21.01.2025
21.01.2025

Як Жалезны Леў стаў космапраходцам (казка) + аудыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Адбыліся гэтыя падзеі дзесці на беларускіх землях, а вось менавіта дзе, дакладна невядома. Вось у адным з гарадоў жыло вельмі шмат дзяцей. І ўсе яны былі розныя – са сваімі звычкамі, выхаваннем і адметнымі характарамі. Але, што незвычайнага было ў гэтых дзяцей, дык гэта іх імёны. Бацькі давалі дзецям імёны ў знак падабенства да каго-небудь ці чаго-небудзь. А вось яднала усіх гэтых дзяцей адно – цяга да забаў, таямніц і цікавых казачных гісторый.

Калі ў сям’і – сем “Я” і адзін вельмі разумны

Мы дружныя і вясёлыя. І нас у бацькоў пяцёра. Я – Леў па клічцы Жалезны, як мяне ўсе клічуць, не толькі таму, што самы старэйшы і адказваю за ўсё. Хутчэй за тое, што забаўляюся больш з жалезкамі рознымі, люблю канструяваць караблі-зоркалёты. Хаця, па праўдзе кажучы, я ў іх няблага разбіраюся. А вось ганаровую мянушку “Моцная Галава” заслужыў сваёй “выдатнай вучобай і вялікай цягай да новага, нязведанага”, - так пад маім партрэтам напісана на Дошцы гонару школы.

А яшчэ я люблю гадзінамі корпацца ў розных даведніках, кнігах, нават тое-сёе прыдумляць і пісаць, напрыклад, навелы, і вершы складаю. Бібліятэкары клічуць мяне “хадзячай энцыклапедыяй”. Настаўнікі наогул кажуць, што “ў мяне мазгі густыя”. Але я асабіста не ўспрымаю ўсе гэтыя мянушкі блізка да сэрца і не заглыбляюся ў нейкую прыдуманую сваю значнасць.

Белая Геаргіня, сястра-трэцякласніца на два гады маладзейшая, з аднаго ківа мяне разумее. А вось з маланятамі  Саламонам, Лукой і Радасцю у нас асаблівыя адносіны. Мы іх не толькі забаўляем, а па-даросламу  дапамагаем і клапоцімся.

— Прабачце, але вас тут чацьвёра, а хто з вас Жалезны Леў? – спытаў Незнаёмец у капелюшы-цыліндры.

— Я адкажу! – вызвалася самая малая, але дужа смелая Радасць.

— А чаму вы цікавіцеся толькі ім? – спытаўся другі дзявочы голас.

Гэта Белая Геаргіня, яна заўжды мяне абараняе. Але на гэты раз таксама і сябе, бо, як прызналася мне, таксама  мае сваю таямніцу. “Хутка пра адну з маіх  таямніц  пачуеш”, - казала  і смяялася, надаючы яшчэ большай цікавасці і загадкавасці.

— А чаму толькі пачую? – цікаўлюся я. – А чаму не пабачу, га?

На гэта сястра адказала ледзь улоўнай усмешкай. І знікла па сваіх справах.

Незнаёмец не адступаў.

— Пра іншых пакуль гамонкі няма. Хаця ўсе вы для мяне вельмі цікавыя, - адказаў. – Дык усё ж хто з вас Жалезны Леў?

— Майструе цацку для .., - не стрымалася Радасць і ледзь не выдала брата.

Што значыць малеча: ёй усё цікава, а таму даравальна. І я ёй дарую. Хаця, бывае, калі і занадта пхнецца наперад. Але я яе вельмі люблю, няхай сабе часцяком і канькае, выпрошваючы слязьмі нешта забароненае. Але я стараюся быць цярплівым да яе просьбаў і далікатна тлумачу чаму адно нельга, а другое – калі ласка. Татка з мамкай пра тое ж мне заўжды нагадваюць.

— Вельмі цікавую і загадкавую цацку! – на гэты раз азваўся Саламон. – Каб нам усім лягчэй жылося!

— Во як! Паўтарыце яшчэ раз: якую такую цацку майструе. – Раскажыце!

— Слухайце! Можа і пачуеце. - А гэта пакуль што таямніца, - засмяялася Белая Геаргіня..

Радасць зыркае на сястру і не разумее пра што гэта яна. Хвалюецца. Як можна быць спакойным, калі табе тры-чатыры гады і ты аказваешся ў эпіцэнтры падзей! Усё быццам табе адной падначалены. І ўсё пазірае на цябе, чакае твайго меркавання. А тут: нельга, і ўсё тут!

