся ў астраўкі, на якіх ратуюцца ад вады лясныя звяры.

Бачыць Мураш Зайцы плывуць. Ён да аднаго прыг-скок на карак і шэпча: «Ты, брат, бачу самы старэйшы з усяе грамады, дык свісні сваім, каб яны кіраваліся вунь на тое ўзвышша. Лісіца ўжо човен рыхтуе, відаць, захацела прывітацца з вамі. Паспяшайцеся!».

Вось сядзіць пад кустом цэлая грамада Зайцоў. Яны ўдзячныя Мурашу, хаця прытуліліся адзін да аднаго, трохі калі і дрыжаць ад вясенняга купання. Але што гэта? На беразе трывожна бегае  Лісіца і паглядае на ваду. Вось яна ўжо садзіцца ў лодку і грабе наперад. Калі падплыве да таго астраўка, можа гэтых палахлівых звяркоў пабраць усіх да аднаго. А тыя пакуль сядзяць ціха-мірна. Мураш імгненна скача туды і садзіцца на нос самаму маладому. Той як запішчыць і ў адно імгненне ўсе Зайцы зрываюцца з месца і, не чакаючы каманды старэйшага, знікаюць у лесе, на бягу падзякаваўшы Мураша за ратунак.

— Дзякуй, Мураш! Дзякуй, дружа! Мы яшчэ сустрэнемся! – крычалі Зайцы.

Але Мураш пры гэтым не засумаваў, толькі ўзрадаваўся. Хаця ў лузе было пуста і бязлюдна. Адны толькі Драчы не ведалі супачынку і не шкадавалі горла. Адзін перад адным, схаваўшыся ў старой сухой траве, дзёрлі яны свае аднагучныя скрыпучыя песні, як бы ўвесь сэнс іх жыцця складаўся з таго, каб перакрычаць адзін аднаго.

— Драч-драч! Драч-драч! – і так без канца, і так без супынку.

— Я зараз вас супакою! – думаў Мураш, сам жа ўслухоўваўся ў іншую песню. «Раптам каму дапамога патрэбна?»

— Бу-бу-бу! – чуецца над пазелянеўшым бярэзнікам, над лугамі і невялікімі азяркамі.

— Што такое?  Ён скача наперад. А тут, на лясной паляне… такавішча Цецерукоў.

Шырокі хвост ў аднаго разгорнуты веерам. Надзьмутая птушка паважна топчацца на самай купінцы балотнай асакі, няспынна пасылаючы ў вясеннюю далячынь сваё нягучнае булькатанне.

— Чым табе дапамагчы, птах-прыгажун? – пытаецца Мураш.

Але той маўчыць. Гордая птаха занятая сваім клопатам. Мураш углядаецца ўдалячынь праз маладую лістоту бярозак, што стаяць непадалёк ад палянкі і прыкрываюць яе з усіх бакоў. І чорная птушка на фоне блакітнага неба таксама ўяўляецца  вялізнай і казачнай.

І гэтае задуменнае балбатанне Цецерукоў паўтараў і непаседа-раўчук, што стаіўся пад засенню парадзелага алешніку і ўпадаў у ладнае лясное азярко.

«Відаць, тут мая дапамога не патрэбная, – падумаў Мураш і пайшоў далей. – Як гэта я раней не здагадаўся, што тут мой сябра ў адзіноце. Вось каму, напэўна, дапамога патрэбна!»

Як мураш ласяня ратаваў

На другім баку ляснога азярка сіратою стаяў малады Лось. Грышка скочыў і раз, і два, і тры, і апынуўся акурат ля самага ласяняці.

— Ну прывітанне, Змітрок! Гэта Грышка даў яму такую мянушку, бо ён годна перажыў сваё гора і амаль прыстойна перазімаваў адзін.

Той паглядзеў на свайго даўняга сябра, усміхнуўся і нахінуў пысу да самае зямлі. Мураш ускочыў яму на галаву і ўладкаваўся між маладых рагоў.

Яго маці загінула леташняй восенню, калі ён толькі навучыўся скубсці лазовае лісце. Цяжка пра тое ўспамінаць, але трагічная карцінка так і засталася перад яго вачамі. Пачуўшы непадалёку брэх сабакі, маці памчалася па лесе, адводзячы небяспеку ад Змітрака, выскачыла на паляну лесарубаў і … трапіла пад  вялізную старую сасну.

