Як Мураш Грышка сарамаціў Муху-Ляніўку і расхвальваў Пчалу-Рупліўку і што з гэтага атрымалася
Мураш даўно сачыў за гэтай чорнай істотай з галоднымі вачыма: то яна нечакана сядзе на твар на рассвецці, калі самы сон, ці прыляціць і прызямліцца на бутэрброд падчас снедання, то… Так і цікуе, так і пільнуе, каб дзе што сцягнуць. А каб самой штосьці ўпаляваць, дык не! За гэта яна мянушку “Ляніўка” атрымала.
Там нечым смачным пахне, тут – яшчэ смачнейшым. А як пачуе гул Пчалы, адразу затоіцца і чакае. У гэты момант да яе лепш не падыходзіць блізка: галаву зусім губляе. Можа на каго заўгодна ястрабам накінуцца. Ды так уджаліць, што іншым разам не паверыў бы, што гэткае малое стварэнне, а так можа нашкодзіць.
А мёду дзе не чуваць там Муха не хоча і адпачываць.
— Аднаго разу, - расказваў Мураш Грышка, — сяджу я на лузе адпачываю, пад сонейкам грэюся. Супакаенне для душы. Адкуль з’яўляецца Муха-Ляніўка і плюх – акурат ля самага майго вуха прызямляецца. Ну, думаю, зараз як убрыкну яе, што вобмільгам адсюль пакоціцца. А яна, не дурное ж стварэнне, і кажа: “Разлёгся тут кум каралю! Сонца засланіў, быццам для яго аднаго грэць павінна. Пасунься, а то зараз як укушу за вуха хутка пачуеш!”
— І так штурханула, што я не паспеў што-небуць апраўдальнае вымвіць. Сама ж раскінулася на мурожнай шаўкавістай мураве і загарае. Лёгкі ветрык павявае, сонейка злыдня абагравае.
— Ну, думаю, зараз усё ж я ёй патлумачу, што такое злоснае нахабства і як… Толькі я падумаў, а Муха-Ляніўка дуплетам па мне: “Не ёрзай пад носам! Чуеш, мой верталёт ляціць!
Кругом кветкі цвітуць, шустрыя Конікі скачуць. У небе Жаўраначкі песенька срэбным званочкам звініць. Птушкі лётаюць, спяваюць. Мурашу так захацелая паразмаўляць аб жыцці. Глянуў ён на Муху, а ёй хоць бы хны! Нічога гэтага не чуе, а вось тое, што яе больш за ўсё хвалюе, чуе, можа, за сто вёрст. Відаць, і ў сне пра тое марыць.
— Чую пчолкі непадалёку зумкаюць, - усклікнула Муха, - адна Пчолка якурат над лугам ляціць, на мяне кіруецца! Ляціць, гудзе як гружоны паравоз, мёд нясе.
— Ну, думаю, - разважаў Мураш, - зараз толькі карак пачашу.
Раптам зноўку раздаецца: “Апошні раз паўтараю: не ёрзай! Сонца не засланяй! У жвір закапайся і грэй свае плечы. І не замінай дзяўчыне загараць! ”
— Ах, як хораша наўкола! Так і хочацца плечы агаліць! Паўсюль чуюцца птушашыны рознаспеў, нібы спаборнічаюць птахі: чый голас званчэйшы, а тут нейкая Ляніўка замінае гэтую прыгажосць слухаць, паветра чыстае ўдыхаць. І радавацца жыццю! А яна ўжо гаспадыняй сябе адчула! Раскінулася і радуецца! Улежна і ўежна ёй на свеце жыць! Разлеглася і хоць бы хны! — думаў пра сябе Мураш.
Як пачуў Грышка Пчолку адразу пачаў аэрадром для яе рыхтаваць. Цяжка, відаць, ёй такі цяжар несці. Ажно тут стогн яе чуваць. Патрэбна дапамагчы. Мураш выбягае насустрач, каб падсабіць ямчэй прызямліцца, як раптам падхопліваецца разбуджаная Муха-Ляніўка ды як закрычыць: “І хто гэта такі смелы над вухам маім балабоніць?” – упяліліся на Мураша два чорных вокі, што гарэлі дзікім галодным агнём, які вось-вось мог успыхнуць.
— Дапамагаю, - кажу ёй, - Пчолцы-Рупліўцы ямчэй прызямліцца, бо яна шмат мёду нясе.