Калі мы ўсёй гурмой імчымся з Лысай гары, то малыя заўсёды мкнуцца за старэшымі ўпоравень. Але дзе ж яны ўгоняцца за ветрам, бо я такі цыбаты, што мчуся яго абганяючы.

Дзеці бягуць праз рэчку

Тады я хапаю Радасць у ахапку і саджу на  плечы. Малая трымаецца ў мяне на закарку, часам хапаецца за вушы альбо за мае доўгія русявыя валасы. У гэты момант я ўшыркі расстаўляю рукі і мы нясемся ажно да самага возера. Малая ад задавальнення крычыць на ўсе свае лёгкія: “Уцякаце з далогі! Самаёт-знісьцяльнік з касьманаўтам на боце!”

Усе ведаюць пра наш “самалёт-знішчальнік з касманаўтам на борце”, таму і весяляцца, ажно заліваюцца ад смеху, але дарогу імгненна саступаюць. Малая пра мяне дужа не дбае, так ухапілася за валасы, хоць крычы ад болю. Я не дужа скарджуся, добра ў сям’і мець седака, але калі і Лука з Саламонам папросяцца ў крэсла  касманаўта, якім служыць мой закарак, дык бывала і зачаплюся калі за камень. Небяспечная гульба, але пераканаць малых не так проста. Не хачу, каб яны думалі, што іх менш люблю. Пагаджаюся і нашуся з імі, як завадны сапсаваны гадзіннік. І яны за гэта плацяць сваёй шчырай непасрэднасцю, не выдаюць іншым нашых тайнаў.

Вось толькі падбеглі да берага, яны так лоўка ўмеюць выслізнуць са “свайго крэсла”.

— Я – першая!  Альбо, я – першы! – крычаць малыя і самастойна саскокваюць. Мой зрок толькі паспявае ўхапіць іх знікаючыя за пагоркам постаці.

Цяпер я вольна магу прама з берага даваць нырца, пацяшаючы малых сваім спрытам. Следам за мной знікае з берага Белая Геаргіня. Я і сам дзіўлюся: дзе яна падзелася? А калі і малыя схаваюцца або яшчэ чаго добрага сцягне ў пушчу злы Воўк? Хвалююся, але з думкамі, нібыта пчаліны рой у галаве, праплываю колькі метраў і чакаю пакуль не з’явіцца штосьці загадкавае, што прымусіць мяне вылезці з вады і кінуцца на пошукі сястры. А сам пазіраю на маланят. Быццам чакаю чагосьці незвычайнага.

Раптам з вады паказваецца… Але што гэта?

Дзеці купаюцца на рацэ

Чарадзействы Вадзяніцы з Люцыпарам і Капібарамі 

Станаўлюся ў поўны рост і бачу як Лука збіраецца падштурхнуць Саламона. Малодшая Радасць яму супрацівіцца, нарэшце выратоўвае брата. І ў гэтым яе геройства. У яе перад усімі тая перавага, і ў мяне – гонар, што маю такую абаронцу, якая заўсёды на нешта прыдасца.

Але тут жа ўсе заміраем: з вады паказваецца незнаёмая галава жанчыны.

“Што гэта яшчэ за дзівосы такія? – пытаюся сам у сябе. Ці не Вадзяніца гэта? Прыглядаюся пільней. Так, гэта яна, Вадзяніца ці Купалкамі яшчэ іх клічуць. З доўгімі распушчанымі валасамі з уплеценымі ў іх зялёнымі водарасцямі яна была зусім побач. Выгляне, рассмяецца, памахае рукамі, заклікаючы забаўляцца, і знікне пад вадою. І так некалькі разоў.

Малыя сцішыліся. Я і сам наструніўся, але з вады вылезці не магу, быццам і сілы ёсцека, а зрушыцца з месца ніяк. Хочацца крыкнуць, каб знікла тая пачвара, але і язык нібыта прыліп да паднябення. Так дражніла Купалка нямала часу. Я ўжо і нагамі пачаў кратаць, і рукамі, адчуваў нейкую быццам палёгку. А тут раптам, зусім непадалёку ад мяне, вылятаюць з вады паветраныя балёнчыкі. А з тых балёнчыкаў пазіраюць на мяне, вышчарыўшы свае клыкі, яшчэ страшнейшыя  за Вадзяніцу пачвары. Пад сонечнымі промнямі яны нагадваюць не толькі грывастага Льва, але і страшэнную Анаконду і неспадзявана імклівую і ад таго найбольш небяспечную Пантэру. Здаецца, гэта для немаўлят забава.