Тады Змітрок бег па лузе куды вочы глядзяць, пакуль сілы хапала. А калі спыніўся, адбылася іх першая сустрэча. І знаёмства. Доўга размаўлялі яны. “Жыццё пражыць – не поле перайсці” - гэта прымаўка суадносіцца і да нашага жывёльнага свету, - казаў яму Грышка. – На кожным кроку можа чакаць небяспека. Будзь абачлівым, мой дружа!”

Змітрок успомніў матку і ціхенька замыкаў. Але на яго голас ніхто не адгукаўся.

Некалькі дзён Мураш суцяшаў яго. З усіх бакоў на яго навальваліся страхі. І невядома, чым бы скончыліся  яго бадзянне па лесе, каб не Мураш Грышка, які  вывеў яго на вузкую сцяжынку, што вяла на гэтае самае лясное азярко.

— Прывітанне, Грышка! Як твае валанцёрскія справы? Каму дапамагаеш? – пыталіся ўсе, хто сустракаўся на яго шляху.

— Усім, каму спатрэбіцца! Вось толькі што Зайцоў выратаваў ад Лісіцы.

Тым часам да іх усё бліжэй падыходзіў статак ласёў.

— Глядзі, а вось і твае суродзічы! – казаў Мураш. – І смела так крочаць.

— Так, я сябрую з іх дзецьмі. Вунь той, што з краю –  стары, з сівым гарбом і вялікімі рагамі,  дужы  лось з рудой барадою, Дзед статка. Так я яго назваў. А высокі танканогі завецца  Нёман. Ён важак статка. Нёман спыніўся, і ўвесь статак насцярожана заварушыўся. Лось узняў прыгожую галаву, ступіў два крокі наперад і чмыхнуў.

— Чаго яны спалохаліся? – спытаў Мураш.

— Бач, ласіхі застрыглі вушамі. А мае маленькія сябры Званок і Малінка, такія пацешныя і шустранькія, зашыліся ў сярэдзіну статка. Але, убачыўшы Змітрака, тут жа выскачылі на палянку.

— Я тут! Не палохайцеся! Гэта мой сябар Мураш Грышка!

Ад радасці Змитрок замыкаў і хацеў ужо пусціцца да іх подбегам.

І, хаця іх маці ласіха Машка таксама пазнала Змітрака, але незадаволена чамусьці чмыхнула, падалася за дзецьмі.

І толькі адзін лось Змітрок сумаваў, гледзячы на дружную і вялікую сям’ю.

Тады Мураш не стрымаўся і звярнуўся да важака:

— Дык вы бярыце майго сябрука ў свой статак, ці як?

— Бяром! Бяром! – замыкалі Званок з Малінкаю.

Ён зараз жа і пусціўся што сілы да іх. Хацеў прытуліцца да ласіхі, але тая так піхнула яго, што ён ледзь устаяў на нагах. Але набраўся храбрасці і выказаўся: “Не спяшайцеся, цётка Машка, ганарыцца! Я памыліўся ў вашай шчырасці, сардэчнасці і спагадлівасці. Без чаго нельга існаваць ні жывёле, ні чалавеку. Жыццё і ў вашых дзяцей наперадзе. І яно будзе вырашаць як ім быць. Так што хорашанька глядзіце, бо за вялікай апекай не ўбачыце, як наступіце і растопчаце іх неакрэплыя душы…”

— Што маеш на ўвазе, гарох пры дарозе? – высокамерна спыталася ласіха.

— Нічога. Я ўсяго толькі спакойна адказваю, бо давяраў вам, а цяпер гавару праўду і застаюся сабой. — Ведаеце: мана ніколі не заб’е праўду, - па-свойму разважаў Мураш.

І малыя ласяняты ўзіраюцца на Змітрака, відаць, у думках мкнуцца прытуліць да сябе. Але наперад выходзіць ладны лось-пералетак і штурхае Змітрака ў ваду.

Адкуль толькі ўзяўся, наляцеў суровы вецер і прыгнаў навальніцу. Яе гнеў перадаўся пашкуматаным і ўздыбленым хмарам. Яны раз’юшыліся на жывёлу і зараз сцябаюць неба бліскавіцамі.