— Паглядзіце на гэтую худобіну! Уся так і свеціцца, ха-ха – засмяялася Муха-Ляніўка. – Шмат мёду яна нясе, а сама нябось і не пакаштавала таго мёду, галодная? Гэта каб столькі мёду сабіраць і не наперазацца ад пуза! Сорам! – спакушала Муха Пчалу.
— Як табе не сорамна, нахабніца! Горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі – кажа ёй Мураш.
— Сорамна? Праца! А што такое сорамна? Смачна есці – гэта сорамна па-вашаму? Мы, мухі, не працуем і не служым іншым. Хаця б сябе пракарміць. А калі лішак знайшлі ў каго, трэба дзяліцца. Навошта продаж? Трэба нямоглых падтрымліваць, ну як Пчолка-Руплівіца? – Зноў спакушала Пчалу, але сама ў думках марыла як патанае ў мёдзе. Зараз, марыла, адцягну ўвагу гэтай худой дурніцы, а сама забяруся і наемся да адвалу. Але не паспела гэта здейсніць, бо Пчала-Руплівіца не выпускала нахабную Муху з поля зроку, увесь час азіралася і раптам выказала ўсё, што таілася ў яе душы:
— Ах, так! Вось ты якая! Гэта ты нямоглая? Не тлумі галавы, Муха! У мяне вунь дзеці галодныя сядзяць, пачастунку чакаюць. А я тут з табою забаўляюся.
Загула Пчолка-Рупліўка ды паляцела да дзетак сваіх.
— Ну што, атрымала дармавога мёду? – спытаў Ягорка, які ўвесь гэты час сядзеў воддаль і назіраў за гэтым дзействам. —Завіднаму чужая бяда, як цукар.
Як толькі Муха-Ляніўка намервалася напасці на Мураша Грышку наляцела злая бура і Муху з лістка здула. Ды так здула, што адно крылца ледзь не зламала, трапіўшы пад ветравал, але ўсё ж трошкі пашкодзіла паваленым дрэвам. Цяпер пакуль не загоіцца больш не будзе яна іншым назаляць ды шкодзіць.
— Іі-іі-іі! – заверашчала Муха-Ляніўка і, выскачыўшы з-пад дрэва, рынулася наўцёкі.
— Ну вось і лістку лягчэй стала, - спакойна прамовіў Мураш. Марыла на махлярстве далёка заехаць.
— І не толькі аднаму лістку! А надалей запомні, дружа: “Лепей ужо з арлом счапіцца, абы толькі розная драбяза цябе не шчыкала”, - па-філасофску выказаў сваю думку Ягорка. — Яшчэ да гэтай кампаніі трэба дадаць хітрых і хцівых, - падвёў рысу.
— О-о-о! Вельмі трапна сказаў, - прамовіў Мураш Грышка.
І абодва ў знак згоды дружна рассмяяліся.
А Пчала-Рупліўка і Муха-Ляніўка з таго часу так ніяк пасябраваць і не змаглі.
Пра тое, як дажджавая кропелька патрапіла на нос Мураша і абудзіла ў ім паэта
Добра летам было Ягорку. Яно летам добра ўсюды, але з такім сябрам як Мураш Грышка асабліва весела. Яго нікуды так не вабіла, як да рэчкі або да возера. Яны з’яўляліся тут ледзь не кожны дзень. Вось і ў той дзень яны былі ўжо амаль ля берага, як нечакана воддаль іх прызямліўся на чырвоныя і доўгія свае шасі Бусел. Толькі стаў на ногі, агледзеўся навокал і падыбаў у пошуках спажывы.
— У чырвоных ботах, ходзіць па балотах бусел даўганосы, жабы сабе носіць, - весела прадэкламаваў Мураш.
Але тут набегла Хмарка і першая кропелька ўпала Мурашу акурат на нос.
— Якая ж яна цёпленькая! А дзе ж астатнія? – пытаўся Мураш і ўзнімаў угору сваю галаву. Раптам, нібыта па яго просьбе, мноства кропелек, не ўтрымаўшыся на аблачынцы, падаюць уніз. Ягорка, слухай:
— Пырскаў залатых лінуўся рой
І мільён праменьчыкаў яршыстых
Напярэймы ім ляцеў гурмой…
— Ах, шкада, забыўся адзін радок… - пачэсваючы сваю галаву задумаўся Грышка.