Раптам чуецца: ба-а-ба-а-х! Вялізная вербалозіна звалілася прама да плёсу. Дзесьці раздаваліся галасы, вынырвалі і смяяліся. Процьма  вялізных рыжа-зялёных галоваў з доўгімі  клешнямі-разцамі, падобнымі на долаты. Акурат такімі, што ляжаць у майстэрні нашага таткі.

— Няўжо Капібары? – першае, што прыходзіць у голаў. – А сам паглядаю на бераг: як там малыя.

А тыя глядзяць на мяне і смяюцца: “Лаві Бабра! Лаві!”

— Во як!

Я дзіўлюся кемлівасці малых, а сам больш скошваю вочы на плытагонаў. Яны плешчуцца, але тут жа ныраюць, бліснуўшы на развітанне пляскатымі хвастамі, якімі ў тое ж імгненне калі ляпнуць па вадзе, нібы з сапраўднай гарматы.

У гэтае імгненне наш Лука, які хітрэйшы за астатніх, не стрымаўся і птушкай ўзляцеў на дрэва. Амаль на самы вяршок алешыны, якая пагойдалася-пагойдалася, але, пахіліўшыся, супакоілася. Не на доўга ёй прыйшлося трымаць юнага вершніка. Бо ўжо цяпер ён спудзіўся “гарматнага” стрэлу і зляцеў долу, абіраючы адну за другой галінкі, і шчыкочучы свае бакі.

Жабы, што грэліся ў прыбярэжжы, заходзіліся гулкім смехам “Ква-ква-ква! Вось дык хлопчык-верталётчык”. Тут жа злятае з вольхі перапуджаная сарока, кідаючы сваім незадаволеным: “ Што за людзі?! Толькі прыдрамала, а гэтыя шалапуты так перапужалі, думала ў жмуркі з кімсьці гуляю. Ледзь у багну не звалілася”, - прарэзліва застракатала, як з аўтамата. Узмахнула пярэстымі крыламі, незадаволена кіўнула пры гэтым уніз-уверх доўгім хвастом, паляцела ў лес.

Лука пад гэтыя вясёлыя акампанементы зваліўся ў ваду. Серабрыстыя пырскі абвясцілі аб прыёме ў вадзяное лона новага госця. Аб чым і своеасаблівы салют у яго гонар: з вады выляцелі паветраныя балёнчыкі і ўзняліся ўвысь. Затым другі, трэці, а потым зноў на паверхні вадзянога люстэрка з’явілася дзявочая галава. Але нейкая зусім незвчайная: маўклівая і з дужа непрывабным абліччам.

— Не дрэйфі, братан! – суцяшаў яго Саламон. – Здаецца, яшчэ парадуемся! Бог міласцівы.

— Так! Яна нас пужае сваімі таямніцамі, а я павінен сядзець у вадзе, нібы які вадзяны пацук, - кажу я  нібыта Вадзяніцы. Сказаў, а сам так і зіркаю ў той бок.

Хлопчык плыве да берага

Мігам выскачыў з вады – мне ўжо было крыху вышэй пояса, - абняў усіх сваіх маланят. А тыя пра сваё: і гэтак пачалі намаўляць ды так, што пад іх напорам я здаўся. Усе казалі, што за Вадзяніцу можа быць сястра. І мы дружна закрычалі: “Вылазь, Белая Геаргіня! Мы ведаем, што гэта ты!”

— Не пужай нас! Мы не баімся за цябе, чуеш! – гэта ўжо падтрымліваюць мяне малыя.

З вады паволі паказваецца, штосьці невядомае бліскае над яе люстэркам серабрыстай маланкай. Зашумелі прыбярэжныя чараты. Замітусіліся і ўзняліся патрывожаныя Кулікі, адгукнуліся прысуседзіўшыя Чайкі. Невядомае ўздымаецца. Зараз яно нібыта падобнае на маску Люцыпара: з крывымі вялікімі рагамі, пасля – уся галава,  пад той жа брыдкай і страшэннай маскай. І гэта невядомае страшыдла падплывае бліжэй да берага. Вакол разыходзіцца шырокі круг, будзіць увесь падводны жывёльны свет.