Мураш, доўга не разважаючы, схапіўся за гузік на сваёй камізэльцы. “Добра было б, калі гэты гузічак сапраўды быў чароўным, тады іншая справа. Націснуў бы на яго і сказаў…” Ён на хвіліну задумаўся: што такое сказаць?

— Ах, так! Вось ты які! Гэта ты так робіш дзеля таго, каб паказаць сваю сілу і перавагу ў статку! – прамаўляў, сціскаючы  зубы, мураш Грышка. - Неба высокае, тучы ласкавыя, выратуйце майго сябра Змітрака, - сказаў ён пра сябе , і моцна націснуў на гузік, што быў на камізэльцы.

Нечакана для сябе, убачыў як нейкая невядомая сіла ўздымае ў паветра Змітрака. Той здзіўлена пазірае на Мураша, а калі і яго рыжы сябар апынаецца побач, смяецца.

— Ай-ай! Прабач, але ж як Званок з Малінкаю? – клапаціўся пра суседзяў Змітрок.

— Не хвалюйся, брат, яны ў парадку. Хутка паразумнеюць і самі ж цябе знойдуць. А пакуль, кажы ім: “Пакуль!”

— Да сустрэчы, сябры! Да сустрэчы!

Над лесам, дзесь  паміж вершшалінамі стромкіх дрэваў і цяжкімі калтунамі хмар, грымнула, і ўспышка белаватага святла працяла ўсё навокал. Лось-крыўдзіцель, нібы аслеплены маланкай, спатыкнуўся, заматляў галавой. Але гэта не дапамагло спыніць таго, што зараз пачалося. З ўсіх бакоў на яго з пранізлівым свістам абрушыўся ледзяны вецер. Усё зацягнула  імглой, у пысу з сілай ударылі калючыя шрацінкі снегу. Яны, тыя шрацінкі, сляпілі вочы. Злы вецер валіў яго з ног. У гэты момант  невядомая сіла падымала і зноў жа кідала яго па хвалях раз’юшанага азярка. Той мычэў, просячы дапамогі ў суродзічаў, але ніводзін нават з месца не зрухнуўся. Гэта відовішча было жахлівым.

Стаіўшыся за кустамі, ласіны статак здзіўлена пазіраў на аддаляючую постаць Змітрака. Маўчалі ўсе. Толькі стары лось насупіў сівыя бровы, не стрымаўся: ”Вось вам і гарох пры дарозе. І ён шчаслівейшы за…” Не дагаварыў, а толькі з папрокам паглядзеў на малодшую дачку Машку: ах, дачушка, дачушка! Навошта так з дзецьмі? Як была ты ўпартай, такой і засталася!” І падаўся да лесу.

— Ура! Я Змітрака абараніў! – амаль закрычаў Мураш.

На небе зніклі хмары. І зноў разлілося над зямлёй сонечнае святло, нарадзілася яркая, вялізная-вялізная і шырокая арка вясёлкі.

І калі зацурчэла песня жаваранка, абудзіла такі настрой, што і самому хацелася ўзляцець у сінь неба і заспяваць песню.

— Ягорка, Ягорка! Ты бачыў? Я – чараўнік! Я і сам не адразу ў тое паверыў, але калі і сапраўды скінуў  крыўдзіцеля Змітрака ў ваду, паверыў у сваю моц, - яго пераможны крык скалануў паветра і зараз Мураш ледзь не захліпаўся ад радасці. - Напачатку было светла на душы, пасля – трошкі нават жудасна. Ведаеш, нават у той момант як быццам пахаладзеў. Пасля адчуў гарачыню па ўсім целе. Выходзіць, гэтыя гузікі на камізэльцы, што падала твая бабуля і сапраўды чароўныя! Значыць, твая бабулька таксама чараўніца? Адразу вось так і не сказаў бы.

— Ды не! Проста яна вельмі любіць нас з табою. Тым больш, што  мы з табой дужыя і смелыя. Ці не так?

— Хітра ты адказаў. Але я зразумеў. Наконт таго, што мы дужыя і смелыя зараз наўрад хто сумняваецца ў тым.