Раптам усчаўся ладны дожджык. Ад лагоды і замілавання Мураш не ўстрымаўся:
“Шухнуў кропель перагон кароткі
З кожнае дажджынкі па цвіку,
І дыхнула лёгка і салодка
Парнасцю ад цёплага пяску.”
— Бачу, у табе паэт абудзіўся! Нечакана! – азваўся Ягорка. – Але хораша! – даў высокую адзнаку прадэкламаваным Грышкам паэтычным радкам. — Цёплыя і светлыя радкі, дарэчы.
— Ат, гэта рэдка бывае. Але, калі і бывае, то я не запісваю, на памяць спадзяюся. Але гэта трэба адразу занатоўваць, пасля ўжо забываецца. А светлыя радкі, кажаш, таму што ў тую ноч на Івана Купалу я тройчы пераскочыў цераз вогнішча, а на золку пакупаўся ў рацэ Уша і памыўся ранішняй расою. – Памятаеш? Цяпер я ведаю, што ачысціўся ад усяго благога.
— Ды памятаю! Разам жа былі! – адказаў Ягорка.
Тым часам, бярозавы лісток, на якім прыладзілася Кропелька, падляцеў да Мураша і сеў яму прама на даланю.
— Гэта табе, Мураш, як падзяка за цудоўныя вершы!
— Дзякуй! Не думаў, што каму-небудзь спадабаюцца, - сціпла прамовіў Мураш. Ён прысеў і Кропелька скацілася на цёплую зямлю, на цёплы пясочак.
— І табе дзякуй, Мураш!
Дзесьці з сухадрэвіны прыазер’я, аточанага зыркім сонцам, даносілася бурчанне “рррррр”, чымсьці нагадваючае голас болотнай жабы ці тарахценне матацыкла, часам змянялася на “фюрр-фюрр”. Нечакана, сарвалася шэрая, нібы зязюля, але з буравата-шэрым верхам і шматлікімі папярэчнымі рыжаватымі, карычневымі і чорнымі палосамі, птушачка. Пад вачамі – ярка выражаная белая палоска здаецца скіроўвала акурат на Кропельку. Але тая паспела ўпасці долу.
— Ах! Гэта была паэтычная Кропелька! І я яе правароніла, - прамовіла незадаволеная птушка. – Можа і я, маючы яе ў руках, сачыняў б свае вершы!
О, гэта быў проста цуд! Вам трэба было б калі-небудзь таксама на гэта зірнуць! Па зялёнай і шаўкавістай траве поўзала шэра-бурая птушка і шукала … дажджавую Кропельку.
— Ягорка! Ягорка! – А што яна шукае? Суніцы? І ці ведаеш ты гэтую птушку?
— Здаецца, не! Не ведаю! - прыгледзеўся да птушкі Ягорка
— Гэта птушка Казадой! Яна шукае Кропельку. Звычайна бегае ў статку сярод жывёл. Смелая такая, нават між іх ног лучыць. Можа, калі і да казінай цыцкі прыладзіцца. Таму з-за гэтага яна і атрымала такую назву. Яе я неаднойчы бачыў, хаця яна у нашых месцах і рэдкі госць. Як і дождж для яго навіна.
— Цікава было б пабачыць што б яна рабіла з Кропелькай! – разважаў Грышка. – Іншым разам, калі надарыцца зноў сустрэцца з Казадоем, падорым ёй дажджавую Кропельку.
— Паэтычную! – дадаў Ягорка.
Спявае лета над барамі,
Сасёнкі струнамі звіняць
Гамоніць поле каласамі
Шапоча ў кветках сенажаць.
— Цудоўна, Грышка! Толькі зірні: хто да нас крочыць!
— Бусел? Нешта, відаць, хоча сказаць, - здзіўлена прамовіў Мураш.
— Хутчэй за ўсё да цябе ідзе! – з лёгкай усмешкай сказаў Ягорка. – Напэўна падзякаваць за верш пра яго. І чарговы раз нагадаць пра сваю прысутнасць!
— А чаму б і не! Як-ніяк, а Бусел – сімвал Беларусі! - з гордасцю вымавіў Ягорка.
— Тады нам патрэбна булка на талерцы, аздобленай кветкамі з Васілька! І абавязкова паставіць на сурвээтку з сімволікай беларускага арнамента! – зусім сур’ёзна выказаўся Мураш. – Бусел у вышыванцы! Клас!
