Нарэшце і мяне накрыла настальгія! У адзін момант! Раптам усплыло ў памяці: «19 мая – Дзень нараджэння піянерскай арганізацыі». І думкі панесліся наўскач. Акцябратам-піянерам-камсамольцам часоў СССР – прысвячаецца. Іх нашчадкам чытаць – не забараняецца...
...У 1980-х у нас не было альтэрнатывы. Савецкую ідэалогію выбудавалі грунтоўна. Шмат дзесяцігоддзяў гэты ланцужок не перарываўся. Па дасягненні пэўнага ўзросту школьнікаў цэлым класам урачыста прымалі ў акцябраты, затым – у піянеры, тады – у камсамольцы. А там да партыі было зусім блізка.
Сучасная моладзь, якая, здаецца, нарадзілася з гаджэтамі ў руках, а хтосьці яшчэ і за рулём уласнага аўто, нават не ўяўляе, што калісьці была суцэльная абавязалаўка. Ды мы і слова такога не ведалі, і паняцця! Сапраўды, ішлі ў дзіцячыя арганізацыі, як у анекдоце: добраахвотна і з песнямі.
Цяпер проста меркаваць пра мінулае. Маўляў, усё не тое і ўсё не так. А тады мы шчыра верылі ў ідэалы. І што піянер – усім дзецям прыклад, і ва ўсё астатняе, што ўкладвалася ў паняцце законаў, статутаў дзіцячых арганізацый.
Хаця і на той час нават у межах аднаго класа мы былі вельмі рознымі. Але калі прапясочвалі двоечнікаў за непаспяховасць, гэта было ўсур’ёз. І пачуваліся яны вельмі няўтульна.
Быць выкліканым на савет піянерскай дружыны, на пасяджэнне школьнага камітэта камсамолу?! Ды гэтага баяліся, як агню, самыя адчайныя хуліганы! Можаце зараз уявіць сабе такое?! Калі некаторыя вучні нават настаўнікаў спакойна пасылаюць... Па вядомым адрасе. І, на жаль, гэта не адзінкавыя выпадкі.
А якое на той час было працоўнае выхаванне?! Вось пра гэта адназначна магу сказаць: правільнае. Вы памятаеце?! Тыя, каму сёння 40+?! З якім непадробным энтузіязмам, будучы піянерамі, мы збіралі макулатуру і металалом, спаборнічаючы з другім класам у паралелі?! Да гэтага часу чамусьці перад вачыма адзін такі збор нашага звяна, калі мы аднекуль з шумам і смехам прыкацілі на школьны двор вялізную металічную бочку і ўсю яе спісалі крэйдай, каб не ўцягнулі сабе супернікі...
Прыбіранне школьнай тэрыторыі толькі на самым пачатку было пад кантролем нашых класных кіраўнікоў «А» (мы) і «Б» (супернікі) класаў. А затым, такія правільныя і адказныя, усе спраўляліся самі! Асабліва дзяўчаты. Не хочуць хлопцы прыбіраць, а мы іх «пад канвоем», за каўнер!
Дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю, здаецца, і ўвогуле не абмяркоўвалася. Было такое слова – трэба! Каб бацькі пісалі запіскі, што яны не згодныя, каб іх сын ці дачка ўдзельнічалі ў гэтай справе?! Ды тады, мне здаецца, да такога ніхто і не дадумаўся б...
Піянеры павінны быць здаровымі! І на вялікім школьным перапынку пад каманды з радыёвузла мы рабілі гімнастыку. А ўрокі фізкультуры?! Усе тыя нормы?! Ды тады практычна паняцця не мелі пра вызваленне па стану здароўя! Можаш-не можаш, а нормы – здавай! І ўсе цягнуліся. І атрымлівалася.
Так, было ўсё: засілле ідэалогіі, раз-два – строем, адсутнасць выбару, падаўленне індывідуальнасці... І, нягледзячы на тое, што ўсіх выхоўвалі аднолькава і што ўсе прайшлі ланцужок «акцябронак-піянер-камсамолец», мы не проста былі рознымі, мы выраслі такімі.
Вось чаго не забярэш, як мне падаецца, дык гэта вынікаў працоўнага выхавання. Атрымалася прывіць любоў да працы (даруйце мне гэты штамп!) адназначна. З фізкультурай і спортам таксама нядрэнная сітуацыя. А ў іншым... Хтосьці стаў рабочым, а хтосьці – прадпрымальнікам... Іншыя – вадзіцелямі, бухгалтарамі, эканамістамі, настаўнікамі, журналістамі, прадаўцамі... Хтосьці адсядзеў у месцах пазбаўлення волі, а хтосьці... паляцеў у космас!
Цяпер навучанне і выхаванне, дзіцячыя арганізацыі часоў СССР успрымаюць гэтак жа неадназначна, як увод савецкіх войскаў у Афганістан. Трэба-не трэба, правільна-няправільна, было памылкай... Але галоўнае слова – было. Усё гэта – было! І ад яго не адмахнешся. Мы ганарыліся тым, што носім значкі і гальштукі. А чаму гэта было дрэнным, скажыце?! Так, гульня, але з якім глыбокім сэнсам! Мы верылі ва ўсё, верылі шчыра. І хто сказаў, што вера (любая!) горш за бязвер’е?!
А ведаеце, па вялікім рахунку, не шкадую, што маё дзяцінства і юнацтва было акцябрацка-піянерска-камсамольскім! Далібог, ёсць што прыгадаць, з чаго пасмяяцца, а пра што – уздыхнуць... З настальгіяй. А вы сумуеце па мінулым?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by