— Спрацаваў закон бумеранга, дружа, - адказаў Ягорка. - І цяпер твой крыўдзіцель дзесьці збег далей ад сораму перад суродзічамі, і стаіць, як жыць не збіраецца.

— І злосны як спасаўская муха! – падагуліў, перадзёрнуўшы плячыма, вясёлы Мураш. — Цікава, што ён цяпер прыдумае, каб пабіцца са мною? – падумаў сам сабе Мураш, калі ўявіў, як лютуе незадаволены лось, капаючы капытамі жвір берага, абліваючыся потам. Вочы таго крыўдзіцеля, напэўна, зардзеліся чырванню ад злосці, а больш ад крыўды: такі малы, а як ёмка правучыў забіяку.

«Нездарма ж ён яшчэ напачатку нашага знаёмства казаў, што «я ўсё ўсё ўмею!», - думаў пра свайго сябрука Ягорка. Але ўголас не выказаўся: ведаў, што абяцанае абавязкова зробіць, навошта падахвочваць. Ён і сам памятае, што і каму абяцаў пабудаваць.

— Няхай лепш у яго галава баліць! – заключыў мужны Мураш. – А ў нас свае справы і свае клопаты.

Усміхаючыся, ён спытаў: «Ці не так, Ягорка?»

— Так, канечне ж, так! — падбадзёрыў сябра.

Пабудуем дом для пчолак

Бралася на відно. Мураш, выпаўзаючы з цёплай норкі, наткнуўся на такія лабірынты, што і сам не паверыў бы ў іх існаванне, каб не асабіста пераканаўся. Глыбока пад зямлёю былі такія шыкоўныя палацы, што ліхтарык, які ён прымацаваў сабе на лоб, як не затух. Там столькі святла і бляску! Быццам адныя люстэркі паўсюль.

«І як гэта я сюды патрапіў? А чаму ж тады раней не дабіраўся? – пытаўся ў сябе Грышка. – Значыцца, сярод нашых асобных суродзічаў існуюць тыя, хто жыве сваім асобным жыццём. Заможным. Але як? І калі яны ўмудраюцца ўсё гэта даглядаць? А калі не яны, то хто? Тут такая гаспадарка, што, калі хто-небудзь убачыць мяне, то, мусіць, будзе не соладка! Значыць, аднаму тут заставацца небяспечна».

Як толькі ён памкнуўся да выхаду,  на другім баку дзвярэй шчоўкнуў замок. І ў гэтае ж імгненне затух яго  ліхтарык. Мураш прыпёрся да сцяны: яна была цёплая, але слізкая. Гэта яшчэ больш насцярожыла Мураша. Ён зрабіў яшчэ адзін крок. І ледзьве не паваліўся, наткнуўшыся на вялізныя бочкі. Ад тых бочак сыходзіў салодкі прыемны пах. Такое адчуванне салодкай духмянасці ён адчуваў  на пчалапасецы дзядулі Ягоркі. Пчолы? Вось дык галаваломка! А што калі?.. І чаму пад зямлёй?

— Дзын-дзын-дзын! – раздалося дзесьці побач.

Мураш затаіўся. Яго трэцяе вока падказвала, што тут не так усё проста. Няйначай нейкае таемнае сховішча. І як толькі яшчэ лепей угледзеўся, то ўбачыў вялікую і касматую чорную істоту. І калі невядома адкуль бліснуў нясмелы праменьчык, ці то ад якой бранзалеткі, ці ад навошчанай сцяны Мураш запрыкмеціў не толькі стрэльбу за плячыма ў той істоты, а яшчэ і вогненна-жоўтыя палоскі на жываце.

«Цікава-цікава! Я ж гэтыя палоскі бачыў мільёны разоў! Вось толькі дзе? – успамінаў Мураш.

Істота са стрэльбаю рухалася павольна, бо шорганне ног выдавала яго крокі. Такія рухі звычайна бываюць толькі ў адным выпадку, калі хтосьці цікуе за іншым... І ўсякае такое. Каб той не паспеў апамятацца, а застаць знянацку. Тады і сіл дадатковых не трэба прыкладаць: з перапуду пойдзе ззаду новага гаспадара паслухмяна, як авечка.