Самсон, Лука і Радасць туляцца да мяне, хаця майка і так мокрая. А тут і сонца яшчэ добра прыпарвае. Электра грозіць пальчыкам  таму страшыдлу. Самсон увогуле ірваўся наперад, гарлапаніў, быццам узброены ваяр на свайго ўяўнага ворага, каб перамагчы яго, або хаця б дзеўбануць  чым-небудзь. У нашым выпадку толькі прыбярэжным каменем.

Раптам, быццам атрымаўшы якіясь імпульсы Самсона, вада ўздыбілася настолькі, што за яе хвалямі ледзь бачны быў чалавечы сілуэт. Ён колькі хвілін нерухома стаіць, няйначай прыцэльваецца з якога боку накінуцца на нас. У гэты момант, адкуль толькі ўзялася, чарада разгневаных Чаек. І тут яна стала пікіраваць на таго Люцыпара. Ды так, што патрапаная маска звалілася ў ваду.

Чайкі ляцяць па небе

— Жалезны Леў, зірні-зірні! Гэта каго нагадвае? Прыгледзься! – казалі пільныя малыя .

— Ого! Вылазь, Чарадзейная Вадзяніца! – казаў ласкава я. – Не думаў, што ты здольная на такое.

Дзяўчо стала на поўны рост, затым нахілілася і зняла з ног учапіўшыхся за пальцы ракаў.  Шчыра рассмяялася.

— Каб не яны, - паказвае на двух вялізных, з сабаку, ракаў, - яшчэ б трошкі вас пазабаўляла. – Глядзіце, якія магутныя клешні! Іх тут процьма! Ад іх казытання за ногі ледзь трывала.

— Вось гэта звяругі дык звяругі! Але ж і разумныя! Яны зрэзалі вербалозіну, каб загарадзіць шлях для розных нячысцікаў нашых вадаёмаў!

— А мы - Капібара, Капібара! – усклікнула Радасць. – У-ух! А я ўжо  ледзь не напужалася.

Усе дружна засмяяліся.

— Так што куды ўжо больш на сёння забаў і чарадзейства! Гэта было захапляльнае і вясёлае відовішча, якое забірала ў палон нашыя сэрцы!

Жалезны Леў майструе  Касмічны карабель

Незнаёмец у цыліндры-капелюшы мне не сябра, але апошнім часам залішне даймае сваёй цікавасцю. Вось хаця б ўчора. Я выйшаў на ганак, вяла пацягнуўся. Сонечныя промні з дакорам бліснулі на маім сонным твары. На траве, куды ні зіркала маё вока, бурштынам зіхацелі кроплі расы. Яны міргаюць, пераліваюцца рознымі колерамі і калышуцца на высокіх ножках ружаў і званочкаў нашага прысядзібнага ўчастка.

— У майстэрню збіраешся? – чуецца голас Незнаёмца. Яго нідзе побач няма. Але голас мне знаёмы. І гэта мне не здаецца.

— Ты што, глухі? – паўтарае голас.

— Не глухі я! – адказваю. –  А ты, уласна кажучы, хто? Настаўнік? І навошта кожнаму ведаць, што я раблю ў свой вольны час ці толькі намерваюся? Яго пытанні, мяне раздражняюць, нібы сухой галінкай сярод начы вецер шкрабе па шыбе майго акна.

— Не настаўнік, а прыкладны вучань. Пасля зразумееш! Дык куды намыліўся, хлапчына? Слухаю цябе! – не адставаў Незнаёмец.

— «Прыкладны вучань»? А ці ведае «прыкладны вучань» імя беларускага асветніка 16 стагоддзя, хто заснаваў першую славянскую друкарню?

— Ага. Вось ты і ведай! – моцна засмяяўся.

— Ну, добра-добра! І я борздзенька кінуўся да вялікага куста бэзу, хацеў усё ж паглядзець на таго Незнаёмца. Але там было ўсё ціха.

— Вот скажы мне: як з табой змагацца? – аднекуль з-падцішка працягваў усё той жа містычны голас.

— Ды проста змагайся і далей. Як можаш, гуляючы ў хованкі, - не стрываў я. – Людзі змагаюцца і перамагаюць. Страх. Голад. Дэспатызм. Тупасць. Так што, думай! А я пакуль – у бібліятэку. Калі так ужо цікавішся маімі справамі, далучайся, «прыкладны вучань»!

