Вірусная інфекцыя з'яўляецца правакацыйным фактарам і можа прывесці да абвастрэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў, а таксама да цяжкіх ускладненняў – інфарктаў і інсультаў.
Пра тое, як можна прадухіліць падобную сітуацыю, журналістам распавялі:
- загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром;
- вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія» Святлана Салавей;
- навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ «Кардыялогія» Ларыса Плашчынская.
Прышчэпка супраць грыпу для здароўя сэрца
Па словах Андрэя Прыстрома, ёсць даследаванні, якія паказалі, што вакцынацыя супраць грыпу ўжо праз год (асабліва гэта тычыцца людзей сталага ўзросту з ішэмічнай хваробай сэрца) прыводзіць да зніжэння смяротнасці.
Святлана Салавей дадала, што вакцынацыя супраць грыпу ў тры-чатыры разы зніжае частату ўскладненняў, інфарктаў і інсультаў. Такая статыстыка вядзецца з 2004 года, і з кожным годам яна даказвае эфектыўнасць вакцынацыі сярод людзей, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Эксперт патлумачыла, чаму віруснае захворванне, у тым ліку і грып, прыводзіць да развіцця гэткіх цяжкіх ускладненняў. Пры віруснай інфекцыі, як правіла, павялічваецца тэмпература, якая прыводзіць да павелічэння частаты сардэчных скарачэнняў: пульс пачашчаецца – і расце нагрузка на сэрца.
Менавіта таму пры любым вірусным захворванні абавязкова трэба захоўваць пасцельны і пітны рэжым, знаходзіцца дома, а не пераносіць захворванне на нагах, падкрэсліла Святлана Салавей.
У асенне-зімовы сезон, калі людзі часцей хварэюць на вострыя рэспіраторныя захворванні, рэгіструецца больш выпадкаў парушэння рытму сэрца ў выглядзе фібрыляцыі перадсэрдзяў (мігальная арытмія), адзначыла Ларыса Плашчынская.
Што губіць сэрца і сасуды
Што можа стаць прычынай развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў? У гэтым спецыялісты аднадушныя: наяўнасць фактараў рызыкі (курэнне, злоўжыванне алкаголем, лішняя вага і маларухомы лад жыцця).
Па словах Ларысы Плашчынскай, пацыенты часта не ведаюць, што супраць мігальнай арытміі, сур'ёзным ускладненнем якой з'яўляецца інсульт, таксама можна ладзіць прафілактыку. Многія з іх маюць залішнюю масу цела і нізкую фізічную актыўнасць, дрэнна кантралююць артэрыяльны ціск і г.д.
Карысныя тлушчы і 150 хвілін фізічных нагрузак
Кантроль масы цела і фізічная актыўнасць, адмова ад шкодных звычак – залог здароўя сэрца і сасудаў, сцвярджаюць эксперты.
Якая нагрузка карысная? Не менш за 150 хвілін аэробнай фізічнай актыўнасці ў тыдзень (30 хвілін штодня). Разам з тым, гэта не значыць, што калі прайшоў 10 тысяч крокаў на працягу дня, норму выканаў, падкрэсліла Ларыса Плашчынская. Нагрузка павінна быць аэробнай, напрыклад, веласіпедныя прагулкі, бег на лыжах, плаванне.
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА заўважыў таксама, што доўгае знаходжанне за маніторам камп'ютара – фактар, які можа стаць прычынай павышэння артэрыяльнага ціску. На працягу дня трэба абавязкова рабіць перапынкі, чаргаваць працу і адпачынак.
Штодня неабходна з'ядаць 500 грамаў гародніны і садавіны. На долю тлушчаў павінна прыходзіцца не больш за 30%, але не менш за 20% штодзённага рацыёну. Вельмі важная іх якасць. Ад трансгенных тлушчаў, якія ўтвараюцца падчас смажання, варта зусім адмовіцца.
Калі чалавек спажывае 1-2 разы на тыдзень 100-150 грамаў марской рыбы тлустых гатункаў (скумбрыя, фарэль, сёмга, селядзец), гэтага будзе дастаткова для папаўнення неабходнай колькасці карысных тлушчаў. Іх крыніцай могуць стаць і арэхі.
А вось з вітаміннымі комплексамі варта быць асцярожнымі і не набываць іх самастойна, проста таму, што «трэба прапіць вітаміны».
Вітаміны лепей атрымліваць з ежай, а гародніна і садавіна забяспечаць яшчэ і клятчаткай, упэўнены спецыяліст. Прэпараты ж варта пакінуць на выпадак дэфіцыту вітамінаў у арганізме. Часта на яго пакутуюць тыя, хто цяжка фізічна працуе, спартсмены і цяжарныя жанчыны. Але і ў гэтым выпадку прымаць вітамінныя комплексы можна толькі пасля кансультацыі з урачом, падкрэсліў Андрэй Прыстром.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by