«Не, у мяне такі варыянт не пройдзе! – разважаў дасціпны Мураш. – І, нечакана для сябе, крыкнуў у цемень: «Ану, патрымай!»  – тыцнуў якуюсць сухадрэвіну на працягнутай руцэ , а сам схаваўся за сцяну.

мураш

Вартаўнік неспадзяваўся, што акрамя яго тут можа хтосьці яшчэ знаходзіцца. І замест таго, каб выстраліць, ну, хаця б у пустату, тут жа выканаў загад незнаёмца з цемры. У адно імгненне яго стрэльба была ў руках Мураша. А як бліснула святло з ліхтарыка, Мураш убачыў перапалоханага чорнага Чмяля, з вогненна-жоўтымі палоскамі на жываце.

—  Вось гэта хто! Ха, Чмель у падзямеллі!

— Гэта ты, той самы смелы і кемлівы Мураш Грышка, які ўсё ўмее, нічога не баіцца і да ўсяго ставіцца сур’ёзна. – Ледзь не забыў: яшчэ па-заліхвацку выконвае цыркавыя нумары! – пачаў пільней углядацца палонны вартаўнік.

— Ну я і ёсць той самы!

— Ох, які ж ты разумны! – хацеў ужо наблізіцца Чмель, але пачуў строгае: «Дыстанцыя!»

— На мяне падобныя кампліменты не дзейнічаюць. Так што можаш не старацца ў пошуку хваласпеву, - з усмешкаю папярэдзіў Мураш.

— Ах, Божа мой, і чаму так! Гэта ж я - Чмель, з якім ты жывеш амаль побач! – і хацеў зноўку кінуцца ў абдымкі.

— А ну, ціха! Стаяць! Адказвай на пытанні! Так будзе  лепей. Каго ты вартуеш? Хто гаспадар уладанняў?

— Хм… - захваляваўся Чмель.

— Ну, што за «хм», якое там яшчэ «хм»? – пытаўся, быццам суцяшаў пакрыўджанае дзіцятка. – Ах, які ты някемны!  Няўжо не здагадваешся, што я магу з табою зрабіць?

Гэтае маўчанне ўзлавала Грышку. «А хочаш, я нагадаю табе,  што зараз за дзічыну будзеш ты, бо стрэльба твая ў маіх руках. І нечакана як крыкне: «Бааа-бааах!» — Ну, што скажаш?

— Толькі не гэта! Гэта, разуме-еш, мяне запрас-с-сілі..., — пачаў заікацца разгублены Чмель. Вусікі яго трымцелі , нібы антэны на ветры. — Пры гэтым ён то нагінаўся да зямлі і ўзнімаў свае вусікі, нібы той звер, які то скубе траву, то горда акідвае позіркам свае ўладанні, то адварочваўся ў іншы бок, нібыта не пра

Потым трохі ачуняў і сказаў спакойна: «Вартаваць мяне нанялі пчолы. Тут, пад зямлёю ў іх сапраўдныя палацы, бо наверсе ніяк не могуць зладаваць для сябе надзейнае жытло.”

— А чаму не могуць?

— Кажуць, раптам усе дуплы некуды пазнікалі. Як быццам, нейкая жалезная рука прайшася па лясах і пералесках, – адказваў Чмель. – Пакуль я ахоўваў яны сем’ямі шукалі бліжэйшы прытулак, але пакуль усё марна.

— Чаму так адразу  “марна”? Кажы, дзе іх матку знайсці, - дапытваўся Мураш. – А я дарую табе і жыццё, і нават стрэльбу вярну. Шкада з табою расставацца, але іншага выйсця няма. Бывай!

Як толькі Мураш Грышка даведаўся пра месца бліжэйшага адпачынку пчоласям’і адразу рушыў у дарогу. Але напачатку пра тое паведаміў свайму сябру Ягорку. Той адобрыў чарговую ініцыятыву Мураша і спытаў пра дапамогу з яго боку. Калі Грышка сказаў нарыхтаваць ліпавых калодак, Ягорка ахвотна пагадзіўся.

Сам жа адразу пайшоў на пошукі. Неўзабаве ён дабраўся да вялікай крушні камянёў, пад якой знаходзіўся часовы прытулак дзікіх пчол.