— Яшчэ чаго! Час дарэмна марнаваць. Мне, у адрозненне ад цябе, Дошка гонару не патрэбная. Гэта не для мяне! Навошта мазгі сушыць. Я і так пражыву! А ты ботай*, ботай, глядзіш і штосьці адкрыеш! –  ўсё такім жа з'едлівым голасам адказаў той.

— Праўда што! - сказаў сам сабе. - Мне і насамрэч патрэбна было ў бібліятэку, толькі планаваў не зараз. Але калі так сказаў, то мусова пайду. Раней спасцігну загадкавую ісціну новых матэрыялаў корпуса свайго зоркалёта, апярэджу японцаў. А пакуль…

Пакуль мой карабель не зусім бяспечны. Пашчасціла, што спрацавала крэсла і ўдала катапульціраваўся, а так выцяў бы грудзі. А вось корпус, падаецца мне, не вытрымае пры такіх тэмпературах. У адным гермакасцюме доўга не пратрымацца ў разрэджанай атмасферы. Парве скуру на паскі. Калі толькі скуру!

І гэта мяне не ўсцешвала. Наадварот – падштурхоўвала да дзеянняў. Наноў распрацаваў камп'ютарныя прататыпы, вырабіў мадэлі карабля. Напачатку і самога сумніў даймаў: не спраўлюся. Паспрабаваўшы раз, пераканаўся: а чаму і не!

І зрабіў! Толькі, зразумела, паменшанага ад ужо вядомых ў 200 разоў.  Думаў узяць у склад экіпажа хаця б Белую Геаргіню.  Яна смелая, кемлівая, добразычлівая. Можа працаваць у камандзе. Пакуль ролю для яе не вызначыў. Ды й трэба ёй матэматыку падцягнуць, хаця б да васьмёркі. І з цягам часу яна будзе разумней ад мяне. Толькі трэба настойліва вучыцца.

Вось я і перадумаў, іншым разам абавязкова ўдвух будзем каланізаваць Месяц. Пагляджу, можа, і яна чым-небудзь будзе карысная. Пакуль не ведаю. Тым болей, гэта не тое, што ладзіць з фокусамі ў вадзе. Пасля, можа, і меншых падрыхтую.

Жалезны Леў ляціць у космас

Патрэбна спяшацца: да нашай планеты Зямля прыбліжаецца вялізны Астэроід.  Адна надзея на абалонку атмасферы. Калі яна вытрымае, у мяне з'явіцца дадатковы час для запуску карабля. Патрэбна спасцігнуць незразумелыя чалавечаму розуму загадкі, якія хавае Космас. Спасцігнуць, каб пазбегнуць тэхнічных і экалагічных катастроф. Сённяшні Свет хістаецца і трымціць перад іх наступствамі.

Выправіўшы ранейшыя хібы, Жалезны Леў рушыў на падрыхтаваны касмадром «КазкаЛёт». Тут усё было гатова. Калі ён падымаўся ў кабіну карабля, вялікая і бліскучая ракета-носьбіт ужо клубілася параю, паказваючы аб гатоўнасці.

У шлемафоне раздаецца:

— Як пачуваецеся, Жалезны Леў?

— Цудоўна!  Да палёту гатовы! – адказваю.

— Ключ на старт!

Не шавялюся. Слухаю толькі каманды. Сканцэнтраваўся.

— Запальванне!

— Ёсць кантакт пад'ёма! – аб'яўляе кіраўнік палёту.

— ПаЕ-е-халі!

Чую, як з працуючых рухавікоў вырвалася полымя. Значыць, усё нармальна: спрацаваў датчык, што фіксуе ўзлёт ракеты са стартавага стала.

На табло высвецілася: 118 хвілін палёту. Вышыня 80 км.

Зараз адстрэліла першая ступень, выпрацаваўшы сваё паліва і акісляльнік, і для паскарэння  ракеты ўключыліся рухавікі другой ступені. Хуткасць павялічвалася. Для свайго карабля з невялікай вагой я выкарыстаў усяго дзве ступені ракеты-носьбіта. Гэта дастаткова. А ўсяго можа быць цэлых пяць.

Раздаецца чарговы моцны хлапок. Значыць, адпрацавала другая ступень, і зараз хуткасць ракеты яшчэ ўзрасце, выводзячы карабель на кругавую арбіту мінімальна магчымага радыуса. Вышыня 200 кіламетраў над паверхняй Зямлі.