— Цудоўна! Толькі напачатку адкажы колькі налічваецца ўзораў з сімволікі беларускага арнамента? – вырашыў праэкзаменаваць свайго малодшага сябра.
— Не ведаю.
— Гэта кепска! А трэба ведаць! Восем узораў! – упэўнена адказаў Ягорка. – Сімвал сонца, Сімвал маці, Сімвал дзіцяці, саюз сонца і зямлі – Сімвал ураджаю, Сімвал вясны і маладосці, Сімвал моцнай сям’і, Сімвал багацця і Сімвал вечнасці. Як бачыш, Грышка, кожны сімвал мае свой адметны узор.
Мураш працягвае будаўніцтва дамкоў
Памятаеш, мой юны чытач, калі падчас аднаго з выступленняў цыркача і ілюзіяніста Мураша Грышкі адзін палявы зялёны Конік кінуў у яго адрас, што ўсё тое, што Мураш робіць на сцэне не складае асаблівых цяжкасцяў. Маўляў, ён таксама на такое здатны. І хаця Мураш не злаблівы, але ўсё ж захацелася яму на побыт таго смельчака паглядзець.
І калі яны з Ягоркам з'явіліся на гарохавым полі, то сярод шматгалосся зялёнай саранчы знаёмы ўжо ім малады галасок быў зусім не чуцен. І толькі пасля доўгіх пошукаў яго ім удалося знайсці таго смельчака. Ён сядзеў на гарохавай галінцы і ўплятаў спелы стручок. Паназіраў за ім, з якой ахвотай разбіраў той стручок. Нават пабаяўся адцягнуць яго ўвагу. І тады праворны Мураш спытаў у яго суседзяў, каб паказалі жытло таго зуха. У адказ тыя толькі рассмяяліся.
— Відаць, і вам наплёў, што ён самы здатны да ўсяго, - здзівіліся суседзі. — Каб вы бачылі які гэты малы лянівы! Свет не бачыў, а набалбоча пра сваю кемлівасць і працавітасць, як за плечы тую хлусню закінуць, - казаў самы стары Конік.
Ягорка з Мурашом пераглянуліся, і на іх тварах з'явілася лёгкая ўсмешка.
— Грышка, а давай для гэтага задавакі пабудуем дамок! – прапанаваў Ягорка.
—Згода, Ягорка! Магу ўжо прыступіць да працы!
І закіпела работа. У ход пайшлі галінкі дрэў і сухіх раслін, трэскі і пясок – усё, што магло б паслужыць добрым матэрыялам для будучага ўкрыцця Коніка. Ягорка хадзіў вакол руплівага сябрука і дзівіўся як ўсё спрытна ў таго атрымлівалася: адно нес сюды, другое цягнуў туды, трэцяе, пятае, дзясятае – і дамок гатовы. Ён быў не толькі прыгожы, а і дзівосны, дзе былі не толькі тры прасторныя пакоі, надзейны дах, а і вежы з калонамі. На ражку поля, ля падэшвы гары, дзе не павінен хто-небудзь прычыніць яму шкоду, альбо ён каму замінаў, стаяў цудоўны замак.
А яшчэ прыбудаваў і сховішча для захавання ежы на зіму. На вільчык даху ўсталяваў адметныя флюгеры, каб ведаць кірунак вятроў. Перад дамком – вялікі агародчык для ўсіх раслін, якія любіць мамоніць будучы гаспадар сядзібы.
Ягорка быў у захапленні. Падыйшлі суседзі і таксама здзівіліся. Гэта было цудоўнае відовішча: розныя жукі, кузуркі, сараканожкі і нават камары прыходзілі і прыляталі, прыпаўзлі паглядзець на дзівосны дамок Коніка. Многія з іх вельмі хацелі, каб і ў іх было такое жытло.
— Ну вы й майстра! Мы як не штодня над сваімі шчыруем ды ў нас пушчэйшыя, - казалі старэйшыя Конікі. – Мы нават не чулі ці ёсь дзе ў нашых ваколіцах такі майстра!
Здавалася, што яны зайздросцілі свайму маладому суседу: нічога не ўмее, а жыць будзе ў такім файным дамку. Але абяцалі прыглядваць за жытлом пакуль той адсутнічае. А як з’явіцца перададуць прывітанне ад Мураша-цыркача.