Грышка так адразу і сказаў: «Ведаю, што ў вас кепскія справы. Але не хвалюйцеся, а тым больш не засмучайцеся! Я магу дапамагчы вам з жытлом!  Я ўсё ўмею, – прапанаваў свае паслугі Мураш, – цягаць груз, будаваць, рамантаваць.

— А мы пра цябе чулі! – загаманілі-загулі пчолы. - Гэта цудоўна! Ты нам падыходзіш, - разважліва адказала матка. Толькі адна ўмова: борці павінны быць высока замацаваны.

— Ваша права. Усё будзе, як заказваеце! Можаце не хвалявацца, - пацёр рукі  майстра. - Праз тры тыдні на гэтым жа месцы сустакаемся, - запэўніў Мураш сваіх заказчыкаў, і знік.

Ён спяшаўся зрабіць, як і абяцаў. Чуў, што зрыў дамоўленасцей для яго можа быць жудасным, таму і бег з усяе сілы. Ніводнага такога імклівага Мураша на свеце нават я, ваш казачнік, не бачыў. Ён блытаўся ў траве, пераскокваў цераз бярвёны і камяні, валяўся і ўставаў. Зноў жа валяўся на зямлю і ўставаў.

— Вунь якія цудоўныя ліпы! – кінуў погляд на цэлую алею сярод поля. – Тут іх ніводзін злыдзень не знойдзе.

Ягорка ўжо стаяў ля падводы з калодкамі. Гэта вельмі ўзрадавала Мураша і ён, шчыра падзякаваўшы сябра, узяўся за работу. Не мінула і гадзіны часу, як адна борця была выштукавана, заставалася збандажыць дзве палавіны і ўсцягнуць на самае высокае дрэва.

— Ну ты, Грышка, малайчына! Я так хутка не магу, - казаў Ягорка і падбіраўся скобляю нейдзе крыху больш як да паловы паглыблення ў калодках.

— Нічога, нічога! Паспеем! – запэўніваў Грышка і браў новую калодку. – Вось пра што я думаю, Ягорка. Як нам талаку наняць, каб усцягнуць гатовыя борці на дрэвы.

— Ды вельмі проста! У нас з табою што, пачастунка няма? Ёсцека. Вось пойдзем да першага мурашніка і дамовімся з самымі дужымі тваімі суродзічамі.

— А гэта ідэя! А я ўжо падумаў пра сваю радню, - прамовіў Грышка.

— Твае далёка. А па суседску з намі два вялізныя мурашнікі. Так што праблем не будзе, не хвалюйся.

— Тады цудоўна, - пагадзіўся Грышка.

Яны працавалі яшчэ амаль два дні. На трэці ля  ліпавай палявой алеі шчыравала талака. Дружныя мурашы ўсцягвалі гатовыя борці на дрэвы і толькі пасміхаліся:

— Вось дзе раскоша будзе пчолам! Вось любата! І ніякі мядзведзь сюды не ўзбярэцца.

— І як гэта Грышка сумеў з імі дамовіцца? – цікавіліся іншыя.

— Як, як? Сваёй адкрытасцю і шчырасцю! – знайшоўся Ягорка. – Ведаеце: ён жа нікога не праміне, каб не дапамагчы!

Калі прыляцелі пчолы-вандроўнікі ўся работа была закончана. Яны пільна абляталі-аглядалі наваколле, ўглядаліся ў кожную калоду. І не хавалі сваю радасць: «Чым аддзячыць цябе, слаўны Мураш? Мы гатовыя заплакаць ад шчасця, але мы кажам табе: «Шчырае дзякуй! І памятай, Мураш Грышка, ты наш самы шаноўны сябар!»

Раптам у небе пачуўся нейкі гул, які ўсё набліжаўся і набліжаўся. І калі ён падышоў зусім блізка, то ўбачылі яны тысячы, а мо і мільёны шчаслівых пчол. Яны радаваліся і новаму жытлу, і новым клопатам.

Штодзень пчолы тэлеграфавалі сваім сябрам пра кемлівага Мураша Грышку і яго сябра Ягорку. Ажно пакуль не пачаўся ліпень.

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 5 (казка) + аўдыё

Частка 1  Частка 2  Частка 3

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».