Хлопчык ў космасе

Думкі пра ўсё жывое на планеце

Я спакойны. Не разглядаю аблокі: якія яны тут розныя і загадкавыя! Няма калі. Чалавеку заўжды нестае часу на, здавалася б, самае даступнае – Прыроду. І магчымасць з'явілася, але зараз...

Зараз разважаю, як усё ж найхутчэй і якасна стварыць зачыненую экасістэму са штучнай гравітацыяй? Мая галава поўная ідэй і напрацовак. Цяпер толькі як тое матэрыялізаваць? Мрояцца адзін за другім варыянты. Які найбольш бяспечны і якасны - на месцы можна ацаніць. «І мне гэта ўдасца! – я ўпэўнены ў дакладнасці сваіх распрацовак. Галоўнае тое, што людзі змогуць жыць на Месяцы. Гэта будзе своеасаблівы Дом!»

І вось я выходжу ў адкрыты Космас. Ступаю асцярожна. Ведаю, што нават самая малая пясчынка можа не толькі знішчыць мяне, але і пашкодзіць Карабель. Даследую мясцовасць, выбіраючы самую прыдатную і найменш затратную для такога аб'екта пляцоўку.

Я ўжо звыкся з адзіноцтвам, і нават засцерагальны скафандр, які раней стрымліваў рухі, зараз мне стаў надзейным сябрам. Веру, што ён не падвядзе, і кіслароду мне хопіць. Толькі патрэбна прытрымлівацца вызначанага часу. Думаць не пра сябе, а пра будучае ўсяго жывога на Зямлі.

Дзень пры дні я ўпарта працаваў. Нарэшце я ўбачыў вынікі сваёй працы. Гэта сапраўдны цуд! Зараз я па-іншаму, ад звычайнага, адчуваў час і прастору.

Толькі ўявіце: зроблена адкрыццё невядомых сегментаў Сусвету. На Месяцы паселяцца адразу тысячы зямлян! Мы марылі пра гэта. І мы гэта здзейснілі! Мы апярэдзілі ўсюдыісных японцаў. І гэта наш новы тэхналагічны прарыў!

Я стараўся ўявіць, які фурор узнімецца. Як сусветныя выданні будуць амяркоўваць гэтую падзею.

Але галоўнае, было бліжэй за ўсё. Тата з мамай вельмі ганарыліся мною, назваўшы «Нашай Моцнай Галавой». А дырэктар на агульнашкольнай лінейцы перад усімі назваў мяне Мужным Космапраходцам. Вось і мяркуйце: ці задарма настаўнікі і вучні доўга купалі мяне ў сваіх апладысментах?

Я адчуваў сябе ніякавата, бо ніколі не мкнуўся наперад, а тут атрымалася наадварот. Зараз, - думаў я, - вулічныя шалапуты і вісусы, кшталту таго Незнаёмца, за свайго не прызнаюць, хутчэй з-падцішка, а калі нават будуць хэйціць**, як звычайна адносяцца да тых, хто не падобны да іх. Таму што нікога яны не падтрымлівалі, і не ў гэтым іх геройства.  Хаця ў чым я вінаваты? У тым, што маю перавагу перад імі і мне ўсё цікава і лёгка даецца?! Таму я спакойны, і заўжды магу за сябе пастаяць. А тым больш, што за маёй спінай стаяць надзейныя сябры, а таксама дружная сям'Я.

Калі мне разам з вялікім букетам кветак падаравалі сапраўдны скафандр Касманаўта, ад нястрыманай радасці  ледзь ў неба не ўзняўся.

Хлопчыку падаравалі кветкі  Яшчэ. Нарэшце распавяду вам, дарагія мае, што з тае пары ўсе школьнікі пішуць сачыненні пра  падарожжа Жалезнага Льва ў Космас.  А вы яшчэ не браліся? Тады – паспяшайцеся! Я – хлопец няўрымслівы і ў любы час магу яшчэ куды-небудзь падацца. Так што сачыце за маім курсам. Да новых сустрэч!

_______

*Ботаць (слэнг-ненарматыўная лексіка падлеткаў) – старанна і напружана вучыць, вучыцца.

** Хэйціць – адкрыта зненавідзець каго-небудзь, травіць словамі.

Падарожжа авантурыста Шурыка (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"