— Ну і няхай парадуецца малеча! Іншым разам будзе больш ветлівым. Павінен зразумець, што чужую працу патрэбна паважаць і мкнуцца паўтарыць тое ж, а мо і лепш выканаць, нікога не крыўдзячы, - казаў Ягорка і з ўдзячнай усмешкай пазіраў на Грышку.
Грышка тым часам адышоўся да кустоўя, дзе бруілася срэбная крынічка, напіўся вадзіцы, выцер вусы, прамовіў: “Вось і запазычыў сілы самой матухны зямлі, быццам памаладзеў. Цяпер зноў магу працаваць”.
Пра тое, як мядзьведзь хацеў забараніць мурашам піць крынічную ваду, але вырыў для сябе яму
Неяк апоўдні, калі Ягорка дапамагаў сваім Бабулі з Дзядулем па гаспадарцы, Мураш Грышка выправіўся ў лясок: дужа сунічак захацелася. Вырашыў зазірнуць да крынічкі, што побач была. І сапраўды, палянка была быццам усыпана пахучымі ягадамі. Хутка яго кубачак поўным быў. Захацелася спаталіць смагу. Толькі нахінуўся, прытуліўшыся вуснамі да крынічкя, як пачуў глухі і злы голас: “Вось хто маю вадзіцу п’е!”
Узняў Мураш голаў і бачыць: перад ім на задніх лапах стаіць вялізны Буры Мядзьведзь і пасміхаецца:
— Цяпер цябе раздавіць, кропка мітуслівая, ці яшчэ крыху даць пажыць? Яшчэ хаця б аднойчы сустрэну тут – так і ведай, апошняй для цябе яна будзе. І яшчэ: я знішчу ўсе мурашнікі ў лесе! Так усім і перадай!
— Гэта як табе лепей! Глядзі сам, - смела адказаў Мураш, а сам незаўважна юркнуў пад лясную коўдру. Ён ведаў, што там – пад лістотай і мохам ніхто, не казаць ужо пра няўклюднага Мядзьведзя, яго не знойдзе.
Але Грышка тут жа усім насельнікам лесу паведаміў пра сустрэчу з касалапым. Недарэчнаму патрабаванню усе былі абураны. Вада ўсім патрэбна: і вялікім і малым - хадзячым і лятаючым, поўзаючым і шмат яшчэ каму. Не можа быць аднаго ўласніка агульнапрыроднага багацця.
Не сталі мурашы з касалапым спрачацца. Вырашылі адразу ўзяцца за справу. Як толькі пачало шарэць сотні тысяч ці нават мільёны чорна-карычневых стужак пацягнуліся да Вялікай Гары, дзе пад старым дубам была мядзвежая бярлога.
Як толькі мурашыныя дэвізіі падыйшлі да вызначанага месца, узяліся за справу: пачалі рыць падземныя хады-лабірынты да бярлогі, каб ямчэй было агромністую яміну вырыць для свайго крыўдзіцеля.
І калі на сваім шляху сустракалі сонных Кратоў, тыя таксама далучаліся да іх. Колькі часу яны рылі-працавалі – ніхто не ведае, але калі падыйшлі да самае бярлогі ўзрадаваліся, бо пачулі мядзьвежы храп. Прытаілася мурашынае войска, але адзін салдат усё ж не стрымаў сябе і залез у ноздры Мядзьведзю. Той як чыхне, што ўся зямля задрыжала. А той нават вачэй не адкрыў, зароў спрасоння немым голасам: “Высплюся і ўсіх мурашоў у муравейніках перадаўлю: гэта ж не толькі ежу, але і ваду маю адбіраюць! Усі-ііі-х знішчу-ууу!”
І толькі ён тое пракрычаў, як пясок пад ім з’ехаў, і Мядзьведзь ссунуўся ў глыбокую-глыбокую яміну. Адкуль па начах і цяпер чуецца: “Усі-іііх знішчу-ууу!”
А мурашы спакойна жывуць у лясах да сённяшняга дня, будуюць мурашнікі, здабываюць спажыву і п’юць вадзіцу з срэбнай крынічкі.
І Мураш Грышка, хто і распачаў гэтую справу, хутка вярнуўся дадому і разам з Ягоркам працягваюць свае прыгоды ў новых казках.
Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 5 (казка) + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by